Кот прымеркаваўся i акуратна ўздзеў галаву на шыю, i яна дакладна села на сваё месца, быццам нiколi i не здымалася. I галоўнае, што нават нiякага i шрама не засталося. Кот лапамi абмахнуў фрак i пластрон, i з iх зляцеў след крывi. Фагот падняў Бенгальскага, якi ўсё сядзеў на падлозе, на ногi, сунуў яму ў кiшэню пачак чырвонцаў i адправiў са сцэны:
- Кацiцеся адсюль! Без вас тут весялей.
Няўцямна азiраючыся i хiстаючыся, канферансье дайшоў толькi да пажарнага паста, i раптам яму стала дрэнна. Ён жаласлiва ўскрыкнуў:
- Галава мая, галава!
Разам з усiмi да яго кiнуўся i Рымскi. Канферансье плакаў, лавiў нешта ў паветры, мармытаў:
- Аддайце мне маю галаву! Галаву аддайце! Кватэру забярыце, карцiны забярыце, толькi галаву аддайце!
Кур'ер пабег па доктара. Бенгальскага спрабавалi пакласцi на канапу, але ён пачаў адбiвацца, разбуянiўся. Давялося выклiкаць карэту. Калi няшчаснага канферансье забралi, Рымскi пабег назад на сцэну i ўбачыў, што на ёй адбываюцца новыя дзiвосы. Дарэчы, у гэты час цi крышку раней, але маг разам са сваiм вылiнялым крэслам знiк са сцэны, варта адзначыць, што публiка зусiм гэтага не заўважыла, захопленая тым незвычайным вiдовiшчам, якое разгарнуў на сцэне Фагот.
А Фагот, пасля таго як пазбавiўся ад няшчаснага канферансье, аб'явiў публiцы такое:
- Цяперака, калi гэтага назолу сплавiлi, давайце адчынiм дамскую краму!
I адразу падлога сцэны пакрылася персiдскiмi дыванамi, узнiклi вялiзныя люстры, з бакоў асветленыя зеленаватымi трубкамi, а памiж люстрамi вiтрыны, у iх гледачы ўбачылi з вясёлым ашаламленнем рознага колеру i фасону жаночыя сукенкi. Гэта ў адных вiтрынах, а ў другiх з'явiлiся сотнi капялюшыкаў i з пёркамi i без пёрак, i са спражкамi i без iх, сотнi туфляў - чорных, белых, жоўтых, скураных, атласных, замшавых, i з раменьчыкамi, i з каменьчыкамi. Памiж туфляў з'явiлiся футаралы, а ў iх заззялi святлом блiскучыя гранi крыштальных флаконаў. Горы сумачак са скуры антылопаў, замшавых, шаўковых, а памiж iмi цэлыя кучы чаканных залатых прадаўгаватых футаральчыкаў, у якiх звычайна бывае губная памада.
Чортведама адкуль узялася рыжая дзявуля ў вячэрнiм уборы, з усiх бакоў спраўная дзявуля, каб не псаваў яе толькi дзiўны шрам на шыi, заўсмiхалася ля вiтрын усмешкаю гаспадынi.
Фагот з салодкаю ўхмылкаю аб'явiў, што фiрма зусiм бяплатна мяняе старыя жаночыя сукенкi i абутак на парыжскiя мадэлi i парыжскi абутак. Гэтае ж самае ён дадаў i ў дачыненнi сумачак, духоў i ўсяго астатняга.
Кот пачаў расшарквацца задняю лапаю, пярэдняй адначасна выкручваў нейкiя жэсты, падобныя да жэстаў швейцара, якi адчыняе дзверы.
Дзявуля хоць i хрыплавата, але соладка заспявала, крышку картава, нешта мала зразумелае, але, мяркуючы па жаночых тварах, надта спакуслiвае:
- Герлен, Шанэль нумар пяць, Мiцука, Нарсiс Нуар, вячэрнiя сукенкi, сукенкi кактэйль...
Фагот выгiнаўся, кот кланяўся, дзявуля адчыняла шкляныя вiтрыны.
- Прашу! - крычаў Фагот. - Без усякага сораму i аглядкi!
Публiка хвалявалася, але iсцi на сцэну пакуль што нiхто не адважваўся. Нарэшце нейкая брунетка выйшла з дзесятага рада, а ў партэры ўсмiхнулася гэтак, што ёй, маўляў, усё дазволена i на ўсё напляваць, прайшла па бакавым трапе, узышла на сцэну.
- Брава! - закрычаў Фагот. - Вiтаю першую наведвальнiцу! Бегемот, крэсла! Пачнём з абутку, мадам.
Брунетка села на крэсла, i Фагот адразу вывернуў перад ёй цэлую кучу туфляў.
Брунетка зняла свой правы туфель, памерала бэзавы, патупала аб дыван, агледзела абцас.
- А цiснуць не будуць? - задумлiва спыталася яна.
У адказ Фагот пакрыўджана ўсклiкнуў:
- Што вы, што вы! - а кот ад крыўды нават мяўкнуў.
- Я бяру гэтую пару, масье, - сказала брунетка з гонарам i абула другi туфель.
Старыя туфлi брунеткi былi выкiнуты за фiранку, туды пайшла i сама яна ў суправаджэннi рыжае дзявулi i Фагота, якi нёс на плечках некалькi мадэльных сукенак. Кот мiтусiўся, дапамагаў i каб выглядаць салiдней, пачапiў сабе на шыю кравецкi метр.
Праз хвiлiну з-за фiранкi выйшла брунетка ў такой сукенцы, што ўвесь партэр аж уздыхнуў. Смелая жанчына, якая надзiва папрыгажэла, спынiлася ля люстра, павяла аголенымi плячыма, паправiла валасы на патылiцы i выгнулася, стараючыся зiрнуць сабе на спiну.
- Фiрма просiць вас узяць гэта на памяць, - сказаў Фагот i падаў брунетцы адчынены футарал з флаконам.
- Мерсi, - ганарлiва адказала брунетка i пайшла па трапе ў партэр. Пакуль яна iшла, гледачы ўсхоплiвалiся, мацалi за футарал.
I тады прарвала ўшчэнт, i з усiх бакоў на сцэну пайшлi жанчыны. У агульнай узбуджанай гамане, усмешачках, уздыхах пачуўся мужчынскi голас: "Я не дазваляю табе!" - i жаночы: "Дэспат i мешчанiн, не выкручвай мне руку!" Жанчыны знiкалi за фiранкай, пакiдалi там свае сукенкi i выходзiлi ў новых. На табурэтачках з пазалочанымi ножкамi сядзеў цэлы рад i энергiчна тупаў абутымi нагамi. Фагот станавiўся на каленi, дапамагаў ражком, кот знясiльваўся, носячы горы сумачак i туфляў, снаваў ад вiтрыны да табурэтак, дзявуля з пакалечанай шыяй то з'яўлялася, то знiкала i дайшла да таго, што зусiм пачала тарабанiць па-французску, i дзiўна было, што яе з паўслова разумелi ўсе жанчыны, нават тыя, хто не ведаў нiводнага французскага слова.
Агульнае здзiўленне выклiкаў мужчына, якi таксама ўзбiўся на сцэну. Ён аб'явiў, што ў яго жонкi грып, i таму ён просiць перадаць што-небудзь. А каб даказаць, што ён i сапраўды жанаты, мужчына гатоў быў паказаць пашпарт. Заява клапатлiвага мужа была сустрэта агульным рогатам, Фагот закрычаў, што верыць яму, як i самому сабе, i без пашпарта, i ўручыў грамадзянiну дзве пары шаўковых панчох, кот ад сябе дадаў футаральчык з памадай.
Жанчыны, якiя спазнiлiся, рвалiся на сцэну, са сцэны плылi шчаслiвыя ў бальных сукенках, у пiжамах з драконамi, у строгiх вiзiтных гарнiтурах, у капялюшыках, насунутых на адно брыво.
Тады Фагот аб'явiў, што з-за позняга часу крама зачыняецца да заўтрашняга вечара роўна праз адну хвiлiну, i неверагодная мiтусня ўсчалася на сцэне. Жанчыны хуценька, без усякае прымеркi хапалi туфлi. Адна, як бура, уварвалася за фiранку, скiнула там сваё адзенне, ухапiла першае, што толькi трапiла пад руку, - шаўковы, у вялiзныя букеты халат i, акрамя таго, успела ўхапiць два футаралы з духамi.
Роўна праз хвiлiну пачуўся пiсталетны стрэл, люстры знiклi, прапалi вiтрыны i табурэткi, дыван растаў у паветры гэтаксама, як i фiранка. Апошняй знiкла вялiкая куча старых сукенак i абутку, i зрабiлася сцэна зноў строгая, парожняя i голая.
I тут у падзеi ўмяшалася новая дзеючая асоба.
Прыемны, моцны i настойлiвы барытон пачуўся з ложы No 2:
- Усё ж пажадана, грамадзянiн артыст, каб вы зараз жа раскрылi перад гледачамi тэхнiку вашых фокусаў, асаблiва фокуса з грашыма. Пажадана таксама вярнуць на сцэну канферансье. Лёс яго хвалюе гледачоў.
Барытон належаў не каму-небудзь, а паважанаму госцю сённяшняга вечара Аркадзiю Апалонавiчу Семпляяраву, старшынi акустычнай камiсii маскоўскiх тэатраў.
Аркадзiй Апалонавiч размяшчаўся ў ложы з дзвюма жанчынамi: пажылою, дорага i модна апранутаю, i другой - маладзенькаю i прыгожанькаю, апранутай прасцей. Першая з iх, як потым высветлiлася ў час складання пратакола, была жонка Аркадзiя Апалонавiча, а другая - далёкая сваячка яго, пачынаючая i падаючая спадзяваннi артыстка, якая прыехала з Саратава i жыла на кватэры ў Аркадзiя Апалонавiча i яго жонкi.
- Пардон! - адазваўся Фагот. - Я прашу прабачэння, але тут няма чаго раскрываць, тут усё ясна.
- Не, выбачайце! Выкрыццё патрэбна абавязкова. Без яго вашы блiскучыя нумары пакiдаюць гнятлiвае ўражанне. Глядацкая маса патрабуе выкрыцця.
- Глядацкая маса, - перапынiў Семпляярава нахабны гаер, - як быццам нiчога не гаварыла? Але, улiчваючы ваша глыбокапаважанае жаданне, Аркадзiй Апалонавiч, я, няхай будзе па-вашаму, зраблю выкрыццё. Але для гэтага дазвольце яшчэ адзiн маленькi нумарок.
- Калi ласка, - велiкадушна адказаў Аркадзiй Апалонавiч, - але абавязкова з выкрыццём!