Ваявода зiрнуў на яго зьверху ўнiз i, адчынiўшы дзьверы ў Каралеўскi габiнэт, прапусьцiў уперад.
Суразмоўцы, стаўпiўшыся каля вакна, перапалохана перазiрнулiся.
- Прапалi Чэрвiцы!.. Прапалi... - разгублена заенчыў дасюлешнi iх валадар, не адрываючы вачэй ад дзьвярэй, за якiмi зьнiк непераможны й таямнiчы пан Януш зь Езёрска.
Мiж тым, пан Януш, дрыжучы як асiнавы лiст, стаў перад ясныя вочы Караля Польскага й Вялiкага Князя Лiтоўскага Ягайлы Альгердавiча.
У пакоi, акрамя Караля, Ваяводы Пашкевiча й пана Януша, знаходзiлiся яшчэ чатыры асобы. Адзiн зь iх, ксёндз, сядзеў з боку. Трох iншых у блiскучых панцырах, з залатымi ланцугамi на грудзях i ў багатых плашчах, зь цiкавасьцю разглядалi ўвайшоўшага пасланца ад Ваяводы Крэўскага. Сам Кароль сядзеў за сталом, падпёршы рабром далонi вузкi лоб. Чорныя даўгiя валасы, зачэсаныя гладка за вушы, адлiвалi сiняй. Вочы Караля, захаваныя ў ценю ад далонi, таксама ўважна разглядалi замёрлую каля дзьвярэй постаць. Ад гэтага пагляду, пану Янушу зрабiлася холадна, i па сьпiне пабеглi мурашкi.
Маўчаньне зацягнулася даволi доўга, i перад вачамi Януша пачалi бегаць рознакаляровыя чорцiкi. Аж нарэшце, Кароль паволi паклаў руку на стол i выпрастаўся ў крэсьле. Твар яго прыняў лагодны выраз.
- Цябе прыслаў Станiслаў Ваявода Крэўскi. Лiсты Ваяводы мы ўжо прачыталi, цяпер мы хочам ведаць, што загадаў ён перадаць вусна?! - губы Караля амаль не варушылiся, але пан Януш адразу зразумеў, што гэты валадарны голас, падобны да звону сталi, належыць толькi Каралю.
Ваявода Пашкевiч лёкка падштурхнуў яго ўперад, каб падыйшоў блiжэй да стала, што Януш пасьпешна й выканаў, не забыўшыся адвесiць нiзкi паклон.
- Ваша Каралеўская Мосьць! - пачаў, запiнаючыся на кожным слове, пан Януш, - Ваявода Крэўскi загадаў перадаць, што тут у палацы ёсьць чужыя людзi, якiя сочаць за Ясьнейшым Каралём i перадаюць... весткi ў Лiтву... Князю Вiтаўту.
Пачуўшы такую навiну, Ягайла аж заскрыпеў зубамi, яго й без таго малыя вочы яшчэ больш звузiлiся. - "Закатую!" - прашыпеў ён, але хутка апанаваўшы гнеў, голасна запытаў:
- Адкуль Ваявода гэта ведае?
Яшчэ больш дрыжучы ад страху, пан Януш пачаў разказваць:
- Памiнаючы Слуцак, мы спынiлiся ў паселiшчы Абiдзямля, каб пераначаваць i пакармiць конi. У карчме Яснавяльможны пан Станiслаў сустрэў нейкага лацiнскага купца, каторы ехаў у тым самым накiрунку, што й мы - на Ворсклу. Пана Ваяводу зацiкавiла, што гэты купец ехаў сам, безь нiякага тавару, добра ўзброены й вельмi сьпяшаўся. Пан Ваявода стаў уважней прыглядацца да яго й заўважыў у купца на руцэ персьцень з падвойным крыжам, як на шчытах у дружыньнiкаў Лiтоўскiх. Тады, пан Ваявода загадаў схапiць купца й выпытаць, хто ён такi. Купец стаў баранiцца, але нас было болей, i нарэшце купец такi ўпаў, цяжка пасечаны. Як мы каля яго нi бiлiся, што яму нi рабiлi, нiчога не сказаў перад сьмерцю. Абшукаўшы яго, знайшлi вось гэты лiст... - тут пан Януш выцягнуў мiзэрыкордыю i, падважыўшы ёю сталёвы набедраньнiк, выцягнуў адтуль невялiкi кавалак паперы й паклаў на стол перад Каралём. Усе зь цiкавасьцю нахiлiлiся над паперкай, толькi ксёндз застаўся сядзець непарушна. Ваявода Пашкевiч прачытаў лiст i зiрнуў на Караля. У лiсьце значылася:
"Гаспадару.
Кароль вядзе перамовы з крыжакамi аб усуненьнi Вашай Высокасьцi, карыстаючыся з Вашай адсутнасьцi й будучай немачы пасьля сутычкi з Ханам.
Млынар"
Пан Януш выцягнуў дзесь з-пад панцыра персьцень зь Ярылавым Крыжам i таксама паклаў перад Каралём.
Асьцярожна, двума пальцамi, Ягайла падняў персьцень. Разгледзеў яго i раптам павярнуўся да пана Януша:
- У грамаце разумееш?
- Не, Ваша Каралеўская Мосьць!
- Ведаеш, што тут напiсана?
- Не! Ваша Каралеўская Мосьць!
...Запаветныя дзьверы йзноў адчынiлiся, i адтуль, горда падняўшы галаву, выйшаў пан Януш. На шыi ў яго цьмяна, але прываблiва, паблiскваў залаты ланцуг. Нi на каго нават не зьвярнуўшы ўвагу, пан Януш накiраваўся да выхаду.
Пераганяючы яго й ласкава ўсьмiхаючыся, да выхадных дзьвярэй кiнуўся пан з Чэрвiцы й, шырака iх разчынiўшы, нiзка пакланiўся:
- Маё нiжэйшае ўшанаваньне, Яснавяльможнаму пану Рыцару зь Езёрска!
- Мае Чэрвiцы, пся маць... але дарую iх табе! - горда кiнуў пан Януш, нават не зiрнуўшы на прынiжанага валадара злашчасных Чэрвiц.
У гэты самы дзень, пан Януш выехаў з Кракава назад у Лiтву.
5. НА ПЕРАВОЗЕ
Разпырскваючы вадкае балота, па шляху на Тураў рысьсю пасоўваўся невялiкi аддзел коньнiкаў, закутых у жалеза. На чале аддзелу ехаў Рыцар з залатымi шпорамi й арлiным крылом на шоламе. Да шышака адразу-ж пад крылом прымацована едвабная рукавiчка, прышпiленая Дамай сэрца, паннай Карусяй Хадкевiчоўнай. Рукавiчка намокла й згубiла вобраз чароўнай ручкi... Але ня гэта зараз займае думкi шляхетнага Рыцара. Рукавiчка высахне, але вось да Турава трэба дабрацца сёньня. А цi будзе яшчэ паромшчык на Прыпяцi ў гэтакую пару? Рыцар паддае шпорамi, i яго шэры ў яблыкi конь пераходзiць на галёп. Адстаўшы на некалькi крокаў пачот - таксама паддае ходу. Чмякае балота, бразгае зброя, храпцяць конi. Калышуцца тонкiя доўгiя дзiды. Шырокiя плашчы коньнiкаў i пакрывалы мiгочуць шматколерным ураганам.
Да Прыпяцi яшчэ далёка, а з коней ужо камякамi ляцiць шум. Ад пачоту аддзяляецца коньнiк у чорнай расе, але зь мячом пры баку, i, параўнаўшыся з Рыцарам, прамаўляе:
- Сыне мой, цi не пара даць коням перадыхнуць? Цiшэй едзеш, далей будзеш, як кажуць старыя людзi...
- Ад таго мейсца, куды едзеш... - бурчыць незадаволена Рыцар у адказ, але пачынае патрыху стрымлiваць бег каня. - Вам бы ўсiм толькi перадыхаць ды адпачываць...
Празь некаторы час едуць моўчкi, прыслухваючыся да прадвячэрняе цiшынi. Рыцар шчыльней абгортваецца зьвiльгатнелым плашчом, падтыкае яго за каленi й стульвае мацней да шыi.
З далячынi даносiцца яшчэ няясны, але зразумелы шорах. Рыцар iзноў паддае шпорамi, i ўся кавалькада на поўным скаку, выносiцца на бераг магутнае Прыпяцi. Адлiваючы колерамi сталi, паўнаводная рака спакойна й упэўнена плыве на ўсход. Густыя непраходныя лясы, поўныя дзiчыны, шчыльна абступiлi яе берагi. Неабсяжныя абшары балот разьлеглiся наўкола. Дзе нi дзе, у гэтым "Гэрадотавым моры" трапляецца стойкi грунт. Вось на адным з такiх "востраваў" сярод топкiх балот, вырас непрыступны Тураў.
На правым беразе ракi праз шэры паўзмрок, ледзь блiскае асьветленае лучынай акенца ў хаце перавожчыка.
- Гэ-э-э-эй! На пераво-о-зе! - гукае адзiн з коньнiкаў.
Нiхто не адзываецца. Конi ўзбуджана фыркаюць, стараючыся дабрацца да вады, i коньнiкам каштуе вялiкага высiлку, каб утрымаць iх. Нарэшце знаходзяць звон, прывешаны да галiны старое карчакаватае бярэзiны, i праз раку нясуцца поўныя загаднага прызыву, гукi...
* * *
Мiж тым, у хаце перавожчыка сабралася ўся сям'я. Перавожчык Мацей Вадзянiк, празваны так за вялiкае сяброўства з вадой - паром ягоны працаваў у часы найбольшых разьлiваў i нiколi ня быў сарваны. Рыба, як здавалася, сама йшла яму ў рукi, плаваў сам як рыба, i сыноў навучыў. Меў ужо за семдзесят гадоў, але сiлай i здароўем мог паганарыцца перад кожным. Сыны яго: Якуб, Кiрыла й Марко не адставалi ад бацькi нi ў сiле, нi ў здароўi, нi ў спрыце. Мацi iх, Грыпiна, была з роду Клубоўскiх, а ў гэтым родзе, як ведама, не было такога, каторы сам на сам не завалiў-бы мядзьведзя.
Павячэраўшы пасьля праведных трудоў на пароме й пры гаспадарцы, уся сям'я ўважна слухала, як бацька пры сьвятле лучыны, па складах чытаў Эвангельле. Якуб, Кiрыла й Марко чытаць ня ўмелi i з захапленьнем прыглядалiся да вуснаў бацькi, каторы, не сьпяшаючыся й водзячы пальцам па радкох стара-славянскага пiсьма, вымаўляў:
"...I скажа Цар iм у адказ: запраўду кажу вам: тое, што вы зрабiлi аднаму з гэтых меншых братоў Маiх, вы зрабiлi Мне. Тады скажа i тым, што налева: iдзiце ад мяне праклятыя ў вагонь вечны, прыгатаваны чарту i анёлам ягоным. Бо я хацеў есьцi, i вы не далi Мне; прагнуў, i вы не напаiлi Мяне; быў у дарозе, i вы не прынялi Мяне; быў нагi, i не адзелi Мяне; быў хворы i ў вязьнiцы, i не даведалiся Мяне. Тады i яны скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! Калi мы бачылi Цябе галодным, цi прагнучым, цi ў дарозе, цi нагiм, цi хворым, цi ў вязьнiцы i не паслужылi Табе? Тады скажа iм у адказ: сапраўды кажу вам: як вы не зрабiлi гэта аднаму з гэтых меншых, то не зрабiлi Мне. I пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнiкi ў жыцьцё вечнае..." - Мацей замоўк i прыслухаўся. Знадворку несьлiся прызыўныя гукi звону.