А тым часам абмяркоўвалi складаную сiтуацыю, у якую трапiў Эмчаэсавец, i суседзi. Людзi, канешне ж, спачувалi.
– А што тут думаць? Думаць няма калi, – паглядзеў на суседзяў пенсiянер Цярэшка.– Каб жа не спазнiцца. Будзем грошы збiраць.
З iм мала хто пагадзiўся. «Не адолеем». Патрэбны ж даляры, ды нямала – ажно тысячы, дзе ж збярэш столькi? Падумаць толькi!..
Цярэшка не здаваўся:
– Галоўнае ўвязацца ў бой. А калi будзем сумнявацца, пераможам мы цi не, тады i не трэба гаманiць. Пераможам. Iншага выйсця не павiнна быць. Пераможам, землякi!.. З усяго свету, як кажуць, па нiтцы... Дзiўныя мы ўсё ж людзi, скажу я вам шчыра, суседзi дарагiя: на пахаванне нябожчыка грошы збiраем, а вось на тое, каб не даць свайго ж суседа ў лапы смерцi, – мы, пагадзiцеся, да гэтага не прывыклi. Нябожчык жа на лаўцы ўсё роўна ляжаць не будзе – i без вашых грошай яго закапаюць, цi не так? Так. А Сцяпана трэба ратаваць, трэба!..
На тым i пагадзiлiся. Грошы збiраць даручылi толькi найбольш аўтарытэтным суседзям – таму ж Цярэшку, маладому настаўнiку Максiму Карпечанку i некалькiм жанчынам.
– А я мех з дзяржзнакамi насiць буду, – сказаў цi тое жартам, цi тое сур’ёзна Колька, добры выпiвоха, чалавек-пустацвет.
– Сцiхнi ты, паразiт! – цыкнула на яго Патапаўна.
– Што, ужо i пажартаваць нельга? – трохi, здаецца, i пакрыўдзiўся Колька. – Аднак жа, заадно заўважу, i задачу вы перада мной паставiлi: мне таксама хочацца Сцёпку выручыць, але як? Грошай у мяне... самi ведаеце... А хто пазычыць? Скажу, што на лячэнне Эмчаэсаўца, дык не павераць жа! Зноў, скажуць, прыдумаў, каб нажлукцiцца. Хаця i на вялiкае дзела грошы. Эх, людзi!..
Сам Цярэшка выбраў свой жа пад’езд. Надвячоркам, калi людзi вярнулiся ў свае кватэры пасля працоўнага дня, ён узяў сшытак у клетачку, шарыкавую ручку, i пачаў абыход. З кватэры № 1. Там з нядаўняга часу жыла маладая сям’я, пра якую мала што i ведалi. Муж, жонка, малое дзiця. Прыгожыя людзi. Маюць iншамарку. Гэтая кватэра з усяго пад’езда адзiная, бадай што, якая нагадвае вакзал: чамусьцi там падоўгу жыхары не затрымлiваюцца. Пажывуць трохi адны – з’едуць, паселяцца iншыя – таксама не забавяцца.
Цярэшка растлумачыў сiтуацыю гаспадару кватэры, якi адчынiў на званок. Той выслухаў, моўчкi расшпiлiў кашалёк, падаў грошы.
– Больш не можам.
– Дзякуй i за гэта. Як ваша прозвiшча? Я запiшу ў сшытак.
– Ды не трэба, дзядзька! – запратэставаў гаспадар.
– Не, братка, трэба. Ты чалавек малады, людзей кепска ведаеш.
– Глядзiце самi.
Ён назваў прозвiшча, Цярэшка запiсаў, падаў сшытак, каб той распiсаўся.
– Дзякуй яшчэ раз, суседзе. Будзем сябраваць. Не супраць?
– А чаму я павiнен быць супраць? Суседзi ж.
– I я так кажу: суседзi ж мы. Павiнны выручаць адзiн аднаго.
– З кожным можа здарыцца бяда, – спакойна адказаў гаспадар кватэры i прычынiў дзверы за Цярэшкам, якi, перш чым пакласцi грошы ў полiэтыленавы мяшэчак, не ўстрымаўся i пералiчыў iх.
Сума аказалася нечакана вялiкая – ажно сто пяцьдзесят тысяч. Гэта абнадзеiла. Хоць i разумеў Цярэшка: а больш i мала хто так адшкадуе. Ён адразу пра сябе падумаў. Хiба ж адолее столькi? Не, не. Хоць бы паўсотнi вымеркаваць, i тое было б добра.
Неўзабаве ў сшытку з’явiлiся новыя прозвiшчы суседзяў, а насупраць iх сумы: пяць тысяч, шэсць, дзесяць... «Так добра пачалося, а што атрымлiваецца? – роспачна падумаў Цярэшка. – Няўжо не выручым Эмчаэсаўца? Як жа так?!.. Як жа?!.. Ён жа нас выручаў. Пакажыце кватэру, дзе б ён што-небудзь не зрабiў. Майстар на гадзiну – гэта пра яго, пра Сцяпана. Толькi ён адрознiваўся тым, што грошай не браў. А гарэлку i не паказвайце – прысаромiць».
Позна ўвечары зборшчыкi грошай сабралiся на кватэры ў Цярэшкi. Селi на кухнi за стол, падлiчылi, у каго якая сума. Што больш за ўсё здзiвiла i засмуцiла Цярэшку, дык гэта тое, што менш за ўсiх грошай сабраў ён. Ды дзе – у сваiм пад’ездзе, у пад’едзе Эмчаэсаўца.
– Вось вам i Юр’еў дзень, сябры мае! – рэзюмаваў Цярэшка. – Нават не даў грошай Кавалькоў, якi сам вырашыў, помнiце ж, урэзаць лiчыльнiкi вады i каб не Эмчаэсавец, то затапiў бы ўсiх па стаяку. У якую б гэта вылiлася яму капейку – i ўявiць цяжка, а ён не даў грошай на аперацыю. Крыўдна. I iншых людзей, з якiмi вiтаўся, па-новаму я адкрыў для сябе. Ну што, панеслi грошы Эмчаэсаўцу разам, цi як?
Панеслi разам. У кватэры была толькi жонка, мiлавiдная Антанiна, яна крыху, падалося, i здзiвiлася такому вось позняму вiзiту суседзяў.
Павiтаўшыся, Цярэшка пацiкавiўся, а дзе ж сам гаспадар.
– А ён у Мiнску, – адказала Антанiна, i па тым, як зрабiла яна гэта, той-сёй, мабыць, з прыйшоўшых да яе суседзяў здагадаўся, што настрой у жанчыны някепскi.
– У Мiнску? Во як. На абследаваннi зноў? – пацiкавiўся Цярэшка.
– Не, цяпер ужо на аперацыi.
– На аперацыi. Так-так. А мы ж вось... – Цярэшка патрос пакетам, у якiм добра былi бачны грошы, – тут сабралi яму... Эмчаэсаўцу... на аперацыю... колькi змаглi...
– Ой, дзякуй вам, людзi! – успляснула рукамi Антанiна, запунсавелася ўся. — Не трэба ўжо грошы. У нас цяпер такiя аперацыi робяць за дзяржаўны кошт. Праўда, толькi ў Мiнску. З нядаўняга часу. Але ж хiба ён так далёка, той Мiнск? Заўтра будуць рабiць. Я сынулю адвяла да сваёй мацi, а сама вось збiраюся на вакзал... Калiнкавiцкiм цягнiком еду...
– Перадавай там яму прывiтанне, – сказала Патапаўна. – Дужа мы за Сцёпку перажываем.
– Ага.
– Перадам абавязкова.
Цярэшка не ведаў, што ж цяпер рабiць з грашыма. Ён паклаў пакет на стол. Кашлянуў у кулак.
– А грошы вярнiце людзям, – Антанiна ўзяла пакет, падала Цярэшку. – I ўсiм, хто адгукнуўся на наш боль з вашай, канешне ж, дапамогай, скажыце вялiкi дзякуй. Эмчаэсавец, калi, дай Божа, ўсё абыдзецца, будзе добра, таксама падзякуе.
Цярэшка ўзяў пакет, памяркоўна сказаў:
– Так i быць... Ну, што ж... Вярнуць дык вярнуць... паперкi свае... з прозвiшчамi зберажыце ж толькi... Добра, што запiсвалi... А то як бы вярнулi?..
Трэнькнуў званок, Антанiна адчынiла дзверы, i на парозе ўсе ўбачылi Кольку. Ён шырока ўсмiхаўся бяззубым ротам, а ў руцэ трымаў перад сабой адной паперкай пяць тысяч.
– Усе бачылi? – Колька прайшоў углыб кватэры, патрос грашыма.– Перамог сябе. Пазычыў на падмогу Эмчаэсаўцу, паверыў новы сусед з першай кватэры. Дай, кажу, пяць тысяч. На тое i на тое. Ён нiчога не сказаў, моўчкi вынес i даў. Каб папрасiў дзесяць, ён бы, адчуваю, i дзесяць тысяч не пашкадаваў. Тады мне хапiла б яшчэ i на бутэльку. А не прапiў! Цярэшка, запiшы мяне ў свой талмуд!.. Ну, чаго глядзiш так на мяне, як той... ага... з рагамi на новыя вароты...
– Не запiшу, – строга сказаў Цярэшка.
– Чаму гэта ты мяне не запiшаш? Я што, не сусед Эмчаэсаўца? Хто маёй матцы яшчэ кладоўку зрабiў у падвале? Я i цяпер там складзiруюся. Чуеш, дзед?
Цярэшка нiчога не адказаў Кольку, паглядзеў па чарзе на кожнага, хто збiраў грошы:
– А што мы тут мудрыць будзем! Разбiрайце свае грошы, ды калi хочаце, тады i раздавайце. – Ён падняў пакет над сталом, узяў яго за ражкi, i вытрас грошы. Горка атрымалася высокая.
Колька ж лыпаў вачыма, нiчога не разумеў:
– Што?.. Чаму?.. Што з Эмчаэсаўцам?..
– Будзе жыць, будзе, – адказаў Цярэшка.– А грошы аднясi назад таму, у каго пазычыў.
Колька хехекнуў:
– Што я, дурань адносiць так адразу? Толькi ж узяў. Потым, потым вярну. Пракруцiць iх трэба, грошы. За Сцёпку, за Эмчаэсаўца выпiць варта. Я ж, верыце цi не, гадзiну назад грошы гэтыя пазычыў... i ўвесь час вагаўся: цi ў краму бегчы за вiном, цi аддаць на талаку... Думаеце, лёгка мне было? Гадзiна годам падалася... А ты, дзед, кажаш: аднясi назад. Пераб’ецца. А Эмчаэсавец жыць будзе, здагадваюся па вашых партрэтах. Гэта важна. Ну, я пашыбаваў, а то ў начнiк давядзецца бегчы, а там можна i па мордзе атрымаць. Ды па мордзе як па мордзе, а бутэльку адбяруць.
Колька знiк. Зборшчыкi разабралi грошы, пажадалi Сцяпану хутчэйшай папраўкi i пайшлi па сваiх кватэрах. Антанiна паехала на чыгуначны вакзал. Патухлi вокны ў доме.