Литмир - Электронная Библиотека

З лёгкай рукі некага Колька і стаў Чабатком. Яно ж і праўда, калі паглядзець на яго ў чобатах – смех душыць, бо абутак крыху меншы за яго самога, а ногі боўтаюцца ў халявах, мусіць, як чайная лыжка ў шклянцы.

– Падрасцеш – самыя будуць,– іншы раз, бачачы, як вохкае-ахае і сапе, шкрабучыся па вуліцы, сын, суцяшаў бацька. – Толькі беражы. Надоўга хопіць. А новых не накупляешся...

Чобаты тыя паслужылі Кольку нядоўга: неўзабаве яны былі падобныя на ашчэраную пашчу шчукі, і ў чым ён хадзіў далей – не так і важна. Важна іншае – на ўсё жыццё застаўся Колька Чабатком. Людзі, здаецца, і зусім забыліся, што ён – Колька, Мікалай Мітрафанавіч. Чабаток ды Чабаток. І жонка так кліча.

Чабаток марыў стаць багата кім, нават закончыў Буйнавіцкую «акадэмію», стаў трактарыстам-машыністам шырокага профілю, але не склалася: забурыў паркан у старой Понціхі, пакрэмсаў грады. Атрымлівай, Чабаток, што заслужыў: вось табе вілы- варсачы ў рукі, давай, браток, на салому.

Так-сяк даклыпаў Чабаток да пенсіі. Але піць меней не стаў. І калі адны б’юцца з жонкамі, добра ўзяўшы на грудзі, іншыя хваляцца сваім геройствам на будоўлях камунізму ці ў арміі, то Чабаток нярэдка залазіць у калодзеж, што цераз дарогу ад ягонага падворку. І тады вясковая дзятва гучна і шчасліва рассыпае наўсцяж:

– Зноў Чабаток у студні! Зноў Чабаток у цэбры! Босы!.. Ура-а-а!

Той-сёй з вяскоўцаў падыходзіць да калодзежа, глядзіць уніз, дзе, абхапіўшы «дзюбу» жураўля, бліскае вузенькімі маслянымі вочкамі Чабаток, а потым страляе угару правай рукой:

– Мой ульціматум вам, ядры ў корань! Толькі папярэджваю: я не тэрарыст, а справядлівы, чэсны мужык! Чулі? Ці заклала? То прачысціце вушы! Лічу да трох! Р... раз! – Ён раптам спахапіўся, успомніў, што не выклаў ультыматум, паправіўся. – Ад... бой! Пра ульціматум, ядры ў корань! Значыць, так. Самалёты і даляры мне не трэба. І Турцыя таксама. Старшыню сюды, ядры ў корань!. Чуеце? Старшыню-ю-ю!

Старшыня ж, бы пачуў голас Чабатка, тут як тут: праязджаў якраз міма на сваім легкавіку, запрыкмеціў купку людзей ля калодзежа. Наблізіўся, павітаўся.

Дзед Сёмка змахнуў з галавы картуз, падаў тулава наперад:

– Вас просіць, Савельевіч.

– Хто? – коратка папытаў старшыня і, падобна было на тое, сам здагадаўся, бо адразу ж і мовіў. – Калі Чабаток просіць, то я ўжо тут.

– Ён, ён, – дзед Сёмка нацягнуў кепку.

Старшыня абапёрся рукамі на зруб, звесіў галаву, сустрэўся позіркам з траха разгубленым Чабатком:

– Ты чаго хацеў, цыркач?

Жонка Чабатка, скрыжаваўшы рукі на грудзях, слёзна ўздыхнула-выдыхнула:

– І калі ўжо ў краме перастануць гарэлку прадаваць?

Мужчыны дружна зашыкалі на кабету, і тая не рада была, што заікнулася пра гарэлку.

– Крама тут ні прычым, – заступіўся за мужчын і старшыня. – Злоўжываў твой гаспадар і пры сухім законе – бы з-пад зямлі даставаў пітво. Не ўмее піць – няхай смокча цераз анучку... самі ведаеце, што.

– А калі і ў краме не будзе, то знойдуцца ў нас бабы, якія любую краму пераплюнуць,– памяркоўна заўважыў нехта з мужчын. – Чымергесу накапаюць столькі, колькі ў Чабатковым калодзежы вады не будзе. Яны і цяпер не спяць у шапку. Шавеляцца. Так што, маладзіца, глядзі за сваім Чабатком, а нам кісларод не перакрывай, на галодны паёк, значыць, не садзі. Ясна?

Пацішэла. Старшыня ўсё яшчэ глядзеў на Чабатка, той на імгненне зніякавеў.

– Вылазь, дзядзька, з калодзежа, вылазь, не псуй ваду, – загадаў старшыня. – Не сорамна? Дзеці дарослыя ўжо. Сын начальнікам у горадзе, дачка ў нашай школе настаўніцай робіць, а бацька сорам згубіў – у калодзеж зашыўся. Як яна вось, дачка твая, дзеткам у вочы паглядзіць? Ты падумаў пра гэта, Мітрафанавіч?

Чабаток набраў паветра ў лёгкія і гыркнуў:

– Мой калодзеж!

Дзед Сёмка ад пачутага разявіў рот:

– Анціхрыст! Га? Чулі? Бачылі? Яго калодзеж! А цэбар як мяняць, то да мяне: Сёмка, зрабі, змайструй, выштукатуй. І журавель выстругай – таксама. Ды і як мы гэты калодзеж капалі, цябе і блізка не было, блазнюк. На другім канцы вёскі жыў тады. Прысвоіў калодзеж, паразіт, і вокам не міргнуў. Во як бывае. Наш калодзеж!

– Тое, што ты рабіў, дзед, усё правільна, – выплылі з калодзежа словы Чабатка. – Не пярэчу. Не маю права. Але я тут жыву. Таму і мой. Залезь хоць раз сюды, тады мянці. Залезь! Га, язык праглынуў? То-та і відаць! А там, наверсе, языком шлёгаць, нібы пугай, усе майстры вялікія. Адзін вучоны ў бочцы сядзеў... тэлевізар глядзець трэба... А я ў калодзежы сабе месца аблюбаваў. Хай бы той вучоны ў калодзеж залез. Не дадумаўся. Ды і куды яму, таму вучонаму, да Чабатка?!

– Во і пагавары з ім, – здаўся дзед Сёмка , махнуў рукой.

– Пакіньце яго аднаго, – параіў старшыня. – Няхай сядзіць! Паглядзім, колькі вытрымае. Герой! Хадземце адсюль, людзі.

Людзі паслухаліся старшыню, падаліся ад калодзежа, але іх спыніў глухі і патрабавальны голас Чабатка:

– Стаяць! Стаяць, я сказаў!

Знерухомелі, паглядзелі на старшыню: як паводзіць сябе – ісці, стаяць?

А Чабаток працягваў:

– Не для таго ў калодзеж залез, каб проста так даў вам разысціся, ядры ў корань. І старшыню не для таго заказваў. Старшыня, ты не ўвільвай. Ты набярыся мужнасці, цярпення і прымі мой ульціматум.

І ўсе зноў вярнуліся да калодзежа.

– Давай свой ультыматум, а то ў мяне няма больш часу назіраць за тваёй дурасцю, – звесіў, як і раней, галаву ў калодзеж старшыня.

– Не вылезу, пакуль не дасі мне цвёрдае слова кіраўніка... Мне і ўсім пенсіянерам, асабліва адзінокім бабам. Бабы, за вас заступаюся, ядры ў корань!.. Гэта тыя разы я ў калодзежы спяваў, горла дзёр. Хопіць быць салаўём. Хопіць! Не вылезу, пакуль не дасі слова. А ульціматум, ядры яго ў корань, такі. Запамінай. Ці запісвай. Хопіць з нас, пенсіянераў, хворых і нямоглых, па тры скуры здзіраць. Я пра што? А я пра тое, што як старшыня ты гаўно, самае сапраўднае. Што ёсць, што няма цябе... адна трасца.

Землякі адчулі сябе няёмка перад старшынёй, засарамаціліся Чабатковых слоў, пачырванеў крыху і сам старшыня, а яму, бачце, хоць бы хны – лапоча і лапоча:

– Квітанцыю на трактар, каб прывезці гной з фермы, я выпісаў. Нават, даруйце, два квіткі. Адзін – што заплаціў за трактар, другі, пазнейшым чыслом,-- за пагрузчык. Ты мне, Савельевіч, ядры тваю ў корань, сам падмахнуў на тых квітках... Было? Ці выплутала? Маўчыш? А што ты можаш сказаць, калі чыстая праўда? То- та ж! Грошы ўнёс у калгасную касу, як і паложана. А трактарысты заяўляюць: тое, што ты ў кантору аддаў грошы, нас не калыша. Плаці і яму. Купюрамі ці гарэлку давай. І называюць – колькі чаго. Дык дзе мы жывём? У якім обшчастві? І навошта нам тады такі задрыпаны старшыня, які не можа навесці парадак? Ды каб жа я хоць адзін такі быў. Нас жа процьма, ядры ў корань, такіх. Давай слова, што навядзеш парадак, што не дазволіш нас абскубаць, як стог сена. Іначай утаплюся.

Людзі глядзелі на старшыню. Чабаток сказаў яму тое, што карцела сказаць і многім з іх, аднак не хапала смеласці, адвагі. Не было, вядома ж, той смеласці і ў Чабатка – гарэлка падштурхнула. Яна, спакусніца.

– Ён утопіцца,– хітра паглядзеў на старшыню дзед Сёмка. – Шкада чалавека. І дошак у калгасе няма сухіх. На дамавіну.

– Прымі яго ульціматум, старшыня,– папрасіла і жонка Чабатка. – Які ні мужык, а мужык. Ён калі не п’е, то добры.

Старшыня надыбіўся:

– А калі ён не п’е?

Жанчына развяла рукамі, зашамкала ротам, аднак ніхто ад яе ніякіх слоў не пачуў. Ды і што ёй было сказаць, калі чорнае яно і ёсць чорнае, як ты тое не называй? П’е. І дужа. Хоць з калодзежа і падаў быццам бы правільныя, цвярозыя думкі. Няма, няма ў калгасе парадку. Крыўдзяць гэтых старых, выпрацаваных людзей, маладзейшыя. Вось паказаць бы ім, нехрысцям, той калгас з адной ручной саломарэзкай і з адным кволенькім трактарком «Фардзонам», калі на працадзень клалі па пяць капеек, па жмені зерня і бульбы. А зарабі яшчэ той працадзень! А сёння яны – бач ты! – гані, бабуля, грошы ці пляшку, трасі сваю панчоху, старая. Нахабнікі!

38
{"b":"549415","o":1}