Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён зваліўся на брук перад ганкам апусцелага дома. Цьмяная раніца позняй восені падалася яго адвыклым ад святла вачам сляпучай, як само сонца. Недзе працокалі капыты… Відаць, рамізнікі пачалі працу. Заплакала дзіця… Яму азваўся сярдзіты заспаны жаночы голас. Ляснічы ўзняўся. Так, гэта быў яго свет, яго горад, яго гора… І яго доўг. Колькі ён прапусціў? Тыдзень жыцця? Месяц? Або праляцелі гады?

Ён нават не азірнуўся на таямнічы дом. Як не азіраюцца на гатовага стрэліць у спіну былога сябра.

Паўстанне захлыналася ў крыві. Імперыя не жадала саступаць і найменшую частку сваёй улады. Таму душыла ўсіх паслядоўна і бязлітасна. Паўстанцкі камандзір Ляліва зноў стаўся пагрозай ворагаў. Але ці трэба тлумачыць, што бледны твар незнаёмкі бачыўся яму і ў сне, і наяве, і ніводная жанчына не магла нават крыху прыпадобніцца ёй. Гэта было ганебна – але часам Яну рабілася так балюча, што ён шкадаваў, чаму назаўсёды не застаўся ў доме на Францысканскай. Ну, пра подзвігі жывапісаць не стану… Я не маю здольнасцяў баталіста. Атрад Яна біўся на Падляшшы і на Брэстчыне… Яго зноў паранілі, і некаторы час ён хаваўся ў сутарэннях менскага маёнтку Ваньковічаў – інсургенты вырашылі, што найменш шукаць будуць навідавоку. Балела рана на плячы, але наймацней балела рана нябачная. Кожны вечар, калі Ваньковіч клаўся ў ложак, яму здавалася, што над ім схіляецца танклявая постаць, і халодныя вусны кранаюць лоб. Чаму яна не пакіне яго ў спакоі? Там, у сутарэннях радавога дома, Ян і зрабіў прыгожую мармуровую статую. Каго яна выяўляла – зразумела… Статуя не прадназначалася для чужых вачэй. Ян пахаваў яе там жа, у сутарэннях. Прачытаў над ёй малітву… І нібыта адчуў сябе вызваленым. Потым з дапамогай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, з якой доўга сябраваў, з’ехаў за мяжу. Яшчэ паваяваў у Галіцыі, потым перабраўся ў Парыж. Расейскія ўлады забралі маёнтак у Сляпянцы, падчас вобыску знікла самае каштоўнае – партрэт Аляксандра Пушкіна пэндзля бацькі Яна, Валенція Ваньковіча. Партрэт, якім так захапляліся сучаснікі… Магчыма, дасюль прыўкрашае кабінет якоганебудзь жандарскага чыноўніка. Ян Ваньковіч дажыў амаль да нашага стагоддзя. Не ведаю, ці трывожыў яго прывід чароўнай панны з дома на Францысканскай, але мармуровая статуя дасюль – у скляпеннях дома Ваньковічаў. І я не хацеў бы быць тым, хто яе выкапае. Ну а дом на Францысканскай, спытаеце вы… Ёсць, чаму не. І ганак маецца перад глухой сцяной. Але дом зусім не закінуты – на першым паверсе ажно чатыры маленечкія крамкі: табака, зеляніна, канцылярскія прыналежнасці і вырабы з бляхі. На другім паверсе туляцца сем’і гаспадароў, як семкі ў пераспелым гарбузе. Бялізна развешаная на вяроўках, працягнутых ад вакна да акна, дзеці равуць, кабеты верашчаць. У сутарэннях – склады: бочкі, скрынкі, джамалунгмы вёдраў і бляшаных тазікаў… Гісторыя пра купца і яго трох дачок пацверджваецца гарадской хронікай. Але насельнікі дома відавочна ў прывідаў не вераць. Вядома, ніхто з іх не спрабаваў адчыніць неіснуючыя дзверы агнём і крывёй… Дый я таксама спрабаваць не буду.

Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск – дагарала яшчэ адна свечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь.

Пан Беларэцкі парушыў маўчанне:

– Сённяшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.

– І праўда, – зазначыў Ной. – У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірша. Прыйдзе – страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя… Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах – чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасці ейнага твару… Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.

Усе рассмяяліся.

– Прызнайся, на сабе паспрабаваў? – спытаўся Улад. Ной затрос галавой:

– Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсць нейкі… мастакоўскі густ.

– Карацей, табе падабаюцца іншыя, – зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дома пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небяспечнае. – Што ж, мая маці гаварыла, што каханне – гэта танец… Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу – адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае… Адзін схіляецца, другі выпростваецца… Потым наадварот… Няверны рух – і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зляцелі на паркет, чырвонае канфеці сэрцаў храбусціць пад абцасамі.

– Я ўявіла сярэднявечную паванну, якую мы танчылі на вечарыне… – ціха прамовіла Дарота. – Паванна на смерць інфанты – так, здаецца, гэта называлася?

Улад, нібыта адганяючы жуду, страсянуў густымі валасамі, ускочыў і схіліўся ў танцавальным па перад Даротай.

– Паванна!

– А як жа без музыкі? – запярэчыла Зося.

Але Дарота ўзнялася, і пачаўся дзіўны танец – у цішыні, у цёмным пакоі, у мігценні свечак… Павольна, паважна… Адзін за адным усе, нават Андрэй Беларэцкі, далучаліся да гэтых скокаў, нібыта да пахавальнай працэсіі… Ніхто не ўсміхаўся, не гаварыў, не спрабаваў напець матыў, толькі рухі зліваліся ў адзіным рытме. Надышла частка паванны, якая называецца капрыёль, калі танцоры імітуюць скокі коней. Цені ўсё хутчэй слізгалі па сценах, людзі схіляліся і выпростваліся, мяняліся партнёрамі… Дыханне пачашчалася… Рукі не спяшаліся перарываць дотык да рук…

Калі не можаш сказаць – танчы…

Калі немагчыма крычаць – танчы…

Калі побач смерць – танчы… Як танчаць аблокі і агонь, як танчыць сама зямля ў абдоймах ветру…

Улад схапіў Зосю ў абдымкі, пан Беларэцкі затрымаў руку збялелай Дароты ў сваёй руцэ…

Стук у дзверы перабіў шум дажджу і спыніў вар’яцкі танец. Някліканых гасцей было трое. Яны ўвайшлі разам з дажджом, ветрам і трывогай. Вада сцякала па востраверхай шапцы-шлеме галоўнага. Малады твар, шырокі ў выліцах, светлыя прамыя бровы і пагляд чалавека, які не сумняецца, як не створана сумнявацца ружжо за яго плячыма. Двое другіх, адзін у сялянскай світцы, другі ў салдацкім мундзіры са споратымі пагонамі, трымалі ружжы напагатоў, і на тварах іхніх толькі насцярога і боязь… Сумесь, якая робіць людзей забойцамі.

– Больш у доме нікога няма?

Зося падскочыла да прыхадня, запунсавеўшы.

– Прывітанне, таварыш Аляксандр. Госць ледзь заўважна кіўнуў галавою:

– Добры вечар, таварыш Зося. Ты тут… забаўляешся, гляджу. Андрэй Беларэцкі раптам рассмяяўся. Нядобра рассмяяўся, суха.

– Малайчына, дзяўчынка. Будзеш камісаршай. Зося з прыкрасцю азірнулася:

– Ну нашто вы так, пан Беларэцкі.

– А ў вас, пан, дарэчы, дакументы ёсцека? – зараз жа холадна адгукнуўся Аляксандр, і фалькларыст сцепануўся, як ступіўшы басанож у халодную ваду.

– Калі вам не брыдка – то пакажу свой пашпарт яшчэ з царскай Расеі,– Беларэцкі пакорпаўся ў кішэнях пінжака, і на свет паказалася пакамечаная паперка.

Але прыхадні нават не дакрануліся да яе. Аляксандр абвёў светлымі вачыма пакой:

– У вас тут утульненька… Нават свечкі ёсць. Вунь колькі. А ў горадзе па картках свечкі атрымліваюць.

– Буржуі…– прабурчэў чалавек у салдацкім шынелі.– У іх тут немавед чаго прыхавана.

– Заўтра нацыяналізуем, апрыходуем, – раўнадушна прамовіў Аляксандр.

Зося кінула хуткі вінаваты позірк на сяброўку, але Дарота маўчала, нагнуўшы галаву.

– А вось ці ёсць тут прыналежныя да контррэвалюцыйнай арганізацыі сацыял-рэвалюцыянераў? – Госці шчыльней узяліся за ружжы, запанавала маўчанне.

Дарота ўскінула галаву:

– Тут няма палітыкаў. Мы проста… расказвалі казкі.

– Ну так, – пацвердзіла Зося, – пан Беларэцкі – прафесар, ён вывучае фальклор… Абрады ўсялякія, легенды. Песні народныя. Гэты хлопец, Ной – мастак, вельмі добры. Дарота – настаўніца, як і я, толькі я прыродазнаўчыя навукі выкладаю, а яна – мовы. А Улад – артыст…

– Артыст, кажаш? – Аляксандр кіўнуў галавой у бок Улада. – А хіба не ты казала, што ён эсэр?

– Няпраўда! – голас Зосі задрыжэў і зрабіўся танюткі, як апошні кужаль. – Як ты можаш, Саша… Я табе даверылася… Гэта ж між нас дваіх размова вялася. Расказвала жартуючы… я ж не думала… І не эсэр ён даўно… Так, дзівак, валацуга…

16
{"b":"549167","o":1}