Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Што, дзіўна вам? — павярнуўшыся да іх, усміхнуўся дурбуд. — У нас вы яшчэ і не такое ўбачыце, — і, азірнуўшыся вакол, паказаў: — А гэты, бачыце, на сваёй машыне прыехаў.

Чалавек стаяў і, як руль, трымаў перад сабою, кола. Падышлі да яго, спыталіся:

— Навошта табе кола? Дурбуд разгубіўся:

— Гэта ж мая машына, я на ёй прыехаў…

— Машыны ў цябе няма і ніколі не будзе!

— А гэта тады што? — паказаў на кола, учапіўся за яго мацней і грэбліва адвярнуўся. — А пайшлі вы ўсе…

Каля сталоўкі галодных і ўбогіх было яшчэ болей. Яны стаялі так шчыльна, што амаль немагчыма было прабіцца да дзвярэй. І толькі вопыт і вынаходлівасць тутэйшага дапамаглі зайсці ўсярэдзіну будыніны.

У сталоўцы было цёмна і дымна, душна і тлумна. Пахла чымсьці прыгарэлым і нясмачным, але ён здзівіўся, што нават такія непрыемныя пахі расцвельваюць яго апетыт.

Дурбуд знік, а праз нейкі час ён зноў з'явіўся каля іх з дзвюма талеркамі якойсьці бурды і двума брускамі чагосьці шэрага, у чым Радзім, хоць і не без ваганняў, прызнаў хлеб.

Оя ад сваёй поліўкі адмовілася — мусіць, у яе засталася нейкая свая сістэма харчавання, — а ён, нават не пасмакаваўшы стравы, не разабраўшыся, пасоленая яна ці не, з асалодаю высербаў цэлую талерку. Адчуваў, што мала, што з'еў бы чаго-небудзь яшчэ, які кавалак мяса ці каўбасы, але дурбуд развёў рукамі — чым багаты, маўляў, тым і рады.

Оіна талерка таксама была парожняя: яе адразу ж выхапілі з рук галодныя людзі і, далёка не адыходзячыся, вылізалі за суседнім столікам.

У сталоўцы не было чым дыхаць, і таму Радзім першы накіраваўся да выхаду. Адна справа цярпець увесь гэты смурод, ведаючы, што цябе чакае пачастунак, а другая — задыхацца едкім чвырам, ні на што ўжо не спадзеючыся.

Выбраўшыся са сталоўкі, ён уздыхнуў на поўныя грудзі — хацелася як найхутчэй ачысціць лёгкія ад гэтага цяжкога, задушлівага паху. Паправіў каснік на галаве, каб выцерці пот пад ім, але дурбуд, які выйшаў разам з імі, параіў:

— Не чапай. Зрабі зноў, як было. А то цябе пазнаюць, і тады пачнецца.

— А можа, лепей зусім сцерці гэтую пляму? — нібы забыўшыся, што расказваў ёй Радзім, спыталася Оя.

— Ты што! — накінуўся на яе дурбуд. — Гэтая меціна яму ой як спатрэбіцца!

Оя паправіла стужку, старанна закрываючы знак. Дурбуд уважліва сачыў за гэтым, а калі дзяўчына апусціла рукі, ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў Радзімаў лоб, сам паправіў ражок касніка і сказаў:

— Ну, цяпер пайшлі.

— Куды? — у адзін голас спыталіся яны.

— На аэрадром, — патлумачыў ім дурбуд. — Сустракаць Калматага. Ён якраз сёння прылятае з замежнага візіта.

Сцежкаю, дзе траплялася ўсё меней і меней кветак — яны здаляліся ад ружарыя, — выйшлі на дарогу, якая і прывяла іх зноў у горад.

— Аэрадром на тым баку — патлумачыў дурбуд. — А я вас вяду самаю кароткаю дарогаю.

З гэтага боку горад здаваўся апусцелым, — відаць, усе пайшлі ўжо сустракаць прэзідэнта.

— У нас так прынята, — нібы адгадаўшы Радзімавы думкі, усміхнуўся дурбуд. — Мы ўсенародна і праводзім, і сустракаем прэзідэнта. Гэта ў нас як свята. Словам, калі мала хлеба, трэба, каб было паболей свят.

Яны ішлі павольна, нібы прагульваючыся. Ішлі так, як вёў іх тутэйшы, а ён чамусьці не спяшаўся.

— Паспеем, — зноў жа, быццам адчуўшы іхняе хваляванне, іхнія думкі, супакойваў Ою і Радзіма дурбуд. — Пабачыце гэты неверагодны спектакль.

Цяпер ужо на вуліцах горада ім сустракалася ўсё болей і болей людзей. Усе ішлі ў той жа самы бок, што і яны, — відаць, таксама кіраваліся ў аэрапорт.

Але з такою высноваю Радзім відавочна паспяшаўся, — шмат хто, не дайшоўшы да аэрадрома, зварочвалі ўлева і заходзілі ў шырока расчыненыя вароты нейкага вялікага круглага збудавання, звонку падобнага на стадыён. Радзім спыніўся, спытаўся ў дурбуда:

— А гэта што за хароміна?

Той загадкава ўсміхнуўся і, не гаворачы нічога канкрэтнага, спытаўся:

— Хочаце паглядзець? Тады давайце зойдзем.

І ўсярэдзіне гэтая пабудова нагадвала стадыён. Вялікае зялёнае падстрыжанае поле, а вакол — трыбуны, звычайныя дашчаныя лаўкі, якія амфітэатрам узнімаюцца ўсё вышэй і вышэй.

Каля ўвахода Радзім заўважыў нешта незвычайнае: чалавек са злосцю, не шкадуючы, сцябае другога чалавека, а той, замест таго каб бараніцца, уцякаць ад яго, наадварот бяжыць услед за дратаванкаю, даганяе яе, на бягу хапае за кончык пугі, нюхае, прыціскае, шчаслівы, да вуснаў — нібы, удзячны за пісягі, цалуе свайго самага лепшага сябра.

Гэта было настолькі дзіўным, неспадзяваным, паводзіны абодвух — і таго, каго б'юць, і таго, хто б'е, — былі такія незразумелыя, таму ён, убачыўшы, што сам ні ў чым не разбярэцца, запытальна зірнуў на дурбуда.

— Гэта ў нас месца для экзекуцый, — не гледзячы на яго, адказаў дурбуд. — Тут караюць усіх, хто правінаваціўся.

Кат усё яшчэ сцябаў сваю ахвяру, а вінаваты, радасны і задаволены, даганяў пугу і цалаваў яе кончык.

З'яўляліся новыя людзі, яны ўпэўнена заходзілі на стадыён і дзелавіта рассаджваліся на лаўках — відаць, ім падабалася сачыць за гэтым глупствам.

Зірні, зірні,— пацягнула яго за рукаў Оя і паказала пальчыкам зусім у другі бок. — І там, здаецца, дурні…

І праўда: там таксама адзін чалавек лоўка біў другога ёмкаю доўбняю, а той ад вялікай радасці і ўзрушэння ўсё хацеў абняць яе і прыціснуць да сябе.

Той, што біў, толькі што прамахнуўся, стаяў, злаваўся на няўдачу і незадаволена моршчыўся, а той, каго білі, узрадаваўшыся, што доўбня нарэшце нерухома стаіць зусім блізка, ля ног ката, расчулена абмацваў і абнюхваў яе з усіх бакоў.

Што гэта? Рабская пакорлівасць? Ачмурэнне? Атупенне? Удзячнасць? А хіба можа быць нейкая ўдзячнасць таму, хто цябе б'е? А можа, гэта простая цікаўнасць? Вар'яцтва нейкае!

У другі раз кат ужо не прамахнуўся — вінаваты сам хуценька падставіў пад даўбешку свой худы, шылаваты азадак.

Потым яны памяняліся ролямі: кат стаў на месца ахвяры, а ахвяра ўзяла ў рукі доўбню.

— Дурні,— нібы сама сабе прамовіла Оя.

— Ага, дзяўчынка, дурні,— гледзячы не на тых, што ўзаемна катаваліся, а некуды ўдалячынь, згадзіўся з ёю дурбуд. — У нас усе дурні. Гэта нашы імёны і прозвішчы.

— А як вы іх адрозніваеце між сабою? — пацікавіўся Радзім. — Калі ўсіх дурнямі называеце?

А тут нічога складанага няма. У нас ёсць свая градацыя, свая дакладная сістэма. І чым горш, тым лепей, чым смяшней тым паважаней. Вось, скажам, Проста Дурань. Гэта самая ніжэйшая ступень. З імі ніхто не лічыцца. Гэта — ізгоі. Затым ідзе Яшчэ Большы Дурань. Пасля: Самы Вялікі Дурань. А там — і Ідыёт. Зноў жа — Славуты Ідыёт. Самы Лепшы Ідыёт. Яго Вялікасць Ідыёт. Ёсць і Балбес Балбесавіч, Лапух Лапухавіч, Ідыёт Ідыётавіч. І крый божа вы нешта наблытаеце ў гэтай градацыі і, да прыкладу, Яго Вялікасць Славутага Ідыёта назавеце Проста Дурнем. Гэтага вам тут ніколі не даруюць.

Радзім успомніў, як узрадаваліся далакопы, што закопвалі хлеб, калі ён назваў іх вялікімі ідыётамі, а Оя, хітравата ўсміхаючыся, спыталася:

— А якая ж у вас па гэтай градацыі мянушка?

— Дзяўчынка, — дурбуд, здаецца, узлаваўся, — гэтыя высокія званні трэба заслужыць, яны проста так не даюцца. Іншы чалавек так высільваецца, усё сваё жыццё, як кажуць, кладзе, каб атрымаць к старасці хоць бы Дурня Першай Ступені… А я, дзяўчынка, нават звычайнай дробязі — Проста Дурня — не заслужыў.

— А як усё ж вас клічуць? — дапытвалася Оя.

— У мяне грэблівая, абразлівая мянушка — Разумны. А гэта, каб вы ведалі, самае крыўднае слова ва ўсёй нашай дзяржаве. І самае небяспечнае — за яго нават караюць. Бо гэта мянушка злачынцы. Словам, як у вас: вораг народа.

Ён павярнуўся і, апусціўшы галаву, пайшоў са стадыёна. Ім нічога не заставалася, як падацца ўслед за Разумным.

Радзім яшчэ раз азірнуўся на катаў і ахвяр — цяпер ён ужо не адрозніваў іх, ведаючы, што любы кат становіцца ў свой час ахвяраю і наадварот, — убачыў, што шмат хто ўсё яшчэ лашчаць сродкі экзекуцыі, і шпарчэй рушыў да варот.

31
{"b":"245402","o":1}