Литмир - Электронная Библиотека

Прыемны, моцны i настойлiвы барытон пачуўся з ложы No 2:

- Усё ж пажадана, грамадзянiн артыст, каб вы зараз жа раскрылi перад гледачамi тэхнiку вашых фокусаў, асаблiва фокуса з грашыма. Пажадана таксама вярнуць на сцэну канферансье. Лёс яго хвалюе гледачоў.

Барытон належаў не каму-небудзь, а паважанаму госцю сённяшняга вечара Аркадзiю Апалонавiчу Семпляяраву, старшынi акустычнай камiсii маскоўскiх тэатраў.

Аркадзiй Апалонавiч размяшчаўся ў ложы з дзвюма жанчынамi: пажылою, дорага i модна апранутаю, i другой - маладзенькаю i прыгожанькаю, апранутай прасцей. Першая з iх, як потым высветлiлася ў час складання пратакола, была жонка Аркадзiя Апалонавiча, а другая - далёкая сваячка яго, пачынаючая i падаючая спадзяваннi артыстка, якая прыехала з Саратава i жыла на кватэры ў Аркадзiя Апалонавiча i яго жонкi.

- Пардон! - адазваўся Фагот. - Я прашу прабачэння, але тут няма чаго раскрываць, тут усё ясна.

- Не, выбачайце! Выкрыццё патрэбна абавязкова. Без яго вашы блiскучыя нумары пакiдаюць гнятлiвае ўражанне. Глядацкая маса патрабуе выкрыцця.

- Глядацкая маса, - перапынiў Семпляярава нахабны гаер, - як быццам нiчога не гаварыла? Але, улiчваючы ваша глыбокапаважанае жаданне, Аркадзiй Апалонавiч, я, няхай будзе па-вашаму, зраблю выкрыццё. Але для гэтага дазвольце яшчэ адзiн маленькi нумарок.

- Калi ласка, - велiкадушна адказаў Аркадзiй Апалонавiч, - але абавязкова з выкрыццём!

- Слухаюся, слухаюся. Тады дазвольце запытацца ў вас, дзе вы былi ўчора вечарам, Аркадзiй Апалонавiч?

У час гэтага зусiм непатрэбнага i хамскага пытання твар у Аркадзiя Апалонавiча змянiўся, i вельмi моцна змянiўся.

- Аркадзiй Апалонавiч учора вечарам быў на паседжаннi акустычнай камiсii, - даволi пагардлiва сказала жонка Аркадзiя Апалонавiча, - але я не разумею, якiя адносiны гэта мае да магii.

- Вой, мадам! - пацвердзiў Фагот. - Натуральна, вы не разумееце. А наконт паседжання вы цалкам памыляецеся. Выехаўшы на тое паседжанне, якое, дарэчы, учора i не намячалася, Аркадзiй Апалонавiч адпусцiў свайго шафёра ля будынка акустычнай камiсii на Чыстых сажалках (увесь тэатр зацiх), а сам у аўтобусе паехаў на Ялохаўскую вулiцу ў госцi да артысткi раз'язнога раённага тэатра Мiлiцы Андрэеўны Пакабацька i правёў у яе ў гасцях каля чатырох гадзiн.

- Вой, - пакутлiва ўскрыкнуў нехта ў поўнай цiшынi.

Маладая ж сваячка Аркадзiя Апалонавiча засмяялася глухiм i страшным смехам.

- Усё зразумела! - ускрыкнула яна. - I я даўно ўжо падазравала гэта. Цяпер мне зразумела, чаму гэта бездар атрымала ролю Луiзы!

I неспадзявана замахнулася кароткiм i тоўстым лiловым парасонам i ўдарыла Аркадзiя Апалонавiча па галаве.

Нягоднiк Фагот, ён жа i Кароўеў, крыкнуў:

- Вось, паважаныя грамадзяне, адзiн з выпадкаў выкрыцця, якога гэтак назойлiва дабiваўся Аркадзiй Апалонавiч!

- Як магла ты, нягоднiца, закрануць Аркадзiя Апалонавiча? - грозна спыталася жонка Аркадзiя Апалонавiча i ўстала ў ложы на ўвесь свой гiганцкi рост.

Другi кароткi прыступ сатанiнскага смеху авалодаў маладой сваячкаю.

- Ужо хто-хто, - адказала тая з рогатам, - а я магу зачапiць! - i другi раз пачуўся сухi трэск парасона, якi адскочыў ад галавы Аркадзiя Апалонавiча.

- Мiлiцыя! Узяць яе! - гэтакiм страшным голасам пратрубiла жонка Семпляярава, што ў многiх пахаладзела сэрца.

А тут яшчэ кот выскачыў да рампы i раўнуў на ўвесь тэатр чалавечым голасам:

- Сеанс скончаны! Маэстра! Урэжце марша!

Ашалелы дырыжор, не разбiраючыся, што робiць, узмахнуў палачкаю, i аркестр не заiграў, i нават не грымнуў, i нават не хватануў, а менавiта, адпаведна мярзотнаму пажаданню ката, урэзаў нейкi неверагодны, нi з чым не параўнальны па разбэшчанасцi марш.

На нейкае iмгненне здалося, што быццам чуваць сталi колiшнiя, пад зоркамi паўднёвымi, у кафэшантане, нейкiя малазразумелыя, паўсляпыя, але разгульныя словы з гэтага марша:

Его превосходительство

Любил домашних птиц

И брал под покровительство

Хорошеньких девиц!!!

А магчыма, i не было нiякiх гэтакiх слоў, а былi iншыя, на гэтую ж самую музыку, зусiм непрыстойныя. Галоўнае не гэта, а тое, што ў Вар'етэ пасля пачалося нейкае стоўпатварэнне вавiлонскае. Да семпляяраўскае ложы бегла мiлiцыя, на бар'ер лезлi цiкаўныя, чулiся страшэнныя выбухi рогату, шалёныя крыкi, якiя глушыў залаты звон аркестравых талерак.

I вiдаць было, што сцэна раптоўна апусцела i што ашуканец Фагот i нахабны кацiла Бегемот расталi ў паветры, знiклi, як знiк раней маг у крэсле з вылiнялаю абiўкаю.

Раздзел 13

З'ЯЎЛЕННЕ ГЕРОЯ

Дык вось, невядомы пакiваў Iвану пальцам i прашаптаў: "Цiха!"

Iван звесiў ногi з ложка i прыгледзеўся. З балкона асцярожна зазiраў у пакой паголены, цёмнавалосы, з вострым носам, устрывожанымi вачыма i са звешанай на лоб пасмай валасоў чалавек прыкладна гадоў трыццацi васьмi.

Пераканаўшыся, што Iван адзiн, i прыслухаўшыся, таямнiчы наведвальнiк асмялеў i ўвайшоў у пакой. Тут Iван убачыў, што прышэлец апрануты ў бальнiчнае. На iм была бялiзна, чаравiкi на босую нагу, на плечы накiнуты руды халат.

Прышэлец падмiргнуў Iвану, схаваў у кiшэню звязак ключоў, шэптам спытаўся: "Можна прысесцi?" - атрымаў згоду кiўком галавы i ўмасцiўся ў крэсла.

- Як вы сюды трапiлi? - падпарадкуючыся знаку сухога пальца, шэптам спытаўся Iван. - На балконных рашотках замкi.

- Рашоткi на замках, - пацвердзiў госць, - ды Праскоўя Фёдараўна, - добры, але няўважлiвы чалавек. Я ўкраў у яе месяц таму звязак ключоў i такiм чынам атрымаў магчымасць выходзiць на агульны балкон, а ён iдзе вакол усяго будынка, i цяпер я магу наведваць суседзяў.

- Калi вы можаце выходзiць на балкон, то вы можаце i ўцячы. Цi высока? пацiкавiўся Iван.

- Не, я не магу ўцячы адсюль не таму, што высока, а таму, што мне ўцякаць зусiм няма куды. - I пасля паўзы ён дадаў: - Значыць, сядзiм!

- Сядзiм, - адказаў Iван, узiраючыся ў карычневыя, надта неспакойныя прышэльцавы вочы.

- Ага... - тут госць раптам затрывожыўся, - але вы, спадзяюся, не буйны? А? Бо я, ведаеце, не люблю шуму, барацьбы, гвалту i астатняга ў гэтым родзе. Асаблiва ненавiсны мне людскi крык, цi гэта крык ад пакут, злосцi, цi нейкi iншы крык. Супакойце мяне, скажыце, што вы не буйны?

- Учора ў рэстарацыi я аднаму тыпу ў морду засвяцiў, - мужна прызнаўся паэт.

- За што? - строга спытаў госць.

- Калi шчыра, то i без прычыны, - збянтэжана адказаў Iван.

- Непарадак, - асудзiў Iвана госць i дадаў: - Акрамя таго, што гэта за слоўцы: у морду засвяцiў? Невядома, што ў чалавека, морда цi твар. Мабыць, усё ж твар. Таму, ведаеце, кулакамi... Не, гэта вы кiньце раз i назаўсёды.

Госць пасварыўся на Iвана такiм чынам i спытаў:

- Прафесiя?

- Паэт, - чамусьцi неахвотна прызнаўся Iван.

Прышэлец засмуцiўся.

- Вой, як мне не шанцуе! - усклiкнуў ён, але тут жа спахапiўся, папрасiў прабачэння i спытаў: - А як ваша прозвiшча?

- Бяздомны.

- Вой, вой... - сказаў госць i паморшчыўся.

- А вам што, мае вершы не падабаюцца? - зацiкавiўся Iван.

- Жах, як не падабаюцца.

- А што вы чыталi?

- Нiякiх я вашых вершаў не чытаў! - нервова ўсклiкнуў госць.

- Дык чаму ж вы гаворыце?

- Ну, а што тут такога, - адказаў госць, - быццам я iншых не чытаў? Мiж iншым... Хiба што цуд? Добра, я гатовы паверыць. Добрыя вашы вершы, скажыце самi?

- Пачварныя! - раптам смела i шчыра прызнаўся Iван.

- Не пiшыце болей! - папрасiў умольна прышэлец.

- Абяцаю i клянуся! - урачыста прамовiў Iван.

Клятва была замацавана поцiскам рук, i ў гэты час у калiдоры пачулiся мяккiя крокi i галасы.

- Цiха, - прашаптаў госць, выскачыў на балкон i замкнуў за сабою рашотку.

Зазiрнула Праскоўя Фёдараўна, спытала, як Iван сябе адчувае i як хоча спаць - у цемры цi са святлом. Iван папрасiў святло пакiнуць, i Праскоўя Фёдараўна пайшла, пажадаўшы хвораму спакойнае ночы. I калi ўсё сцiхла, зноў вярнуўся госць.

30
{"b":"125023","o":1}