Литмир - Электронная Библиотека

Іван Мележ

Завеі, снежань

Раман з «Палескай хронікі»

© Васільева Л.І., 2016, 1995

© ТАА "Электронная кнігарня", 2015

Частка першая

Раздзел першы

1

Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па шчылінах, па закутках. Яркія белыя пасы і латкі толькі дзе-нідзе пярэсцілі панурасць двароў і агародаў.

А холад не толькі не адступіў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на роўнай, шкляной халадэчы. І днямі, і начамі, не сціхаючы, гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна льсніліся заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў. І тыдзень, і другі лічылі толькі халады ды сцюдзёныя вятры: на самым разыходзе восені і зімы нібы раптам прыпыніўся адвечны рух прыроды; восень адышла, а зіма не бралася як след. Усё жыло, здавалася, чаканнем снегу. Чакалі парадзелыя, чорныя алешнікі на балоце, гладкая, бліскотная роўнядзь разліваў і луж, гарбатыя, крывыя рады хат і гумнаў, цвёрдыя, у скамянелых грудках і каляінах дарогі, бясколерная, нежывая трава…

Далёка да позняга ў гэтыя дні світанку ўставала Ганна, вобмацкам выбіралася ў вузкую каморку кухні, поцемкі намацвала запалкі, лямпу. Лупіла бульбу, паліла ў печы, распальвала дзве грубкі ў калідоры, што павінны былі грэць класы, грубку на пакой другой настаўніцы, пачынала варыць снеданне. У клопаце сваім ніколі не прапускала той момант, калі на звонкім, намерзлым двары паяўляліся першыя галасы, патрэскваў ад першых крокаў ганак. Пад тупат і гоман, што ўсё мацнелі, множыліся, весялей было ўпраўляцца са сваім клопатам, самую поўніла беспрычынная радасць. Яна ўжо без здзіўленасці і без няёмкасці хадзіла ў калідоры сярод таўкатні дзяцей, якім да самага званка не сядзелася ў класе; ды і дзеці ўжо не дзівіліся ёй. Яна цяпер нямала каго ведала: з якога класа, як зваць, які характарам, з кім дружыць. Амаль са ўсімі яна абыходзілася, як знаёмая.

Пад той час, калі дзеці сыходзіліся ўсе, грубкі былі выпалены, у класах было цёпла, утульна, снеданне для Параскі прыгатавана. Калі звінеў званок і Параска з журналам, кніжкамі і сшыткамі, важная, строгая, выходзіла ў клас, Ганне наступаў доўгі час цішыні, у які можна было не спяшацца; можна было чуць сябе дзіўна, нязвыкла вольнай ад пільных абавязкаў. Колькі таго трэба было хуткай Ганне, каб прыбраць у пакоі, прыгатаваць абед: яна часта не ведала, што б яшчэ зрабіць, куды дзець сябе. У такім настроі Ганна любіла прыслухоўвацца да галасоў у класах, радавалася вірліваму тлуму перапынкаў, не разумела Галіну Іванаўну, якая моршчылася ад галаўнога болю і крычала на дзяцей, каб прыціхлі.

Ганна была давольная, што школа жыла з ранку да позняга вечара. Толькі перад вечарам і ў пачатку вечара – гадзіны дзве-тры – маўчалі пустыя класы. Тады ўвальваліся хлопцы, дзядзькі, цёткі: уціснуўшыся ў світах і кажухах у дзіцячыя парты і між доўгіх сталоў, разгортвалі па загаду Параскі газеты і кніжкі, чыталі, адказвалі ёй; часам збіраліся самі, на сход, – гаманілі, крычалі, іншы раз да мацюкоў, абмяркоўвалі свае арцельныя справы; дымілі так, што ў калідоры кашлялі. Раз сабралася купка маладых, дзверы зашчапілі з калідора: развучвалі з Параскай спектакль. Доўгі, нязграбны хлопец Мікалай, запхнуўшы пад сарочку згорнуты пінжак, паказваў пузатага багацея-кулака; другі, трохі шапялявы Апанас, выдаваў з сябе папа. Злосны Мікалай з хітрым Апанасам згаворваліся, як настрашыць людзей, каб яны баяліся ісці ў калектыў. Удвух яны пускалі ўсялякія плёткі, гразіліся божаю караю, і людзі дрыжалі перад калектывам і адмаўляліся ісці, але прыходзіла Параска, смелая і разумная камсамолка з горада, выкрывала плёткі кулака і папа, звала людзей у калектыў, і людзі дружна падымалі рукі за калгас і спявалі «Інтэрнацыянал»…

Параска, у чырвонай хустачцы, завязанай ззаду, у белай, з кароткімі рукавамі кофтачцы, не толькі з запалам гаварыла за камсамолку, але і паказвала Мікалаю, Апанасу, усім іншым, як трэба ім хадзіць, гразіцца, паказваць страх. Пакуль дайшлі да канца п'есы, Параска стамілася, але гаварыла весела, падбадзёрвала ўсіх; згарнуўшы сшытак з п'есаю, здаволена сказала, што будзе добрая пастаноўка. Ужо калі засталіся адны, падміргнуўшы Ганне, пагразілася, што ў новай п'есе і Ганне падбярэ ролю!

Ганна смехам жа адказала, што нічога, мабыць, у яе не выйдзе. Не здатная яна, Ганна, на такія штукарствы!

2

Ганна і Парасцы, і ўсім, хто цікавіўся, як ёй жывецца цяпер, паказвала, што яна шчаслівая і нават бесклапотная. Але калі праўда, што яна, як бы там ні было, радая была вялікаю, такою чаканаю пераменаю ў сваім жыцці, то ніякай бесклапотнасці яна не знала.

Пільна схаваны ад людскіх вачэй неспакой жыў у ёй, насцярожваў, не даваў поўна, шырока цешыцца радасцю вызвалення. Як ні цвёрда стаяла перад Яўхімам, калі ён дабраўся сюды, як ні смела, ганарліва адказвала на яго пагрозы, абяцанне яго: «Усё роўна без мяне табе не жыць» – увесь час помніла; як папярэджанне, якое абавязвала быць заўсёды напагатове. Яна знарок пасміхвалася са сваёй трывогі: і сцены школы, і Парасчына заступніцтва, і само новае становішча – нагадвала яна сабе – давалі ёй чуць сябе тут усё ж у бяспецы, але цвярозы розум не драмаў, напамінаў няспынна, што бяспека гэта не вельмі надзейная. Хто яго можа стрымаць, калі ён уварвецца сюды, разлютаваны, з нажом; або ж хіба цяжка яму падцікаваць яе на двары, на ганку. Ледзь не ўвесь час цягнула яе да акна на вуліцу, прымушала ўслухоўвацца ў крокі дарослых, у галасы.

З гэтым неспакоем жыў у Ганне яшчэ адзін, пра які ніхто не толькі не ведаў, а і не мог здагадвацца, але да якога яна ўсё больш звыкала і які ўсё больш вызначаў, як ёй быць, што рабіць далей. Трэці месяц у Ганне расло, дужэла, заяўляла пра сябе дзіця. Несказаўшы нікому слова пра яго, Ганна, мяркуючы, як жыць далей, ужо нязменна прымяркоўвала і яго. З ім у Ганніна жыццё ішло багата невядомага, багата такога, што давала яе думкам пра будучыню няпэўнасць. Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? Калі – гэта ж ясна – давядзецца выйсці з гэтага, няхай сабе не вельмі надзейнага, а ўсё-ткі ж знойдзенага прытулку. Гэта ж ясна – не жыць жа ёй тут, калі прыйдзе пара раджаць! Трэба будзе кудысьці ісці – куды, хто прыме ад яе малое? Цяпер, калі яна і думаць не можа пра тое, каб хоць пад якім прымусам вярнуцца ў Курані…

У гэтыя турботы нязменна ўлазілі горкія думкі, што от суджана малому, якое яшчэ не нарадзілася, спатыкацца з бядою. Паявіцца, быць без бацькі. Невядома як быць. Не раз сярод гэтых разваг цяжка, супярэчліва ўспамінала яна Васіля. Яна ведала, што дзіця – не Васілёва. Ад Яўхіма. Цяпер, калі гарачкавы чад хапаткіх сустрэч, хваравітай прагі шчасця, ліхаманкавых надзей сышоў, яна думала цвяроза, што Васіль, калі б сышліся, сталі жыць разам, – пакуль не прывык бы, мабыць, нядобра глядзеў бы на малое. Злаваў бы на яе. Раней, у тым гарачкавым імкненні, гэта не толькі не стрымлівала яе, а нібы не даходзіла добра да галавы; дзіўна ўпэўнена, лёгка думала: прывыкне хутка, злагодзіцца. Цяпер, працверазелая, яна не думала пра гэта з такой лёгкасцю, але, хоць і ведала, што няпроста і не адразу прымірыўся б ён з малым, была і цяпер упэўнена: прывык бы ўсё ж, прымірыўся б. Маглі б жыць добра, шчасліва! Малое не шкодзіла б іх шчасцю, як і яго сын, калі б ён узяў з сабою! Таму і цяпер, між блытаніны разваг пра сённяшняе, пра заўтрашняе, не раз ажывала, ныла крыўда на тое, што ён, Васіль, мала любіў яе, не захацеў пераступіць усяго. Не паслухаўся яе, не падаўся разам. Удваіх было б усё інакш.

У хвіліны спакойнай разважнасці крыўду змяняў одум: ці ж Васіль вінаваты ў тым, што не можа пайсці? Ці ж можна вінаваціць чалавека, што ён жыве так, як умее? Як душа вядзе? Што ён не можа іначай, што яму так цяжка мяняць? Што тое, што аднаму лёгка, другому – такое цяжкае, што сілы не мае пераступіць! Была пара, лёгка было ім, вольным, само, здаецца, шчасце ішло. Бяры яго, шчасце, ды дзякуй долі, дык – не ўзяла, дурная! Страціла з-за дурной сваёй галавы! Назаўсёды страціла! Не хлопец, не вольны цяпер. Гаспадарку зладзіў сваю, столькі сілы ўпяў, столькі агораў. Прыкіпеў душою, душу ўсю аддаў. Калі б і кінуў усё, пайшоў з ёю, багата б там асталося. Не вольны. Не можа. Свая дарога. Неахвотна, прымушаючы сябе, адступалася, адрывала яго ад сваіх надзей: няма чаго хапацца за тое, што прапала. Трэба жыць тым, што дае доля. Жыць адной. Меркаваць адной.

1
{"b":"205309","o":1}