Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы. Кручу ў гумне іржавую сячкарню. Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...» Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы У гэтым годзе...» Дзед яму: «Сухмень...» Над токам пыл. Гаркава нос казыча. — Газету сёння ў паштара пазычыў. — Старая? — Не шчэ. За ўчарашні дзень. — Пра што там? — Ат... Пра што за ўсё часцей... Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас. — Памёр вось Колас. — Хто памёр? — Ды Колас. Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей. Гвалт. Цёткі. Гвалт. — Да доктара! Падскокваюць па бруку дробна колы. — А божухна! Усю руку змалола!.. — Жанілка ёсць — то пенсію дадуць... Бінты. Пахмурны доктар. На акне — Замест фіранкі — на цвіках газета. ...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, — I штосьці адбывалася ўва мне... Пасля я сніў: Дыктант. Апошні ўрок. Настаўнік новы. «Хто?.. Які?..» «Сярдзіты!» — Дзе сшытак твой? — Забыўся дома сшытак. — Знарок забыўся? (Не зманіць.) — Знарок. — Гультай? — Гультай. — Але на шчырасць здатны. Святлее поле чыстага лістка... Я ведаю, што напішу выдатна! Ды не магу... Баліць, баліць рука! З віною ў твар настаўніку гляджу. Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце! Не... Як жа так? Яго няма на свеце! Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу. У гэтым годзе менш на дзве капы Нажалі жыта...» I дыктант знаёмы! «Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы». Настаўнік усміхаецца: «Вядома...» «Пра што там?» «Ат... Пра што за ўсё часцей...» Як добра ведаць, што было, што будзе! «А суддзі хто?..» Чакай, якія суддзі? ...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей. Прачнуўся. Ранак. Радыё. (Памёр!) «За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці... Я словы пераблытаў у дыктанце! — Тэмпература... Мокры, як бабёр... Гвалт. Цёткі. Гвалт. — Да доктара! Вязуць. Падскокваюць па бруку дробна колы. Касцёл. Бальніца. — Мне за мост, у школу, Дыктант... — Напішуць. — Жыта жаць... — Сажнуць. Вавёркай сонца скача на сасне. Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка. — Ну, ачуняеш — будзе, брат, лупцоўка! — ...Я сплю? — Не спіш. — Вы ў сне са мной? — Не ў сне. — Дыктуйце. — Што? — Няма дажджу. Сухмень. — Палае ўвесь. — Магчыма, сепсіс... — Доктар! — Я напішу выдатна... — Добра, добра... — Я напішу... — Адно ўсё... — Трэці дзень... Партрэт выходзіць з класа, на акне Гарыць сячкарня, курчыцца газета, Паштар вавёркай скача на сасне... — Я напішу... — А ён усё пра гэта. ...I раптам так, нібы пасля дажджу: Грыбы па лесе, верасень, кастрыца, Як не давалі — і далі напіцца... На лаве ў лазні з паштаром сяджу, Расказваю, як ён скакаў вавёркай,— Паштар рагоча... Добра паштару, Што я жывы, сяджу з ім, гавару... Харошая між намі йдзе гаворка. Ды клічуць... Чыста. Маладзік над хатай. Зноў сон... Зноў той... Нібы заклаў душу! I помню ўсё: не дапісаў дыктанта. I ўсё надзею маю: дапішу. Жыў на Палессі селянін У вёсачцы глухой. Ён цішыню сваіх мясцін Любіў, як мы з табой. Як мы з табой, а можа й больш, Хоць пра сваю любоў Апавядаць умеў ён горш На мове гучных слоў. Ён працаваў, карміў сям'ю, Ад працы глух і слеп, I верыў: бог стварыў зямлю, Каб бульбу даць і хлеб. I верыў: неба бог стварыў, Каб дождж і снег ішлі. I ў што ён верыў — з тым і жыў Пад небам на зямлі. Ён чуў, што недзе мора ёсць, За морам горы ёсць, А за гарамі горад ёсць... А што далей — не ведаў... I так бы ён пражыў свой век За дзедаўскай сахой, Калі б не быў ён — чалавек, Такі ж, як мы з табой. Калі б употай не жыла У ім, забітым, цяга Уведаць сэнс дабра і зла: Што — «добра» ёсць, што «блага». Каб не карцела знаць яму Адказ зусім не просты: Пра лёс свой — як? Пра свет — чаму? I пра сябе — навошта? Так ён глядзець на свет пачаў — I бачыць ён пачаў, I нешта разумець пачаў З таго, чым жыў гаротна... I разанула па вачах Святлом скрозь вечны змрок! I на пакутны праўды шлях Зрабіў ён першы крок. Яму ў гарляк увішны поп Штурхаў малітвы кляп: — Не думаць твой мужыцкі лоб, А біць паклоны каб! Па ім гулялі бізуны Падпанкаў і паноў, Каб не забыўся, што яны Яго паны, а іх сыны Паны яго сыноў! За грудзі трос яго жандар, Каб лепей помніць мог, Што ёсць на свеце бог і цар I што — найпершы — ён, жандар, Яму і цар і бог! Каб не надумаў, сучы сын, Наморшчыцца ілбом! I абавязак знаў адзін: За ўсё плаціць гарбом... I ён не разгінаў гарба, Душыў у горле ком,— А вочы білі спадылба Агнём! Святлом! Святлом! I калі ён узняў свой твар — Мільёны узнялі! — Ад позірку яго Пажар Успыхнуў на зямлі. I сыпануў — гаркі, як соль,— Усіх шляхоў уздоўж Адвечных крыўд адвечны боль — Цяжкі, свінцовы дождж. ...Як са старой дзяжы, З канца ў канец зямлі Дажджы і зноў дажджы Лілі і зноў лілі. Ні ў лесе, ні ў гарах Ратунку не было, Нат хвалі на марах Дажджамі заліло. I вар'яцеў натоўп Ад вусцішных падзей. Царкоўнікі: — Патоп! — Палохалі людзей. — Хай дапаможа бог!.. Ды бог не дапамог, I той, хто ніцма лёг, Узняцца ўжо не мог. I тых, хто жыў святым I Ноем меціў быць, Змывала, як масты Парою навальніц. I забіваў народ Жандараў і цароў. Быў вельмі страшны год, Патопны год дажджоў... Хто жыў у барацьбе, Хто не збіваў плыты, Каб ратаваць сябе, Хто не палёг трысцём, А ўстаў, каб права знаць Між смерцю і жыццём Свабоду выбіраць, Хто на гады нягод Жыццё сваё лічыў,— Быў год-прадвеснік, Год Чырвоных далячынь... Прад кожным з нас абраны шлях Ці шлях, што нас абраў. I не вярнуцца па слядах Туды, адкуль пачаў Ісці дарогаю жыцця — I напрасткі, і ўбок... Глядзі: шчаслівае дзіця Зрабіла першы крок. Хіснулася... Пайшло... Пайшло! I дзіва хоць бы ў тым, Што чалавека не было — I вось сляды за ім. Яму не хутка зразумець, Што прыйдзе час здалёк — I трэба будзе сілу мець, I мужнасць мець на крок. Ён і ўпадзе... I ўстане зноў, Каб на зямлі старой Прадоўжыць шлях сваіх бацькоў Або пракласці свой. |