- Не бывае, вы гаворыце? - сказаў Воланд. - Гэта праўда. Але мы паспрабуем, - i ён прамовiў: - Азазела!
Адразу са столi ўпаў на падлогу разгублены, амаль звар'яцелы грамадзянiн у споднiм, але чамусьцi з чамаданчыкам i ў шапцы. Ад страху гэты чалавек калацiўся i прысядаў:
- Магарыч? - спытаўся Азазела ў таго, што ўпаў з неба.
- Алаiзiй Магарыч, - адказаў той, калоцячыся. - Гэта вы, пасля таго як прачыталi артыкул Латунскага пра раман гэтага чалавека, напiсалi на яго скаргу, дзе паведамлялi, што ён дома хавае забароненую лiтаратуру? - спытаўся Азазела.
Грамадзянiн пасiнеў i залiўся слязьмi.
- Вы хацелi заняць яго кватэру? - як толькi мог ласкава прагугнявiў Азазела.
У пакоi пачулася, як зашыпела разлютаваная кошка, i Маргарыта завыла:
- Памятай ведзьму, памятай! - учапiлася ў твар Магарыча пазногцямi.
Усе разгубiлiся.
- Што ты робiш? - пакутлiва закрычаў майстар. - Марго, не ганьбi сябе!
- Пратэстую, гэта не ганьба! - крычаў кот.
Маргарыту адцягнуў Кароўеў.
- Я ванну паставiў... - ляскаючы зубамi, крычаў скрываўлены Магарыч i ад перапалоху пачаў вярзцi абы-што. - Адна толькi пабелка... купарвас...
- Гэта добра, што паставiлi ванну, - адобрыў Азазела, - яму патрэбны ванны. - I крыкнуў: - Вон!
Тады Магарыча перакулiла i выкiнула са спальнi Воланда дагары нагамi ў адчыненае акно.
Майстар вытрашчыў вочы i шаптаў:
- Аднак гэта, мабыць, не раўня таму, пра што расказваў Iван! - Вельмi ўражаны, ён азiрнуўся i нарэшце сказаў кату: - Прабачце... гэта ты... гэта вы... - ён зблытаўся, не ведаў, як звярнуцца да ката, - вы той самы кот, што сядзеў у трамваi?
- Я, - пацвердзiў задаволены кот i дадаў: - Прыемна чуць, што вы гэтак ветлiва звяртаецеся да ката. Катам звычайна чамусьцi гавораць "ты", хоць нiводзiн кот нi з кiм нiколi не пiў на брудэршафт.
- Мне чамусьцi здаецца, што вы не зусiм i кот... - нерашуча адказаў майстар. - Мяне ўсё роўна пачнуць шукаць з бальнiцы, - нясмела дадаў ён Воланду.
- Чаго гэта яны будуць шукаць! - супакоiў Кароўеў, i нейкiя паперы i кнiгi апынулiся ў яго ў руках. - Гэта гiсторыя вашай хваробы?
- Ага.
Кароўеў кiнуў гiсторыю ў камiн.
- Няма дакументаў, няма i чалавека, - задаволена прамовiў Кароўеў, - а гэта - дамавая кнiга вашага забудоўшчыка?
- Яна-а...
- Хто тут прапiсаны? Алаiзiй Магарыч? - Кароўеў дзьмухнуў на старонку дамавое кнiгi, - Раз, i няма яго, i прашу запомнiць, i не было. А калi забудоўшчык здзiвiцца, скажаце яму, што Алаiзiй саснiўся. Нейкi Магарыч? Нiякага Магарыча не было, - i прашнураваная кнiга засталася ў руках у Кароўева. - Вось яна i ў шуфлядзе ў забудоўшчыка.
- Вы правiльна сказалi, - гаварыў майстар, уражаны акуратнаю работаю Кароўева, - калi няма дакумента, то няма i чалавека. Вось таму мяне i няма, бо няма дакумента.
- Прашу прабачэння, - ускрыкнуў Кароўеў, - гэта якраз i ёсць галюцынацыя, вось ён, ваш дакумент, - i Кароўеў падаў майстру дакумент. Потым ён закацiў вочы i соладка прашаптаў Маргарыце: - А вось i ваша маёмасць, Маргарыта Мiкалаеўна, - i ён уручыў Маргарыце сшытак з абгарэлымi краямi, засохлую ружу, фотаздымак i асаблiва шаноўна ашчадную кнiжку, - дзесяць тысяч, як вы i паклалi, Маргарыта Мiкалаеўна. Нам чужое не патрэбна.
- У мяне хутчэй адсохнуць лапы, чым я дакрануся да чужога, - надзьмуўшыся, усклiкнуў кот i затанцаваў на чамадане, каб утаптаць у яго ўсе рукапiсы злашчаснага рамана.
- I ваш дакуменцiк таксама, - працягваў Кароўеў, падаючы Маргарыце дакумент, а потым з пашанаю далажыў Воланду: - Усё, месiр!
- Не, не ўсё, - адказаў Воланд i адарваўся ад глобуса. - Куды скажаце дзець вашу свiту, мая дарагая донна? Асабiста мне яна не патрэбна.
Тут у адчыненыя дзверы ўбегла Наташа, як i была голая, пляснула рукамi i закрычала Маргарыце:
- Будзьце шчаслiвыя, Маргарыта Мiкалаеўна! - яна закiвала галавой майстру i зноў звярнулася да Маргарыты: - Я ведала, куды вы ходзiце.
- Хатнiя работнiцы ўсё ведаюць, - адзначыў кот i шматзначна падняў лапу, памылка думаць, што яны сляпыя.
- Чаго ты хочаш, Наташа? - спыталася Маргарыта. - Вяртайся ў асабняк.
- Душачка, Маргарыта Мiкалаеўна, - умольна загаварыла Наташа i стала на каленi, - папрасiце iх, - яна зiрнула на Воланда, - каб пакiнулi мяне ведзьмаю. Не хачу я болей у асабняк! Нi за iнжынера, нi за тэхнiка не пайду! Мне пан Жак учора прапанову зрабiў на балi, - Наташа раскрыла кулачок i паказала нейкiя залатыя манеткi.
Маргарыта запытальна паглядзела на Воланда. Той кiўнуў галавою. Тады Наташа кiнулася на шыю Маргарыце, звонка яе пацалавала, пераможна ўскрыкнула i вылецела праз акно.
На Наташыным месцы апынуўся Мiкалай Iванавiч. Ён меў ужо чалавечае аблiчча, але быў надзвычай засмучаны, мабыць, нават i раззлаваны i засмучаны.
- Вось каго я адпушчу з асаблiвым задавальненнем, - сказаў Воланд i з агiдаю паглядзеў на Мiкалая Iванавiча, - з асаблiвым задавальненнем, бо ён тут зусiм лiшнi.
- Я вельмi прашу выдаць мне пасведчанне, - загаварыў Мiкалай Iванавiч i ўвесь час дзiка азiраўся навокал, - дзе я правёў мiнулую ноч.
- Наконт чаго? - сурова спытаўся кот.
- Каб паказаць у мiлiцыi i жонцы, - цвёрда сказаў Мiкалай Iванавiч.
- Пасведчанняў мы звычайна не выдаём, - адказаў кот i надзьмуўся, - але вам, няхай будзе па-вашаму, выключэнне зробiм.
I не паспеў Мiкалай Iванавiч апамятацца, як голая Гела ўжо сядзела за пiшучай машынкаю, а кот дыктаваў ёй:
- Гэтым сведчым, што Мiкалай Iванавiч правёў памянёную ноч на балi ў сатаны, быў прыцягнуты туды ў якасцi транспартнага сродку... пастаў, Гела, дужку! У дужках напiшы "япрук". Подпiс - Бегемот.
- А дата? - пiскнуў Мiкалай Iванавiч.
- Дат не ставiм, з датаю папера будзе несапраўдная, - адазваўся кот, падмахнуў паперку, аднекуль здабыў пячатку, як i належыць, падыхаў на яе, адцiснуў на паперы слова "заплачана" i ўручыў паперу Мiкалаю Iванавiчу. Пасля гэтага Мiкалай Iванавiч знiк бясследна, а на яго месцы з'явiўся нечаканы чалавек.
- Гэта яшчэ хто? - гiдлiва спытаўся Воланд i рукою засланiўся ад святла свечак.
Варэнуха апусцiў галаву, уздыхнуў i цiха сказаў:
- Адпусцiце назад. Не магу быць вампiрам. Я ж тады разам з Гелаю Рымскага ледзь насмерць не ўходаў. А я не крывапiўца. Адпусцiце.
- Што гэта за трызненне? - зморшчыўся i спытаўся Воланд. - Якi яшчэ там Рымскi? Што ён вярзе?
- Не хвалюйцеся, калi ласка, месiр, - адазваўся Азазела i звярнуўся да Варэнухi: - Хамiць не трэба па тэлефоне. Хлусiць па тэлефоне не трэба. Зразумела? Больш гэтым займацца не будзеце?
Ад радасцi ў галаве ў Варэнухi ўсё змяшалася, але твар засвяцiўся, i ён, ужо не памятаючы, што гаворыць, мармытаў:
- Сапраўды... я хачу сказаць, ваша вя... адразу пасля абеду... - Варэнуха прыцiскаў рукi да грудзей, умольна глядзеў на Азазелу.
- Ну добра, дадому, - адказаў той, i Варэнуха растаў.
- А цяпер усе пакiньце мяне аднаго з iмi, - загадаў Воланд i паказаў на майстра i Маргарыту.
Воландаў загад быў выкананы iмгненна. Воланд крыху памаўчаў i звярнуўся да майстра:
- Ага, значыць, у арбацкi падвал? А хто будзе пiсаць? А мары? Натхненне?
- У мяне не будзе болей нiякiх мар i натхнення, - адказаў майстар, - нiшто мяне навокал не цiкавiць, акрамя яе, - ён зноў паклаў руку на Маргарыцiну галаву, - мяне зламалi, мне сумна, i я хачу ў падвал.
- А ваш раман? Пiлат?
- Ён мне ненавiсны, гэты раман, - адказаў майстар, - я залiшне шмат перанёс з-за яго.
- Я прашу цябе, - жаласна папрасiла Маргарыта, - не гавары гэтага. За што ты мучыш мяне? Ты ведаеш, што я ўсё сваё жыццё ўклала ў тваю работу, Маргарыта, звярнуўшыся да Воланда, дадала: - Не верце яму, месiр, ён надта змучаны.
- Але трэба нешта апiсваць, - гаварыў Воланд. - Калi вы цалкам выкарысталi пракуратара, ну, тады пачнiце апiсваць хаця б гэтага самага Алаiзiя.
Майстар усмiхнуўся.
- Гэтага Лапшоннiкава не надрукуе, ды гэта i не цiкава.