Литмир - Электронная Библиотека

Апейка пакруціў галавою. Момант штосьці затоена думаў. Быў недзе далёка з думкамі. Потым ускінуў позірк, запытаў дзелавіта:

– Гайліса тут не было?

– Учора быў. І сёння, канешне. Недзе на сяле, не інакш.

– Ага! – Апейка кіўнуў, узняўся, намерыўся ісці. Зірнуў на абедзвюх, нібы разважаў: развітвацца, не развітвацца?

– А можа б, перакусілі пакуль? – паспрабавала затрымаць яго Параска.

– Потым. – Ужо клопатны, засяроджаны, насунуў стаўбун, дзелавіта сказаў: – Ну, я к Чарнаштану!

На двары ён адразу адвязаў каня, ускочыў на таратайку і пакіраваў на вуліцу…

І сёння Параска не вытрывала, адпусціла дзяцей да часу. Спехам перакусіўшы, яна надзела хутка паліто, завязала хустку і знікла на вуліцы. За ёй неўзабаве адпусціла дзяцей і Галіна, і ўва ўсёй школе наступіла цішыня. За ўвесь дзень ніхто больш не паказваўся ў школе. Прыйшоў толькі, як заўсёды, да Галіны яе кавалер – Пятро. Як звычайна, яна, хапатлівая, вясёлая, спачатку частавала яго, потым яны зачыніліся на зашчапку, і з-за дзвярэй даходзілі толькі ціхія галасы. Потым і яны сціхлі.

Ужо збіралася цямнець, калі да ганка хтосьці пад'ехаў. Ганна думала, што вярнуўся Парасчын дзядзька, але каня прывязваў хтосьці незнаёмы: малады, чарнявы, у скураной фуражцы, у акуратнай, добрай шынельцы. Праз хвіліну ён, стройны, танканогі, у хромавых ботах, пругка і лёгка ўзбягаў на ганак.

Пастукаў для прыліку ў дзверы і, не чакаючы адказу, ступіў у пакой. Ганна падала выгляд, нібы прыбірае стол. Калі ўвайшоў, адарвалася ад занятку, зірнула знарок без цікавасці.

Незнаёмы кінуў прывітанне, мелькам паглядзеў на яе. Позірк яго чорных вачэй быў неспакойны і цвёрды і насцеражыў яе. Але ён тут жа абыякава адвёў позірк.

– Таварыша Апейкі не было? – Голас у яго быў прастуджаны, з хрыпласцю.

– Буў. Зранку.

– Гэта я ведаю. Цяпер не заязджаў?

– Не.

Ён гаварыў адрывіста, упэўнена. Зноў цвёрда, аж непрыемна было, паглядзеў на яе. І зноў заўважыла ў яго позірку нецярплівасць і нібы недавер'е.

– Вы – хто? – У голасе яго была строгасць.

У ёй ускінулася ўпартасць.

– А вы?

Ён не чакаў, зірнуў, нібы не разумеючы.

– Я? – Ён прыгледзеўся да яе, недавольна, але ўжо з увагаю. Быццам хацеў зразумець, што за гэтым пытаннем. – Я – Башлыкоў. – Ён заўважыў у яе вачах незразумелае недавер'е. Яна яшчэ як бы чакала тлумачэння, і ён дадаў: – Сакратар райкома.

Яна і не ўтаіла здзіўлення. Бачыла яна Башлыкова ўпершыню, але прозвішча яго чула не раз: Башлыкова слухаліся, пабойваліся, і Ганне думалася, што ён – высокі, плячысты, грозны з выгляду. А тут аказваецца – звычайны, нічым не адметны чалавек. З выгляду – нават зялёны хлопец!

– А я – Ганна, – адказала яна знарок спакойна, паблажліва. Ён хацеў яшчэ штосьці запытаць, але стрымаўся.

Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:

– Я пачакаю тут.

– Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.

Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён – пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, – успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго – у навінку. Гарадскі ж сам, відаць…

Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму… Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада… Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам – цікаўнае, прывабнае было ў гэтым – гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і – дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада… Таму, пэўне, і паставілі – такога маладога – над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што – малады… Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму – усё зразу. Гарадскі, адукаваны…

Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам – відаць – не лёгкі. Проста – не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага…

А наогул – пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім – от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае…

Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.

То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.

Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.

Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.

3

Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей – больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.

Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, – ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:

– А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?

– Не, – Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.

Параска адразу захадзілася гаспадыняю.

– Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! – Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: – От тут цвічок! – Крыкнула Ганне весела, загадна: – Зараз жа лямпу! Святло!

Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка – ну, чыста артыстка! – папракнула:

– Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ – такіх!

Ганна знайшлася:

– Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…

Башлыкоў не адказаў.

Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:

– Госць, пэўна, галодны!

Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:

– Паабедалі…

– Кажыце! – не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: – Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!

Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.

– Ты што ж гэта? – зашаптала з папрокам, па-сяброўску. – Так сустрэць! Самога Башлыкова!

– А што ж – лістам перад ім слацца?

Шчыра прызналася:

– Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..

Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:

– Што тут у цябе? – У скаварадзе – бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: – От добра! – Распарадзілася шчодра і неадхільна: – Усё, што ёсць, – на стол! – Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: – Настрой у яго – бачыш які?

– Гарэлкі, можа, дастаць? – параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.

– Гарэлкі! – Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: – Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. – Сур'ёзна ўжо растлумачыла: – У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш – у такі дзень!

– Глядзела я ўсё, глядзела на яго, – зноў вярнулася Ганна. – Нічога ў ім такога, асобага… – Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. – Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?

7
{"b":"205309","o":1}