Литмир - Электронная Библиотека

Хросны хоча смяяцца, а пад нажніцамі яму не вельмі зручна, дый боязна, што тузяне, і ён толькі моршчыцца ва ўсмешцы.

— Ты кажаш, што па-суседску, — паўтарае Цімохава, ужо далекаватае. — Па-суседску бывае ўсяляк. Табе казалі, а я ж сам бачыў і чуў, як ён, Арсень, Аленку Секачыху адвучваў. Ігнат яе — от, Балалэй, толькі што пасмяяцца з каго-небудзь умее спадцішка. А сама ж яна — малатарня!

— Злосная ўрэдзіна, аж у роце чорна, — удакладняе Цімох.

— Ну, — згаджаецца хросны. — Толькі і ведае, што «лерара» ды «лерара». Праўду гаворыць той Заяц Яўхім: «Слова скажа, дык і не ведаеш, куды яго апрадзяліць». Мала таго што свайго з ранку да ночы дзяўбе, дык і на Арсеня спанатрыла. Бапціст, «Бог есць любоў». Калі-то жох быў, сам ведаеш, а сёнека — хоць дой, такі рахманы. Дык можна ўжо, другая думае, і на галаву чалавеку на… Гэта ж цярпенне трэба на такую суседачку! А тут ён пута з плоту хапіў і давай па азадку шалёстаць!

— Колькі там і азадку таго, — зноў удакладняе Цімох. — Высах і ён ад злосці.

— Ну, — згаджаецца хросны. — Аленка ў крык: «Табе ж не можна! Ты ж святы!» А ён: «Можна, — кажа, — такую, як ты, можна. Гасподзь скаціну вервіем з храма святога выганяў!» А пута тое, тое вервіе, у яго яшчэ ж і мокрае: ён толькі што кабылу з поплава прывёў. Святою раніцай і пачалі…

Тут ужо хросны не можа стрываць і рагоча.

І Цімох разгінаецца над ім, не стрыжэ.

— З расіцай яно лепш, — удакладняе ён і гэта. — І касіць, і з бабай…

Цімох прыйшоў не толькі стрыгчы хроснага — прынёс і порткі шыць.

У той час хросны быў яшчэ, і праўда, дужы. Шыў і кажухі, і суконныя сярмягі, якія ў нас называлі буркамі. А порткі — колькі хочаш. Мог і клёш, і «гальфе», і ні тое ні сёе.

— Прымерку зробім, — сказаў ён, падзякаваўшы за стрыжку.

Але спачатку адышоўся да парога, высцепаў полачку ад валасоў, склаў яе з прафесійнай павагай да кожнай тканіны, тады ўзяў з качарэжніка венік, падмёў ад зэдліка ў качарэжнік, зэдлік паставіў да грубкі і паўтарыў:

— Давай будзем мераць.

— А на чорта нам тая прымерка? — лена і мудра спытаўся Цімох. — Мне абы крэсла спераду.

Хросны спачатку проста абураецца:

— Ну што гэта ты, Цімоша, гаворыш? Трэба ж мне і дліна, і паясніца, і ў подшагу…

А потым хросны смяецца:

— «Крэсла спераду»… А мо табе яго ззаду зрабіць? Як у малых цыганянят? З распоркаю на ўсю…

ЖЫВОЕ СЛОВА

Неяк на багатым нясвіжскім кірмашы маладжавы вясёлы мужчына так падахвочваў мяне браць яго яблыкі:

— Яны ж у мяне, таварыш, не глядзяць, а смяюцца!

І праўда, яблыкі былі вялікія, румяныя, адно ў адно.

А хросны казаў калісьці і так:

— Выйшаў я ноччу на двор, а кабыла мая: «Гы-гы-гы!..»

Нават і яна ў яго была вясёлая, як там тады ні жылося і кабыле, і гаспадару.

Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Дрэнны быў чалавек гэты яго старэйшы брат Баўтрук, але «Бог даў — пайшоў у Плёхава ў багатыя прымы». А хроснага мой бацька, старэйшы за яго і ўжо тады з надзейным заработкам у горадзе, уладзіў вучыцца за краўца, а потым «Рафалак наш, — мама казала, — пачаў жыць з іголкі».

Дзядзька Баўтрук як закрычыць у Плёхаве на карову: «У хлеў, каб ты здохла!», дык ажно ў нас, у Ніжніх Байдунах, чуваць, за два кіламетры. Сыны ў яго падняліся, два дзецюкі, як дубы, і сам здаравенны, гарласты.

— Нікога не баіцца, нічога не стыдзіцца. Сам — пастронкам не падпяражаш, бо што ж, жыве — вароты пірагом падпёртыя.

Так гаварыў пра свайго брата хросны. Бывалі яны адзін у аднаго вельмі рэдка («Абыходжу я Баўтручка, як тую барану»), але пра адно здарэнне ў братавай хаце хросны расказваў аднойчы так дакладна, праўдзіва, што нібы ён і сам тады там начаваў. Можа, зрэшты, і начаваў, мы пра гэта не думалі.

Мы — гэта я і ўсе тры яго хлопцы. На шарай мы сядзелі без агню, толькі што ў дзверцах грубкі гуло і зыркала полымя. Цётка Агата кудысьці пайшла, і хроснаму было ад гэтага свабадней. Бо вельмі ж яна ўсё вучыла яго, камандавала, вечна ён нечым ёй не падабаўся.

Гаварыў ён ніколі не спяшаючыся, ні за машынай, ні іголкай шыючы, ну, а цяпер, у нядзелю, тым больш.

— Легла Матруна на печы. Палеглі хлопцы, заслон да лавы прыставіўшы. Дзякуй Богу, здаровыя, пасолі густое з картопляй ды з хлебам як натопчуцца — ажно тыя дошкі-дылёўкі пад імі равуць. Паснулі ўсе, а сам Баўтрук не спіць, ляжыць на ложку і пазяхае на ўсе чалеснікі, абдумвае, які б яшчэ інтэрас дзе зрабіць. А потым чуе ён: у кухні штосьці шмотаецца… І ўсё яно во так: «Буль-буль! Кех-кех! Буль-буль-буль! К-кех-кех-кех!..» Баўтрук і здагадаўся: «Злодзей лезе! Добра, што я не сплю». Ды як зараве: «Хлопцы, уставай!» Тыя ўсхапіліся, пабралі яны — хто што, і цераз сені ў камору. Батарэйку свецяць — нікога няма. Што за чорт?..

Ён робіць паўзу, а мы, слухачы, насцярожваемся ў гэтым пытанні: і сапраўды — што за чорт?..

— А гэта ў кухні, у баковачцы. Свіное цеста ў цэбры. Падыходзіла ў цяпле ды толькі булькала сабе ды кехкала…

Смяюцца вясёлыя, чырванашчокія хлопцы. І сам іх тата смяецца, нібы і не вельмі старэйшы за іх. І я, ужо сталы дзяцюк, таксама смяюся, прыемна адпачываючы. Хлапчукам — калі што смешна, дык яно і праўдзіва, тым больш што гэта ж іх тата расказвае. А я ўжо тады і праўду асноўную бачыў: праўду беднага, добрага, разумна-вясёлага чалавека.

— Бываюць людзі злосныя, зайздросныя, — гаворыць хросны, памаўчаўшы. — У Плёхаве быў адзін такі, Кукель. Без нагі, на дзеравяшцы хадзіў. І цвік убіты ўнізе, каб не паслізнуцца. Дык ён тыя разы ў цэркві так і мяргуе, каб на нагу каму наступіць.

Паўза.

— Або наш Турак, Мікіта. Каровы з пашы ідуць, а ён стаіць каля брамкі свае і пытаецца: «Дзеці, а чыя гэта цялуха, вунь тая, пярэстая?» — «Гэта, дзядзько, Асечкава!» — «От каб яна яму здохла!» І не таму, што Асечкава, а што чужая ды гладкая.

Зноў паўза. Потым смех і — новае:

— Бапцісты нашы хрысціліся. У Нёмне каля Хлюпіч. Па-іхняму, што ты малы ахрышчаны, дык гэта не тое: трэба, каб сам цяпер да Госпада прыйшоў. Людзей сабралася. Бо гэта на Ўшэсце было і ў Хлюпічах быў фэст. Маладзёжу — з усіх вёсак… І ты ж, здаецца, быў?

Пытанне — мне. Я кажу сваё «быў» неахвотна, бо хочацца і пра тое пачуць.

— Прасвіцер іхні стаіць у нечым чорным, як папова раса ўсё роўна, ён сам да пупа ў рацэ і кожнага бярэ так: адной рукою пад спіну, а другую паложыць на грудзі і — эп! — кульнуў назад у ваду. Бабы, дзеўкі, мужчыны — адзін за адным. А потым нейкі мужчына, худы і доўгі, як чапяла. Яго прасвіцер як кульнуў, дык ён яшчэ потым, мокры, і зачэрпаў тое святой ярдані, памыўся. Людзі на беразе смяюцца, вядома ж, — лічы, што адзін маладзёж. А той худы брыдзе да берага і, руку задзёршы, як прарок які, крычыць: «Смейцеся, рагачыце, бязумцы! Паглядзім, як вы будзеце ў вечным агні смяяцца! Угатаваным дзіявалу і ангелам яго. Паглядзім!» Во як.

— А падумаўшы, — кажа ён пасля паўзы, — дык і на чорта яна, прасці Госпадзі, вера такая, каб адзін чалавек у пекле гарэў, а другі ўжо быў загадзя рады?..

Дат ён амаль ніколі не ведаў, дый не цікавіўся імі. Неяк я быў спытаўся ў яго, калі нарадзілася мая мама (яе ўжо тады не было, а яны ж з ёю вельмі дружылі), і хросны адказаў з як найбольшай упэўненасцю: «Чаму ж гэта не ведаю калі? Перад самай Сёмухай». — «А год, а месяц, а дзень?» — «Хто ж яго помніць усё…» Аднак, як сказаў бы мой сябар-філолаг, «мастацкі сінтэз мінулага» хросны падаваў гатовымі малюнкамі.

Часамі, хоць і не часта, гэта бывала ў яго і не смешна.

— Хлеб з ільняною мякінай не кроіўся. Ламалі яго кавалкамі, накалоўшы нажом ці чаранком лыжкі. Тэкля, старэйшая Грамуздова сястра, маладзенькай пайшла ў далёкі замуж, на гэткі хлеб. Прыйдзе дадому і плача, што есці яго не можа. Хацела ўжо і зусім уцякаць. І маці плача, гледзячы. Але бацька завёз тую Тэклю назад. Два боханы нашага хлеба завёз, без мякіны, з картопляй, і дагаварыўся, што будзе пасылаць ёй туды па бохану на два тыдні, — пакуль яно, маладое, дурное, прывыкне…

21
{"b":"205401","o":1}