Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:
- Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.
- Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, - сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.
I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi - у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.
Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:
- Ты... ты... ты...
Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:
- Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, - ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: - Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi...
Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:
- Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою...
Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.
- Сапраўды, - загаварыў Воланд пасля маўчання, - яго сапраўды моцна скалечылi. - Ён загадаў Кароўеву: - Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.
Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:
- Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!
Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.
- На шчасце! На шчасце! - зашаптаў Кароўеў Маргарыце. - Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.
Сапраўды, позiрк хворага зрабiўся не гэтакi дзiкi i трывожны.
- Гэта сапраўды ты, Марго? - спытаў месячны госць.
- Не сумнявайся, гэта я, - адказала Маргарыта.
- Яшчэ! - загадаў Воланд.
Пасля таго як майстар асушыў другую шклянку, яго вочы ажылi i зрабiлiся разумнымi.
- Ну вось, цяпер iншая справа, - сказаў Воланд i прымружыўся, - цяпер i пагаварыць можна. Хто вы будзеце?
- Цяпер я нiхто, - адказаў майстар, i рот ад усмешкi толькi скрывiўся.
- Вы адкуль зараз?
- З вар'яцкага дома. Я - псiхiчна хворы чалавек, - адказаў прышэлец.
Ад гэтых слоў Маргарыта не стрымалася i заплакала зноў. Потым выцерла вочы i закрычала:
- Жахлiвыя словы! Жахлiвыя словы! Ён майстар, месiр, я вас папярэджвала пра гэта! Вылечце яго, ён заслугоўвае гэтага!
- Вы ведаеце, з кiм зараз размаўляеце, - спытаўся ў прышэльца Воланд, - у каго вы зараз знаходзiцеся?
- Ведаю, - адказаў майстар, - маiм суседам у вар'яцкiм доме быў гэты хлопчык, Iван Бяздомны.Ён расказаў мне пра вас.
- Ну, вядома, вядома, - адказваў Воланд, - я меў радасць сустракацца з гэтым маладым чалавекам на Патрыярхавых сажалках. Ён мяне ледзь самога да вар'яцтва не давёў, даказваў, што я не iсную! Але вы верыце, што гэта на самай справе я?
- Даводзiцца верыць, - сказаў прышэлец, - вядома, спакайней было б лiчыць, што вы проста праява галюцынацыi. Выбачайце, - спахапiўся майстар.
- Ну, што ж, калi спакайней, то i лiчыце, - ветлiва адказаў Воланд.
- Не, не! - спалохана загаварыла Маргарыта i трэсла майстра за плячук. Апамятайся! Перад табою сапраўды ён!
Кот i тут не вытрываў:
- Хiба я адзiн падобны на галюцынацыю. Звярнiце ўвагу на мой профiль, асветлены поўняй. - Кот палез пад месячнае святло i хацеў нешта яшчэ сказаць, але яго папрасiлi сцiхнуць, i ён адказаў: - Добра, добра, я гатовы замоўкнуць. Я буду маўклiвая галюцынацыя. - I замоўк.
- Скажыце, калi ласка, чаму Маргарыта называе вас майстрам? - спытаўся Воланд.
Той усмiхнуўся i сказаў:
- Гэта даравальны недахоп. Яна надта добрае думкi пра той раман, якi я напiсаў.
- Пра што рамана?
- Пра Понцiя Пiлата.
Тут зноў захiсталiся, заскакалi агеньчыкi на свечках, забрынчаў на стале посуд, - гэтак моцна засмяяўся Воланд, але смехам гэтым нiкога не спалохаў i не здзiвiў. Бегемот чамусьцi пачаў апладзiраваць.
- Пра што, пра што? Пра каго? - загаварыў Воланд пасля таго, як перастаў смяяцца. - Вось цяпер? Гэта нечувана! I вы не знайшлi iншае тэмы? Дайце мне паглядзець, - Воланд працягнуў руку ўгору далоняй.
- На жаль, я не магу гэта зрабiць, - адказаў майстар, - таму што я спалiў яго ў печцы.
- Даруйце, не веру, - адказаў Воланд, - гэтага не можа быць. Рукапiсы не гараць. - Ён завярнуўся да Бегемота i прамовiў: - Ану, Бегемот, давай сюды раман.
Кот iмгненна ўсхапiўся з крэсла, i ўсе ўгледзелi, што ён сядзеў на тоўстым стосе рукапiсаў. Верхнi экземпляр кот з паклонам падаў Воланду. Маргарыта затрымцела i закрычала, усхваляваная да слёз:
- Вось ён, рукапiс! Вось ён!
Яна кiнулася да Воланда i ў захапленнi дадала:
- Усемагутны! Усемагутны!
Воланд узяў у рукi пададзены яму экземпляр, пакруцiў яго, адклаў убок, без усмешкi паглядзеў на майстра. А той невядома чаму зноў засумаваў, неспакойна ўсхапiўся з крэсла, заламаў рукi i пачаў мармытаць, скаланаючыся ўсiм целам i звяртаючыся да поўнi:
- I нават месячнай ноччу мне няма спакою... Нашто было трывожыць мяне? Божа лiтасцiвы, божа лiтасцiвы...
Маргарыта ўхапiлася за бальнiчны халат, прытулiлася да яго, i сама пачала мармытаць адчайна i слёзна:
- Божа, чаму табе не дапамагае лякарства?
- Нiчога, нiчога, нiчога, - шаптаў Кароўеў i вiўся вакол майстра, нiчога, нiчога... Яшчэ шкляначку, i я за кампанiю з вамi...
I шкляначка падмiргнула пры месячным святле, блiснула i дапамагла гэтая шкляначка. Майстра зноў пасадзiлi на крэсла, i твар у хворага зрабiўся зноў спакойны.
- Ну, цяпер усё зразумела, - сказаў Воланд i пастукаў доўгiм пальцам па рукапiсе.
- Усё зразумела, - пацвердзiў кот, якi забыўся, што абяцаў быць маўклiваю галюцынацыяй, - цяпер галоўная лiнiя гэтага опуса мне вiдна наскрозь. Што ты сказаў, Азазела? - звярнуўся ён да маўклiвага Азазелы.
- Я кажу, - прагугнявiў той, - што добра было б цябе ўтапiць.
- Злiтуйся, Азазела, - адказаў кот, - i не падказвай гэтую думку майму валадару. Павер мне, што тады я пачаў бы кожную ноч наведваць цябе ў гэтакiм самым месячным адзеннi, як i бедны майстар, i кiваў бы табе, i клiкаў бы за сабою. Як бы ты адчуваў сябе, Азазела?
- Ну, Маргарыта, - зноў загаварыў Воланд, - кажыце пра ўсё, што вам трэба.
Маргарыцiны вочы ўспыхнулi, i яна ўмольна звярнулася да Воланда:
- Дазвольце мне пашаптацца з iм?
Воланд кiўнуў галавою, i Маргарыта прыпала да вуха майстра, штосьцi зашаптала яму. Чуваць было, што той адказаў ёй:
- Не, позна. Нiчога болей не хачу ад жыцця. Акрамя таго, каб бачыць цябе. Але табе iзноў раю - пакiнь мяне. Са мною ты загiнеш.
- Не, не, не пакiну, - адказала Маргарыта i звярнулася да Воланда:
- Прашу вас зноў вярнуць нас у падвал у завулку на Арбаце, i каб лямпа гарэла, i каб усё было як i раней...
Тут майстар засмяяўся, абхапiў проставалосую Маргарыцiну галаву, сказаў:
- Ай, не слухайце бедную жанчыну, месiр. У гэтым падвале даўно ўжо жыве iншы чалавек, i наогул не бывае гэтак, каб усё стала ранейшым... - Ён прытулiўся шчакою да галавы свае сяброўкi, абняў Маргарыту i пачаў мармытаць: - Бедная, бедная...