— Я цябе дзе паставіў? Дзе? Колькі разоў табе гаварыць? Колькі разоў?
І біў яе — брэнкаў кіем па выгнутым перадку, а мы рагаталі здалёк або хіхікалі ў сваёй недалёкай схованцы.
Абедаў дзед Бойка заўсёды ў хроснага. Сядзеў ён там доўга, «козачку» зацягнуўшы на двор і прывязаўшы да плота. Але ў хату да хроснага я ніколі тады не заходзіў: спачатку баючыся за здзекі з «козачкі», а потым, калі ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, і з-за таго паднебнага шчасця — званіцы.
Аднойчы, калі я радасна расказаў свайму хроснаму, як дзед б'е і лае «козачку», ён пакруціў галавой і сказаў:
— Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.
Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.
— Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, — кажу я, — што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» — «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.
Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.
— Захара Качка, — кажа ён, — прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго — ты, канечне, не памятаеш — быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво — збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.
Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.
— Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, — скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле — па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ — на, свішчы! Пан навучыцель! — Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: — Нервенны чалавек.
Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.
МУЖЧЫНСКАЯ ГАВОРКА
Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.
— З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, — смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.
— Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, — спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. — Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.
Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.
У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.
Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае…
Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:
— Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка — Вінцучка.
Ляпножка — гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок — наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка — Важнае ліцо. А Вінцучок — той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, — таму з яго і пачынаецца.
Мне за хроснага не крыўдна, а таксама смешна. Смяяцца за вочы бывае і не брыдка, хоць і не хочацца, каб ён пра гэта ведаў. Як тады ў нас з Качкавым Валодзем было, калі мы ўкралі ў хроснага галубку і хіхікалі, прабіраючыся агародамі дахаты, што вечна злосная цётка Агата возьме яго ў дзяругу за плечы і кінецца нас даганяць. Смех, можа, і дурны, але — што ж ты зробіш? — вясёлы.
Нават і цяпер, калі мне ўжо не дзевяць, а шаснаццаць.
Хросны і сам не крыўдзіцца на Цімоха, не думае выгаворваць яму. І, відаць, не таму толькі, што і сам любіць смешнае, але і ў нейкай сувязі з жаданнем лічыцца сапраўдным, паўнацэнным мужчынам. Ён быў не толькі смяшлівы, але і слязлівы, мог заплакаць ад песні, ад чужое крыўды, а пра такія натуры ў вёсцы гавораць: «як баба». Мала што ты калека, дык яшчэ і «баба»… Радзіў? А што ж, калі не «Ісаака ды Іакава», дык Мікалая, Сяргея і Жэніка. Старэйшыя недзе ў школе, Мікалай у мястэчка ўжо ходзіць, Сяргей у сваю, а Жэнік пабег на вуліцу. Хлопцы яшчэ малыя, таму што хросны ажаніўся позна, а потым дзеці паміралі адно за адным, таксама трое, пакуль не нарадзіўся Мікалай.
Сцвярджаючы сваю мужчынскасць, хросны любіць пагаварыць з Цімохам і пра тое, пра што ўжо ён цяпер гаворыць пры мне не вельмі асцерагаючыся.
Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны:
— Як я быў, Цімоша, малады… Ды каб жа людскае што, а то ж калека няшчасны, а вып'еш тыя разы з хлоцамі, дык не толькі, здаецца, што, а сцяну цалаваў бы!..
— А чаго ж, — гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. — Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ…
— Брахунэ вы! Што толькі сліна вярзе… — перабівае з печы цётка Агата, амаль заўсёды нечым нездаволеная.
Але Цімох як быццам і не чуе, гаворыць далей:
— …дачок са тры ці з чатэры. Пагаварыў бы ты з Братам Арсеніям. Ты яму — як гэта хлопцаў, а ён — як дзявок. Па-суседску…
— Дочкі, — гаворыць, нібы ў роздуме, хросны. — Яны ў Арсеня беленькія, далікатненькія, як маца.
— У яго як маца, а ў цябе будуць як халы. Ён свяцейшы, а ты каранасцейшы.
Цётчына «брахунэ вы!» не было, відаць, вельмі злосным, а толькі так, па прывычцы быць нездаволенай, бо вось і яна далучаецца:
— Старыя мы ўжо, Цімох, на дочкі. Куды там. Дай Бог сыноў пагадаваць.
Цімох зноў лезе ў тое, чаго наслухаўся ад свае Волечкі, толькі ўжо не ў «Новы запавет», а яшчэ далей — у «Стары».
— А як жа Сорка ў таго Аўраама? — пытаецца ён. — Старая баба была, дзевяноста гадоў. Дый «гаспадзіну твайму», Рафалку, не дзевяноста дзевяць, як таму Аўрааму, калі яму Бог зрабіў абразанец.