Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Тваю сабачую душу ў пекле чакае! - пачуўся выкрык з натоўпу апрышак. Пасьпяшацца загадваў!

Януш нiчога не адказаў i моўчкi махнуў рукой сваiм людзям. Стрэлы градам сыпанулi з абодвух бакоў. Пачулiся енкi й праклёны.

Сычаняты рынулiся на штурм. Замiльгалi даўжэзныя жордкi, зрываючы абаронцаў з муроў. Драбiны вырастаюць як з-пад зямлi й упiраюцца ў муры Замку. Хмары стрэлаў заганяюць абаронцаў пад абарону забарола. Гайдукi страляюць усё радзей i радзей, у скважнi немагчыма высунуцца...

Прабуджаны голасам ад сваiх думкаў, Францiшак пабудзiў Мiколку, i пацягнуў яго прэч з пакою, ня даўшы хлапчуку нават прачухацца.

На асьветленым вогнiшчамi падворку, ужо вiднелiся першыя забiтыя й параненыя. Стрэлы сычанятаў, пералятаючы цераз замкавыя муры, з гучным лопатам адляталi ад мураваных будынкаў.

Францiшак у першы момант разгубiўся. Ён, хоць i быў гатовы да штурму, аднак уяўляў яго сабе йначай. Падабраўшы крысы сваёй манашай расы, ён кiнуўся бегма да брамы, сам яшчэ ня ведаючы навошта. Па дарозе ён убачыў, што гайдукi засыпаюць порах у гармату. Тут-жа на посьцiлцы, ляжыць купа насечанага волава й пыжоў. Некалькi бачуркаў з порахам стаяць паводдаль. Ад папярэдняе разгубленасьцi не засталося й сьледу. Убачыўшы пана Януша, падбег да яго й, састроiўшы перастрашаны твар, залапатаў:

- Госпадзi Божа мой! Госпадзi Божа мой! Цi мо' канец сьвету настаў? Прэсьвятая Багародзiца, сыне мой, што-ж будзе? Не пускай iх, не пускай, харобры Рыцар!...

Януш усьмiхнуўся, i, каб супакоiць манаха, прамовiў:

- Ня бойся, сьвентаблiвы ойча. Нiчога страшнога няма! Апрышкi, гэта ня войска, яны й штурмуюць як апрышкi - з фронту, у лоб. А няма таго, каб з бакоў навалiцца. Зараз яны браму крышыць будуць, бервяно прывалаклi, а мы iх з гарматы й пачастуем. Ня бойся, ойча, а тады ў мячы возьмем.

Тут Францiшак прыкмецiў, што з усiх бакоў, ка завалу перад брамай, сьцякаюцца ўзброеныя людзi й шыкуюцца лавай. "З муроў паздымаў - здагадаўся ён, - напэўна, толькi варту пакiнуў, а рэшту сюды сьцягае. Усё лацьвей Кандрату й Кiрыму будзе".

23. БIТВА

Лёкка парыпваючы сьнегам, са рва вылезьлi дзьве постацi й, прыцiснуўшыся да муру, прыслухалiся. Вартавых не было чуваць...

Галас i грукат бойкi каля брамы даносiўся зусiм ясна. Выразна чулiся людзкiя галасы й звон зброi. Глуха бухала бервяно ў дубовую, акутую жалезам, браму. Лёкка шамацелi стрэлы, пралятаючы над галавой.

Кандрат падрыхтаваў лук i, задраўшы галаву, сачыў за прасьветамi скважняў.

Кiрым, адыйшоўшы некалькi крокаў назад, разматаў з пасу вяроўку й наматаў яе на локаць. Уважна абмацаў пятлю, i, пакруцiўшы ўвесь скрутак над галавой, зь сiлай пусьцiў яе ўгару. Вяроўка, як зьмяя, нячутна размотвалася ў паветры, другi канец яе быў моцна зацiснуты ў руцэ Кiрыма. Вось ён прысеў. Зьлёкку патузаў за вяроўку, зацягваючы мацней ухапiўшуюся за зубец забарола пятлю, i, вярнуўшыся да Кандрата, прашапацеў:

- Трымаецца...

- Ужо?

- Угу.

- Ну, то лезь... Можа, меч тут пакiнеш?

Кiрым адразу папляваў на далонi, моўчкi зацiснуў меч памiж ног i, як кот, палез уверх. Нi адзiн гук ня вырваўся з-пад ягоных спрытных рук i ног.

Кандрат, затаiўшы подых, чакаў.

Вось ужо няясны цень Кiрыма абазначыўся на гранi муру. Кандрат з палёккай перавёў дух...

I раптам, грукатаючы зброяй, паказаўся вартавы. Ён наблiжаўся павольнай хадой, часта спыняючыся й прыслухоўваючыся...

Лязгат зброi быў ужо зусiм блiзка.

Кандрат прыцiснуўся сьпiнай да муру й замёр, не адрываючы вачэй ад скурчыўшагася Кiрыма.

Вартавы памаленьку прайшоў мiма. Ён нiчога не заўважыў. Але як на лiха, спынiўся сажнях у чатырох ад Кiрыма, i, абапёршыся плячом аб забарола, стаў углядацца ў цемру, часта паварачваючы галаву ўбок брамы, адкуль даносiўся ўсё нарастаючы грукат.

Кiрым нерухома павiс на вяроўцы, баючыся варухнуць нават пальцам. Зараз ён усёй душой шкадаваў, што не пакiнуў меч унiзу, з Кандратам. Безь мяча было-б лацьвей перабрацца на мур i кiнжалам управiцца з вартавым. А так прыходзiцца бязьдзейна боўтацца ў паветры й чакаць. Рукi пачалi паступова замляваць... Кiрым адчуў, што зараз пачне зсоўвацца на нiз...

Ён напружыў мускулы, падцiснуўся трохi вышэй, i, зрабiўшы нялюдзкi высiлак, лёг чэравам на халоднае каменьне муру. Высокiя зубцы забарола засланялi яго цяпер ад вачэй гайдука. Хуценька разшпiлiўшы пас, Кiрым вызвалiўся ад грувасткага мяча, i асьцярожна паклаў яго побач сябе. Высмыкнуў з похвы кiнжал i ўзяў яго ў зубы. Падцягнуў ногi й, перакулiўшыся на бок, прысеў у скважнi. Цяпер адпачнуць i супакоiцца. Увесь час стрымлiваны подых разьпiраў грудзi. На вуснах выступiла соль. Шырока разтулiўшы вусны, але не выпускаючы кiнжалу з зубоў, Кiрым некалькi разоў глыбока ўздыхнуў...

Вартавы, нiчога не падазраючы, спакойна прыслухоўваўся да гукаў бою. Ён не заўважыў, як цёмны цень, сагнуўшыся, наблiжаўся з тылу.

З гарашчымi вачамi, як начны драпежнiк, Кiрым зрабiў апошнi скок i ўсадзiў кiнжал. Нават ня вохнуўшы, гайдук зь перарэзаным горлам, цяжка абвалiўся на рукi свайму забойцу.

Не губляючы час, Кiрым перавалiў вартавога праз скважню й, падхапiўшы яго за ногi, сапхнуў унiз з муру.

Глуха чмякнуўся труп за сьпiнай у Кандрата. Зьверху пачуўся ледзь чутны шопат:

- Хадзi, Кандрат, хутка...

Кандрат адразу-ж ухапiўся за вяроўку, i, з хуткасьцю, на якую дазваляў яго вялiзарны рост, узабраўся на мур.

Хутка зматалi вяроўку. Знайшлi прыступкi, вядучыя ўнiз i неўзабаве апынулiся з тылу панскага будынку. Адсюль да вежы рукой падаць...

Нецярпеньне так i падмывала Кiрыма, i толькi цяжкая рука Кандрата ўтрымала яго на мейсцы.

- Не сьпяшайся! Пасьпееш! - злосна прашапацеў ён. - Iх тут чатыры, а нас толькi двох.

Рослыя палякi, пiльнаваўшыя вежу, як i вартавы на муру перад гэтым, больш цiкавiлiся грукатам, даносячымся ад брамы, чым сваiм абавязкам. Яны раз за разам адбягалi ад свайго паста, каб зiрнуць на асьветлены вогнiшчамi пляц каля гарматы.

Раптам, у супрацьлежным канцу падворку, у стайнi, выбухнуў пажар. З гучным трэскам занялася саламяная страха. Гарачыя языкi полымя з глухiм сыканьнем аблiзвалi чорную глыбiню ночы. Слупы iскраў фантастычнымi фантанамi разсыпалiся высока над бушуючым агнём... З насьцеж разчыненай брамы, з клубамi дыму, выносiлiся звар'яцелыя ад страху конi, аглашаючы паветра дзiкiм iржаньнем. На адзiн момант, у дыму мiльгнула раса бэнэдыктынца. Ён заўзята размахваў сваiм доўгiм кiем...

- Францiшак! - прашапацеў Кандрат. - Конi ратуе...

Асьлепленая агнём i страхам, жывёла пачала кiдацца па падворку, зьнiшчаючы й калечачы ўсё жывое, што траплялася на шляху.

Некалькi коней, шалёным галёпам, несьлiся на вежу. Вартавы, каб унiкнуць конскiх капытоў, падаўся ў тыл i... трапiў у жалезныя абдымкi Кандрата. Не марудзячы, Кiрым перарэзаў горла й яму.

Цяпер, карыстаючыся зь перапалоху, можна было дзейнiчаць сьмялей. Абодва адразу кiнулiся шукаць вартаўнiкоў. Дваiх паклалi на мейсцы, а трэцяга абяззброiлi й прымусiлi грукаць у нiзкiя чорныя дзьверы вязьнiцы. Зь лязом кiнжала каля горла вартавы некалькi разоў паўтарыў умоўны стук. З-за дзьвяроў пачуўся гучны, але прыглушаны мурам, голас:

- Хто там?

Вартавы не адказаў, толькi злосна зiрнуў на Кандрата. Кiрым нацiснуў кiнжалам яму на горла й, рашучым рухам галавы, загадаў яму адказаць.

- Я! Збых! - прахрыпеў палонны. - Ад пана Януша...

Ад сярэдзiны загрымела засаўка.

Кандрат падрыхтаваў меч i стаў побач Збыха.

Цяжка й з рыпам падалiся дзьверы, i ў iх зьявiўся неймаверна вялiзны чалавек, голы да пасу. Ён засланiў сабою ўвесь праход i выставiў уперад руку з паходняй, каб асьветлiць прышэльцаў. Кандрат адразу, з усяе сiлы, парнуў яго ў чэрава. Чалавек iкнуў, выпусьцiў паходню ды з храпам абвалiўся на сьпiну.

Падхапiўшы паходню, Кандрат праскочыў у дзьверы, за iм Кiрым прапiхнуў палоннага й увайшоў сам. Хутка зачынiлi дзьверы на засаўку, скруцiлi паляку за сьпiнай рукi, i аглядзелi памяшканьне. У левым куту чарнела дзiрка з прыступкамi ўгору, у правым прыступкi вялi ўнiз. Кiрым адразу аглядзеў верх вежы й, не знайшоўшы там нiкога, вярнуўся да Кандрата.

45
{"b":"124333","o":1}