Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ранкам, калі адспявалі полацкія пеўні, загулі рагі і дудкі ва Ўладзіміравым стане, ваярства атрэслася ад сну, апранулася ў даспехі, пастроілася няроўнымі шэрагамі і, падсцёбнутае нецярплівым княжым загадам, рушыла па роснай траве браць горад. Бліжэй да сцяны захопнікі перайшлі на бег, грымнуў баявы кліч, і зараз жа выпырхнулі са сцен стрэлы, прасвісталі сваю ліхую песню, і каму было суджана, паваліўся пад ногі сябрукоў... Але вось дабеглі, прыставілі драбіны, палезлі, паказаліся над гароднямі рагатыя шлемы варагаў, шышакі ноўгарадцаў, круглыя, плеценыя з вяровак шлемы чудзінаў - і застукалі сякеры і мячы палачанаў, адсякаючы рукі, крышачы чарапы... Пацягнуліся доўгія дні гэтага ўзаемнага нішчэння і забівання. Параненых разбіралі па хатах, хутка запоўнілася і княжая даміна; забітых зносілі на плошчу для развітання, начамі тут палала пахавальнае вогнішча. І ў стане Ўладзіміра дымілі такія ж вогнішчы і множыліся могілкавыя курганы. Часам збіралася над Полацкам навальніца, грымеў у небе Пярун, ліў дождж, абмываючы мерцвякоў перад спаленнем, і страшна было Рагнедзе глядзець, як б'юць па здзервянелых, скажоных тварах буйныя дажджавыя кроплі...

Напрыканцы трэцяга тыдня асады варагі здолелі ўзайсці на гародні, адбілі вароты, раскідалі завал - і азлобленае Ўладзімірава войска ўварвалася ў горад. Тут стала зразумела, за якую цану наняў ноўгарадскі князь варажскую дапамогу: атрымалі варагі ўсе полацкія двары; ашалела накінуліся на сваю здабычу. Захрабусцелі пад сякерамі касцякі безабароннага жыхарства, крычалі дзеці, вылі згвалчаныя дзеўкі. Нікому не давалі літасці; на тое была князя Ўладзіміра і дзядзькі яго Дабрыні згода - рэзаць і біць, пакуль не абрыдне. Але і ноўгарадцы імкнуліся не адстаць ад варагаў, а чудзіны і весь ад ноўгарадцаў. Разбурала горад пераможная рука з такой жорсткасцю і стараннем, нібы мела на мэце бясследна сцерці яго з берагоў Палаты...

Рагнеда з маці і дваровыя бабы замкнуліся ў тым самым пакоі, дзе зімой прымалі сватоў. За сценамі сцішаўся шум бітвы - там радчэла кола абаронцаў. Калі стала зусім ціха, маці неяк адлучана, развітальна вымавіла: «Забілі нашых!» - і ўсе ў хаце зразумелі, што хутка заб'юць і іх. Гулка ўдарыла бервяно ў зачыненыя дзверы - тыя рассыпаліся. Увайшлі некалькі ноўгарадцаў і загадалі бабам вынесці з пакоя параненых. Маці ж сказалі: «А ты сядзі». Маці і Рагнеда абняліся і доўга чакалі ў невядомасці. Нарэшце пачуліся крокі купкі людзей, і ў пакой увайшлі дужы сінявокі хлопец з ліхім позіркам і карчакаваты сталы мужчына. Рагнеда здагадалася: ноўгарадскі князь з дзядзькам. Услед прывялі павязаных бацьку і братоў; жывая засталася іх сям'я, жывыя стаялі яны цяпер усе разам, і зацеплілася надзея на нейкі добры зыход.

- Старую звяжыце, - сказаў Дабрыня кметам.

Два дзецюкі заламалі княгіні рукі і сцягнулі шнуром.

Уладзімір уважліва разглядаў Рагвалода і яго сыноў, быццам хацеў прасякнуць у іхныя думкі. Потым ягоны позірк перайшоў на Рагнеду, у гэты міг убачыла Рагнеда за спінай Уладзіміра трох старых, што з'яўляліся ёй у Палаце. Празрыстыя, трымаліся яны ззаду пераможцаў, як іх цені, як сведкі бяды, што мела тут здзейсніцца.

- Што, князёўна, - пачула яна голас Уладзіміра, - не перадумала? Можа, зараз разуеш мяне? - і князь зірнуў на свае брудныя боты.

Рагнеда не адказала.

- Што ж, - усміхнуўся Ўладзімір, - твая воля, - можна і не разувацца! - і ступіў да яе.

Яна адсунулася і ўперлася ў сцяну. Ён схапіў яе за плечы, яна намагалася адбіцца; адчайна, жалобна закрычала маці - і гэты крык знясіліў Рагнеду, усё паплыло перад вачыма, рассыпалася ў аскепкі, яна адчувала, як ён рве на ёй кашулю, валіць на падлогу, на стаптаную, брудную салому, дзе раней ляжалі параненыя, навальваецца на яе, убачыла шаленства яру ў яго вачах і заплюшчыла вочы, каб яго не бачыць. Недзе далёка крычалі бацька, браты, маці, і пад іхныя праклёны гвалтаўніку, пад смех Дабрыні і кметаў яна зведала мужа і зачала ад яго...

Потым Уладзімір усхапіўся, завязаў пояс і падышоў да полацкага князя.

- Ну што, князь Рагвалод, - спытаў ён задаволена, - хто наверсе: ты ці рабыніч?

Князь плюнуў яму ў твар.

Дабрыня кіўнуў кметам, тыя дасталі нажы і пайшлі на князя. Рагнеда ўбачыла, як гэтымі бліскучымі нажамі б'юць у грудзі бацьку, братам і маці. Яна звар'яцела, па-жывёльнаму закрычала. Кметы падхапілі яе і панеслі на двор. Скамянелая, у разадранай кашулі з крывавымі адзнакамі, цягнулася Рагнеда, акружаная вартаўнікамі, цераз Полацак, міма знаёмых двароў, дзе гвалцілі, рэзалі, рабавалі ноўгарадскія пераможцы. Выйшлі з горада, прайшлі полем і апынуліся ў намёце Ўладзіміра, дзе нічога не было апроч воўчай шкуры. Пакінутая ў адзіноце, Рагнеда звалілася на шкуру, скурчылася, як падбіты звярок, і ляжала ў паўзабыцці, баючыся паварушыцца. Уначы прыйшоў да яе Ўладзімір: насільна лашчыў яе, любіў, дакараў за крыўду і, змучыўшы, пакінуў. Яна заснула, ёй прысніўся адзін з ранейшых сноў пра белага вершніка, цяпер вершнік набыў знешнасць Уладзіміра, але ў сне ён ёй падабаўся. Прачнуўшыся, яна не магла ўцяміць, што з ёю, чаму яна ў намёце, чый гэта намёт, чаму яна адна і чаму ёй страшна? Памалу памяць сабралася і нагадала ўсю паслядоўнасць вынішчальных падзей: разгром Полацка, гвалт над сабой на саламянай пацярусе, смерць родных над нажамі ноўгарадскіх кметаў, свой паход праз горад у кашулі з дзявочай крывёй - яна і цяпер была ў гэтай кашулі. Усё гэта бачылася як даўняе і чужое, не адгукаючыся ні болем за сябе, ні пакутамі за боль родных; сляза не выкацілася з вачэй, стогн не вырваўся з вуснаў - пустэча абкружала Рагнеду; яна глядзела на шчыліну ў полагу, праз якую прарэзваў змрок намёта вузкі сонечны прамень, але свет за шэрым палатном, нацягнутым на слупы, здаваўся Рагнедзе жудаснай цемрай - не было там для яе ні месца, ні занятку; і хацелася памерці, каб нічога не помніць і не бачыць перад вачыма забітых і крыві. Ды памяталі пра яе: прыйшлі кімсьці сабраныя ацалелыя старыя нянькі, прынеслі хусцё і адзенне, потым цабэрак цёплай вады - Рагнеду памылі і адзелі. Потым старыя сядзелі каля Рагнеды і пералічвалі, хто з мужчынаў забіты, хто з жанчын забіты, каго кінулі ў Дзвіну, каго ў Палату, каго ўзялі палонам варагі ці ноўгарадцы.

Днём старыя сказалі Рагнедзе, што гарыць дзядзінец, - паліў Уладзімір старажытную палачанскую апору. Але і гэтая вестка не закранула Рагнеду. Яна спытала, як абышліся забойцы з яе бацькамі-нябожчыкамі; куды іх кінулі - у Дзвіну ці ў яміну? Старыя адказалі, што для іх ноўгарадцы рыхтуюць вогнішча. Увечары зайшоў у намёт Уладзімір, зірнуў на Рагнеду, на старых і, не прамовіўшы слова, выйшаў. Ён з'явіўся зноў раніцай і паклікаў Рагнеду развітацца з роднымі. Яна ішла за князем, а за ёй цягнуліся старыя. Пахавальнае вогнішча было падрыхтавана на стромістым беразе над Дзвіной. На бярвёнах стаяў струг, а ў ім убачыла Рагнеда бацьку, Усяслава, Брачыслава, маці - былі яны стойма прымацаваны да калоў. Некалькі забітых бацькавых дружыннікаў ляжалі ля бартоў. Рагнеда несвядома, як у сне, паднялася па галлю і плахах да струга, пацалавала халодныя пасінелыя ілбы бацькі і маці, кранула ледзяныя рукі братоў і сышла на траву. Запалілася галлё, загуло пад лёгкім вятрыскам полымя, і сівы дым ахутаў падарожнікаў у краіну Вырай, дзе жывуць людкі - душы людзей... Абкружаючы вогнішча, стаялі ў жальбе ацалелыя палачане, усе старыя і жанчыны; ні моладзі, ні мужчын у гэтым натоўпе Рагнеда не заўважыла. Маўкліва назіралі спаленне ноўгарадскія ваяры, убачыліся Рагнедзе сярод іх Уладзімір і яго стрый, але іхная прысутнасць не кранула яе... Струг ахоплівала агнём, шуганулі языкі полымя, скрозь іх праглядаліся, ахутаныя дымам, бацькі. Ёй успомніўся далёкі дзень, можа, зімовы, напаленая была печ - чырванеў там жар, яна сядзела на лаўцы паміж братоў, і яны чакалі ласунку - паранай рэпы... А калі маці садзілася за кросны, дык і яна сядала побач. За кроснамі маці заўжды напявала, ціха, сама сабе; гэтая песня і зараз загучала для Рагнеды, нібы маці запяяла яе з вогнішча на развітанне... Раптам струг пачаў асядаць, паглыбляцца ў агонь і знік у ім. Праз гадзіну дагарэлае кастрышча пачалі засыпаць зямлёй. Ледзь быў прысыпаны попел, як Дабрыня сказаў: «Досыць!», і ягоныя кметы паспяшаліся штурхаць людзей: «Усё, усё! Па хатах! Пайшлі, пайшлі». А днём Рагнеду адвялі на вялікі княжацкі струг, весляры паднялі і апусцілі вёслы, і разбураны Полацак пачаў аддаляцца, паціху адыходзячы ў даўніну...

6
{"b":"188114","o":1}