- За што вы будзеце тады жыць? Давядзецца жабраваць.
- Ахвотна, ахвотна, - адказаў майстар, прытулiў да сябе Маргарыту, абняў яе за плечы i дадаў: - Яна адумаецца, пакiне мяне...
- Не думаю, - скрозь зубы прамовiў Воланд i працягваў: - Дык вось, чалавек, якi прыдумаў гiсторыю пра Понцiя Пiлата, адыходзiць у падвал, збiраецца сесцi там ля лямпы i быць жабраком?
Маргарыта адхiлiлася ад майстра i палымяна загаварыла:
- Я зрабiла ўсё, што змагла, я шаптала яму пра сама спакуслiвае, а ён i ад гэтага адмовiўся.
- Тое, пра што вы яму шапталi, я ведаю, - запярэчыў Воланд, - але гэта не самае спакуслiвае. Я вам скажу, - з усмешкаю звярнуўся ён да майстра, - ад вашага рамана будуць яшчэ вам сюрпрызы.
- Гэта вельмi сумна, - адказаў майстар.
- Не, не, не, не сумна, - сказаў Воланд, - страшнага болей нiчога не будзе. Ну, Маргарыта Мiкалаеўна, усё зроблена. У вас да мяне ёсць якiя-небудзь прэтэнзii?
- Што вы, што вы, месiр!
- Тады вазьмiце гэта на памяць, - сказаў Воланд i дастаў з-пад падушкi невялiкую залатую падкову, усыпаную алмазамi.
- Не, не, за што!
- Вы хочаце паспрачацца са мною? - з усмешкаю спытаўся Воланд.
Маргарыта паклала падкову на сурвэтку, завязала яе вузлом, бо ў плашчы кiшэняў не было. Яна азiрнулася на акно, у якiм ззяла поўня, i сказала:
- Вось чаго я не разумею... Чаму гэта ўсё поўнач, поўнач, а павiнна быць ужо ранiца?
- Святочную поўнач можна i падоўжыць, - адказаў Воланд. - Ну, жадаю вам шчасця!
Маргарыта малiтоўна працягнула абедзве рукi да Воланда, але не пасмела наблiзiцца да яго i цiха ўсклiкнула:
- Бывайце! Бывайце!
- Да сустрэчы, - сказаў Воланд.
I Маргарыта ў чорным плашчы, майстар у бальнiчным халаце выйшлi ў калiдор ювелiршынае кватэры, у якiм гарэла свечка i дзе iх чакала Воландава свiта. Гела несла чамадан, у якiм быў раман i небагаты Маргарыцiн скарб, кот дапамагаў Геле. Ля дзвярэй на лесвiцу Кароўеў пакланiўся i знiк, а астатнiя пайшлi праводзiць па лесвiцы. Яна была пустая. Калi iшлi па пляцоўцы трэцяга паверха, там штосьцi мякка шлёпнула, але на гэта нiхто не звярнуў увагi. Ля самых дзвярэй з шостага пад'езда Азазела дзьмухнуў угору, а як толькi выйшлi на двор, куды не даставала святло поўнi, убачылi чалавека ў ботах i ў кепцы, якi спаў, i спаў, вiдаць, мёртвым сном, а таксама вялiкую чорную машыну з патушанымi фарамi, якая чакала ля пад'езда. Скрозь лабавое шкло цьмяна вiднелася аблiчча грака.
Ужо збiралiся садзiцца, як Маргарыта адчайна ўскрыкнула:
- Божа, я згубiла падкову!
- Сядайце ў машыну, - сказаў Азазела, - i пачакайце мяне. Я зараз вярнуся, толькi разбяруся, у чым справа. - I ён вярнуўся ў пад'езд.
А справа была ў тым: крыху раней, да выхаду Маргарыты i майстра з iх праважатымi, з кватэры No 48, якая была пад ювелiршынай кватэрай, на лесвiцу выйшла сухенькая жанчына з бiтонам i сумкаю ў руках. Гэта была тая самая Анечка, якая ў сераду разлiла, на бяду Берлiёза, алей ля круцёлкi.
Нiхто не ведаў, ды, пэўна, нiколi i не даведаецца, чым займалася гэтая жанчына ў Маскве i за што яна iснавала. Вядома пра яе было толькi тое, што яе кожны дзень можна было ўгледзець то з сумкаю, то з бiтонам, а то i з сумкаю i з бiтонам адначасна - альбо ў нафталаўцы, альбо на базары, альбо ля варот дома, альбо на лесвiцы, а часцей за ўсё на кухнi ў кватэры No 48, дзе i жыла Анечка. Акрамя таго, а нават i найбольш было вядома, што дзе не з'яўлялася б альбо не знаходзiлася Анечка - там адразу ўсчынаўся скандал, акрамя ўсяго, мела яна мянушку "Чума".
Чума-Анечка прачыналася чамусьцi надзвычай рана, а сёння наогул успаролася нi свет нi зара, а палове першае. Павярнуўся ключ у дзвярах, Анеччын нос высунуўся з iх, а потым высунулася i ўся яна цалкам, грукнула за сабой дзвярыма i ўжо наважылася рушыць кудысьцi, як на верхняй пляцоўцы грукнулi дзверы, нехта паляцеў унiз, наскочыў на Анечку, адкiнуў яе ўбок гэтак, што яна ўдарылася патылiцай аб сцяну.
- Куды гэта цябе чорт нясе ў адных падштанiках? - завiшчала Анечка, ухапiлася за патылiцу.
Чалавек у адной бялiзне, з чамаданчыкам у руцэ i ў кепцы, з заплюшчанымi вачыма адказаў Анечцы дзiкiм сонным голасам:
- Калонка! Купарвас! Адна пабелка колькi каштавала! - I, заплакаўшы, раўнуў: - Прэч!
Тут ён кiнуўся бегчы, але не ўнiз, а назад - угору, туды, дзе было выбiта нагою эканамiста шкло ў акне, i праз акно дагары нагамi вылецеў на двор. Анечка i пра патылiцу забылася, ахнула i кiнулася да акна. Яна легла жыватом на пляцоўку, высунула голаў праз акно, чакала, што ўбачыць на асветленым лiхтаром асфальце чалавека з чамаданам, якi забiўся насмерць. Але на асфальце на дварэ зусiм нiчога не было.
Заставалася меркаваць, што сонная i дзiўная асоба паляцела з дому як птушка i не пакiнула пасля сябе нiякага следу. Анечка перахрысцiлася i падумала: "Ну, сапраўды, кватэра нумар пяцьдзесят! Не дарэмна людзi гавораць!.. Ай ды кватэрка!.."
Не паспела яна так падумаць, як дзверы зноў ляпнулi, i другi хтосьцi пабег зверху. Анечка прытулiлася да сцяны i ўбачыла, як нейкi даволi салiдны грамадзянiн са свiнячым тварам, як здалося Анечцы, шмыгнуў паўз яе i гэтаксама, як i першы, вылецеў з дома праз акно i не думаў забiвацца аб асфальт. Анечка забылася ўжо, чаго выйшла, куды збiралася iсцi, засталася на лесвiцы, хрысцiлася, вохкала, размаўляла сама з сабой.
Трэцi, без бародкi, з круглым паголеным тварам, у талстоўцы, выбег зверху праз нейкi час i гэтаксама вылецеў праз акно.
Трэба з гонарам сказаць, што Анечка была надзвычай цiкаўная i вырашыла пачакаць, цi не здарацца новыя дзiвосы. Дзверы наверсе зноў адчынiлiся, i цяпер зверху сыходзiла цэлая кампанiя, але не бягом, а звычайна, як i ўсе людзi. Анечка адбегла ад акна, сышла да сваiх дзвярэй, хуценька адамкнула i схавалася за iмi, а ў пакiнутай шчылiнцы засвяцiлася яе цiкаўнае вока.
Хтосьцi хворы не хворы, але белы з твару, зарослы шчэццю, у чорнай шапачцы i ў нейкiм халаце сыходзiў зверху няцвёрдаю хадою. Яго клапатлiва вяла пад руку нейкая кабетка ў чорнай расе, як здалося Анечцы ў прыцемку. Кабетка не то босая, не то ў нейкiх празрыстых, мабыць, замежных, туфлях, зусiм парваных. Цьфу ты! Што ў туфлях? Ды кабетка ж голая! На самай справе раса накiнута проста на голае цела! "Ай ды кватэрка!" У душы ў Анечкi ўсё аж звiнела ад радасцi, ад прадчування, як яна раскажа пра ўсё ўбачанае суседзям.
Следам за дзiўнаю кабеткаю iшла зусiм голая, з чамаданчыкам у руцэ, а ля чамаданчыка ўвiваўся вялiзны чорны кот. Анечка ледзь нешта не пiскнула, працерла вочы.
Апошнiм iшоў маленькага росту кульгавы чужаземец з крывым вокам, без пiнжака, у белай фрачнай камiзэльцы i пад гальштукам. Уся гэтая кампанiя паўз Анечку пайшла ўнiз. Але нешта ўпала на пляцоўку.
Анечка паслухала, пакуль крокi зацiхлi, як змяя, выслiзнула з-за дзвярэй, бiтон паставiла ля сценкi, упала жыватом на пляцоўку i пачала мацаць рукамi. У руках у яе апынулася сурвэтка з нечым цяжкiм. Вочы ў Анечкi палезлi на лоб пасля таго, як яна разгарнула сурвэтку. Анечка падносiла да самых вачэй каштоўнасць, i вочы ў яе гарэлi зусiм воўчым агнём. У галаве ў Анечкi круцiлася завiруха:
"Ведаць нiчога не ведаю!.. Да пляменнiка? Цi распiлаваць яе на кавалкi?.. Каменьчыкi можна павыкалуплiваць...I па адным каменьчыку: адзiн на Пятроўку, другi на Смаленскую. I - ведаць нiчога не ведаю, i чуць нiчога не чула!"
Анечка схавала знаходку за пазуху, схапiла бiтон i ўжо збiралася нырнуць назад у кватэру, адкласцi сваё падарожжа ў горад, але перад ёю вырас, д'ябал яго ведае адкуль, той самы з белаю грудзiнаю i без пiнжака i цiха шапнуў:
- Аддавай падкоўку i сурвэтку.
- Якую яшчэ падкоўку-сурвэтку? - спыталася Анечка i даволi ўдала прытварылася. - Я нiякае сурвэткi не бачыла. Вы, грамадзянiн, п'яны, цi што?
Белагруды моўчкi цвёрдымi, як поручнi ў аўтобусе, i гэтакiмi самымi халоднымi пальцамi сцiснуў Анечку за горла гэтак, што зусiм перакрыў ёй паветра. Бiтон упаў на падлогу. Распрануты чужаземец крыху патрымаў Анечку без паветра i зняў пальцы з шыi. Анечка хлебанула паветра i ўсмiхнулася: