Нават рэха няма ў гэтым лесе, Няма нават рэха. А бывала чутно, Як вавёрка гуляла арэхам, Перакідвала з зуба на зуб... Векам, дупламі сточаны дуб Больш не просіць, Каб дзяцел прачысціў старэчае вуха Няма чаго слухаць. Глуха Ад відна да цямна, Быццам лес гэты выкляты лёсам... I заплакала раптам жаўна, Не — запела адчайна жаўна, Што спрадвеку была безгалосай! Як звінела яна! Скуль яна?.. і якая яна?..— Не відно!.. Толькі голас пярэсты! Толькі ў медным аркестры Залатая струна! I ледзь-ледзь ажыла, Загула Медзь, якая была анямела. Палавіна аркестра гула: як змагла? Палавіна гула: як пасмела! Сыч схаваўся ў дупло. Закрычала сава звар'яцела: "Тут такой не было!.," Мала што не было! Не было — прыляцела. Над будзённаю скрухаю Святкаваў залаты яе голас... Песні трэба, каб слухалі. Каб на песню быў голад. Толькі лес — як сцяна. Зрэдку вецер у вецці шугае, Паляцела жаўна, Дзе яна свайго лесу шукае? Вясновы першы гром Скаціўся, як з гары, I рэха ля крыніц дубы хістае. Бусліная зямля. Азёры ды бары. Акопы ды палын. Зямля святая. Тут не забыты плач. I не забіты смех. Не аціхае спеў чарод птушыных. Тут дождж не проста дождж. I снег не проста снег. Бо гэта дождж і снег над берагам Айчыны. Грымнуў у грудзі гары — Пала прад волатам: "Колькі захочаш бяры Срэбра і золата". Не нахіліўся падняць. Рушыў. Устала I засталася стаяць Там, дзе стаяла. Шляхам зваротным ішоў, Грымнуў — не ўпала. "Што ж ты,— спытала,— знайшоў? Сіла — і тая прапала". Глянула — цёмна ў вачах! Страшная сіла! "Ты засланіла мне шлях..." I саступіла. Долы адкрыла. А ён Зноў рушыў верхам. ...Плач, што ляцеў наўздагон, Зносіла ветрам. Столькі снегу, што галіны ломяцца. Белы снег — таму і белы свет. Чысціня. На чысціні і ловяцца. След у след Ты ступай за мной паміж сумётамі, Дзе слядоў не бачна нічыіх. Не сумуй былою адзінотаю — Мы ўдваіх Каля ўскрайку лесу вечаровага, Дзе пазёмка запыняе бег... I нічога ў нас з табою новага — Толькі снег. ...Я з лёсам Біўся на нажах, Пакуль мяне ты не любіла, Ты мне адкрыла смерці жах.. Не, Жах жыцця ты мне адкрыла. На міг на ростанях Сусвету Любоў Знайшла маю душу. Я не прашу кахаць за гэта... Я літасці тваёй Прашу. Узняў кулакі над сталом — I грымнуў аб стол кулакамі: "На скос, на распыл, на разлом Усё, што было паміж намі!" I не азірнуўся ў дзвярах... I бачыў да скону штоночы Два чорныя возеры ў снах: Сірочыя сынавы вочы. ...I выпадкова, плоць да плоці Нас кінула на павароце, I шляху пыльная шляя Між ліп згубілася высокіх. Зеленавокая мая! Я не люблю зеленавокіх. Ды асляпіла гэта сіла, Што скразнякамі ў нас гудзе. На міг адзін яна зрадніла — Яна навекі развядзе. Ніхто не будзе вінаваты!.. А ты — да страты, да расплаты, Да развітання за вярсту — Глядзіш, нібы сястра на брата. Як сірата на сірату. |