У сферных люстрах плаўных небасхілаў Абвалы зор і роўны рух снягоў Пад поўняю, што вёслаў не згубіла Над водамі, што выйшлі з берагоў. Свет шырыцца да незанятых ніш I пустату закідвае насеннем, Што прарасце маланкамі паміж Самаз'яўленнем і самазнікненнем. Бясконцае ствараецца бясконца - То скручваецца ў ніць на верацёнца, То рвецца на спіралі і кругі, Як гэта высь халодная, нямая, Як гэта плынь, што берагоў не мае I шырыцца - шукае берагі. Хто па чым маркоціцца ў журбе, Да жніва дапесціўшы сяўбу. Я сумую па самім сабе, Па сваім жыцці спялю журбу. I па ўсім, чым я не даражыў, Што касіў, як ля дарог траву, Я смуткую так, нібы не жыў, Толькі бачыў сон, нібы жыву. Гэты сон мне нанава не сніць. Незабудкай ён засне са мной. Я спакойны ўжо, калі шуміць Несаснёны вецер за спіной. Мне журбу дакошваць і сушыць, Мне маркоту спелую збіраць. Божа мой, якая стома - жыць I да самай смерці паміраць. Пакінуушы свята на свяце, Я выйшаў, адчуўшы спіной, Як лёгка адразу за мной I весела сталася ў хаце. Цямрэча гусцела ў падворку, А з вокнаў імжэла святло - Адгуль, дзе мяне не было, Дзе кінуў я смех і гаворку. I доўга на блізкіх і родных, З якімі ў застоллі сядзеў, Глядзеў я, глядзеў і глядзеў, Прыпаўшы да шыбін халодных. I плакаў амаль да відна. На свяце жыццё сатанела: Піло. Цалавалася. Ела. I толькі жанчына адна Адчула мой позірк сірочы, Заўважыла цень у акне I глянула так на мяне, Так вочы ўтаропіла ў вочы, Нібыта яна распазнала Ці вылюдка, ці ведзьмака - I ў жаху застыла рука, Якой на мяне паказала. Выйшаў летам. Вярнуўся зімой. "Дзе ты быў?" Ён маўчаў, як з партрэта. "Дзе ты быў?" Раптам ён: - Божа мой, Не давайце мне плакаць пра гэта! Павялі на магілы: "Тут брат. Тут сястра. Ці за гэта не плацяць? Дзе ты быў?!" А ён зноў, як вар'ят: - Не давайце пра гэта мне плакаць! "Хоць падробныя слёзы сатры, Хоць адну па сястры ці па браце, А пасля хоць жыві, хоць памры, Дзе ты быў?!" А ён зноў: - Не давайце... Адракліся яго. Ён прадаў, Што было на падворку і ў хаце I прапіў, і пайшоў, і прапаў, I ніхто не жалобіўся ў страце. Летам плакаў туман па сястры, А зімою завея па браце, Захлыналіся плачам вятры: "Не дава... не дава... не давайце". Не з тымі пайшоў i дарогай не той. Дарэмна дарога прасіла: "Чакай. Азірніся. Падумай. Пастой". Вяла невядомая сіла. Дарозе казаў: "Ты не тая. Маўчы". Ні д'яблу не верыў, ні Богу - I крочыў, і крочыў удзень і ўначы, Пакуль не адолеў дарогу. I рушыў далей - на цалік, і сляды Пакінуў, што сцежкаю сталі. А тыя, што з ім не пайшлі, хто куды Пазбочвалі і заблукалі. Глядзелі яны - хто з дупла, хто з нары, Аброслыя мохам з карою - Як ён пад гарою, як ён на гары, як знік і прапаў за гарою. З нянавісці - пасля ужо з усяго Астатняга... А ён пачаў з любові. I ўжо калі ўзнялі на крыж яго, Нянавісць выйсце ведала - любое. Не ведала любоў ні аднаго. Натоўп глядзеў натоўпам, як звычайна, А ён канаў, спрабуючы адчайна Знайсці хоць апраўданне: "Для чаго?" - I не знайшоў... Хацеў быў крыкнуць груба: "З нянавісці! Пасля ўжо з усяго..." I не разняў скрываўленыя губы. Ранкам неба пацямнела, а днём На дарогу ўпала чорным агнём. Нахіліўся і падняў я агонь, Перакінуў з далані на далонь. I на правай - прапаліў скуру ён, I на левай, як кляймо, стаў відзён. I спытала даланя ў далані: - Для чаго нам перакідваць агні? I сказала далані даланя: - Гэта забаўка такая. Гульня. |