Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- З радасьцю мы прынялi-б цябе, сьвентаблiвы ойча, i далi-б належны прытулак такому дарагому госьцю, але мы ня можам рызыкаваць тваiм жыцьцём i жыцьцём таго шляхетнага юнака, што стаiць побач цябе. Вось-вось спадзяёмся нападу апрышак, якiя швэндаюцца па ваколiцы. Iдзi сабе лепей, сьвентаблiвы ойча, i ня гневайся. Неспакойныя зараз часы...

- Каго мае трапiць правiца Гасподня, той ня ўхiлiцца ад яе, - пасьпешна запярэчыў манах, - а хто мае памiлаваным быць, той i будзе памiлаваны!

Януш i Прышынскi моўчкi перазiрнулiся, зьбiтыя з панталыку ўпартасьцю манаха. Зьнiзу йзноў даляцеў голас, але быў ён нецярплiвы й пагрозьлiвы:

- Што-ж, калi ня хочаце даць прытулак пакорнаму манаху й шляхотнаму паслушнiку, то мы пойдзем сабе. Але памятайце, панове, што, вярнуўшыся ў Кракаў, перадам падрабязна ўсё айцу Прыёру, а ён не прамiне далажыць апякуну нашаму, Яго Мосьцi Каралю!

Напамiн аб Ягайлу зрабiў сваю справу. Пан Януш яшчэ добра памятаў сваё апошняе спатканьне з Каралём, i таму, безнадзейна зiрнуўшы на Прышынскага, махнуў рукой вартавым.

Загрымелi ланцугi, зарыпела цяжкая брама, i манах з пакорлiвым выглядам, але ўпэўненым крокам уступiў у Камянецкiя муры. Яго вачам адчынiўся грозны малюнак: адразу супраць брамы, сажнях у дваццацi, разявiла хiжацкую пашчу вялiзарная гармата. Абапал яе высiўся высокi вал з сухога ламачча ў пярэмежку з кулямi саломы. Вал меў выгляд вялiзарнае падковы, сутыкаючайся сваiмi канцамi з мураванымi сьценамi замку. Наколькi было бачна за будынкамi, усюды маячылi шоламы й шчыты вояў.

- Госпадзi памiлуй! - ускрыкнуў устрывожаны, але не разгубiўшыся Францiшак. - Цi мо' й сапраўды чакаеце нападу апрышак? Уратуй нас, Божа, i памiлуй...

- Розна бывае, сьвентаблiвы ойча, - адказаў пан Януш. - Можа й прыйдзецца, пся маць, баранiцца, а можа й не...

Манаха й паслушнiка завялi ў вызначаны для iх пакой i недвухсэнсова далi зразумець, каб да ранiцы яны адтуль не вылазiлi. Але не такi быў "айцец Францыск", i не для таго сюды прыйшоў, каб сядзець склаўшы рукi ў задушным пакоi. Хуценька паклаўшы "паслушнiка" адпачываць, ён выйшаў на двор. Ужо сьцямнела. Там i сям палалi вогнiшчы, каля якiх папераменна грэлiся вартавыя.

Павольнай хадой, штось мармычучы сабе пад нос, Францiшак бадзяўся па цэламу Замку. Агледзеў усе будынкi, зазiрнуў у стайнi, некалькi разоў падняўся на муры. Углядаючыся ўпотай у глухую цемру прадзамкавых абшараў, прабаваў загутарыць з вартавымi гайдукамi. Стараўся даведацца ад iх, цi не пранюхалi ў Замку аб намерах Сыча. Але, як было вiдаць, яго ў гэтым выперадзiлi, i нi адзiн з гайдукоў не адказаў на ягоныя прывiтаньнi. Маўчалi.

Так i блукаў ён самотна й маўклiва ад сьцяны да сьцяны, ад будынка да будынка. Нiхто не рабiў яму перашкодаў. Толькi два мейсцы былi забароненыя, нават блiзка не падпусьцiлi: гармата й нiзкая шырокая вежа з вузкiмi й чорнымi шчылiнамi байнiц, - "Ваяводава вежа", як ахрысьцiў яе Францiшак. Некалькi разоў, i з розных бакоў, прабаваў ён як-бы выпадкова, наблiзiцца да яе, але кожны раз за дзясятак крокаў да страшнае вязьнiцы, упiраўся грудзьмi ў востры наканечнiк галябарды маўклiвага вартавога.

Варта вежы адрозьнiвалася ад усёй залогi Замку сваёй зброяй, вопраткай i нязломнай рашучасьцю. "Палякi Януша" - здагадаўся Францiшак, i разважлiва вырашыў пакiнуць свае спробы. Вярнуўся ў свой пакой i паспрабаваў спакойна абдумаць стварыўшаеся становiшча. Больш за ўсё непакоiла яго гармата...

Час няўмольна рухаўся. I чым глушэй рабiлася ноч, тым болей непакоiўся Францiшак, на свае ўласныя вочы пераканаўшыся ў сiле Камянецкае абароны. Каб ведаў Сыч... Страшна было й падумаць, што мелася неўзабаве стацца. Колькi крывi пральлецца ў гэтую цёмную непрыветную ноч, i цi хоць удасца вызвалiць Ваяводу?

Францiшак прысеў на край ложка, у ног безтурботна спаўшага "паслушнiка", i, абхапiўшы рукамi галаву, цяжка задумаўся. Думкi яго круцiлiся наўкола гарматы й вялiкага лiку ўзброенае залогi... Як абязьсiлiць iх?...

* * *

У вялiкай пахмурай залi, асьвечанай некалькiмi патрэскваючымi й моргаючымi сьвечкамi, за сталом сядзелi тры чалавекi. Нягледзячы на пост, на стале ляжыць вялiкае ўсмажанае парася, i стаяць напоўненыя вiном кубкi. На сьценах цьмяна паблiскваюць паразьвешаныя шчыты, шоламы, мячы, сякеры й розныя паляўнiчыя трафэi - скуры, рогi, iклы. Некалькi вялiкiх, апраўленых у пазалочаныя рамы малюнкаў, асьвяжаюць прыгожымi краявiдамi змрочную залю. З-за вокан даносяцца прыглушаныя перагукi варты. Чырвонымi ўздыхамi вогнiшчаў, час ад часу, успыхваюць вузкiя вокны-байнiцы.

Аддзiраючы рукамi кавалак парасяцiны й запiваючы яе вiном, субяседнiкi панура маўчаць. Чуваць толькi хруст касьцей на зубах ды гучнае чмяканьне. Дзесь пад падлогай папiсквае мыш...

Пан Прышынскi страшэнна незадаволены з усёй гэтай гiсторыi з Ваяводай: "Нашто было патрэбна яго выкрадаць? Гэта-ж простая дарожка на шыбенiцу... I якая нячыстая панесла пана Станiслава выбраць якраз Камянец? Мусiць, у Крэва не захацеў, баiцца..."

Гарднiчы Лазiнскi хмурыцца зь iншае прычыны. Яго непакоiць маўчаньне Нiкульскага з Турна. Абяцаў яшчэ ўчора прыехаць... Цi мо' здарылася што?

Пан Януш выцiрае жменяй тлушч на вуснах i доўгiм поглядам углядаецца ў задумлiвыя твары сваiх субяседнiкаў. Нэрвова выпiвае свой кубак. Яму не падабаецца iхны прыгнечаны настрой, толькi баязьлiвасьцю яго можна вытлумачыць. А баязьлiўцамi пан Януш пагарджае...

З надворку даносiцца ажыўлены людзкi гоман i крыкi...

У гэты момант у залю ўрываецца перастрашаны гайдук. Перавёўшы дух, ён крычыць:

- Апрышкi! Яснавельможны Пане, апрышкi!... Каля брамы!...

Пан Януш пасьпешна выпiвае яшчэ адзiн кубак вiна й, не зважаючы на сваiх субяседнiкаў, выбягае з-за стала, на хаду зашпiльваючы пас.

- Ва ймя Айца й Сына й Сьвятога Духа... - хрысьцiцца Прышынскi, пасьпяшаючы за iм усьлед. - Што-ж цяпер будзе? Цi адаб'ём? Госпадзе зьлiтуйся над намi... Заступi нас, Уладарка наша Беззаганная...

Лазiнскi не сьпяшаецца. Ён ведае, што пан Януш стане на чале залогi й абаронiць замак - гэта стары й дасьвечаны ваяка. Тут непакоiцца няма чаго. Але бывае рознае, i таму, у выпадку чаго, трэба будзе тое-сёе схаваць. Каб i сьледу не засталося... Злосна ўсьмiхнуўшыся, Лазiнскi памацаў свой кiнжал, i выйшаў празь iншыя дзьверы.

Хутка ён быў ужо каля прысадзiстае вежы. Польская варта не чынiла яму перашкодаў, i ён, амаль бязгучна, зьнiк у панурым скляпеньнi маўклiвай вязьнiцы...

Пан Януш узьбег па сходах на мур. Тут ужо тоўпiлiся гайдукi з заладаванымi самастрэламi й лукамi.

У нiзу, пад муром, на колькi было бачна празь цемру, варушылася людзкое мора, ашчацiненае дзiдамi, галябардамi й вiламi... Вiднелiся доўгiя драбiны й жордкi з гакамi. Там i сям палалi паходнi...

На чале ўсёй гэтай масы ўзброеных людзей, стаяў чалавек у рыцарскiм панцыры i зь сякерай у руках. Твару яго не было бачна, але Янушу здалося, што гэты чалавек усьмiхаецца - выклiкаюча й насьмешлiва.

Кроў ударыла ў твар старому ваяру, i ён гукнуў:

- Гэй, быдле, пся маць! Правальвайце прэч адсюль, пакуль не залiў вам пад скуру!

Пачуўся агульны рогат, а чалавек у панцыры прамовiў:

- Слухай, Януш зь Езёрска! I ты, Прышынскi! I ты, Лазiнскi! Зараз-жа адчыняйце браму й складайце зброю! Вас занадта мала, каб маглi супрацiвiцца мне! Падмогi не чакайце нi адкуль, бо ўсё сьпiць, а Турна спалена. Абяцаю захаваць вашае жыцьцё ўзамен на неадкладную здачу Замку, выдачу ўсiх палонных i ўплату лупу!

На мурох запанавала напружаная цiшыня, зь якой пачуўся голас Януша, насьмешлiвы й кплiвы:

- Зь кiм-жа гэта маю гонар гутарыць, пся маць? Хто гэты Яснавяльможны Пан, што загадвае мне скласьцi зброю, i абяцае падараваць мне жыцьцё, ня ўзяўшы мяне яшчэ ў палон?

- Я Сыч! - прагучэў кароткi адказ.

- Дык слухай, Сыч! Ты, правадыр рабаўнiкоў i забойцаў! Ты начны валацуга! Пятля ўжо даўно плача па тваёй паганай шыi... I нядоўга ўжо ёй засталося чакаць. Пачынай штурм, пся маць, калi чуесься ў сiлах, але ня думай, што ён табе ўдасца! Камянец не па тваiх зубах... Калi кажаш праўду пра Турна, то запамятай сабе, сабачая скура, што дорага за гэта заплацiш! Можаш сказаць мне, дзе зараз пан Нiкульскi?

44
{"b":"124333","o":1}