Рагнеда і дзве прызначаныя да яе старыя сядзелі на кармавой лаўцы, ззаду іх ціха сапеў стырнавы, а тварам да іх гайдаліся ў аднастайным вяслярскім руху дзесяць ноўгарадцаў і, пазіраючы на згвалтаваную Ўладзімірам полацкую князёўну, вялі гутарку пра поспехі і няўдачы мінулага дня. Нейкага Бела ці Белага зарэзала нажом баба, калі ён прылёг на яе дачку... Хтосьці здабыў пяць грыўняў, хтосьці дзве, хтосьці добрую вопратку... Камусьці недабіты сабака пагрыз нагу... Нехта вязе ў абозе ладную дзеўку, і варагі набралі дзевак для ўцехі і продажу... Рагнеда намагалася ўспомніць, якія словы выгукнуў бацька, калі яе паваліў і гвалціў Уладзімір. Нешта важнае крычаў князь Рагвалод, нейкі свой запавет спяшаўся ён укласці ёй у памяць, аднак толькі імя сваё запомніла яна з бацькоўскага наказу, астатнія словы не захаваліся ў цэласці сэнсу; яна хацела сабраць аскепкі; здавалася, калі злучыць іх, адкрыецца нейкая таямніца, прыйдзе выратаванне... Ды не даваліся гэтыя словы, а падказаць іх маглі Ўладзімір, Дабрыня ды некалькі баяраў і кметаў, што чакалі тады загаду забіць нажамі полацкі княжацкі род. Яны не скажуць, яны будуць хлусіць; таму не маглі забыцца і знікнуць словы перадсмяротнага наказу бацькі, яны тояцца на дне памяці, трэба іх адшукаць. І Рагнеда адшуквала іх, перабірала ўспаміны, ствараючы ў бессэнсоўнасці пакінутага ёй жыцця хоць нейкі сэнс сваёй прысутнасці на гэтым свеце...
Праз тыдзень плавання дасягнулі волакаў; тут стругі паставілі на каткі і пацягнулі цераз пустку да Дняпра. Наперадзе рухаўся абоз з нарабаваным дабром і палонам; у гэтым абозе ехала Рагнеда. Старыя, што хадзілі ўздоўж абозу, адшукваючы сярод палону знаёмых, паведалі Рагнедзе, што бачылі Рутку, - ляжыць яна ў чудзінаў, і яны яе па чарзе гвалцяць, не шкадуючы, што цяжарная. Что ж рабіць, жахнулася Рагнеда. Скажы князю, навучалі старыя, хай табе аддасць. Рагнеда гукнула стражніка, сказала, каб пазваў князя. Хутка прыскакаў вясёлы Ўладзімір, выслухаў просьбу, згадзіўся, і праз гадзіну няшчасная Рута ляжала пры Рагнедзе і выла ад перажытага жаху і радасці выратавання. А ўначы ў яе пачаліся схваткі, і выкінула яна, змучаная чудзінамі, мёртвае дзіця; нічога не засталося ў яе ад кароткага шчасця з Сохам: ён забіты, дзіця задушылі, бацькоў пасеклі. Асірацелыя мы, шаптала ёй Рагнеда, сёстры мы цяпер. Абняўшыся, плачучы, трэсліся яны на волаку ў цемру будучыні...
Цьмяным быў і самы блізкі час, ніхто не ведаў, куды паверне князь па Дняпры: ці ўніз - на Кіеў, ці ўверх - на смалянаў. Нечакана здарылася затрымка руху; знянацку абоз спынілі, уся стража паскакала наперад, да войска, ніякага дагляду - ідзі куды вочы глядзяць; некаторыя паланянкі і пабеглі ў блізкі лес. Пазней, ва ўсе пражытыя гады, Рагнеда, як аб самай недаравальнай памылцы, шкадавала, што не наважылася вырвацца на свабоду ў тую гадзіну. Праседзелі з Рутай на калёсах, бачылі ўцёкі баб і дзевак, але нават думка бегчы ўслед за імі, схавацца ў нетрах лесу, паспытаць удачы, не прыйшла ў галаву. Давалі ім выйсце літасцівыя багі, хто зразумеў - уратаваўся, а яны прагледзелі, і другога выпадку ўжо не можа быць: не любяць багі някемлівых, адварочваюцца ад іх назаўжды. Схавалася б тады ў лесе, здолела б дабрацца да бацькавага брата князя Тура, і ўсё жыццё пайшло б іншай каляінай: не сталася б жонкай Уладзіміра, не лічыў бы ён ейным пасагам полацкія землі, адрадзіў бы Полацак і сеў княжыць Тур, і хто ведае - мо, здрадзіла б тады Ўладзіміру ўдача...
Але ж сядзелі, як заварожаныя. А потым пабеглі ў хвост абозу іншыя ўцекачы - з Уладзімірава войска, і даведаліся з іх кароткіх слоў, што б'юцца Ўладзімір з Яраполкам і кіяўляне зломліваюць ноўгарадскі полк - хутка перамогуць. І так моцна ў гэта паверылі, так захацелася ўбачыць перамогу, здзейсненую помсту, што дрыжэлі ад нецярпення. Здавалася, вось зараз пачуецца тупат коней, з'явіцца Яраполк, выратуе і скажа: «Уладзімір забіты! Дабрыня курчыцца на калу! Вяртаемся ў Полацак!» Абоз паверне назад, яны паплывуць па Дзвіне, убачаць Полацак, насыплюць дастойны курган...
Ды цягнуўся час, сонца пайшло на захад, вярнулася ранейшая стража, дзівячыся, што мала людзей збегла ад сваёй нядолі, і абоз рушыў далей. Выяснілася, праўда, што не падманвалі ўцекачы з поля бітвы: сапраўды сустрэў брата войскам князь Яраполк, і была сеча, і перамагалі кіяўляне ноўгарадцаў і чудзь, і Ўладзімір разгубіўся, ужо паварочваў каня ратавацца - так, на крок ад свабоды былі палонныя палачане.
Але Дабрыня стрымаў Уладзіміра, загадаў паабяцаць варагам Смаленск, усё, што захочуць. Тыя захацелі па дзве грыўні з кожнага смаленскага і кіеўскага двара, князь пагадзіўся - варагі кінуліся ў бойку як ашалелыя, зламалі Яраполкаву дружыну - і кіяўляне пабеглі да сваіх стругаў і Дняпром адышлі... Рагнеда адчула, што здарылася непапраўнае: не выратуе яе Яраполк, не выратавацца ўжо і яму самому - ён, як і бацька, страціў час, не скарыстаўся выпадкам, не знайшоў памагатых, чакае яго лёс князя Рагвалода; усё ў іх падобнае: бітва, уцёкі... А потым асада - і нож у грудзях. У полі Яраполк Уладзіміра не адужаў; таму кароткі час аддзяляе яго ад смерці. А яна была ж ягонай нявестай, марыла пра яго, чакала, дзеля яго гонару абразіла Ўладзіміра, яе згвалцілі за гэта, і вось ён прамарудзіў, памыліўся, вырашыў, што ўсё падпарадкуецца яму, як паслухмяная варта, а Ўладзімір адважыўся, разбіў паасобку бацьку і кіяўлянаў, узяў яе, вязе ў Кіеў, вызначыў ёй лёс...
Стругі плывуць па Дняпры, нясуць на гора палянам ноўгарадцаў, варагаў, чудзь, меру, весь, сагравае іх блізкасць важкіх кіеўскіх грыўняў, ззяе Ўладзіміру слава вялікакняжацкага стальца, ён усміхаецца, абнадзеяны сваёй удачай, усміхаецца і Дабрыня непазбежнай ужо пагібелі законнага Вользінага ўнука, адраджэнню драўлянскага кораня... Перамога, улада чакаюць іх, прыгожая для іх зямля, сам Днепр ужо служыць ім, дапамагаючы веслярам сваёй хуткай плынню... Цячэ Днепр, уліваюцца ў яго Сож, Прыпяць, Рось, шырока рассоўваючы ўзгорыстыя і нізінныя берагі, зіхаціць пад чэрвеньскім сонцам глыбокая цёмная вада, блішчыць жамчужны асыпак з цяжкіх вёслаў...
Вось ужо за спінай землі радзімічаў, і землі северанаў з горадам Любеч на зялёных схілах, і ўсё бліжэй, бліжэй Кіеў, што раскінуўся на сямі горах, куды нацэліўся сесці на бацькава месца князь Уладзімір... Вось ужо праваруч і прыціхлы Кіеў, і радасна крычаць варагі, бачачы мноства хат, палаты, гародні без абаронцаў, але струг з Рагнедай не заходзіць у Пагойну, кіеўскую прыстань; плыве ён далей, да рэчкі Лыбедзь, і ўверх па ёй да нейкай маленькай вёскі. Рагнеда сходзіць на бераг, бачыць у далечыні, у марыве спякотнага дня, кіеўскія ўзгоркі, а перад сабой агароджаны двор, вароты яго расчынены, за імі стаіць хата з саламяным дахам, старыя вішні атачаюць гэтую хату. Гэта яе новы прытулак.
Рагнеда спыняецца ў варотах, ёй дзіўна і сумна - з наступным крокам пачынаецца для яе другое жыццё, адсечанае ад першага ноўгарадскімі і варажскімі мечамі. Бацькаўшчына, родныя, памяць, радасныя спадзяванні і светлыя мары - усё згінула ў ручаінах крыві. А наперадзе распасціралася цемрадзь невядомасці, і ў гэтую невядомасць віхурамі чужой волі гнала Рагнеду - малы ліст, сіратлівы, апалены агнём княжацкіх звадак і барацьбы.
Жыццё другое
1
На шостым годзе кіеўскага існавання здарылася з Рагнедай падзея, якая крута змяніла яе жыццё. Пазней, калі ўсё расставілася па адпаведных месцах, калі ў бяссонныя ночы ўся даўніна была перагледжана і ўзважана на цвярозы патрабавальны розум, змагла Рагнеда растлумачыць сабе, што адбылося з ёй апоўдні летняга дня, у час дрымотнага адпачынку пад вішняй. Новая душа ўвайшла ў яе ў той гарачы час - вось як вызначала Рагнеда сваёй сяброўцы Руце перажытае пачуццё, і ўвайшла новая душа з раптоўным болем праз сонечны блік. Ніхто не бачыў, не прыкмеціў, не перашкодзіў, бо ў няўлоўнае імгненне набыла яна новы дух, ды і хто мог прыкмеціць і перашкодзіць, калі ёй самой спатрэбіліся месяцы, каб асэнсаваць нутраную змену. Здарылася гэтае ўваходжанне пры такіх абставінах. Яна скрозь дрымоту назірала, як старэйшы сын Ізяслаў вучыў малодшага, Яраслава, дужацца; абодва малыя, баючыся маці, тузаліся ціха; меншая за братоў Прадслава рабіла ў траве схованку для лялькі; і больш нікога, ні малых, ні дарослых, на двары не было. Толькі каля варот размораны спякотай прываротнік тачыў нож, бавячы такім заняткам свой вартоўны час. Рагнеда на стражніка не зважала, і ціхі шоргат каменя па жалезе не закранаў яе слыху. І раптам шырокі нож вартаўніка ўспыхнуў, сонечны прамень трапіў у вочы Рагнедзе, і на імгненне яна аслепла, і за гэты міг невідушчасці яркае вастрыё промня спыніла шматгадовы сон думкі; быццам рассыпалася нейкая тайная камора, дзе хаваліся самыя галоўныя пачуцці жыцця.