Литмир - Электронная Библиотека

Паколькі Сліж не меў фантазій і, зразумелая справа, ні па ўзросце, ні па пасадзе не верыў ані ў якія казкі пра джынаў, а хацеў дазнацца, дзе і колькі самагонкі хавае яго былая настаўніца, ён амаль неадступна хадзіў за Хрысцінай Сымонаўнай. Таму ваенны аташэ расцаніў іх адносіны як інтымныя - і ў смелым адчаі перакінуўся на сакратарку магістра тайнай масонскай ложы, што прывяло ў сляпую ярасць Ромку, які на добрым падпітку кінуўся на ваеннага аташэ, ірвануў яго за мокрью эпалеты і прароў, як паранены ў адну галаву Змей Гарыныч:

- Давай выйдзем, генерал!

Залатыя ніткі трэснулі са звонам скрыпічных струн, бліскучыя эпалеты засталіся ў Ромкавых руках. Ромка і ваенны аташэ невядома скуль, хістаючыся, стаялі адзін насупраць другога, наспяваў міжнародны канфлікт нават больш небяспечны, чым скандал з какосавым арэхам, але, дзякуй Богу, сітуацыю выратаваў магістр тайнай італьянскай масонскай ложы з Сіцыліі. У пераднавальнічнай імгненнай цішыні ён раптам рэзка падняўся ў сваім белым балахоне з чорным крыжам і зялёнай зоркай на каўпаку, распасцёр перад сабою рукі і высокім голасам, падобным на голас Раберціна Ларэці ў дзяцінстве, калі той на ўсіх зямных кантынентах спяваў знакамітую песню пра Ямайку, сказаў на тайнай масонскай мове некалькі слоў, з якіх ніхто ніводнага не зразумеў, а таму гэта і прыцягнула агульную ўвагу. Не змог справіцца з таемнаю мовай сіцылійскіх масонаў і электронны перакладчык. Пасля таго, як ён здаўся, прамыкаўшы ўжо знаёмае "перакладу не падлягае", паднялася сакратарка магістра і бясстрасным голасам, нават не пачырванеўшы, аб'явіла:

- Магістр пажадаў сказаць, што ён прывёз мяне ў падарунак, я належу тут усім адразу і кожнаму паасобку, прычым як мужчынам, так і жанчынам. Таму са мной, - сакратарка вінавата глянула на Ромку, - не павінна быць аніякіх праблем.

Ад гэткіх слоў Хрысціна Сымонаўна адчула неверагодную млявасць, поўная паўлітэрка выслізнула ў яе з рук і грукнулася на падлогу. Нават Сліж, які ў іншы момант не прамінуў бы падысці і рэквізаваць чароўную бутэльку, стаяў, адвесіўшы сківіцу, і вочы ягоныя, што неадрыўна глядзелі на сакратарку, знянацку зрабіліся цёмнымі і вільготнымі.

- Далей магістр пажадаў сказаць, - як ні ў чым не бывала прадаўжала сакратарка, - што цяпер, калі яму будзе дазволена, ён хацеў бы зрабіць значна больш важнае паведамленне.

Магістр павярнуўся да Фрэнка з Андронам, што на пару ўселіся пад бананавай пальмай і па чарзе збівалі бананы з рагаткі, якую Андрон адабраў у свайго сына Цімкі. Андрон хацеў быў запярэчыць масонскім намерам, але тут якраз прама ў рукі яму ўпаў банан, збіты Фрэнкам, і Андрон заняўся ім, вяла махнуўшы магістру бананавай шалупінінай: давай, маўляў, паведамляй...

Усе зноў сталі глядзець на магістра і чакаць, калі сакратарка пачне распранацца. Магістр крывавата ўсміхнуўся, ледзь заўважна, мезенцам кіўнуў сакратарцы і праспяваў некалькі фраз салаўіным голасам знакамітага спевака.

- Магістр жадае сказаць, - распранаючыся, стала перакладаць сакратарка, і ў яе інтанацыі з'явіліся ноткі ўзнёслай урачыстасці, - што па даручэнні тайнай ложы і законнага ўрада Італіі ён мае гонар паведаміць пану старшыні Андрону Сыцюку і ўсім тут прысутным масонам наступнае:

Першае. Горад Піза, у якім таксама ёсць вежа, хоць і пахіленая, аб'яўляецца горадам-пабрацімам Карун. Афіцыйную карунскую дэлегацыю будуць чакаць у Італіі на Новы год. Італьянскі ўрад прыме ўсе захады для таго, каб да навагодняга свята Пізанская вежа цэліла ў неба гэтак жа прама, як і Карунская.

Другое. Тайная італьянская ложа з Сіцыліі і масонскі ўрад Італіі (так пераклала сакратарка) прызначаюць прэмію 300 мільёнаў лір для любога грамадзяніна любой краіны, нават калі ён знаходзіцца ў турэмным зняволенні або ў доме для вар'ятаў, які зможа вызнаць і паведаміць магістру: нашто Ютка Казубоўскі будуе сваю вежу да неба і якая ў яго канчатковая мэта?

У гэты момант сакратарка засталася абсалютна без анічога, ва ўсім сваім, а таму сэнс апошніх слоў магістра да болыпасці публікі дайшоў слаба.

- Мат, - сказаў Бобі Фішэр, які даваў сеанс адначасовай гульні на васемнаццаці дошках, па колькасці гасцей, але гуляў з ім толькі дырэктар школы Ігнат Валошка, дый то не ў шахматы, а ў марскі бой.

Пад выглядам таго, што ёй тэрмінова неабходна прасушыць сукенку, залітую халадцом, пачала распранацца не то ўдава, не то дачка Анасіса, папрасіўшы Васіля Блізнюка дапамагчы ёй вызваліцца ад плаціны і каштоўных камянёў.

- Корсіка, Сіцылія і Каруны вызначалі лёс Еўропы - вось што будзе запісана ў падручніках гісторыі! - тэмпераментна ўсклікнуў намеснік міністра замежных спраў Францыі і, падышоўшы да сакратаркі масонаў, падараваў ёй лёгкі пацалунак.

- Мадэмуазель... шарман... - з французскім акцэнтам сказаў аграном Станіслаў Стапуль, які ўвесь вечар быў заняты думкай пра тое, што калі прышчапіць да фікуса гарбуз, то гэта, мусібыць, і будзе какосавая пальма, якая зможа прыжыцца на паўднёвых схілах карунскіх пагоркаў.

Камандуючы Шостым амерыканскім флотам аб'явіў авіяносец "Амерыка" пабрацімам карабля пана Цырлюкевіча, прапанаваў зняцца з якара і плыць на Блізкі Усход, дзе цёплае мора і можна ўсім разам пакупацца, не маючы клопату пра купальнікі.

- Няхай баба апранецца! - абурыўся Хведар Былінскі. - Бо я дахаты пайду!

- А дзе ж той сорам, людцы? - ні да кога не звяртаючыся, прашаптала Хрысціна Сымонаўна. - Што ж гэта робіцца ў белым свеце?..

Магістр масонаў глянуў на незадаволенага Ютку. Той нервова мучыўся, таму што бачыў, як б'ецца ў канвульсіях ягоны сын Ромка. Магістр склаў на грудзях рукі крыж-накрыж - і сакратарка, абвёўшы ўсіх позіркам не тое каб з пагардай, але ўсё ж з яўнай насмешкай, стала апранацца.

Не то ўдава, не то дачка грэчаскага мільянера Анасіса зграбла ў ахапак ветэрынара Васіля Блізнюка і вынесла яго з банкетнай залы.

Кузьма Сліж глытнуў паветра, выцягнуў з кабуры насатку і выцер буйна ўспацелы лоб.

- Трыста мільёнаў лір... гэта ж колькі будзе ў доларах? - спытаўся ў міністра сельскай гаспадаркі Ізраіля аптэкар Саламон Цукерман.

Саламона, брат якога з'ехаў за мяжу і згубіў там двух сваіх сыноў на чужой вайне, цікавілі і непакоілі масоны, але мала забаўляла іхняя сакратарка, таму ён добра ўцяміў сэнс апошніх слоў магістра і рабіў папярэднія падлікі. Ды аказалася, што Андрон Сыцюк, які хоць і аб'еўся бананамі, таксама не спаў у шапку.

- Не лічы, Саламон, не намагайся дарма, - сказаў Андрон бананавым голасам. - Ютка зараз сам расколецца, заграбе прэмію, а на калгас, на ўсіх нас яму напляваць.

Усе ўтаропіліся ў Ютку і чакалі, калі ён стане багацеем.

Ютка падышоў да Хведара, сеў, наліў сабе і яму па кілішку.

- Будзь здароў, Хведар. Апошні раз бедным п'ю. Што ты на тое скажаш?

- На здароўе, Ютка, - сказаў Хведар. - Чаго толькі не было ў нашым жыцці - няхай і гэта будзе.

- Палову прэміі возьмеш? - закусваючы, спытаў Ютка.

- Не, - адмовіўся Хведар, - нашто мне?.. На адзежу нам з бабай хапае, а яда свая.

- От і ў мяне тое самае, - сказаў Ютка.

- То, можа, пойдзем адсюль? - спытаўся Хведар. Ютка падумаў і згодна паківаў галавой. Яны падняліся і скрозь усю банкетную залу, што не спускала з іх ніводнага свайго вока, прайшлі да дзвярэй, дзе іх пераняў Фрэнк.

- Гуд бай, - сказаў яму Ютка. - Гульба была ўсялякай, а за хлеб ды соль дзякуй.

- Прыедзь да мяне ў Амерыку, Ютка, - папрасіў Фрэнк. - Ну хоць паабяцай, што прыедзеш. Такіх, як ты, там у нас зусім няма.

- Ладна, - згадзіўся Ютка, - зазірну як-небудзь, калі час будзе. Чаму б не глянуць на Ціхі акіян.

- У нас там яшчэ Атлантычны ёсць, - паспешліва падхапіў Фрэнк. - 3 другога боку.

- Шчаслівы ты, - сур'ёзна сказаў Ютка. - Два акіяны маеш. А ў нас тут і мора нямашака.

- Затое ёсць карабель, - напомніў Хведар, забаяўшыся на міг, што Ютка збярэцца ў Амерыку. - Дзе ты яшчэ карабель на гары бачыў?

- I то праўда... Быў бы карабель, а вада нацячэ. Калодзеж пракапаем! Нам, карунскім, гэта раз плюнуць, - падміргнуў Ютка Фрэнку, а на тым і скончыў размовы вадзіць, чужое слухаць і сваё даводзіць.

64
{"b":"547093","o":1}