Шэра i золка. Вось мы i падсочаны Вокам разлукі, Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся Нашыя рукі. Не гавару табе: «Усё будзе добра». Добра не будзе. Можа, тады хіба толькі, як з памяці Дні гэты збудзем. Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць Хлебная луста. ...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га... Ціха i пуста... Толькі далёка-далёка ў свядомасці Нешта адзначыць: ...лівень святла... звонкі голас шчаслівы... Сненне, няйначай. Я не хачу, каб гэты дзень, што сёння, Як беспардонны кватарант, пакой мой Заняў нахабна,— Не хачу, каб ён Звёў на нішто мяне, каб растаптаў Стовокаю сваёю паражнечай, Што так з усіх куткоў мяне высочвае! Ратуй мяне, мой учарашні дзень! Ты даў прытулак гэтакай вялікай Журбоце, Гэткай паўнамоцнай радасці, Што мне, тады спазнаўшай прорву й неба Любові гораснай,— адзіна там I ўтульна мне, паўсюдна беспрытульнай З вясёлкай тою, з валунамі тымі... Не адступайся, дзень мой учарашні. Я i сама змагу цябе адпрэчыць. Бо адзінота — шчэ не паражнеча. Глыбокае ранне, глыбокая ціша. I толькі заілена ўсхліпваюць хвалі. «Мінулася бура,— зняможана пішуць. Прайшла. Прашалела. Зноў ранне. Зноў ціша. На беразе гэтым Зашмулена-бурым Вось-вось людзі з'явяцца — Выпладні буры. Па ёд. Па бурштын. Па абломкі — Хто ўчора Блакітны свой паруснік Даверыў мору». Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі. Не заўважыла змроку: Мне твой воблік свяціў цеплавокі. Кажуць, ноч была ветранай дужа. Не запомніла слоты: Атуляла ад ветру пяшчота. Кажуць, снег нават падаў уночы. Калі гэта i праўда — Растапіла яго наша радасць. Я не згасну былінкай бязраднай, Хоць i сцюжа навокал, Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі. Не хачу ўжо нічога, нічога, Hi лістоў, ні прыездаў — Быццам мостам, звязала нас бездань... А немагчымага няма. Ты толькі прывідна далека. Я ж i адна — неадзінокая, Бо немагчымага няма. I пэўна знаюць халады, I пэўна знае шчыры вечар, Як можа ўспалыхнуць сустрэча З абвугленай немагаты. Ёсць пажыццёвая турма — Ёсць пажыццёвае імкненне Да жыццядарнага збавення,— I немагчымага няма. «Будзе лета, як звон, пустое». Гэты голас даўно знаю. Не затоім крыўду на тое, Што адбыцца й не магло з намі. Светлячок выпадковы блісне — I да ўздрыгу вусцішна стане: Абяцаўся свет быць вялізным — Звёўся да чакання світання. Абяцаўся свет быць вадою — Звёўся да ненатольнай смагі. Глухне сад лебядою. З дзічкі зыркае расамаха. Павечны мой! Не мучся, не пакутуй. Hi ў чым, ні ў чым няма тваёй віны. Не лёдам, Сонцам наша плынь пракута: Усе каменьчыкі на дне відны... Яшчэ трымаюць маразы, Яшчэ ўспаноўваюдь завеі, Але прамень святла на веі Ужо кладзецца ад слязы. Ад той слязы, пасля якой Дыханне набывае песня — Усё, з чым вера не зачэзне — Не ў шчасце — «У волю i спакой». Зноў пра цябе. Мне — пра каго ж яшчэ? Настойліва начэе, I ўсё выразней чую, як цячэ Усё глыбей праз сэрца Ратнічэле. Няўрымсная, парывістая плынь: У ветравей свавольны Пульсуе пасмай срэбнаю палын. I ў горадзе знайшоў мяне ён, польны. Свядома тваго руку адпушчу. Пад золкай зоркай страты Да скону голас Ратнічэле чуць: «Ой кейп бега мятэй...» [1] |