Неяк узімку Чабаток вяртаўся на кані з суседняй вёскі , з Падгор’я. Было холадна, марозна і ветрана. Насоўваўся доўгі стылы зімовы вечар. Наперадзе бег Жук, сабака разумны і верны, быццам паказваў каню дарогу. І раптам ён шалёна забрахаў, конь адразу ж стаў на дыбкі. «Што такое?» – захваляваўся Чабаток, і ўбачыў на дарозе чалавека, які ляжаў прама перад канём, шырока раскінуўшы рукі. Ён подбегам кінуўся да яго, пазнаў: трактарыст Бублік. Так-сяк узвалок на санкі і, пакуль ехалі да вёскі, расціраў яму рукі, шчокі, нос. Дыхае, то будзе жыць. А калі і адмарозіў што, то не яго, Чабатка, віна. Прамым ходам да хаты Бубліка, паклікаў жонку, удваіх ледзьве давалаклі да ложку. Выратаваў чалавека. Дык вось той самы Бублік увесну прывёз Чабатку дошкі з піларамы, вытрас іх з прычэпа, Чабаток падзякаваў, а той топчацца перад гаспадаром, як усё роўна мядзведзь, калі хоча ў адхожнік. Чабаток яшчэ раз падзякаваў, на што пачуў кпін:
– «Дзякуй» не булькае.
Размацюгаўся тады не на жарт Чабаток, ух і начапляў ён на Бубліка ўсялякіх вострых слоўцаў. А дома, жонцы, за абедам гаварыў хваляпадобным голасам:
– Ці ёсць у людзей сумленне, баба?
– Мала ў каго,– пагаджалася жонка.
– Але ж ты помні, гад, што цябе ад вернай пагібелі выратаваў, Бублік засохлы. Калі б я трошкі пазней выехаў... то я б у яго, гада, сядзеў за сталом на памінках. А ён: «дзякуй» не булькае. Паразіт. Крывасмок. Ну, ці бачылі? Век дзякаваць мяне павінен... ці не так, баба?
– Так, так.
– І я кажу: так. Век дзякаваць павінен, а ён і не помніць нічога. Памяць у яго дзіравая, як рэшата. Хоць не памяць у яго дзіравая, а сумлення няма ні на грам. Вось і наладзь з такім жыццё. Не, я не цукар таксама. Але за свае п’ю... у асноўным. Магу цяпнуць і на дурніцу. Але каб мяне хто падабраў на марозе, я б на яго агародзе за бясплатна рабіў, пакуль мае пальцы слухаліся б, пакуль гнуліся б.
– Еш ужо, а то боршч пакалее, – кіўнула жонка на стол. – Ды пойдзем дошкі складзем. Няхай сохнуць.
Але Чабаток злосна шпурнуў на стол лыжку, устаў:
– Пайшлі, ядры іх!.. А бутэльку куплю... сам не вып’ю, а яму аднясу. Аднясу-у!
Бублік і ўзяў бутэльку гарэлкі. Нават вокам не міргнуў. Яшчэ і нагадаў:
– Калі зноў што трэба будзе, Чабаток, то звяртайся. Каго каго, а цябе выручу.
Аднак больш да яго Чабаток не звяртаўся, і чамусьці вельмі хацеў, каб той зноў трапіўся яму ўзімку на дарозе, каб ляжаў, як тады, з шырока раскінутымі рукамі і белым носам... Але, падумаўшы пра гэта, Чабаток адразу ж пляваўся і шкадаваў сябе, што ён усё роўна б так зрабіць не мог, каб не падабраць. Ніколі. Падабраў бы. І не толькі Бубліка – любую жывую істоту, якая б аказалася ў бядзе.
Цяпер вось, седзячы ў калодзежы, Чабаток чуе голас Бубліка:
– Ды што, старшыня, з ім цацкацца? За шкірку ды ў кутузку! На казённы харч! На мятлу! А то ў горадзе захламлена, як у нашым лесе.
На Бубліка, здаецца, зашыкалі? Так і ёсць. Чабаток абрадаваўся.
– Не, я вылезу, вылезу, падла!-- пачаў карабкацца ўверх Чабаток, але сарваўся – ведама ж, рукі натрудзіў, не слухаюцца, і плюхнуўся ў халодную ваду. – Вось цяпер я вылезу. Толькі трымайце таго гада, Бубліка засохлага! Трымайце. Старшыня, і ты не драпай. Ульціматум усё роўна застаўлю цябе прыняць. Хоць на моры, хоць на сушы. Эй вы, цягніце мяне-е! Я ў цэбар нагой залез. Давайце!
Што яго было цягнуць? Некалькі дужых мужчынскіх рук падхапілі журавель, і Чабаток выпырхнуў з калодзежа, бы з катапульты, і ў людзей, якія глядзелі на яго, падалося, адняло мову... Ён стаяў, мокры і смірны, нават і не думаў кідацца на Бубліка, не глядзеў і на старшыню. Ён глядзеў на ўсіх адразу, маленькія вочкі бегалі, мітусіліся, а ў выцягнутай руцэ трымаў утоплага чорнага ката. Строга спытаў:
– Чый?
Жанчыны, што бяруць ваду ў гэтым калодзежы, адвярнуліся, пачалі ікаць, затуляць далонямі рот, а Чабаток паўтарыў пытанне. Што цяпер высвятляць, чый кот? Цяпер людзей хвалявала іншае – як жа яны пілі ваду з калодзежа, у якім ляжаў... і, пэўна ж, не адзін дзень гэты нязграбны кот? І як ён уваліўся туды? Абшамкнуўся, ганяючыся за птушкай, ці што? Добра, ой і добра, што набраўся сёння Чабаток! А то колькі б яшчэ пілі яны тую ваду?
Назаўтра чысцілі калодзеж. Паколькі Чабаток вялікі спецыяліст апускацца на дно, то яго пасадзілі ў цэбар – усё той жа адной нагой – і асцярожна плюхнулі цэбрам па вадзе.
Першы раз у калодзеж Чабаток апусціўся цвярозы.
КОНЬ БАБЫ ДУНІ
Вунь яна, баба Дуня, вунь. За шчарбатай брамкай мільганула постаць. Ці не яна, ці хто іншы шкрабецца па двары? Прыслухайцеся, так лепш будзе: чуваць, чуваць яе крокі, а яшчэ больш – лаянка. Жывая, значыць, а людзі, бач ты іх, мянцілі языкамі абы што... Выходзіць, пэўна, з двара? Так-так, нарэшце. Даўно не было відаць старой, даўно. Спярша паказваецца конь бабы Дуні – тонкая арэхавая кавенька, якая доўга намацвае зямлю, быццам вынюхвае нешта,-- і такое ўражанне, што яна, кавенька тая, цацка нейкая, і ёй кіруюць няйначай па радыёсувязі, схаваўшыся за вуглом, – доўга і прыдзірліва выбірае, дзе ўтыкнуцца-зазямліцца, а трохі пазней з’яўляецца і нага старой у чырвонай бахіле, не адразу – другая. Старая крэкча, войкае і ахае, а тады, выкуліўшыся нарэшце за брамку, з палёгкай уздыхае: усё, выбралася, дзякаваць Богу, на людзі. Аглядаецца па баках. Бачыць мала што: вочы толькі для слёз. І чуе зусім дрэнна – але лепш, чым бачыць.
– О, баба Дуня, ты зноў з канём ?! – каля хаты старой збуцвелы калодзеж, і Мітрафан, пераліваючы ваду з цэбра ў вядро, вясёлымі вачыма глядзіць на яе: ён, па ўсяму відаць, рады бачыць суседку.
– З канём, з канём, – выдыхае баба Дуня.
– І куды ж едзеш?
– А во пастаю, падумаю... Я такі яздок, што куды хочаш магу заехаць.
Мітрафан панёс вядро з вадой, яго двор насупраць, а старая стаіць на адным месцы, бы прырасла. Маленькага расточку, сухенькая, прыгорбленая, баба Дуня і праўда вырашае, куды ёй схадзіць. Крама яшчэ зачынена, бо рана: загадчыца і прадаўшчыца – яна ў адной асобе – жыве ў суседняй вёсцы, прыязджае на веласіпедзе пазней. А то там звычайна збіраюцца вясковыя кабеты, бы на сход, і гамоняць пра жыццё, а заадно чакаюць машыну з хлебам. Пакуль хлеб той ці селядзец падвязуць, яны во ўжо нагаворацца ўволю!
Даўно не была ў краме баба Дуня, даўно. Сёння можна схадзіць: Танька, яе нявестка, паехала ў горад, бачыць не будзе... І кавенька з’явілася ў старой, цяпер, пакуль зноў не адбярэ яе Танька, жыць можна. Так вось і бывае: калі не мелася кавенькі, то хацелася старой праведаць і сястру, яна на канцы вуліцы жыве і яшчэ больш хворая і нямоглая, чым сама, і да суседкі зазірнуць, не кажучы ўжо пра краму, а як надарылася магчымасць, то во стаіць на адным месцы, бы і сапраўды ў зямлю ўрасла, і не ведае, куды пайсці. І тады баба Дуня, торкаючы перад сабой кавеньку, шоргае бахіламі да былога вясковага клуба—у ім жывуць малдаване, муж і жонка – а паўзбоч яго прыцёрлася вузенькая палоска затравелай дарогі, па якой возяць у апошні шлях вяскоўцы нябожчыкаў. Людзей у Плоскім жыве мала, двароў тут заўсёды было няшмат, таму і зарасла дарога – няма каго хаваць, а калі і памрэ хто, то бывае такое рэдка: спі, дарога. Так- сяк дачыкільгала старая да пагосту, аддыхалася, адкашлялася, а тады пахвалілася Міцьку, які спіць пад акуратным грудком:
– Прыйшла, прыйшла, сыночак...
Ёй, пэўна, і сапраўды здаецца, што Міцька чуе яе, толькі адказаць не можа і баба Дуня падсядае, бы на ложак, да сына на грудок, гладзіць дрыготкай рукой зямельку, і расказвае яму пра сваё жыццё. У краме ўсяго не скажаш – там слова якое лішняе выпусціш і не рады будзеш: людзі дадумаюць, перакруцяць-пераверцяць і адразу ж Таньцы данясуць, хоць кожны прылюдна ганьбіць яе, папракае, што не глядзіць належным чынам за бабай Дуняй, а пенсію да капейкі прыбірае да рук ды яшчэ апякунства аформіла ў сельсавеце, бессаромніца. Яно так і ёсць. Чыстая праўда. Але ж навошта Таньцы пераказваць? Хіба ж яна не ведае і сама, што так нядобра рабіць? Ведае. Але ўжо чалавек такі: ёй хоць плюй у вочы, а яна будзе гаварыць, што дождж ідзе. Нядоўга размаўляючы са старой, Танька хапае кавеньку, якую старая звычайна не выпускае з рук нават у хаце, паламае-пакрышыць і кіне на загнет ці далей у печ.