На фiзiяномii Бенгальскага, якi прытулiўся з боку сцэны, з'явiлася недаўменне. Ён ледзь-ледзь прыўзняў бровы, выкарыстаў паўзу i загаварыў:
- Замежны артыст выказвае сваё захапленне Масквою, якая значна вырасла ў тэхнiчных адносiнах, а таксама i масквiчамi, - тут Бенгальскi двойчы ўсмiхнуўся, спачатку партэру, потым галерэi.
Воланд, Фагот i кот павярнулi галовы да канферансье.
- Хiба я выказваў захапленне? - спытаў маг у Фагота.
- Зусiм не, месiр, вы нiякага захаплення не выказвалi, - адказаў той.
- Дык што ж гаворыць гэты чалавек?
- Ён проста схлусiў! - гучна, на ўвесь тэатр паведамiў клятчасты памочнiк, завярнуўся да Бенгальскага i дадаў: - Вiншую вас, грамадзянiн хлус!
З галерэi шумнула смехам, а Бенгальскi скалануўся i вылупiў вочы.
- Але мяне, вядома, не гэтак цiкавяць аўтобусы, тэлефоны i iншая...
- Апаратура! - падказаў клятчасты.
- Правiльна, дзякуй, - паволi гаварыў маг цяжкiм басам, - яшчэ больш значнае пытанне: цi змянiлiся гэтыя гараджане ўнутрана?
- Ага, гэта важнейшае пытанне, месiр.
У кулiсах пачалi пераглядацца i пацiскаць плячыма, Бенгальскi стаў чырвоны, а Рымскi быў белы. Але тут, быццам бы адгадаўшы трывогу, якая пачыналася, маг сказаў:
- Аднак мы загаварылiся, дарагi Фагот, а публiка пачынае сумаваць. Пакажы нам на пачатак што-небудзь просценькае.
Зала з палёгкаю заварушылася. Фагот i кот разышлiся ў розныя бакi рампы. Фагот пстрыкнуў пальцамi i залiхвацка крыкнуў:
- Тры, чатыры! - злавiў у паветры калоду карт, ператасаваў яе i стужкаю пусцiў да ката. Кот стужку перахапiў i адправiў назад. Атласная змяя фыркнула, Фагот разявiў рот, i ўсю яе, карта за картаю, праглынуў:
Пасля гэтага кот пакланiўся, шаркануў праваю задняю лапаю i выклiкаў неверагодныя апладысменты.
- Клас, клас! - у захапленнi крычалi за кулiсамi.
А Фагот тыцнуў пальцам у партэр i аб'явiў:
- Калода гэтая цяперака, паважаныя грамадзяне, знаходзiцца ў сёмым радзе ў грамадзянiна Парчэўскага, якраз мiж траячкаю i павесткай аб выклiку ў суд за нявыплату алiментаў грамадзянцы Зяльковай.
У партэры зашавялiлiся, пачалi прыўставаць, i, нарэшце, нейкi грамадзянiн, у якога i сапраўды прозвiшча было Парчэўскi, увесь чырвоны ад здзiўлення, дастаў з бумажнiка калоду карт i пачаў тыцкаць ёю ў паветра, бо не ведаў, што трэба рабiць.
- Няхай яна застанецца вам на памяць! - крыкнуў Фагот. - Нездарма ж вы гаварылi ўчора, вячэраючы, што каб не покер, то ваша жыццё ў Маскве было б зусiм пакутаю.
- Старыя штучкi, - пачулася з галёркi, - гэты ў партэры з тае ж самае кампанii.
- Вы гэтак думаеце? - закрычаў Фагот i прыплюшчыўся на галерэю. - У такiм выпадку i вы з намi ў адной шайцы, таму што яны ў вас у кiшэнi!
На галёрцы адбыўся рух, i пачуўся радасны голас:
- Праўда! У яго! Тут, тут... Стой! Ды гэта ж чырвонцы!
Тыя, хто сядзеў у партэры, завярнулi галовы. На галерэi нейкi збянтэжаны грамадзянiн знайшоў у сваёй кiшэнi пачак, перакрыжаваны па-банкаўску i з надпiсам на абкладцы: "Адна тысяча рублёў".
Суседзi навалiлiся на яго, а ён здзiўлена падкалуплiваў пальцам упакоўку, стараўся даведацца, сапраўдныя гэта чырвонцы цi чараўнiчыя.
- Дальбог, сапраўдныя! Чырвонцы! - крычалi радасна з галёркi.
- Згуляйце i са мною ў такую калоду, - весела папрасiў нейкi таўстун з сярэдзiны партэра.
- Авек плезiр! - адазваўся Фагот. - Але чаму з адным вамi? Усе прымуць актыўны ўдзел! - i скамандаваў: - Прашу глядзець угору!.. Раз!.. - у руцэ ў яго аказаўся пiсталет, ён крыкнуў: - Два! - Пiсталет падняўся ўгору. Ён крыкнуў: - Тры! - блiснула, бабахнула, i адразу ж з-пад купала, ныраючы мiж трапецый, пачалi падаць у залу белыя паперкi.
Яны кружылiся, iх разносiла ў бакi, забiвала на галерэю, адкiдвала ў аркестр i на сцэну. Праз некалькi секунд грашовы дождж дасягнуў крэслаў, пагусцеў, i гледачы пачалi яго лавiць.
Падымалiся сотнi рук, гледачы скрозь паперкi глядзелi на асветленую сцэну i бачылi сама сапраўдныя i дакладныя вадзяныя знакi. Пах таксама не пакiдаў нiякага сумнення: гэта быў нi з чым не параўнальны па водары пах толькi што аддрукаваных грошай. Спачатку весялосць, а потым здзiўленне апанавала ўвесь тэатр. Скрозь гудзелi словы "чырвонцы, чырвонцы", чулiся ўсклiкi "ах, ах!" i вясёлы смех. Сёй-той ужо поўзаў па праходзе, шукаў пад крэсламi. Многiя пасталi на крэслы, лавiлi вiхлястыя, капрызныя паперкi.
На тварах у мiлiцыi пакрысе пачало з'яўляцца здзiўленне, а артысты бесцырымонна палезлi з-за кулiсаў.
У бельэтажы пачулiся крыкi: "Ты чаго хапаеш? Гэта мая! Да мяне ляцела!" i другi голас: "Ды ты не папiхайся, я цябе сам як пiхану!" I раптам пачулася поўха. Адразу ж у бельэтажы з'явiўся мiлiцэйскi шлем, i з бельэтажа некага павялi.
Наогул узбуджанасць расла, i невядома, чым бы ўсё скончылася, калi б Фагот не спынiў грашовы дождж, дзьмухнуўшы ў паветра.
Два маладыя чалавекi шматзначна пераглянулiся, усталi i праменька пакiравалi ў буфет. У тэатры стаяў гул, ва ўсiх гледачоў узбуджана блiшчалi вочы. Так, так, невядома, у што б усё гэта вылiлася, калi б Бенгальскi не сабраў у сабе сiлы i не паварушыўся. Стараючыся мацней авалодаць сабой, ён прывычна пацёр рукi i як мог гучным голасам загаварыў:
- Вось, грамадзяне, мы з вамi бачылi выпадак гэтак званага масавага гiпнозу. Чыста навуковы вопыт, якi як найлепш даказвае, што нiякiх дзiвосаў i магii не iснуе. Папросiм маэстра Воланда раскрыць нам гэты вопыт. Зараз, грамадзяне, вы ўбачыце, што гэтыя быццам бы грашовыя паперкi знiкнуць гэтак жа раптоўна, як i з'явiлiся.
Тут ён пачаў апладзiраваць зусiм адзiн, i на твары ў яго ў гэты час свяцiлася ўпэўненая ўсмешка, але ў вачах упэўненасцi не было, у iх хутчэй свяцiлася просьба.
Публiцы гаворка Бенгальскага не спадабалася. Настала агульнае маўчанне, якое перапынiў клятчасты Фагот:
- Гэта зноў выпадак гэтак званае хлуснi, - аб'явiў ён моцным казлiным тэнарам, - паперкi, грамадзяне, сапраўдныя.
- Брава! - коратка раўнуў бас недзе ў глыбiнi залы.
- Мiж iншым, гэты, - тут Фагот паказаў на Бенгальскага, - мне збрыдзеў. Лезе ўвесь час туды, куды яго не просяць, хлуслiвымi заўвагамi псуе сеанс! Што б гэта нам такое з iм зрабiць?
- Голаў яму адарваць! - сказаў нехта сурова з галёркi.
- Што вы сказалi? Ась? - адразу ж адгукнуўся на гэтую дзiкую прапанову Фагот. - Галаву адарваць? Гэта iдэя! Бегемот, - закрычаў ён кату, - рабi! Эйн, цвэй, дрэй!!!
I здарылася нечуванае. Шэрсць на чорным кату ўстала дыбам, ён мяўкнуў гэтак, што душу распаласавала. Потым сцяўся ў камяк i, як пантэра, скочыў проста на грудзi Бенгальскаму, а адтуль пераскочыў на галаву. З вуркатаннем пухлымi лапамi кот учапiўся ў рэдзенькую шавялюру канферансье, дзiка завыў i за два павароты адарваў галаву ад таўставатае шыi.
Дзве з палавiнаю тысячы чалавек у тэатры ўскрыкнулi ў адзiн голас. Кроў фантанамi з разарваных артэрый на шыi ўдарыла ўгору i аблiла манiшку i фрак. Безгаловае тулава недарэчна загрэбала нагамi i села на падлогу. У зале пачулiся iстэрычныя жаночыя крыкi. Кот перадаў галаву Фаготу, той за валасы падняў яе i паказаў публiцы, i галава гэтая адчайна крыкнула на ўвесь тэатр:
- Доктара!
- Ты будзеш i далей гаварыць усякае глупства? - грозна спытаўся Фагот у галавы, якая плакала.
- Не буду болей! - прахрыпела галава.
- Злiтуйцеся, не мучце яе! - раптам, перакрыўшы шум у зале, пачуўся з залы жаночы голас, i маг павярнуў твар на гэты голас.
- Дык што ж, грамадзяне, дараваць яму, цi як? - спытаўся Фагот у залы.
- Дараваць! Дараваць! - пачулiся спачатку адзiночныя i пераважна жаночыя галасы, а потым яны злiлiся ў адзiн хор з мужчынскiмi.
- Як загадаеце, месiр? - спытаўся Фагот у замаскiраванага.
- Ну што ж, - задуменна адгукнуўся той, - яны - людзi як людзi. Любяць грошы, але ж гэта заўсёды было... Чалавецтва любiць грошы, з чаго б яны не былi зроблены - са скуры, з паперы, з бронзы альбо з золата. Ну, легкадумныя... ну, што ж... i лiтасцiвасць часам кранае iх сэрца... звычайныя людзi... увогуле нагадваюць ранейшых... кватэрнае пытанне толькi сапсавала iх... - i гучна загадаў: - Надзеньце галаву.