Маналог брыгадзіра Сомава ...Граніт за годам год Мы грызлі і люцелі, Бо не з дыетработ Работа біць тунелі. Звычайна: Праца — бой... Ды ў гэтым ёсць знаменне, Калі па-над табой На паўвярсты каменне. I з гэтай паўвярсты (Схавацца ледзь паспееш) Так вухкаюць пласты — У шлунках ледзянее. Вядома, век машын. Але машыну тую Вазьмі, паварушы — Хрыбет залямантуе. Уявіш: кружыць птах, Дажджы на сопках плачуць... Хай плацяць не за страх — За нешта ж грошы плацяць. Тунель — канца няма. Ён сапраўды бясконцы. Не ўспамінай — дарма! — Калі ты бачыў сонца. I за вярстой вярсту (На лёс не наракаю) Ідзеш у пустату, Да тупіка, да краю. Таму — не навіна,— Каб не было так пуста, Прыдумана здаўна Тунелі біць насустрач. Падземнаю хадой Шыбуй да чалавека — I справішся з бядой, Не трэба іншых лекаў. Вось так... Пішы, пішы... Скажу табе адкрыта: Тунелі для душы Яшчэ не ўсім прабіты. Яшчэ нямала, брат, Такога ёсць народу: Ад галавы да пят Скалістая парода. Скрозь іх тунелі біць — Работа на галеры: Усё ў табе баліць, А ім ані халеры. I вось, калі рване Скалу такую вершык, Душу ў яе ўдыхне — Тады ты наш. Тунельшчык. Цяпер пішы: арцель Жыве. Працуе ў згодзе. Б'ём на святло тунель — I да святла выходзім. Хай словы як з газет. Ты не зважай на словы. Спрабуй, калі паэт, Пашыць для іх абновы. Не выйдзе — зноў пачні, Бяду перабядуем; Ды памятай: хлусні Ніколі не даруем. Майстры папрацаваць — Пранырлівых і жвавых Майстроў рапартаваць Не вельмі паважаюць. Іх справа — тлум і крык: Ура! Датэрмінова!.. А ты пускай цягнік, Калі тунель гатовы. Тады і будзеш мець Ты права як рабочы Без сораму глядзець Свайму сумленню ў вочы. Маё, паэце, слова Пацвердзіць і арцель. Падпісваюся: Сомаў. Нагорнае. Тунель. На паўнеба світанак ясніцца. Промні — выраем з рукава. Вёска Красніца. Вёска Красніца. Сцюжай спаленая трава. Выйшла так, што ў бацькоўскім краі Пуцявіна нас Не звяла. Ведаў толькі: Была такая. Сёння ўбачыў, якой была. Скаланула душу, як выбухам. Вёска Красніца, Адбалі! Ты згарэла ў раёне Быхава, Галавешкі — па ўсёй зямлі. ...Прыбіральшчыца Ганна Свірыдаўна Плача — Голасу не чуваць. Спіць гісторыя ў футры выдравай, Спіць, як з кніжкі старонку выдрала, Каб мінулае не чытаць. Памяць сцежана белымі ніткамі, Але ўслухайся — I замры: Называюць сябе н е д а б і т к а м і Вёскі Красніцы жыхары. ...Як спалілі немцы людзей і вёску, сабраліся мы, недабіткі, у лесе. Хто й цэлы, а больш пакалечаныя. Я мужыка свайго на плячах цягнула. Ён зваліўся у снег, а я ўсё паўзу, усё мне цяжка, Толькі калі людзі спыталіся: «Аня, ты чаго паўзеш?» — усхапілася. Божухна, а дзе ж я падзела яго?.. За паўвярсты знайшла, ён ужо і качанець пачаў. Кажа: «Магла б не вяртацца, усё адно памру». Крыві вельмі многа з яго вылілася. Пакалечаным, ведаеце, трэба, каб цёпла бы- ло, каб есці добра. А тут холадна — і есці няма чаго. Адну кару з дрэў. Мужык мой, яшчэ жыў трохі, просіць: «Схадзі ты на дарогу, можа, яблыкаў конскіх назбіраеш». Дык са мной шмат хто пайшоў, і пасля хадзілі. Набярэш гэтых яблыкаў мёрзлых, сядзеш ля кастра і трэш іх, трэш, трэш... Колькі каліў аўса знойдзеш, калі аўсом каня кармілі,— і лускаеш, як семкі. Ой, усё ў мяне ў вушах голас мужыка стаіць пра гэтыя яблыкі: «Не магу болып адной карою... Конскіх яблыкаў пашукай...»
Горны плач прашыў шаравою Як там, Віця, кіно здымаюць? Не работа, відаць, а страх. Не вытрымліваюць, згараюць Стужкі ў чорных пражэктарах. Кіламетрамі смерць накручана, На паўпальца не адкруціць. I не мёртвым — жывым балюча. Мёртвым — сказана — Не баліць. ...Ад голаду Стасіна Анюта, суседкі маёй дачушка, на трэцім тыдні памерла. Дзе ёй тую кару, хоць і пажаваную, есці — чатыры годзікі было. Жывоцік так успух — яна ўжо яго ручкамі абняць не магла. I не плакала ўжо, не прасіла нічога. Толькі нібыта спіць і прачнецца, вочы расплюшчыць і прашэпча ціха, ледзь пачуеш: «Мама...» Пахавалі мы яе. Праз дзень, можа, зноў чуем: на дарозе страляніна. Мы тады што ж — далей у лес... Ноччу нібыта штурхнуў мяне хтось. Падымаю галаву, а Стася кругамі па палянцы кружыць, кружыць, быццам ісці некуды хоча, а не ведае, у які бок. Я да яе: «Стася, Стася...» Як кінецца да мяне: «Ой, Ганя, нядобра мы з табой Анюту паклалі. Камень каля жывоціка пакінулі, цісне ён. Чуеш: бедная, плача...» Вот, так і не адышла яна, і пасля вайны такой засталася...
вернуться Кінарэжысёр В. Дашук перад паездкай на БАМ здымаў пра Красніцу дакументальны фільм. |