Чапушыха зноў ажывілася:
– Прасі, прасі прабачэння, а не чапушыхай. На калені ўпадзі. Дзеўка добрая. Зразумее. Вось табе мая парада.
– Чапуха!– Чапуха ўзяў канверт, пакруціў яго перад вачыма. – Мне ўсё роўна гэтыя газеты мала насіць засталося. Кавалак хлеба не адымуць, калі і сумку забяруць. Злезла, га? Злезла...
– Хто з каго?– насцярожылася Чапушыха.
– Чарніла з канверта злезла.
– Вось табе і чапуха! Падсудная справа!
– Так ужо і падсудная. Чапуха.
– Як жа цяпер пісьмы разносіць будзеш? Каму? Куды? Голыя канверты. Што бліны. Ай, няпутны!
– Цішэй, Маруся, цішэй,– Чапуха шморгнуў носам. – Так і разнясу. Няхай у цябе менш галава баліць.
Хаваючы вочы, Чапушыха затрэсла галавой:
– Разнось, разнось, а я пагляджу...
– Паглядзі, паглядзі, я не забараняю,– Чапуха выцягнуў з канверта лісток.– Яны ўсё роўна парасклейваліся, канверты тыя. Так і буду знаходзіць. Па тэксту. Чытаць буду. А ты кпіш з мяне. Дарэмна. Дарэмна.
Чапушыха насцярожылася, тузанула старога за рукаў:
– Нельга! Нельга! Ты што надумаўся рабіць, Ягор? За гэта і на самой справе могуць асудзіць. За тайны...
– Чапуха! А то сакрэт вялікі, што ў такіх пісьмах. Прышлі сала... Атрымалі кватэру, а ёй пуста – акрамя стала , нічога няма... Спім на голай падлозе... Ці чуеце, бацькі? У халадзільніку мыш павесілася... Звяжы світэр, бо хутка зіма... Сябар машыну купіў, яму бацькі дапамаглі... І я спадзяюся, што вы таксама не менш за бацькоў сябра любіце мяне... І так далей. Вось пісьмо. Каму, думаеш? Зараз скажу. – Чапуха выцягнуў складзены лісток, прачытаў: « Прывет з БАМа ад Сяргея!» Макару. Ад сына. Ён, ён у яго магістраль будуе. Ручку, Маруся! Ды Чапуха!..
Чапушыха моўчкі падала ручку, Чапуха напісаў на канверце, каму пісьмо, а тады сказаў, усміхнуўшыся:
– Так мы і ўсе канверты разблытаем. А ты хвалявалася. Чапуха! Ну, хто ў нас там далей ідзе? «Дарагая Клава!» Клава?
– Клавы ў нас дзве,– міргнула вейкамі Чапушыха.
– Дзве. Правільна,– пагадзіўся Чапуха і чытаў далей: «Даўно... даўно збіраўся табе прызнацца, але... але не хапала смеласці, рашучасці...і... бадзёрасці духу. Пішу... пішу табе і думаю: а ці зразумееш ты мяне правільна? Ведаю, у цябе сям’я, сын, але ты даруй мне за шчырае прызнанне...»
Чапуха склаў лісток, схаваў у кішэню, але ж Чапушыха ўхапілася за руку мужа, утрапёна глядзела на яго:
– Як?... І гэта ўсё? Чаму ж так? Чытай, чытай!
– Хопіць, сказаў!– гыркнуў Чапуха.
Чапушыха спярша нервова глянула на мужа, а тады стрымана пацікавілася:
– Хто ж гэта ёй, цікава, у каханні прызнаецца?
– Не твая справа!– гучна і афіцыйна сказаў Чапуха.
– Як не мая? – нахмурылася Чапушыха.
Чапуха стаяў на сваім:
– Не твая!
Чапушыха насупілася яшчэ больш, чым раней:
– Падцягні штаны, шалапут! Як што сур’ёзнае – не твая справа! Чаму? Не, браток, мая. Мая!
– Я паштар, а не ты!– адбрыкваўся Чапуха.
– «Я паштар». Вось пасадзяць цябе ў каталажку за гэтыя пісьмы, а хто перадачы будзе насіць? Хто? – заўважыўшы, што Чапуха задумаўся, а з твару ў яго прапаў выраз вялікага начальніка, жонка прытулілася да пляча мужа, пагладзіла. – Ну пакажы, пакажы, Ягорка, што тамацькі напісана... пакажы, родненькі...
Аднак Чапуха быў непахісны:
– Палі печ!
Што дзіўна, дык Чапушыха не пакрыўдзілася, а працягвала падлабуньвацца да мужа, цмокнула нават у шчаку:
– Ну, Ягорка... Га? Хто, хто Клаўцы ў каханні прызнаецца?
Чапуха вызваліўся нарэшце з абдымкаў жонкі, падцягнуў штаны:
– Кармі жыўнасць. Чуеш, парсюк рохкае?
Чапушыха раптам успляснула рукамі:
– А божачкі! З дзіравай торбай ходзіць, а такім начальнікам зрабіўся – куды там! На каза не аб’едзеш!.. Не падступіцца, вы толькі гляньце! Ну і чытай іх, пісьмы свае, сам сабе! Падумаць толькі – запанеў адразу, як торбу на плячо павесіў! Форсу больш, чым у прахвесара! Будзеш сёння адзін спаць!
– Ту-ту-ту-ту-ту-ту-ту-у! – неяк здзіўлена затутукаў Чапуха.
І невядома, як бы скончылася гэтая сцэнка, калі б не прыбегла ўсхваляваная Груня. Ледзьве пераступіўшы парог, яна задрала галаву на столь, а да гаспадароў хаты сказала, скрыжаваўшы , як заўсёды, рукі на грудзях:
– А родненькія мае! А суседзечкі!.. Што ж гэта робіцца на белым свеце? Так жылі, так жылі, а пад старасць з глузду чалавек з’ехаў. Галаву згубіў, макацёр свой лысы...
– Хто?– насцярожыўся Чапуха.
– Кіпцік мой,– махнула безнадзейна рукой Груня.
Чапушыха заківала галавой, спачуваючы:
– Што ты гаворыш? Дзе згубіў? Як?
Груня адрапартавала:
–На сваім пасту! З хаты выгнаў! З роднай хаты! А людзечкі! А міленькія! Усе вуглы ў ёй мною сагрэтыя-перагрэтыя! Ды мне ж і вас сорамна, Маруська, золотца маё, Чапушыха ненаглядная!– Груня павісла на шыі ў Чапушыхі.– Дай я ў цябе, сябровачка дарагая, навальніцу перачакаю. Дай, родненькая. Грыміць, грыміць мой Кіпцік! Як усё роўна па небе на сваім трактары едзе! Ой, горачка!..
Чапуха падышоў бліжэй да Груні, глянуў ёй у самыя вочы:
– Не тарахці! Хто з вас галаву згубіў?
Груня паказала крадком на дзверы, за якімі недзе павінен быць яе Кіпцік.
Чапуха развёў рукамі:
– Нічога не зразумею...
– І я... нічога,– кашлянула Чапушыха.
– Нядаўна бачыў – з галавой быў,– лудзь чутна сказаў Чапуха. – Слоўцам перакінуліся.
Груня апусцілася на табурэт, захінула твар рукой, пакруціла галавой:
– Ён і размаўляе. Ён і есці. А галавы няма. Няма, Чапуха!
Чапушыха нацэлілася зноў на Груню:
– Ахалонься, суседка. Толкам растлумач: што ў вас там здарылася?
– А што здарылася?– Груня паглядзела спярша на Чапушыху, а потым і на Чапуху.– Пайшоў ён курэй адкопваць, Мішкавых нясушак, каб ім тлумна стала, а там іх – цю-цю! Га? І след травой зарос. Ці ён іх прыкапаць добра паленаваўся, ці што, а няма... Твая, кажа, работа... На мяне кажа. Вы можаце паверыць? А сам, відаць, толькі дзве рыдлёўкі зямлі на курэй кінуў, вось сабакі іх і расцягнулі... А божачкі! На мяне! На жонку падазрэнне кінуў, недавярак! А яшчэ талдоніў: зубы табе ўстаўлю, любіцца будзем, як у маладосці. А тут ледзьве і цэлыя не павыбіваў... А божачкі! Кіпцік ты мой нікудышны, каб на цябе ўсе хваробы, якія толькі на свеце ёсць! Цьфу!
– Памірыцеся, чапуха!– сказаў Чапуха.
– І мой не лепшы, чым твой Кіпцік,– сказала Чапушыха і плюнула.
У гэты час у шыбку нехта паляпаў і пачуўся голас:
– Дзядзька Чапуха! Пісьмо ёсць?
Жанчыны пераглянуліся. Чапуха знерухомеў. Стук у акенца неўзабаве паўтарыўся...
7
Што ж будзе далей? Цікава, цікава...
Кіпцік размашыста і агрэсіўна вымяраў крокамі двор Арынавіча.
– Хто-о-о?– ён, параўняўшыся, грукнуў нагой па сабачай будцы. – Швагер, а ты чаго аб’еўся, зараза? Чым цябе накармілі, супастат ты гэтакі? Мякінай? Халера, а не сабака! Хто курэй пашчупаў? Ды так пашчупаў, што ад іх і слядоў не засталося. Нідзе чубатых ні жывых, ні мёртвых... А ты, Швагер, павінен быў іх вартаваць разам са мной. Паспрабуй дакажы цяпер, што ты , Кіпцік, не курашчуп! Хто-о-о? Вочы выдрапаю, калі даведаюся. На Груню дарэмна накрычаў, мусіць. Няўжо ў нас сваіх нясушак мала? Але і ёй не веру на ўсе сто. Баба. – Пайшоў за веранду, вярнуўся з бутэлькай і шклянкай, сеў на лаўку, набулькаў. – Груня мая адмачыла нумар: парожнія бутэлькі павыкідвала, а поўную вока яе ліхое не ўбачыла. Х-ха!– Ён не паленаваўся ўстаць з лаўкі, стаяў, дзівіўся ў шыбку на сябе, дакрануўся шклянкай да шкла. – За тваё здароўе, Трафім! Усяго табе харошага. Не тужы. І жадаю табе знайсці злачынцу. Ты знойдзеш. Мужык ты не промах! З галавой!– Кіпцік выпіў, збегаў на агарод, вырваў цыбуліну.– Арынавіч даруе. Цыбуліна – не статак курэй, ліха на іх! Фу-у! Не, так проста мяне не аблапушыць. І курэй знайду, і таго, хто на іх замахнуўся... хто, значыць, руку падняў. Мяне не абскочыш. Не-е-е! Бач ты, гарэлка касцёр распаліла ўсяродку. Фу-у. А чаму не жыць? Жыві, Трафім! Сто гадоў яшчэ жыві. А куры – дробязь. І Арынавіч з голаду не здырдзіцца. Халасцяк. Вяпрук стары, га! Усё адзін ды адзін. Ад сям’і ўхіляецца. Не, гэта не справа так жыць. І чаму не жэніцца, распуснік стары? Па курортах шастае! Яно канешне, калі хамут пачне шыю муліць, пра курорт забудзеш. Кукіш, а не курорт! Пшык! Забудзь! Тады сам будзеш чужых курэй вартаваць. Як вось і я. А што, і вартую! Чым кепска вартую? Цып-цып-цып! Швагер, а ты куды збег, блазнюк? Таксама, можа, на курорт? За гаспадаром? Глядзіце ў мяне!