Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Яе напужаў гэты нечаканы ўдар, нанесены бляскам наточанага жалеза, бо ўслед выявілася і ажыла куча паўмёртвых страшных вобразаў. Рагнеда жахліва ўскрыкнула, але дзеці толькі здзіўлена зірнулі на маці і вярнуліся да сваіх забаваў. «Кім жа мяне зрабілі?» - спытала сябе Рагнеда, збянтэжана аглядаючы двор, дзяцей, прываротніка. Адказ і паследаваў з бязлітаснай прастатой адкрыцця: ніякая я не жонка, не кіеўская княгіня, а спутаная паланянка, палюбоўніца, княжая жывёліна, прыбітая істота.

І застаўся ў душы пакутлівай плямай святла гэты востры кінжальны блік, завіснуў сонечным аскепкам дзеля выспялення ісціны. Уся зляжалая, пакрытая пылам пакоры груда дзён, што асыпаліся пасля полацкага пагрому, раптам разляцелася, падкінутая нечаканым ветрам, і на кожным былі чорныя знакі, якія цяпер прагна адшукваў адноўлены зрок. Зімовай, прамерзлаю пустэчай зеўралі цяпер кіеўскія гады, і праз гэтую шчыліну выразна бачыліся перадсмяротныя твары братоў, маці, бацькі, чорны дым над дзядзінцам, нажы кметаў, пасечаныя людзі ўздоўж вуліцы, якой вялі яе ў намёт, апусканне ў вогнішча пахавальнай ладдзі. Усё прыкмечанае ў тыя дні зараз дачакалася свайго часу, ажывала ў прасветленай памяці і прыпякала новую душу да нясцерпнага болю, як распаленае кляймо. Горкі дым віўся над яе апёкамі, над кляймом, што паставіў Уладзімір. Што атрымала яна замест сваіх страт? Чым перакрыў князь той крывавы ручай у Палату? Якімі справамі спрабаваў ён сцерці з яе памяці забойства родных? Рагнеда ўзіралася - і не магла прыгадаць за Ўладзімірам ніводнага вартага павагі ўчынку. Ён усё адразу забыў, да яе мінулага, яе памяці заўжды быў абыякавы, ейны боль быў занадта дробны для яго ўвагі на тле княжацкага клопату і нястрымнай весялосці.

Шэсць гадоў прайшло, ды нічога не здзейснілася для яе з дзявочых мрояў: ні любові, ні мужа, ні пашаны, ні вартага яе, кіеўскай княгіні, месца. У чым жа мая княжацкая ўлада, пыталася сябе Рагнеда. Хто чуе мяне апроч Руты, нянек і прываротніка? Вечная парадзіха - вось хто яна. Стала маткай чацвярых дзетак і ўжо адчувае прысутнасць пятага. Так, дзеці - адзіны яе занятак і адзіная радасць. Ягоныя дзеці, унукі зарэзанага ім князя Рагвалода. Але дзе ён сам, іхны бацька, ейны муж? З'явіцца раз на год, занясе яго ветрам на адну ночку - і зноў няма ад Каляд да Купалля. Як стагамі пожня, абкружаны Кіеў дварамі іншых яго жонак. На адным варажка Алова гадуе Вышаслава, на другім нудзіцца былая жонка забітага Яраполка, а зараз яна жонка Ўладзіміра, на трэцім сядзіць чэшка Мальфрыда, а яшчэ ёсць двор Адэлі і нядаўна прывёз князь ад балгараў Мілаліку, яна нарадзіла яму двайнят. Усе яны роўныя, усіх ён аб'язджае па кругу, раздаючы, як ялмужну, сваю начную любоў. Што, гэтак і далей жыць? Чакаць, пакуль Уладзімір успомніць пра яе і заедзе пасля родаў, каб заняць ёй наступны год наступнай цяжарнасцю? Дык нават у Руты жыццё цікавейшае. Яна ключніца, вядзе гаспадарку, заляцаюцца да яе конюхі і варта, цягнуцца за ёю ў прыцемак варыўні ці клеці, адтуль яна выходзіць памятая, пацісканая, ды вясёлая, і не нараджае яна ад забойцы, не кроіць ёй сэрца сорам прыніжанасці.

Але чаго саромецца, калі была нежывая. Забітую прывёз сюды князь Уладзімір. Ці можна лічыць за жывую: ногі ходзяць, вочы глядзяць, язык варушыцца, а душы няма - аднялі. Таму і давялося пражыць гэтыя шэсць гадоў, нарадзіць дзяцей, што душу вынялі з цела. Звонку нібы чалавек: зацяжарвае, носіць, корміць грудзьмі, даглядае. Усе думаюць: княгіня, жонка вялікага князя, матка многіх ягоных дзетак, а гэта не яна, гэта лічына ейная, жывы мярцвяк, наўя. Ва ўсіх родных і душу, і кроў узялі, а ў яе толькі душу, кроў не выпусцілі. Таму і не кінулася ў вір, не пхнула сабе ў чэрава нож, не кінулася ў лес, каб звяры разадралі, што мёртвую везлі - зледзянела кроў у бяздушным целе. Як дзве нябожчыцы, абмывалі яны з Рутай адна адну мёртвымі слязьмі. Крыху ачуняла, калі дзіця ў лоне ножкамі забіла. Яшчэ і здзівілася, пытала ў старых: нешта б'е мяне там, што гэта? Тыя адказвалі: «Радуйся, дзіця пад сэрцам стучыць». «Вось і дзіцёнак ягоны мяне б'е», - скардзілася яна ў снах маці. Тая спачувальна слухала. І Ўладзімір тады знік, толькі пагалоска даносіла, што жывы і заняты: брата забіў, з ягонай жонкай ажаніўся, варагаў, што абдзіралі Кіеў, нейкімі хітрыкамі выправіў да візантыйцаў, пакараў Яраполкавых баяраў, сваіх адорваў; не ў галаве яму была Рагнеда з рухлівым дзіцёнкам у жываце. А яна чакала яго, старалася думаць, што ён кахае яе; ён жа горад пасек і спаліў, каб узяць яе сабе, вайной на Яраполка рушыў, прывёз яе ў Кіеў... Было такое зацямненне, прыгнятала нізкая думка: прыняць што зрабілася, няхай абернецца дабром сабачае вяселле, іх пазначаны крывёй бацькоў і братоў шлюбны дзень...

Нарэшце нагадаў пра яе; увесь двор усхваляваўся, Рута прыбегла - князь у варотах. Сэрца забілася: як прымаць? ці выходзіць? плакаць? узрадавацца? - і хутка змякла: усё роўна ўвойдзе - трэба сустрэць. Яна выйшла з хаты, пакланілася. Не нізка, але ж сагнула-такі спіну; ды і не тое важна, якой глыбіні паклон, хоць галавой кіўні - прывітанне, павага госцю. Цяпер той далёкі паклон калоў Рагнеду прызнаннем сваёй знявагі. Нашто было кланяцца? За што? Ды хоць бы на тым скончылася. Не, ні ў чым яму не пярэчыла, слухала яго жарты, падпарадкавалася. Ён не проста ў госці заехаў, ён запрашае да сябе, будзе вяселле, яна ягоная жонка, Кіеў павінен пагуляць, дружына выпіць, народу трэба ведаць, хто Ўладзіміру сыноў нараджае...

Вось коціцца іх убраны стужкамі вазок па кіеўскіх пагорках. Народ іх разглядае, князь вясёлы, усім весела, і нават ёй нейкае задавальненне: вялікі Кіеў, шмат тут добрых двароў, такі ён, як снілася ў зімовых снах, і едзе яна па стромкіх адхонах, як некалі марыла, у княжыя палаты міма старадаўняга свяцілішча. Толькі не Яраполк побач - Уладзімір, з дружак - адна Рута, з полацкай дружыны - нікога, быццам у пустыні знайшоў яе жаніх. Але так і ёсць: пустка цяпер замест Полацка, ды пра тое лепш не думаць...

Вось уваходзяць яны ў палату - ад сцяны да сцяны сто крокаў, а ў шырыню сорак, сталы застаўлены пачастункам; князь садзіцца на сваё высокае месца, яна садзіцца з левай яго рукі, віно льецца ў чары, іх вітаюць, крычаць пра дзетак і шчасце, грыўні звіняць аб паднос...

Шчыльна сядзяць за сталамі баяры, грыдзі, кметы - усе тыя, хто ў Полацку біў, гвалціў, рабаваў, паліў; можа, і дораць маладым здабытыя ў Полацку грыўні. Нават і тых запрасіў князь на вяселле, хто бацьку, маці, Усяслава і Брачыслава калоў нажамі, разглядаў яе голую пад Уладзімірам, - яны таксама князевы госці, разам з усімі ёй здароўя жадаюць. А з правай рукі Ўладзіміра сядзіць Дабрыня; вось ён добра адпіў з братчыны, прасушыў рукавом вусы і ўхапіў нажом кавалак лябяжай грудкі. Ап'янелы, лагодны, рагоча, лёгка яму на сэрцы, усім адпомсціў: Вользіны любімыя ўнукі Яраполк і Алег зжыты са свету, а князя Мала ўнук - вялікі князь, а дамогся гэтага ён - сваёй воляй і парадамі. Вось так, Вольгушка; была б жывая, дык здохла б цяпер ад злосці...

Раптам зараўлі ў сто галасоў - горка ім стала. Вось цалуе яе Ўладзімір... так, прыгожыя ў яго вочы, але чужыя, п'яныя, далёкія... Стаіць яна пасля гэтага пацалунка, чуе смех, чуе патрэбнае па звычаю пытанне Ўладзіміра: як называць яе наперад мужу і людзям; Рагнеда - імя дзявочае, а ў замужжы - хто? Застолле сцішылася, чакаючы яе адказу. Адны мужчыны сядзелі за вясельным сталом, зрэдку траплялі між імі невядомыя Рагнедзе жанчыны, і ўсе яны былі Ўладзіміравы людзі, выканаўцы яго жаданняў: загадалі ім рэзаць палачанаў - яны рэзалі, сказалі б зараз забіць яе - забілі б, а вось сказалі гуляць - гуляюць... Усё ж не да канца яны забілі яе, знайшоўся правільны адказ. Якое імя ў замужжы? - Гарыслава! Няхай такое будзе імя... Так, кіеўская княгіня Гарыслава! Згарэлі слава роду і яе добрая слава... А яны не зразумелі ці не прынялі і п'янымі крыкамі патлумачылі інакш, прыемна для князя: гары, гары славай, княгіня, славай Уладзіміра! Так ім хацелася: каб Уладзімір славіўся, а яна гарэла. Так і ёсць...

8
{"b":"188114","o":1}