– І я б на вашым месцы кінуў, – сказаў павучальна «брыгадзір Жэрар». – Вось сябар ваш – ён жа здаравенны, не раўнуючы першэрон ці брабансон, прабачце, таварыш Косміч. А я і яму раіў бы кінуць. Кропля нікаціну забівае, да вашага ведама, каня.
– Я не конь, – сказаў Пташынскі.
– Бачу. На пазногці зірніце. У блакіт аддаюць.
І раптам усхадзіўся. Дастаў з кішэні металічную таўлінку*.
* Пляскатая табакерка (часцей з бяросты, рэдка – металічная) для табакі (нюхальнага тытуню).
– Хочаце, я вам замест гэтай дрэні табаку даставаць буду. Нюхаць. Сам праціраю.
Ён зарадзіў у кожную ноздру па здаравеннай порцыі зеленаватага пылу.
Праз секунду гармата моцна ўдарыла, і Пахольчык закруціў носам.
– Аж уваччу пасвятлела… Улічыце, камерцыю падрываю. Сваю ж. Але здароўе чалавека за ўсё даражэй, як казаў стары рымлянін Гіпакрат. А тое, што вам скажуць, што слізістую абалонку сушыць, што сухі катар будзе, – гэта глупства пана бога – даруй ён мне і злітуйся… То як?
– Не ўжо, – сказаў Мар'ян.
– Глядзіце, – сказаў Пахольчык, падаючы яму «Шыпку». – Як надумаеце – прыходзьце. Дастану. І не «Пчолку», халера на яе, а сапраўдны.
На рагу мы развіталіся.
– Калі не з'еду ў Вільню на пару дзён, то заўтра зайду, – сказаў ён.
– Заходзь.
– Шкада, што нельга тую кнігу распатрашыць. Можа, у вокладцы заклеена нешта?
– Не. Вокладка тых жа часоў.
– Чорт яго! У галаву не лезе, што б гэта магло быць.
Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.
– Бывай!
Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.
РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІК
Мінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з'ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце.
За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар'яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру.
Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар'ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце.
Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну.
З'едлівая пажылая вахцёрка, якую мы – хай даруе нам бог – клікалі часам «Цэрберам», часам «Цэнзарам Феакціставым», на мае пытанні адказала досыць рэзка:
– Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З'ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад'езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор. Там часам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны.
Двор сапраўды не быў зручны. Усе гэтыя пуні, закамаркі, безжыццёвыя з выгляду галубятні, гаражы. І ягоны гараж. Замкнёны. Невядома нават, ці пусты, ці з машынай. А за пунямі той самы пустыр і дрэвы ля парніковай гаспадаркі. О, божа мой!
Я пацягнуўся дадому, не ведаючы, што й думаць. Які д'ябал мог затрымаць яго ў Вільні? Знайшоў нешта ў архіве? То мог бы і звякнуць.
Не ў дужа добрым настроі зайшоў я ў свой двор і ўбачыў Хасэ-Марыя Лыганоўскага, які корпаўся ў кветніку пад нашымі вокнамі. Жываплот вакол кветніка ў адным месцы парадзеў, і лекар якраз высаджваў на тое месца нейкія кусцікі. Мядзяны твар ад паветра і працы быў з глыбінным румянцам. Капялюш ляжаў на лаўцы, і ўсяму двару відаць была хвалістая грыва срэбных валасоў.
– Гісторыку-дэтэктыву асабістае прывітанне! – сказаў ён.
– Кандацьеру ад псіхалогіі – узаемна, – буркнуў я.
Ён прытаптаў зямлю вакол перасаджаных сцяблін, адкруціў паліўны кран, адмыў ад гразі рукі і, выціраючы іх насавіком – па-лекарску – палец за пальцам, бадзёра сказаў:
– Закурым, сусед.
Тут, у зацішку, нават прыгравала. Мы селі на лавачку, я распячатаў пачак і пачаставаў яго. Ён сачыў за гэтым працэсам пільнымі шэрымі вачыма.
– Слухайце, – раптам сказаў ён, – у вас часам у сваяцтве не было людзей… ну з пэўнымі адхіленнямі ў псіхіцы?
Пазней, калі я, на свой жах, зразумеў, што са мною сапраўды нешта не да ладу, я часта ўспамінаў гэтую першую размову і тое, што заўважыла ўсё гэта спрактыкаванае вока ўсімі знанага псіхіятра. Заўважыла яшчэ тады, калі нават я не заўважаў нічога. А тады я толькі зарагатаў.
– Ды не! Здаровыя ўсе былі, як пні.
– То й добра, – ён з відавочнай палёгкаю зацягнуўся, – значыць, гэта проста псіхіка кавалера. Тое, што і ў мяне. І ў Хілінскага. Ва ўсіх такіх.
– Ды што такое?
– Метадычны вы ў дробязях. Я вось быў у вас. Усё на сваім, спрадвеку заведзеным месцы. Там папера, там попельніца, там строга адно, а там – і навекі – іншае. Пачак адкрываеце так. Малако – толькі ў адной малочніцы. Кветкі купляеце толькі на Барскай у кіёску, хаця побач кветкавы магазін. Голіцеся, пэўна, таксама толькі ў аднаго майстра.
– Эге, – зарагатаў я. – Калі няма яго, то няголены пайду або ўдома пагалюся.
– І лазеншчык у вас толькі адзін. І не будзеце кнігу чытаць, пакуль рук не памыеце. І, калі кніга старая, абавязкова памыеце пасля. І раз на месяц выбіванне кіліма, а раз на два тыдні – пыласос яму.
– Слухайце, – сказаў я, – але адкуль вы гэта ведаеце?
– Я не ведаю. Я «умозаключаю», раблю вывады.
– Але нашто?
– Прафесійная звычка. Папрацавалі б з маё.
– Ну і якія ж вывады?
– Ды вас яны не датычацца. Проста метадычнасць закаранелага кавалера. У такіх або ў хаце гармідар і свінюшнік, боты на стале, або вось такое… Але ўвогуле гэта часам бывае адзнакаю пэўных адхіленняў у псіхіцы. Пры эпілепсіі, пры пачатках некаторых іншых хвароб.
– Ну калі так меркаваць, то большасць немцаў эпілептыкі. І ўвогуле, усе, хто як мага зручней арганізуе працу.
– Не смейцеся. Вось вам адзін прыклад, але важкі – Дастаеўскі.
– Вельмі ўлешчаны, – сказаў я.
Мы засмяяліся. Ці мог я думаць, што мне сапраўды давядзецца звяртацца да яго? І не ў такі ўжо далёкі час.
На пляцоўцы я ўбачыў Хілінскага, які якраз заходзіў у кватэру.
– Зноў нешта? – ён уважліва разглядаў мяне.
Я расказаў.
– З'ехаў кудысь. – Адам быў страшэнна стомлены. – Мо так і сядзіць у Вільні. А што не папярэдзіў аб затрымцы – тут усякае можа быць. Не малы. І не такія ўжо вы сябры, што сарочкі няма калі перамяніць.
– Усё ж я адзіны ягоны сябар. І не мог ён з-за хваробы жонкі так затрымацца. Ён жа кожны дзень званка чакаў. Я страшэнна непакоюся, Адаме.
– Добра. Калі ўжо так, то вось зараз пазваню Шчуку – мы ж прыяцелі. Хай навядзе даведкі, ці няма там каго… неапазнанага. І тэлефон твой дам. Хай табе сорамна будзе, калі гэты… твой… свечнік віленскі табе прывязе. Ну, бывай, лабузю. Пазваню, памалюся богу дый і завалюся спаць.
…Мінула яшчэ два дні. Недзе ў чацвер ці ў пятніцу, мо ў чатыры гадзіны раніцы, калі не раней, зазваніў тэлефон. Спалоханы спрасонку, я схапіў трубку.
– Алё. Хілінскі ад твайго імя званіў? – прагучаў нізкі голас.
– Так, – з цяжкасцю прыпамінаючы, аб чым ідзе справа, адказаў я. – Косміч ля тэлефона.
– Патрэбны твае паслугі. Ты не мог бы пад'ехаць для пазнавання?
– Вядома, – голас у мяне сеў.
– Машына праз дзесяць хвілін будзе ля пад'езда.
– Так. Апранаюся і адразу спускаюся ўніз.
Дрыжучы ад перарванага сну, хвалявання і холаду, у поўным непаразуменні, што б то магло азначаць, я спусціўся па сходах у золкі туман, нібы на дно малочнага возера. Праз нейкую хвіліну з гэтага туману вынырнулі вясёлкавыя, размытыя плямы фараў.