Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён пры жаданні, пашукаўшы, памацаўшы рукамі пад дрэвамі, мог бы налавіць, нагрэбці колькі хочаш такіх экспанатаў, але ж яму загадалі прывезці толькі аднаго, вось ён аднаго і вязе.

Пігмей ляжаў у той жа самай позе, у якой і паклаў яго Ледавік яшчэ ля самага берага родных джунгляў. І вочы Джунгляня ўсё яшчэ глядзелі велікану прама ў душу.

І хоць яму было гэта вельмі непрыемна, няёмка, ён усё ж нагнуўся над пігмеем і пільна ўгледзеўся ў чалавека, якому цяпер ужо наканавана да смерці жыць у звярынцы. Само сабою падумалася: а ён жа ні ў чым не вінаваты — проста трапіўся яму пад далонь, калі Ледавік вадзіў рукамі пад дрэвамі, пад галінамі, пад лісцём. Мог бы трапіцца хто-небудзь іншы, а ён вось зараз збіраўся б на паляванне ці, наадварот, ужо нёс бы дадому якую-небудзь упаляваную на абед змяю.

Нахіліўшыся зусім нізка над палубаю, разглядаючы пігмея зблізку, Ледавік заўважыў, што Джунгляня дрыжыць.

Канечне, будзеш дрыжаць! Пігмей жа ляжыць на палубе зусім голы, на ім усяго толькі адна набедраная павязка, але хіба можа сагрэць чалавека адзіны ліст нейкага джунглевага дрэва, хай сабе ён вялікі і лапушысты!

Хоць над галавою стаяла спякотнае сонца, хоць Ледавіку было ўсё яшчэ дужа горача, нават душна, для пігмея ж, выхапленага з трапічнай духаты, цеплыні ўжо не хапала — карабель вельмі далёка адплыўся ад джунгляў, і тут быў іншы, намнога халаднейшы клімат. Ледавік сам успомніў, як яму не было чым дыхаць у трапічным лесе, як ён задыхаўся ад парнасці, душыўся гарачым, бы жар, паветрам на невялікіх палянах. Як спяшаўся злавіць пігмея, каб хутчэй зноў узбегчы на палубу карабля, які стаяў пры самым беразе Пігмеяніі — там можна было крыху адысці, аддыхацца, бо вада, якая давала хоць і маленькую, але ўсё ж прахалоду, была яму як збавенне.

Успомніў, куды яны плывуць, і яму яшчэ болей стала шкада Джунгляня. Уявіў, як гэтаму дзіцяці тропікаў будзе холадна, пакуль прывыкне да сцюдзёных, лядовых пакояў, дзе зімнай сцюжаю павявае і ад сцен, і ад падлогі, і ад столі, і нават ад сонечных промняў, калі сонца хоць і рэдка, але ўсё ж прабіваецца праз хмары, — у іх жа і сонца таксама халоднае!

Канечне, і яго, як раней іншыя экспанаты, што ўжо даўно жывуць у звярынцы, адразу адзенуць у цёплае футравае апранне, у яго клетцы-вальеры пачнуць падтрымліваць высокую тэмпературу — аж сцены будуць плавіцца і сцякаць на падлогу вадою, — але ж яму ўсё роўна, нават пры такой увазе, будзе холадна — калі не целу, то душы.

Пігмей дрыжаў ўсёю сваёю істотаю. Гэта толькі здалёку не відно было ягоных дрыжыкаў, а зблізку кожны мог убачыць, як таго калоціць, як трасе, нібы ў ліхаманцы, яго лядашчае, кволае цела — яно аж грукала аб палубу.

І раптам яму чамусьці здалося, што не ён пігмея, а якраз пігмей яго выкраў у Лядовіі і вязе ў рабства.

І нейкае вялікае-вялікае шкадаванне ці то да сябе, ці то да Джунгляня нечакана агарнула велікана, і на яго найшла нейкая незразумелая замілаванасць да гэтага дзіцяці лесу, якое ні ў чым не вінаватае, а пакутуе толькі таму, што собіла яму якраз трапіць пад руку чужынцу.

Ледавік, спяшаючыся, зняў з сябе куртачку і накінуў яе на пігмея — куртачка для таго была ўжо завельмі вялікая, яна заняла ладную лапіну палубы, і цяпер нават яму, велікану, які толькі што ўважліва разглядаў Джунгляня, стала незразумела, дзе яно стаілася і заціхла — пад крысом, пад каўняром ці, можа, пад рукавом. Меркаваў, што пігмей, ужо накрыты, удзячны яму, сцішыцца зусім, надыхае над куртачкаю паветра і пакрысе сагрэецца.

Але не паспеў ён так падумаць, як уся куртачка захадзіла раптам ходырам, і з-пад яе той жа час выкаціўся пігмей.

Вочы глядзелі на Ледавіка злосна і грэбліва, — тое, што ён накінуў на Джунгляня куртачку, здаецца, раззлавала і абразіла яго: ахвяра не хацела ніякай дапамогі ад свайго крыўдзіцеля!

Але гэтая злосць яшчэ болей расчульвала велікана, выклікала яшчэ большы давер да пігмея. Хоць яму, канечне ж, і не падабалася, што той столькі часу маўчыць — хай бы крактаў, мычаў ці, на крайні выпадак, уздыхаў, а то ляжыць і маўчыць. І нават вось зараз, узлаваўшыся, не выпусціў з сябе ні гуку — адкаціўся і зноў ляжыць, глядзіць, маўчыць.

Веліканы, кажуць, усе даверлівыя. А гэты, здаецца, быў яшчэ больш даверлівы, чым усе яны, разам узятыя.

Хоць да пігмея можна было і не падыходзіць — яго, хоць ён і адкаціўся, лёгка дастаць рукою і адсюль — Ледавік усё ж падышоў бліжэй, прысеў на ўсколенцы і пачаў паволі, не спяшаючыся развязваць вяроўкі, якімі, нібы сноп, было ўвязана Джунгляня. Спачатку развязаў ногі — пігмей нават і не паварушыў імі, ляжаў як нежывы.

Але калі развязаў і рукі, а той нават і не паспрабаваў падняць іх, каб размяць зацёклыя цягліцы — яны ляжалі, як і да гэтага, прыціснутыя да бакоў — велікан, уражаны, падумаў ужо, што, можа, і напраўду Джунгляня памерла ад няўцешнага смутку.

Аднак не, на яго з дакорам глядзелі ўсё тыя ж жывыя, поўныя смутку і нянавісці вочы.

Хоць у іх ужо і было нешта новае…

Пакуль Ледавік дзівіўся, раздумваў, спрабуючы ва ўсім разабрацца, раптам за спіною ў пігмея штосьці зашамацела, лопнула, шуганула, як стрэліла — што гэта крылы, велікан здагадаўся толькі тады, калі Джунгляня, нібы птушка, узвілося ў неба, хапатліва замахала імі і паляцела ў той бок, дзе застаўся родны бераг.

Велікан ачомаўся толькі зараз. Ён пашкадаваў ужо, што позна ва ўсім разабраўся і не паспеў своечасова хоць за што-небудзь схапіць Джунгляня.

Пігмей ляцеў цяжка і, здавалася, зусім не аддаляўся ад карабля. Ён напінаўся, натужна махаў крыламі — як усё роўна цягнуў за сабою нейкі дужа грувасткі груз…

І раптам Ледавік аж ускрыкнуў: ён здагадаўся, чаму так напінаецца і што цягне за сабою пігмей! Той, высільваючыся, спрабуе валачы за сабою карабель — сваю нядаўнюю турму! І вадаплаў, хоць і не вельмі паддаючыся яму, усё ж напачатку нібы нехаця запаволіў свой рух, потым спыніўся зусім, а пасля паціху пачаў сунуцца назад — якраз у той бок, куды ляцела і Джунгляня.

Больш таго, Ледавік заўважыў тоненькую, як павучынка, нітачку, якая нібыта злучала карабель з пігмеем. Хацеў адразу ж бегчы туды, каб разарваць яе, адарваць ад палубы, але, уражаны, не змог зрабіць ніводнага кроку — ногі яго былі звязаныя. Паспрабаваў узняць руку — і таксама не змог: і рукі яго зноў жа былі звязаныя. Тымі ж вяроўкамі, што асталіся пасля вызвалення пігмея. Відаць, пакуль велікан думаў, што і да чаго, пігмей паспеў расквітацца з ім, адпомсціць яму.

Але ж зараз штосьці трэба было рабіць.

Крыху падумаўшы, велікан сам нязграбна паваліўся на дошкі і пакаціўся ў той бок, дзе да палубы была прымацавана таямнічая нітка. І якое ж было яго здзіўленне, што на тым месцы нічога не аказалася. Дакаціўшыся, ён, падымаючы галаву, колькі разоў спрабаваў учапіцца за нітку зубамі, каб перагрызці яе, але зубы ні на што не натыкаліся, ні за што не чапляліся — нітка была прывідная: яна ёсць, і яе няма.

Але ж пігмей менавіта на ёй цягне такі карабель!

Каб лішні раз пераканацца, што гэта і праўда нейкі прывід, ён колькі разоў туды-сюды пракаціўся па палубе, там, дзе, як яму здавалася, павінна мацавацца нітка, але нічога пад сабою не адчуў, нішто яму не замінала.

Толькі тады Ледавік зразумеў, што ніякая гэта не нітка, а ўсяго толькі нейкі таямнічы промень, якім пігмей прывязаў да сябе карабель і які вытрымлівае — не рвецца! — такую нагрузку.

І засаромеўся: чаго ён мітусіцца? Супакоіў сам сябе: навошта яму перагрызаць гэты промень? Пігмей жа цягне карабель назад у джунглі… Няхай цягне!

Яму ж усё роўна нельга вяртацца ў сваю Лядовію без экспаната. А там, у джунглях, ён зноў зловіць пігмея. І ўжо, навучаны вопытам, не аднаго, а добрую сотню, а то і тысячу джунглянят. Каб іх хапіла не на адзін вальер, а на цэлы звярынец! І тады ў іх будзе самая вялікая экспазіцыя пігмеяў.

Няхай, няхай валачэ ў свае джунглі і яго, і карабель!

І засмяяўся, як самы шчаслівы ў свеце чалавек, і нават задаволена пацягнуўся аж да хрусту, пацягнуўся ў думках, бо пацягнуцца напраўду ён, звязаны, не мог.

49
{"b":"245402","o":1}