Атрохаў вырашыў абмінуць гэты пост, хоць яму і карцела спярша бліжэй падысці да будкі, папытаць у міліцыянераў, навошта яны тут, але ён цвяроза падумаў, што яны ўсё роўна яму праўду не скажуць, і махнуў рукой: пайду міма, наўскасяк, а то, чаго добрага, і сапраўды пачнуць чапляцца і не пусцяць у лес. Ды не там было – міліцыянер, што таптаўся каля будкі, заўважыў яго, гучна крыкнуў: "Сюды!" І трошкі цішэй: "Куды прэшся, казёл?!" Але Атрохаў пачуў і апошнія словы, павярнуў галаву на крык, тыцнуў сабе ў грудзі пальцам, папытаў на ўсялякі выпадак, хоць было і так усё зразумела: "Я?" Міліцыянер не прамарудзіў з адказам: "А хто яшчэ тут ёсць? М... мудак?"
Давялося звярнуць да будкі.
– Ну і куды, дзед, топаеш? – сустрэў яго, набычыўшыся, сяржант Філанчук.
– У грыбы.
– Куды, куды? – нахіліў галаву наперад сяржант Філанчук.
– А вы што, кепска чуеце? – глянуў на каржакаватага сяржанта Атрохаў і раптам насцярожыўся: – Філанчук? Вы, прабачце, Філанчук?
Насцярожыўся і міліцыянер:
– Дапусцім. Але гэта да справы не адносіцца. Паварочвай, дзед, назад. Чуў?
Не, якраз гэтага ён і не чуў. Перад вачыма, як вось і цяпер, стаяў гэты самы Філанчук у яго кабінеце, шморгаў носам і раз-пораз выціраў нос рукавом кашулі. На дырэктара не падымаў галавы.
– Скажы мне, Міколка, навошта ты залез у стаматалагічны кабінет і забраў там усе цацкі? – спытаўся тады ў яго Атрохаў. – Сабраўся, відаць, зубным доктарам стаць?
– Не-е...
– Дык а з якой мэтай ты пайшоў у гарпасёлак за дзесяць кіламетраў, разбіў шкло, залез у кабінет, выграб усе інструменты, якімі доктарка лечыць людзям зубы?
– Не ведаю... Палез...
Больш размаўляць з ім не было патрэбы. Паабяцаў, праўда, Атрохаў, калі такое паўторыцца, асабіста надраць яму вушы, ды і выпусціў з кабінета. Ці не ў пятым класе тады вучыўся гэты самы Міколка Філанчук? Бацькі яго потым набылі ў гарпасёлку дамок, пераехалі, а дзеці жартавалі: гэта каб Кольку было бліжэй да зубнога кабінета.
І вось гэты самы Філанчук не пускае яго, былога дырэктара, у лес. Атрохаў кашлянуў. Філанчук зрабіў выгляд, што не чуе. Што ж, нічога не паробіш: такі, значыць, ён чалавек – не прызнае земляка і дырэктара. Гэта бывае... Атрохаў і раней заўважаў, што бывае – асаблівыа тады, калі былы двоечнік ці проста паскуднік ўварвецца ў такое асяроддзе, дзе не трэба вялікага розуму, а дастаткова ўсяго папкі ў руках ці пагонаў на плячах... У такіх выпадках Атрохаў хацеў сказаць ім, каб пачулі, але не хапала смеласці, і ён задавольваўся ўнутраным гневам: "Дурні! Усё ж гэта пройдзе... Усё гэта часова... Ды і навошта ж так думаць пра сябе звысоку, быццам ты ўзяў Бога за бараду. А што да галавы, то яна на плячах застанецца. Яна – не пагон: той або сарвуць, або прымусяць гэта зрабіць... Галаву пашкадуюць, пэўна ж: і дурню яна патрэбна, галава. Замест яе качан капусты не ўсторкнеш. Але ж колькі фарсу ў чалавека, колькі пыхі! Гляньце хоць бы на гэтага Кольку, на гэтага "стаматолага"!
– Дык мне што, ісці ў лес? – спытаў Атрохаў.
– Не паложана, я сказаў! – сяржант Філапчук сплюнуў, чамусьці дастаў пісталет з абшарпанай кабуры, пакруціў яго і так, і гэтак перад тварам, зазірнуў у вочка ствала, фукнуў туды. – Не паложана! Я, здаецца, панятна выражаюсь? А? Ну, і чаму ж маўчыце?
Перш, чым нешта сказаць гэтаму Філанчуку, Атрохаў зноў успомніў яго малым недарэкам, калі той напрасіўся на лета даглядаць школьных трусоў - адзін час модна было ў школах трымаць гэтых вушастых прыгажунчыкаў. Атрымлівалася няблага: і дзеці былі заняты справай, не туляліся без занятку ўсё лета, і – зноў жа – маглі зарабіць і для сябе нейкую капейчыну, і для школы. Травы ж хапае. Усё ішло добра, а пазней, перад новым навучальным годам, на школьнай ферме забілі трывогу: пачалі прападаць трусы. Спярша адзін, потым другі, трэці... Хто паквапіўся? Дзверы ж на ноч зачынены. Ключ ад замка толькі ў настаўніка Шульгі. Шыбка ў акенцы, што перад самым падстрэшкам, цэлая. А потым самі ж дзеці і за руку зламысніка: хадзі сюды, хлопча! Гэта быў усё той жа Міколка, яшчэ, праўда, не стаматолаг, але недалёка ад таго... Дык як жа ён іх краў? Побач з хляўчуком зрабілі прыбіральню – глыбокую, з пагабляваных дошак, – да новага навучальнага года. Вось ён і выкарыстоўваў туалет - непрыкметна, пакуль кармілі трусоў аднагодкі, ухітраўся засунуць аднаго з іх у кош, вынесці ў туалет, апусціць у яму, а ўвечары, калі зусім цямнела, шчаміўся ў ачко, выцягваў труса і нёс дахаты. І так тры разы. Пакуль не ўцікавалі...
І вось цяпер ён, гэты трусалоў - "стаматолаг" не пускае яго, Атрохава, у лес. Хоць што ён можа зрабіць, калі і не паслухаецца, калі не будзе звяртаць увагі на ягоныя крыкі-пагрозы? Страляць пачне? Наўрад. Хоць, магчыма, і асмеліцца... Каб жа ведаў, якая ў яго інструкцыя. Ды і чаму гэта раптам міліцыя не пускае ў лес? Што ёй у рэшце рэшт, больш няма чаго рабіць? Вунь колькі гвалтаванняў, разбояў... нават у вёсцы стала небяспечна жыць, асабліва старым людзям – урываюцца ў хаты падонкі ў нейкіх шкарпэтках на мордах, забіраюць пенсіі. Яшчэ падзякуй Богу, калі толькі забяруць, калі не да крыві даходзіць... Цяпер час жудасны. А ў тых, старых, і моцы няма адбіцца, як і няма каму заступіцца за іх. Міліцыя тут вось, на гэтым пасту, а ў вёсцы, каб абараніць чалавека, старога і нямоглага, іх і повідам не відаць. Тэлефонаў таксама няма – як правіла, заўсёды не хапае колькі метраў нейкага там кабелю альбо двух слупоў.
– Я сказаў: не прайдзеш! – сяржант Філанчук схаваў назад у кабуру пісталет, і на ўсялякі выпадак падсунуў яго траха бліжэй да жывата, а потым адвярнуўся ад Атрохава, прыбіў прыдарожны пыл, і ўжо калі павярнуўся да Атрохава, зашпільваў прарэху на штанах. – Мне за вас адказваць не хочацца. Я салдат: сказалі не пускаць у лес, я і не пускаю. Скажуць пускаць, я і пушчу. Я, можа, даражу. Яны на дарозе не валяюцца. А ты, дзед, хочаш сказаць, што мяне ведаеш?
– Я ж Атрохаў... Яўген Паўлавіч.
– Нешта чуў. Было.
"Можа, нагадаць яму пра зубны кабінет?!" Але гэтую думку Атрохаў адагнаў ад сябе, справядліва падумаўшы, што лепш не напамінаць чалавеку, калі ён у пагонах, аб такіх ягоных, а то яшчэ, чаго добрага, не так зразумее. Адметнае ж, нешта значнае пра Міколку нічога не прыгадвалася, як ні стараўся. Тады ён сказаў коратка і зразумела:
– Дырэктар школы з Асінаўкі.
Сяржант Філанчук не адразу прызнаўся, што помніць, што ведае... Чамусьці ён саромеўся гэтага, нават стараўся не сустракацца з Атрохавым позіркам, і ўсё паглядаў і паглядаў на той слуп з шыльдай, дзе было напісана, што грыбы і ягады збіраць забаронена. Прапанаваў нават закурыць, але Атрохаў падзякаваў і не ўзяў з пачка, працягнутага ў ягоны бок, цыгарэту. Філанчук закурыў сам. Пыхкаў дымам, керхаў, бы стары дзед, а сказаў надзіва спакойна і ветла:
– Паколькі вы мой былы дырэктар... цяпер я ўспомніў, хоць, маць часная, і пастарэлі вы, скажу праўду!.. То тым больш прапусціць вас у лес не магу. Здароўе, дарагі мой, на першым плане, і хто, як не я, ваш былы вучань, павінен дбаць пра гэта, вот скажыце мне? Ніхто не ходзіць у лес і вам не раю.
– А каму ў нас хадзіць? – паглядзеў на Філанчука Атрохаў. – Адзін я і застаўся, хто на нагах больш-менш. Ёсць, праўда, чалавекі два мужчыны маладзейшыя за мяне але яны ніколі ў той лес па грыбы не хадзілі і да радыяцыі.
– І жывуць жа! – ухапіўся за пачутае ад Атрохава Філанчук.
Былы дырэктар адказаў не адразу:
– Жыць можна па-рознаму. Але ж, схадзіўшы ў лес, не памру і я. Колькі прайшло пасля аварыі гадоў? Правільна: багата. А што ядом? Што? Нам чыстыя прадукты прывозяць? Хто? Калі? Пакажыце мне таго чалавека, я расцалую яго. Пакажыце. Усё з агарода, з пашы нашай жа, што побач з лесам. І грыбы я кожны год збіраю. А калі збіраю, то і ем. Ды і чаму ж вы цяпер сталі тут? Дзе раней былі? Хто гэты пост прыдумаў? Так што, Міколка, дазволь мне...
Філанчук, убачыўшы, што былы дырэктар памкнуўся было ісці ў лес, зароў не зусім чалавечым голасам, на шыі ажно выперліся жаўлакі, а вочы набрынялі чырванню, роўна як і шчокі: