А шукаць тут гмах кутні, спальня ключавая, пустая. А трэцяя, ад куту, там, глыбей малюнка карабля, восем ступ цэглаю, бо заклаў (абы?) клець (паверх ніжні), ложа з яловай кары, спальня каменная, і тым пасля жыцця закліканых за завалаю не дачакацца, хіба (што) бог устр(у)бе (уструбіць). Паверх верхні – паўкаць золата, каць срэбра, камення не (об)мал(ь) (нямала), сыкгнеты, макеты (ускрыты?), універсалы я(го) к(аралеўскае) м(о)сці, а вартаўнік лобнага месца відаць, а не знойдзеш, бо Z і N (?) пад хамараю (?) гэтай.
Спачні, кум і кумава жонка, гной сабачы, з лямантам і людажэрствам да сурмаў анёла (і ў) д'яблавым агні давеку».
Такі прыблізна быў сэнс гэтага страшнаватага ў чымсьці дакумента. Але што такое «хамара» і што такое «Z і N»?
Хамара. Слова гучала не па-славянску, хаця і нагадвала наша «камора». Падобна на старажытнаяўрэйскае? Ці арабскае? Ці грэчаскае? Але ў першых дзвюх мовах я разбіраўся, як… А трэцюю ледзь ведаў. І, аднак, палез у слоўнік. І, дурням шанцуе, знайшоў:
Што азначае «скляпенне».
Але што такое Z і N? Што гэта мне нагадвае? Хімічную формулу? Але адкуль у тыя часы хімія і яе формулы? Алхімія – гэта так. То што гэта, што?… Алхімія… Алхімічны знак?
Я пачаў пакутліва ўспамінаць усё, яшчэ не забытае мною, з тых часоў, калі вывучаў вядзьмарскія працэсы, алхімічныя знакі. – золата або сонца. А як беларускі алхімік абазначаў рэторту? Ага, А спірытус?… Т-так… – нягашаная вапна.
Што ж такое Z і N?
І тут раптам нібы ўсплыло нешта з самага дна памяці. Ну так, так. Z і N – знак замазвання. Знак, які ставілі, калі нейкае рэчыва замазвалі на, на гадавы або і большы тэрмін.
І, значыць, сказ гэты трэба было чытаць прыблізна так:
«…вартаўнік лобнага месца. Відаць, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».
Сэнс быў малазразумелы – аўтар пагарджаў усякай граматыкай, нават склонамі, але ад гэтага не менш страшны. А можна было, іначай расставіўшы знакі прыпынку, зразумець усё гэта і так:
«Лобнае месца відочнае, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым».
Але нават пры такім, усё яшчэ цьмяным, хаця і больш зразумелым, прачытанні было ў гэтым запісе нешта трывожнае, нешта страшэнна змрочнае, падступна-вытанчанае і гнюснае. Я скураю адчуваў гэта. І ведаў, што цяпер я не кіну гэтай загадкі, які ні быў бы адказ.
Загадкі, схаванай пад нейкім невядомым скляпеннем. Загадку, якую я павінен быў вырашыць у памяць майго сябра, была яна прычынай яго смерці або не была.
РАЗДЗЕЛ VІІІ ЗНОЎ ГАСНЕ НЕБА
Я адарваўся ад папер. Вочы гарэлі, быццам засыпаныя пяском, ва ўсім целе была млявасць, нібы нехта добра адмалаціў мяне валікам ад канапы.
Калі я адхінуў шторы, за акном пачынала днець. Вельмі павольна, каламутна і непрытульна. Значыць, я працаваў цэлую ноч. Нездарма так страшэнна балела галава. Так балела, што цяпер я не здатны быў бы ўспомніць табліцу множання на пяць.
Я ненавіджу лекі, прымаў іх, не лічачы тых разоў, што сур'ёзна хварэў, усяго разоў пяць за жыццё (гэта таксама адзін з маіх дурацкіх комплексаў), але тут я не вытрымаў. Праглынуў таблетку папаверыну, паляжаў хвілін пятнаццаць, і калі боль прытупіўся, толькі тады выкінуў дзве попельніцы недакуркаў, адчыніў усе вокны, умыўся халоднай вадой, узрэзаў пачак цыгарэт, закурыў і стаў думаць, што ж мне рабіць з таямніцай, якая дасталася мне ў рукі.
У гэты момант пачуўся стук у сценку: іх вялікасць Хілінскі, мабыць, жадалі папіць са мною чайку. Таксама з комплексамі. Ці, можа, толькі з'явіліся? Вось і добра, будзе з кім параіцца. Няма мне цяпер, Мар'яне, з кім раіцца. Зусім няма, браце.
Даўшы сабакам есці, я пайшоў да суседа.
Як на такую раннюю гадзіну, то хата была ідэальна прыбраная.
– Не клаліся яшчэ?
– Гм, а чаго б гэта я павінен быў класціся?
– Праца нейкая была?
– Як заўсёды. Ну што, стары, прапусцім па чарчыне ды ў шахмацішкі?
– Каньяк? У такую рань?
– А ты што, хочаш, каб я ў дзве гадзіны ночы пачынаў? І, скажам, з дэнатурату і піва?
– Аднак у дзевяць гадзін… неяк яно… Унь нават амерыканцы лічаць, што раней пяці нязручна. Адзін там нават бізнес зрабіў: выпусціў для бізнесменаў партыю гадзіннікаў, дзе ўсе лічбы – пяцёркі. Бо раней пяці – нязручна.
– Пяці раніцы? – спытаў Хілінскі.
– Ну, ведаеш, – абурыўся я.
– Чалавеча, – з раптоўнай сур'ёзнасцю сказаў Хілінскі, – ты ўвогуле маеш уяўленне, дзе ты і калі ты?
– Шаснаццатага красавіка. Пан Хілінскі прапануе мне каньяк у дзевяць гадзін раніцы і шкадуе, што не прапанаваў мне гэтай работы, абудзіўшы ў пяць гадзін. Столькі часу згубілі! Зараз былі б ужо гатовенькія.
– Дзевяць гадзін вечара шаснаццатага красавіка.
За акном, сапраўды, не днела, а цямнела.
– Чорт, – сказаў я. – Няўжо гэта я… суткі?… То ж бо галава трашчала.
– Шахмацішкі адмяняюцца, – глуха сказаў Хілінскі, наліваючы чаркі. – Ну што такое здарылася? Раскажы, калі ёсць ахвота, як гэта ты дня не заўважыў?
Я расказаў. Ён сядзеў, грэў келіх далонню і цяжкавата думаў.
– Ну й фантазёр, – урэшце няпэўна выціснуў ён.
– Чаму фантазёр?
– Ды неяк яно… гм… дэтэктыўна занадта… І спрэчна… хаця і цікава… Тут табе здарэнне, тут табе, нібы з чароўнай скрынкі, шыфр… Тут табе, як на заказ, галава, якая за суткі гэткую работу зрабіла. Не па спецыяльнасці працуеш.
– Захапіўся.
– А малайчына, чорт пабірай! Дэшыфроўшчыкам бы ў штаб. А то часам месяцамі б'юцца. Што зараз думаеш рабіць?
– Буду шукаць месца.
– Дзе яго адшукаеш? Хіба ўжо ўсю краіну перакапаць.
– Паеду ў Альшаны. Кніга знойдзена там. Кніга належала Альшанскім, што можна меркаваць па ініцыялах і па супадзенню гістарычных падзей і шыфроўкі…
– Ну, займайся, займайся…
Я быў крыху пакрыўджаны гэтай абыякавасцю.
– А вы хіба не зацікавіліся?
– Ды што ж, хлопец… Не наша гэта кампетэнцыя. Не мая і не Шчукі.
– Як гэта? А калі, сапраўды, Пташынскі не захлынуўся, а забіты, бо нехта баяўся, што ён стаіць на шляху адкрыцця чагосьці?
– А вы ўпэўнены, што ён забіты?
– Так, – пасля паўзы сказаў я.
– Але ж і экспертыза, і следства, і ўсё супраць гэтага.
– Я ўпэўнены, – сказаў я. – Насуперак экспертызе, следству, чорту, насуперак усяму. Нешта ва ўсім гэтым жудаснае. Я прадчуваю гэта. Падсвядома.
– Прадчуваць – ваша асабістая справа, – сказаў Хілінскі. – Вы – асоба прыватная і можаце сабе дазволіць гэтую раскошу. А вось калі пачынае «падсвядома прадчуваць» правасуддзе, юстыцыя, сама дзяржава… тады…
Ён нервова лыкнуў каньяку.
– Тады пачынаецца – бывалі ўжо такія выпадкі – паляванне на ведзьмаў, макарцізм, татуля Дзювалье, ды ці мала яшчэ што. І пасля ўсім даводзіцца доўга, дзесяцігоддзямі плаціць за гэта, разлічвацца. Нават невінаватым. Занадта гэта дорага абыходзіцца, я веру. Цяжка, пакутліва. І ўвогуле, справядліва веру.
Конец ознакомительного фрагмента. Полный текст доступен на www.litres.ru