Залатая зала тая Залачае папацёмку, Як скарбонка залатая, Поўная тваіх пярсцёнкаў. Ты на сцэне — б'юць у ладкі, I кідаюць кветкі з ложаў, I між намі змыты кладкі, Спалены масточкі... Божа! Колькі згублена скарбонак, Колькі кветак не пасеяна! I адзіны твой пярсцёнак Падае на дно басейна... Шчэ журбець табе аб страчаным. А пакуль ка мне, на пальчыках, Ты ідзеш, дзіця русалчына, Ад людзей — адзін купальнічак. Сумую па табе, мой горад. Як ні напоўнена душа Палёў прасторам, шумам лесу I плёскатам крыніц і рэчак,— Сумую па табе, каменным. Гады глыбеюць. Не злучыць Карэнні з вершалінай стромай, Якую толькі ледзь хістае Вяртанняў нашых нізкі вецер. Пагоркамі, дзе грае рэха, Працяглым звонам касавіцы Працуе ліпень... На вазах Плывуць зялёныя аблокі. 3 дарогі падыму травінку — I загарчыць на вуснах лета, I пошук страчанага часу Патрэбным здасца і дарэмным. Дзяўчо на возе засмяецца I кіне недаспелы яблык, Які ўпадзе, як узарвецца, У босы след майго маленства, У пыл гарачай каляіны. У горад мой, да сцен каменных, Вяртаюся з палёў і рэчак, Святлее ўсход паловай сонца, Мінулым і наступным днём, I час, які не захаваць, Не зберагчы ў сабе навечна, Сухой травінкай касавіцы Шапоча пад чаравіком. А ў час гэты зоркавы
Дарогай спатканняў бязлітасна позніх Прайшла, затуманіла зрок мой Паўднёвая Поўнач. З ранніх вершаў У асцярогу хутацца. Лаяцца сыта. О, забароненай хуткасці Смак пазабыты! Навошта, нібыта ў сподачку Рыбка пад марынадам, Ты прыплываеш з Поўначы? Страўнік мой радаваць? Курортны гастрытык Пад гэту закуску кіліх налівае Не поўны. Вясёлы і спрытны — Я спёкся... Разыдземся, Поўнач! Усе твае белыя гамы Я граю на памяць! Што ж горача, як пад нагамі Тарфянікі паляць... Гуляю на Поўдні,— А ў небе, як краб у палонцы, Высушвае промні Тваё зледзянелае сонца, I поўня на воблака ўскрайку Святлее над ночы мазутам Так, быццам у ноч гэту ўкраўся Твой, Поўнач, лазутчык. Між намі прастора, Якой на краіну хапае. А цёплае Чорнае мора Раптоўна сцюдзёнай запеніцца хваляй. А сыдуцца хмары — I градзіны скачуць на пляжах. Якую ахвяру Яшчэ патрабуеш, не скажаш? Прынцэса ў карунках, Злічы мае страты і згубы, Твае пацалункі Навек апалілі мне губы. Кахала сурова, А сэрца забрала палову. Ці так ганарова, Што я твой палонны? Разыдземся, Поўнач! Туга невыносная поўніць. Што трэба мне помніць — Я помню: ...На спідометры стрэлка гакала, Калі з поўнай калодай тузоў Я ляцеў у расхрыстаным "газіку" Не кранаючы тармазоў... Нашто халодныя сумненні? Я веру: быў тут грозны храм... Пушкін На плячы тваім воблакі плачуць, Аюдаг, святая гара... Грымне гром — гэта таўры, няйначай, Ля ахвярнага кружаць кастра, Б'юць у бубны, вятрамі напятыя... Ні кала тут цяпер, ні двара. Што хаваеш, дзікунства ці антыку, Аюдаг, святая гара?.. Адкажы мне: Твая таямніца Па Таўрыдзе, ад сонца рабой, Праляціць залатой калясніцай, Пракульгае разбітай арбой? Адкажы: Штармавыя напевы, Што страсалі абвалы ў гарах, Неслі прах са свяцілішча Дзевы Ці шаманскага котлішча прах? Адкажы мне... Ніводнага водгуку. Б'е сумненняў халодны прыбой. I праносіцца прывід у воблаках — З кучараваю галавой. |