Каля Ніжніх Байдуноў цячэ, ледзь прабіраецца па пашы безыменная рачулка. Старыя ў маім маленстве людзі казалі, што раней, на іхняй памяці, рачулка была рэчкай, мела імя і ў ёй «сплаўлялі» валоў, таксама ўжо, як і яна цяпер, гістарычных. Цяпер на рачулцы экскаватар выкапаў вадаём, для гусей ды качак не мелкі. Над гэтай вадою, як у народнай песні, расце вярба, а пад вярбою, куды старэйшай за вадаём, у цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўраам пад мамврыйскім дубам, адпачывае «во время зноя дневного» мой хросны Рафалак. На старасць ён амаль аслеп ад шыцця, ужо толькі гусі пасе. Белыя гусі з жоўтымі гусянятамі. І памагаюць яму дзве маленькія ўнучкі, якіх каля вады трэба пасвіць куды пільней, чым гусянят. Пад вярбу ён іх, унучак, то гукае, то прыманьвае казкай. А ў адзіноце то думае, то не думае, то спявае, калі спяваннем можна назваць той песенны шэпт, за якім у душы тваёй гучыць, нячутная для іншых, песня.
…Пазней, зімою, яго кароценькую труну неслі на змену чатыры сыны, уключаючы хрэсніка, тры пляменнікі і два братавы ўнукі, — усё мужчыны ды юнакі. Гэтаю сілай мы і хавалі яго пад соснамі. Нібы дзіця. Такая была труна, такая яма і такое адчуванне. Нават на той чыгуначнай станцыі, дзе я ўбачыў яго ўпершыню і ўпершыню засмуціўся, што адразу ж і страціў, бо ён не вернецца з-за той белай сцяны, хросны здаваўся найменшым сярод усіх вялікіх, а праз гэта і найбліжэйшым зверху. Толькі, вядома, пасля мамы і таты, хоць яны ўжо тады і не бралі мяне на рукі.
Калі я вярнуўся з палону, пасля першай вялікай разлукі з усім родным, хросны здаўся мне яшчэ меншым, чым быў заўсёды. Ён, радасна заплаканы, хацеў мяне абняць, і мне прыйшлося нізка нагнуцца.
Ад усяго царкоўнага, калі яно і было ў мяне хоць у зародкавым, прыўнесеным стане, даўным-даўно нічога не засталося, слова «хросны» заўсёды было толькі прывычным азначэннем старэйшага друга, па-бацькоўску блізкага, бездапаможна чыстага чалавека. Нават малога, як дзіця.
У той марозны дзень на заінелых могілках адчуванне гэтае было асабліва ясным. І светла, хоць і праз горыч, думалася, што чым далей я ад'язджаў ды адлятаў ад найбліжэйшых на Зямлі мясцін, тым лепш, радней, чысцей ён бачыўся здалёк.
1974–1975