Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Бач, яшчэ нехта едзе! - зьдзiвiўся ён. - У гэтакую пару толькi на пячы сядзець, а не па лесу бадзяцца.

Але нiчога ня зробiш, людзi чакаюць, i ўся сям'я Вадзянiка, апранаючыся на хаду, рушыла да ракi.

- Эк, як разьнесла маладзiцу! - прамовiў Мацей, акiнуўшы вокам паўнаводную Прыпяць.

- З дапамогай Божай, як-небудзь малым паромам i перавязём - адказаў Якуб, стараючыся праз змрок разглядзець супрацьлежны бераг.

Перахрысьцiўшыся, Мацей, Кiрыла й Марко скочылi на хiсткi памост парому. Грыпiна й Якуб узялiся за корбу. Корба зарыпела, застагнала, i паром паволi адчалiў ад берагу ды паступова разтаў у цемры. Тоўсты прасмолены канат нацягнуўся, як струна. Вада з шумам i булькатам абмывала тоўстыя палi прычалу. Грыпiна й Якуб з усiх сiлаў паварачвалi драўлянае кола корбы, каторае праз просты блёк на другiм беразе, цягнула паром. Нарэшце корба стала...

Пачулася конскае йржаньне, галасы людзей, i ўмоўны сьвiст Мацея. Закруцiлi корбу ў адваротны бок. На гэты раз праца iшла лякчэй - нехта застаўся на тым беразе й дапамагае.

- Яшчэ раз прыйдзецца, - заўважыла Грыпiна.

- А можа й ня раз... - дадаў Якуб, налягаючы на корбу.

Паром iшоў усё лякчэй i лякчэй. Прайшоўшы самую быстрыню й не адчуваючы ўжо моцнага напору вады, ён хутка наблiжаўся да берагу.

- Гэ-гэ-гэй! - даляцеў голас Мацея - Павальней! Павальней!

Грыпiна й Якуб круцiлi кола штораз павальней, але на столькi, каб ня даць канату аслабнуць, i паром прыстаў да прычалу амаль без штуршка. Моцныя рукi Якуба хутка замацавалi канат, кiнуты Мацеям, за ўбiтую ў зямлю палю. Убраўшы жордку, творачую поручнi на пароме, на бераг сыйшлi, вядучы ўповад каней, восем узброеных людзей.

- Цi шмат там яшчэ? - пацiкавiлася Грыпiна.

- Чатырох... - буркнуў у адказ Кiрыла, адштурхаючы доўгiм вяслом паром ад берагу.

Перавёзшы рэшту падарожных, Мацей запрасiў iх у хату - пагрэцца й абсушыцца. Рыцар, зiрнуўшы на неба, запытаў:

- Цi Князь Вiтаўт ужо ў Тураве?

- Чаго-ж бы яму тут быць? - зьдзiвiўся Мацей. - Яго чакаюць у Мозыры. Будзе там днi праз два, а мо й раней.

Госьцi моўчкi перазiрнулiся...

- Вядзi, хаме, у хату! - загадаў Рыцар, перадаючы каня свайму збраяносцу.

Мацею не спадабаўся гэты пыхаты госьць, але, будучы чалавекам набожным i гасьцiнным, прамаўчаў i, зварочваючыся да старэйшага сына, прамовiў:

- Ты, Якуб, дапамажы там з коньмi. Завядзi там у стайню й сенца падкiнь, бач як змарылiся бедныя. Хай паастынуць трохi, тады напоiш.

Падарожнiкi разьмясьцiлiся ў хаце, як у сябе ўдома, не пакiнуўшы мейсца гаспадарам i не пытаючыся дазволу. Паразьвешвалi мокрыя плашчы й папоны, панцыры, зброю, шчыты. Расьселiся й разьляглiся, хто дзе змог: на лавах, на печы, на палку й нават на падлозе. Мацей, абапёршыся плячом на касяк, пахмурна назiраў за нахабнымi гасьцямi.

- Чаму, пане, пiўцом не частуеш? - зьвярнуўся да яго падарожнiк у чорнай расе.

- Хто пачувае сябе ўдома ў чужой хаце, той павiнен сваё мець, а я частую толькi гасьцей, Богам пасланых!

- А ты ведаеш з кiм ты гутарыш?

- Усё роўна! Я гэтак i з самiм Мiтрапалiтам Маскоўскiм i Наваградзкiм Фоцiем гутару! - адрэзаў Мацей, рашыўшы сабе, што мае справу з ксяндзом цi нейкай iншай духоўнай асобай.

- Я не пра сябе кажу - зьмяшаўся ксёндз. - Я пра Яснавяльможнага пана... i ён указаў на Рыцара, каторы, прытулiўшыся сьпiнай да гарачай печы, праз апушчаныя павекi назiраў за Мацеям.

Мацей зьмерыў яго паглядам i адказаў:

- Шмат людзей я перавозiў на сваiм вяку праз Прыпяць, i з залатымi шпорамi й бяз шпораў, i мужыкоў, i шляхцiцаў, i Ваяводаў, i Князёў, i нiколi нiхто не назваў мяне хамам. Нiколi не было такога, каб мне не было мейсца ў маёй хаце. У нас на Белай Русi прызвычаiлiся шанаваць гаспадара, а ў адказ i гаспадар шануе госьця. Так-та яно!

Ксёндз ужо адчынiў рот, каб нешта адказаць на такую дзёрзкасьць, як маўчаўшы дасюль Рыцар спынiў яго гнеўным жэстам, i, зварочваючыся да Мацея прамовiў:

- На сёньня досыць! Трэба спаць! Заўтра пагутарым болей!...

У гэту ноч сямья Вадзянiка спала ў хляву на сене.

Уночы ўдарыў першы мароз. Скаваў лужыны звонкiм лядком i пакрыў усё наўкола крохкай намаразьзю. Неба праясьнiлася й адкрыла бяздонную блакiтную далячынь, ад якой аж рэзала ў вачах.

Мацей цiхенька, каб не пабудзiць сьпячых сыноў i жонку, выйшаў з хлява i, удыхаючы поўнымi грудзьмi сьвежае марознае паветра, стаў над берагам Прыпяцi. Акiнуў вачамi яе вольныя магутныя воды, прыбярэжныя дрымучыя лясы, i ўчарашняя крыўда яшчэ з большай гораччу падступiла к горлу ды сьцiснула сэрца.

- Эх, крумкаччо, ненавiснае! Няма ўправы на вас... Але дачакаецеся...

- Не журыся, бацька! - пачуўся голас Якуба. - Пацярпi! Пагуляем яшчэ й мы ў гэтых паноў на трызьне!

Мацей са зьдзiўленьнем глянуў на сына, каторы, апрануты ў кальчугу i падпярэзаны мячом, нячутна падыйшоў ззаду.

- А адкуль ты ведаеш мае думкi?

- Бо яны й мае! Вось толькi ты, бацька, затрымлiваеш гэты момант...

Памiж бацькам i сынам завязалася гутарка, якая адбывалася кожную ранiцу, ад таго часу як Вiтаўт вырушыў з войскам насустрач мангольскай Гардзе.

- Як-жаж гэта? - схiтрыў Мацей, робячы выгляд, што не разумее нацяку сына. Яму было радасна на душы, што сын не адракаецца ад раз вызначанай мэты й усёй сваёй iстотай iрвецца да яе, але аслухацца бацькавай волi не адважваецца.

- Звычайна! Гнаць трэба ўсякую пошасьць з нашай зямлi! - ухiлiўся i Якуб ад простага адказу.

- Але-ж, але! Гнаць iх у шыю! Вось Гаспадар Вялiкi Князь i гонiць iх. Крыжакоў пагнаў з-пад Вiльнi, Татарву спынiў на Ворскле, Маскалям строга заказаў не патыкацца да Смаленску, пагонiць i гэтых панкоў, толькi шэрсьць на iх закурыць! Дачакаюцца!

- Эх, бацька, бацька, ведаеш добра, аб чым я кажу, - уздыхнуў Якуб.

- Нiчога я ня ведаю. Не разумею, што ты круцiш i куды гнеш...

- Пусьцi мяне да Гаспадара! Ня будзе табе сорамна за Якуба! Вось на гэты меч прысягаю...

- Э не! Калi так кажаш, то прыпомнi наказ Самаго Гаспадара!

А наказ гэты Вялiкакняжы Якуб добра памятаў:

"Каб стаяў Вадзянiк на мейсцы сваiм! Каб працаваў перавоз iспраўна, i не было-бы затрымкi нi ў дзень, нi ў ночы, бо на карацейшым шляху стаiш да земляў Кiеўскiх, i службу нясеш дзяржаўную, i ня менш адказную чым найадважнейшы з Драбаў маiх! I карысьць Вялiкаму Княству Лiтоўскаму прыносiш вялiкую!"

Нiчога тут ня зробiш, супраць волi бацькi й Гаспадара ня пойдзеш. Пастаяўшы трохi на мейсцы, як бы спадзяючыся, што бацька перадумае й што-небудзь пацяшальнае скажа, але не дачакаўшыся, Якуб уздыхнуў, пайшоў пад паветку, набраў абярэмак дроў i панёс у хату.

Мацей, правёўшы сына вачамi, поўнымi пяшчоты й гонару, узвалiў сабе на плечы торбу з воўчымi пасткамi й рушыў уверх уздоўж берагу, абiваючы лапцямi крохкую намаразь.

Як раптам, з грукатам адчынiлiся дзьверы, i з хаты выскачыў Якуб зь мячом у руцэ. Адразу-ж за iм сталi выбягаць узброеныя госьцi. Мацей спачатку не зразумеў, у чым рэч, але, убачыўшы, як чатырох ваяроў акружылi Якуба й, размахваючы мячамi, пачалi насядаць на яго, Мацей шпурнуў убок торбу з воўчымi пасткамi й рынуўся на дапамогу сыну, ухапiўшы на хаду першую трапiўшую пад руку жэрдку.

Якуб адбiваўся моўчкi, удала адводзячы ўдары й адступаючы ў напрамку Прыпяцi. Мячы зь ляскам i скрыгатам высякалi снапы iскраў. Мацей падбег у той момант, калi Якуб, ужо на самым беразе, вялiзарным скачком адхiлiўся ад астрашэннага ўдару ў сьпiну ды з усяе сiлы сякануў па галаве аднаго з нападальнiкаў. Жордка Мацея аж сьвiснула ў паветры, калi ён, напружыўшы ўсе свае сiлы, апусьцiў яе на галовы напасьнiкаў. Адзiн зь iх адразу-ж павалiўся, як калода, з разьбiтым чэрапам, другi, закруцiўшыся на мейсцы, з прарэзьлiвым енкам пакацiўся па абмерзлай траве. У гэты момант павалiўся й Якуб, глуха войкнуўшы. Мацей разгублена глянуў на сына, каторы, разьцягнуўшыся ўва ўвесь рост, прымяў да зямлi стралу з татарскiм апярэньнем. Не пасьпеў Мацей нiчога й падумаць, як ацалелы з напасьнiкаў секануў яго па галаве, зьнёсшы адным ударам палову чэрапа й плячо.

9
{"b":"124333","o":1}