Аднак ахвотнікаў напасці на пост не знаходзілася, і гэтая акалічнасць пачынала раздражняць Філанчука, бо надта свярбелі рукі, а як пачасаць іх – ён, бедалага, не ведаў.
5
Кіроўца Сірацюк прыехаў у сваю вёску Антонаўка з фіктыўным пуцявым лістом. Добра, што на пасту сяржанту патрэбны быў бензін, таму асабліва не прыглядаўся. І цяпер вось у кузаве "газона" ляжала парожняя каністра на дваццаць літраў, і Сірацюк, кроў з носу, пастарацца абавязкова напоўніць яе палівам, іначай... Ён нават не хацеў уяўляць, што тады будзе яму - страшна падумаць. Тыя хлопцы жартаваць не любяць. Але ж не так проста расстарацца сёння ў Антонаўцы на паліва: дэфіцыт. На калгаснай запраўцы робіць, праўда, сваячка Каця, але яна баіцца згубіць сваё: старшыня паабяцаў, калі хоць адну кроплю пусціць налева, адкруціць галаву, што азначала – пакладзі ключы. Старшыню зразумееш – на паліва няма грошай, калгасу багата хто павінен за малако і мяса, але доўг вяртаць ніхто і не думаў, а тут заканчваецца ўборачная, яна пажэрла ўсё, што толькі было можна, далёка наперад. Так што на сваячку Сірацюк не разлічваў. А яшчэ ж трэба было і ў сваю машыну нешта заліць – не вада ж колы круціць. І чаго, папытаць бы, не заехаў на заправачную, што пры выездзе з горада? Гэта цяпер лёгка дакараць сябе, а тады проста пашкадаваў грошай, захацеў зэканоміць – у вёсцы, палічыў, можна ў мясцовых шафёраў купіць паліва значна танней, і ён рабіў так часцяком. Ды яшчэ гэтыя нахабныя: калгас упершыню застаўся без паліва, якое раней лілося тут ракой. А бензін патрэбны – для таго і прыехаў на машыне, каб зрабіць пару рэйсаў у лес па дровы, бо старым трэба дапамагчы, каб узімку было ім цёпла ў хаце. На машыне ці без яе, але дровы - ягоны клопат, так ужо сталася. А тут не тое што вярнуцца назад у горад праблема, у лес не з'ездзіш: міліцыянеры чакаюць жа сваю каністру, і не паражняком, вядома. Сірацюк думаў-гадаў, што гэта там за паставыя такія - даішнікі, падобна а мо і не, можа які экалагічны пост ці яшчэ што там, цяпер навыдумлялі гэтых міліцыянтаў процьму – і не мог даўмецца, але ў адным быў цвёрда перакананы: школа ў іх адна, таму экзамен трэба ўсё ж здаваць, не ўвільнеш. Каб яшчэ хоць гэтую каністру не падсунулі... бляха-муха!
У каго не пытаўся наконт бензіна Сірацюк, чуў адно кароткае, але пякучае, бы з патэльні знятае, слова: няма! Не мог выручыць і бацька, толькі паціскаў плячыма, чухаў патыліцу. Але не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Прыехаў у Антонаўку бліжэй к вечару таксама на службовым "газоне" сусед Валік Семчанка, у адным горадзе жывуць і працуюць, і сур'ёзна зламаўся: паляцела хадавая. А бак поўны. Дамовіліся зліць бензін, а пакуль Семчанка будзе рамантавацца, што-небудзь прыдумаюць. А з'ездзіўшы ў лес, Сірацюк дапаможа яму. Можа і так атрымацца, што давядзецца ехаць у горад па паліва, аднак жа пропускам туды павінна стаць поўная каністра. Хоць можна было і аб'ехаць. Можна – іншым, таму ж Семчанку, толькі не Сірацюку, бо трапіў у сіло моцна. Не, каб жа аб'ехаць, як іншыя. Дурань! Пцьфу!..
У лес рашылі ехаць на грузавіку, адразу пілаваць і загружаць дровы, ды там хапае і гатовага ламачча, будзе відаць, а потым адна брыгада павязе лес у вёску, а другая будзе нарыхтоўваць. Паехаць у лес падахвоцілася некалькі мужчын, якія туляліся без занятку, таму рабочых рук хапала.
І паехалі.
6
Можна сказць так пра гэты пост: ён створаны для таго, каб людзі бачылі, што ёсць міліцыя, што яна працуе... каб, як кажуць, карась не драмаў. Так, браткі, так. Нават дзед Міхей, збіраючыся ў бальніцу да сваёй бабкі, паглядзеў, ці ёсць затычкі ў колах, праверыў, ці ўсе спіцы. Адной, праўда, не было, аднак стары махнуў рукой: а мо і не звернуць увагі на пасту, не грузавік жа! А калі набліжаўся Міхей да вагончыка, адчуў, што хвалюецца. Во, хвароба на яго, як чалавек гэты злеплены! Ну хто ён міліцыі? Пенсіянер, бяззубы і сухі, як трэска, у чым толькі і душа трымаецца, тут і жыць засталося... А як убачыў міліцыянера каля вагончыка, затрымцелі лыткі. Стары паспачуваў шафёрам: тым і сапраўды не пазайздросціш. Гэта ж трэба мець такую моц той міліцыі, што баішся яе страшней, чым смерці. І праўда ж: скажы, што заўтра загавееш, Богу душу аддасі, і толькі паціснеш плячыма, уздыхнеш-выдыхнеш: пара дык пара. І ўсяго. А тут – лыткі трымцяць!..
Калі дзед Міхей наблізіўся да паста, сяржант Філанчук паказаў яму знак рукой: стоп! Стары паслухаўся, а сам падумаў: "Што яму, анціхрасту, трэба?" Міліцыянер загадаў пад'ехаць бліжэй. Пад'ехаў. Ні слова ні паўслова не сказаўшы, сяржант агледзеў калёсы, на якіх сядзеў, падклаўшы пад мяккае месца бярэмя сена, Міхей.
– Твой транспарт трэба, – сказаў сяржант, узяў у старога лейцы. – Адпачні пакуль, дзед.
Міхей заўпарціўся:
– Э-э-э, куды!? Мне некалі! У бальніцу еду, да бабкі сваёй. Аперацыю зрабілі ёй. Вітаміны вязу.
– Бабка пачакае, – сяржант Філанчук сядзеў ужо на месцы дзеда Міхея, а той таптаўся, нічога не разумеючы, каля калёс, атрасаючы рэшткі сена з портак. – Адпачні. Я скора. Пяць хвілін туды, пяць назад... У лес з'езджу. У туалет. А то ў нашым не павярнуцца. Не хвалюйся, стары. Пасядзі. Там, у будцы, Косцік спіць, разбудзі яго, дзед. Разбудзі, чуеш!
Дзед Міхей махнуў галавой і папярэдзіў міліцыянера, каб не замардаваў каня, бо ён для яго - само жыццё, і калі што здарыцца, крый Божа, стары такога не перажыве. Але той нічога яму не адказаў, а шлёгнуў каню па распаранай спіне лазінкай, што тая ажно пераламілася:
– Нэ-э-э!
Косцік, калі яго пакратаў за рукаў Міхей, злёгку здрыгануўся, але не адразу расплюшчыў вочы, а калі глянуў на старога, уставаць не спяшаўся: прыходзіў у сябе, разбіраўся, дзе ён і што ён. Ачуняў нарэшце. Лыпнуў вачыма, ускочыў:
– Выпіць хочаш?
– Вып'ю, – пагадзіўся стары. – Тым больш, што калі баба з бальніцы лаяцца пачне, скажу, што з міліцыянерам піў. Даруе. Гэта з Цімкам ці з суседам Язэпам калі клюкнем, то яна на дыбкі, бывае, становіцца. А з вамі даруе, акурат так. Яшчэ і пахваліць: глядзі ты, і міліцыянер цябе ўважыў! Не абы хто!
Косцік нічога не гаварыў, толькі пазяхаў, шырока разяўляючы рот і дэманструючы белыя, як часнок, зубы, корпаўся ў невялічкай шафцы – неўзабаве на століку з'явілася пачатая пляшка гарэлкі, дзве чаркі, цыбуліна, некалькі яек і скрылікаў сала. Забулькаў у чаркі, загадаў Міхею:
– Куляй, дзед.
– Кульну, – стары, не раздумваючы асабліва, выпіў гарэлку – яна аказалася не з крамы, а была самаробная.
– Пайшла? – праглынуўшы пітво, папытаў у старога міліцыянер.
– Як брахня па сялу... Фу-у! Добрая. І сала смачнае.
– На халяву, дзед, і воцат салодкі. Яшчэ будзеш?
– Доза, доза! – замахаў рукамі на міліцыянера Косціка Міхей. – І за гэтае дзякуй. Колькі і жыву, а з міліцыянерамі п'ю першы раз. Не падпускалі блізка. А на канцы веку, бач ты, і пашэнціла, ядры тваю ў корань! Самасадзіку не пагрэбуеш майго, га?
– Тут не чадзі, – толькі і сказаў Косцік, выйшаў на ганачак, павагаўся на мысках чаравікаў, прычыніў за Міхеем дзверы, які прасунуўся паўзбоч яго, і больш не ўважыў таго ніводным словам.
Маўчаў і стары, толькі раз-пораз паглядаў на лес, дзе колькі часу назад знік сяржант на ягоным кані...
Пакуль не вяртаецца.
Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?
7
У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі - у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль – бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў – не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення – прыемнага, трэба разумець – ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.