Литмир - Электронная Библиотека

– Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! – прамовіў строга, з папрокам. – Пагано можа кончыцца!

Ганна перастала смяяцца.

– А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.

– К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!

– Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!

– Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!

– Так ето проста варухнуцца! Даў загад – і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!

Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:

– Ты ўсё знаеш! Усе падходы!

– Знаю, – сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. – А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.

Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.

– Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?

– А што ж, думаеш, не магу? – Ён зноў гаварыў паблажліва: – Маю право на ето!

– То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! – Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: – Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!

– Мало хто е…

– Не мало і не багато. Адзін.

Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.

– Хто ето?

– Ён. Знаеш…

Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.

– Трэба ехаць. – Пастараўся ўсміхнуцца. – Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?

– Буў тут сам.

Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:

– Прыязджай. Хоць – па дарозе…

– Будзе час – заеду…

Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..

Раздзел другі

1

Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.

– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.

– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…

– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!

– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!

Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!

Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:

– Ганна, прашу выйсці.

– Чаго ето?

– Дзело есць! Выясніць трэба…

– Дак выясняй тут.

Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!

– Пры пастаронніх нельга…

Параска адразу адгукнулася:

– Дык я магу выйсці!

– Не, вы работайце! – Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: – Часу няма. Выйдзі!

Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.

– Ну, выясняй.

– Хадзем трохі шчэ, – лагодна ўзяў за руку.

– Не хочу.

– От скула ж ты! – засмяяўся, як бы хвалячы. – Усё па-свойму гнеш!

– Ну, што ты хацеў выясніць?

Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:

– Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.

– Дак ты для етаго і пазваў – штоб пахваліць?

– Ну язык! – Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: – Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!

Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.

– Т-ты што ето?! – здзівілася нібы.

– А нічого! – забулькаў брыдкі смех. – Паўхаджуваць от хочу за табою.

– Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. – Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. – Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.

– Наравішся ты мне! – як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. – Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?

– Не наравішся.

Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.

– Чаму ето?

– А не знаю. Просто – гадкі.

Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:

– Чаго дзярэш нос?

Яна спакойна загадала:

– Пусці!

Дубадзел пусціў.

– Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?

– Знаеш?

– Знаю.

– Дак старайся не забыць!

Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.

– Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!

Яна стрывала, прамовіла з пагардай:

– Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?

– Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! – выціснуў ён люта.

– Тады тое будзе!

Ганна спакойна зачыніла дзверы.

Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:

– Ну што, пагаварылі?

– Пагаварылі, – Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.

Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго – адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: «Пашкадуеш!» Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»

Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!

Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі – са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.

Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.

– Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

– Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

– Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? – і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

– Хадзем!

Выйшлі на ганак – на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

– Прыехаў! Не забуў! – Голас яе перарываўся.

– Не…

– Я думала, забуў!

– Скажаш!..

– Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

– Не так просто…

3
{"b":"205309","o":1}