Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Акрамя паветра, якога ні з чыіх рук браць не трэба, – Шчука паказаў на замочную дзірку.

– Я ведаю, чаго яны шукалі, – і я дастаў з партфеля кнігу.

– Што ж, давай прысядзем тут, – Шчука паказаў на доўгую скрынку для абутку, – каб не перашкаджаць. Займіцеся хатай, лейтэнант.

Мы селі на скрынку і пачалі ўважліва пераглядаць стары том. Усё гэта было дарэмна. Што можна было заўважыць за гадзіну, калі я цэлыя дні сядзеў над ім.

– Забяры, – сказаў урэшце Шчука, – думай і далей над гэтым. Тут не нашага розуму справа. Магчыма, нейкая складаная галаваломка. А магчыма, і прасцей. Каштоўнасць кнігі вялікая?

– Так.

– То, можа, ніякай загадкі і няма.

– Хочаце сказаць, што цана чалавечага жыцця не большая за цану гэтага хламу?

– Ёсць такія, з вашага дазволу, людзі, для якіх жыццё другога не каштуе і шэлега.

– Зайдзіце, – сказаў Клепча, – паглядзіце сваім вокам, чаго не хапае ў кватэры?

Я зайшоў. Трус, відаць, ужо скончыўся. Толькі адзін з групы яшчэ перабіраў паперы ў шуфлядзе стала. Па-ранейшаму лёталі пад столлю анёлы, па-ранейшаму Юры папіхаў нагою цмока. Толькі Мар'яна не было. І не будзе болей.

– Не хапае дзвюх карцін, – глуха сказаў я.

– Тады, значыцца, пра кнігу й мовы няма, – сказаў Клепча. – Мо і сапраўды барыгі-спекулянты. Не выгарала, і ўсё. Такая гісторыя, расказвалі, нядаўна ў Маскве была, па вуліцы Качалава. Угаворвалі, угаворвалі прадаць – ну і ўсё скончылася на гэтым. І званілі, тэрарызавалі пасля са злосці: выпаў кавалак з рук… А вось карціны – гэта цікавей.

– Таварыш палкоўнік, – чалавек у цывільным, што корпаўся ў шуфлядзе, працягнуў Шчуку аркуш паперы. – Гэта, бадай, цікавей за карціны.

Шчука прачытаў і працягнуў паперу Клепчу. Той прабег вачыма, свіснуў і паглядзеў на мяне. Палкоўнік узяў аркуш і падаў яго мне. А калі я, у сваю чаргу, прачытаў тое, што было напісана, у мяне непрыемна заняло дых.

Аркуш быў па ўсёй форме складзеным і завераным у натарыуса запаветам, па якім грамадзянін Мар'ян Пташынскі, на выпадак раптоўнай смерці, завяшчаў усё сваю маёмасць другу, грамадзяніну Антону Космічу, з умовай, каб азначаны Косміч утрымліваў былую жонку вышэйпамянёнага Пташынскага на ўвесь час яе хваробы.

– Што ў яе? – спытаў Шчука.

– Рак, – сказаў я. – Ляжыць у Гомелі.

– Значыць, другі сэнс гэтага «на час хваробы» – да смерці, – сказаў Клепча.

– Ну нашто ж так, – сказаў Шчука. – Пазваніце, Клепча, да нас, хай навядуць у Гомелі даведкі пра стан, як яе?… пра стан Юліі Пташынскай.

Не паспеў лейтэнант пакласці трубку, як пачуўся званок у дзверы, і сэрца маё зноў упала ад неверагоднай раптоўнай надзеі. А пасля тупа забалела, бо гэта быў усяго толькі той чалавек, якога бачыў з чамаданчыкам на беразе Романі. Я здагадаўся, што гэта, мабыць, медыцынскі эксперт.

– Што-то вы, Ягор Апанасавіч? – спытаўШчука.

– Хацеў, каб хутчэй даведаліся аб выніках ускрыцця, а мне па дарозе, ну і…

– То што выявілася?

– Аніякіх слядоў гвалтоўнай смерці, – сказаў нізенькі румяны лекар.

– Што ж яго, анёл божы?

– Магчыма. У яго два мікра і адзін інфаркт. Завал сэрца – вось прычына. Мабыць, стаяў у чаўне і тут здарылася. Упаў у ваду і захлынуўся.

– Чаго ж ён адзін ехаў?! – у роспачы крыкнуў я.

– Ягоная справа, – буркнуў Клепча.

– Ясна, што ягоная. І ніколі, ніколі ён не бярогся! Ніколі!

– Што за карціны прапалі? – спытаў Шчука.

– Гэта і падазрона, – сказаў я. – Каб кралі – кралі б іншыя. Гэту. Гэту. Гэту. Ім цаны няма. А тыя дзве – поўная лухта, толькі што не новая. «Хрыстос у Эмаусе», нямецкай школы канца мінулага стагоддзя, і англійская «Кромвель ля магільнай ямы Карла І». Гэтую ён у Кіеве ў ЦУМе купіў адразу пасля вайны.

– Помню я гэтую карціну, – раптам сказаў Шчука, – доўга яна ў іх на сцяне вісела. Пашкоджаная крыху ўнізе. Кромвель у паланкіне сядзіць.

Я вылупіў вочы:

– Ну й памяць!

– Памяць прафесійная.

– Дакладна. Прадзёртая была. Ён рапараваў. Вялізныя дуры, яркія. «Кромвель» гэта «пад Рэмбранта наддае». Ён іх не цаніў.

– То, можа, не разабраліся? – спытаў лекар. – Убачылі, што вялікія, у вочы кідаюцца – ну і ўзялі.

– А чаго тады не ўзялі яшчэ чаго? – сказаў раптам «цывільны». – Вось. Грошы. І шмат нешта грошай.

Грошай было восемсот дваццаць рублёў.

– Мо спяшаліся? Не ведалі? – спытаў Клепча.

– Гэта барыгі па мастацтву, – сказаў я. – Хоць сёе-тое, ды разумеюць. Не ўзялі б яны гэтых карцін. Можа, другое. Мо не цаніў, то прадаў. Яму дзеля жонкі былі патрэбны грошы.

– І тое, – сказаў Шчука, – хай нашы пашукаюць па антыкварыятах.

…За акном ужо ляжала сутонне, і мы збіраліся ісці, калі зазваніў тэлефон. Клепча зняў трубку.

– Так… Так… Дзякуй вам.

– Што такое? – спытаў Шчука.

– Званілі ад нас. Юлія Пташынская памерла пяць дзён таму…

Выгляд у яго быў надзіва значны. Ён глядзеў на мяне.

– …і якраз у намеркаваны дзень смерці мужа. Ц-цік-кава… Мо і карціны… для адводу вачэй.

Чырвань кінулася мне ў шчокі. Толькі тут я зразумеў, як можна расцаніць увесь гэты недарэчны, страшны збег абставін.

– Слухайце, Клепча, не будзьце быдлам!

– Ну-ну!

– Ён мае рацыю, Якубе, – сказаў Шчука. – Гэта быў найлепшы ягоны сябар.

– Адзіны і назаўсёды, – глуха сказаў я. – І я да канца жыцця рабіў бы толькі за хлеб, абы выбіць дзеля яго яшчэ год жыцця. А калі вы лічыце, што я такая пачвара, якая можа брата за шэлег забіць, то ведайце: тут няма нічога, што пасля смерці Мар'яна не павінна было б быць аддадзена музею на ягонай радзіме.

– Хто гэта ведае? – ужо тонам ніжэй спытаў Клепча.

– Я гэта ведаю. Так што калі я тут чымсьці і разжывуся, то гэта дзвюма сабакамі. З маімі раз'ездамі гэта зусім не патрэбна, але я іх не кіну, я іх буду трымаць, пакуль не памруць… у… памяць…

У мяне ўжо душыла ў горле ад крыўды і ад непрыязні да гэтага чалавека. Уратаваў мяне Шчука, іначай гэта чорт ведае чым магло скончыцца.

– Бярыце сабак і нясіце ў машыну, – буркнуў ён. – Памажы, Клепча. І змоўч урэшце, халера на цябе… Прабач, Косміч, я зараз закіну вас дадому. Хата будзе яшчэ некалькі дзён апячатаная. Пасля атрымаеш ключ, каб гэта ліквідаваць. Я дастану вам машыну, каб перавезці ўсё гэта, як завяшчаў нябожчык.

– Нябожчык, – сказаў я, – значыць… няма надзеі, што не ён.

– Няма, – сказаў Шчука. – На жаль, няма.

Калі мы з ім даставілі да мяне сабак – Эльма так і не прачнулася і я валок яе на руках, цяжкую, як цяля, – ён адпусціў машыну і раптам сказаў мне:

– Там побач з рэстаранам у вас што, кафэ? І сядаць не трэба?

– Не трэба. І за мною яшчэ доўг гонару.

Ён моўчкі павёў мяне пад руку. І толькі калі мы ўжо стаялі ля стойкі і прысёрбвалі каву з каньяком, азваўся нечакана мякка:

– Плача нутро? То ж бо, я гэта ведаю. Сам двойчы перажыў такое… Дык вось, Антоне, калі нешта ўспомніш, калі нешта знойдзеш – ты Хілінскаму скажы. Мы ж сябры, ён мяне праінфармуе, – уздыхнуў. – Я ж ведаю, мала радасці чалавеку, ды яшчэ ўразліваму, цягацца па нашых установах.

Паклаў мне руку на плячо.

– А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б'е цябе доўбняй па галаве.

РАЗДЗЕЛ VІ КАРОТКІ. АБ СІВЫМ АНТЫКВАРУ І «БАРЫГУ»

Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін – прабачце – няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.

– Не, не проста, – сказаў я ў трубку. – Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.

15
{"b":"13176","o":1}