Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Васiль, пашто крыўдзiш? - ускрыкнуў абражаны вой. - Я не дзiцё...

- Як сабе хочаш, не сiлую. Для цябе лепей хацеў...

22. МАНАХ

Тры лёкка ўзброеныя чалавекi асьцярожна выпаўзьлi на ўскраiну лесу. Зусiм блiзка высiлiся сьцены Камянецкага Замку. У скважнях забарола, час ад часу, мiльгаў шолам вартавога. У касьцёле гудзелi званы.

- Дык глядзi, Кандраце! - прашапацеў Сыч. - Як толькi я пачну штурм брамы, ты зь Кiрымам перабiрайцеся праз мур. Вунь каля таго выступу. I адразу-ж шукай уваход у падзямельле, а Францiшак зачне пажар. Зразумеў?

- Угу! Толькi я ня надта веру, каб яны ўпусьцiлi ў Замак Францiшка.

- Не бядуй! Упусьцяць! Уважай толькi, каб у час знайшоў Ваяводу. I калi здарыцца нагода, той самай дарогай, што прыйшоў, i ўцякай, не чакай на нас. Бо ня веру я, каб мы маглi Камянец узяць. Занадта ён моцны!

Сонца наблiжалася к паўдню. Пашарэлы сьнег разтаў. Ялiны й сосны вышэй уздымалi свае лапчастыя галiны, вызваленыя ад сьнежнага цяжару. Пупышкi на бярэзiнах прыкметна набухлi, i, здавалася, вось-вось выпырснуць яскрава-зялёным уборам.

Трое назiральнiкаў асьцярожна адпаўзьлi назад у лес. Тут iх чакала купа людзей з асёдлымi коньмi, на адным зь якiх сядзеў пахмуры й перастрашаны чэляднiк з Турна.

Сыч, Кандрат i Кiрым адразу падыйшлi да яго.

- Слухай, старына! - запытаў Сыч. - Ты, напэўна, ня раз бываў у Камянцы?

- Бываў... Часамi прыходзiлася...

- Вось i добра! Дзе там вязьнiца?

Чэляднiк задумаўся, утаропiўшы вочы ў конскую грыву.

- Уважай, стары, без круцельства! - папярэдзiў Сыч. - Сам бачыш, якiя бярэзiны высозныя... Хаця да неба й не дасягаюць...

- Яснавельможны Пане, ня мне круцельствам займацца, застары ўжо, але ў галаву не вазьму, як вытлумачыць, дзе тыя лёхi. Каб хто з вас ведаў Замак...

- А ты ўважай, што мы ўсе ведаем, i разказвай, - падбадзёрыў Францiшак.

- Ну добра. Толькi тады, як што якое, на мяне не наракайце. Вось-жа, як увайсьцi ў падворак, дык па правай руцэ будзе панскi будынак. Разпазнаеце яго адразу, на два паверхi, i ганак такi шырозны са слупамi. Па левай руцэ каморы, грыднiцы, стайнi, адна да другой папрылепваны, але ня тут шукаць трэба. Як мiнуць панскi будынак, адразу-ж за iм, вiдаць вежу прысадкаватую. Яна зусiм нiзкая, нават на вежу не падобная, але мацнюшчая. Там i ў дзень, i ў ночы варта стаiць, i там-жа ўваход у падзямельлi. Але ня ведаю я, цi ваш Ваявода там, цi не.

- Колькi там вартавых? - пацiкавiўся Кандрат.

- Чатырох было знадворку, i двох унутрох...

- Добра, стары! Калi ўсю праўду разказаў, то ня толькi адпушчу цябе на волю, а й узнагароджу! - паабяцаў Сыч.

- Дзякую, Яснавельможны Пане! дзякую! Уважайце толькi, там каля тае вежы калодзезь ёсьць, бяз срубу. Людзi кажуць, што ў iм дна нямашака, i ўночы зь яго енкi пякельныя чуюцца...

Сыч махнуў рукой, i чэляднiка адразу-ж павялi ў глыб лесу, да галоўнага абозу. Дзесь зьнiк i Францiшак.

Кiрым прыкметна хваляваўся, баючыся, каб ня здарылася, як у Турна, i ўся выправа не пайшла на марна. Нават есьцi ня мог, i рашуча адмовiўся, калi яму запрапанавалi кавалак смажанай аленiны.

Раптам з-за дрэва зьявiўся малады, стрыжаны й круглатвары манах-бэнэдыктынец, а за iм прыгладжаны й прылiзаны падлетак-паслушнiк.

Кiрым, ад неспадзеўкi, аж адскочыў у тыл i схапiўся за кiнжал. Яго хуткiя вочкi пачалi хутка шукаць мiж дрэвамi - цi няма там захаванага войска. Але ўсё было спакойна. Устрывожыўся Кiрым таму, што такiх мнiхаў ён бачыў у Кракаве, у Славянскай Калегii[35], i ведаў, што яны карыстаюцца асаблiвай ласкай самаго Караля Ягайлы. Яго зьдзiўленьне яшчэ больш узрасло, калi Сыч падыйшоў да манаха й, ляснуўшы яму па плячу, жартаўлiва прамовiў:

- Ну, айцец Францыск, iдзi. Ды памалiся там за нас няверных.

- Яко-жэ й падабае, неразумныя вы авечкi. Уратован будзе, хто пакаецца, сьмiрэнна сьцьвердзiў манах, а паслушнiк разплыўся ў шырокай усьмешцы.

Кiрым ня верыў сваiм вачам i вушам. Голас манаха здаваўся да немагчымасьцi знаёмым, але твар зусiм чужы - тлусты й брыдкi.

Манах строга зiрнуў на паслушнiка й, даўшы яму па патылiцы, заўважыў:

- Прысьвяцiўшы сябе навуцы, сыне мой, непрыстойна ёсьць рагатаць з кожнай глупоты. Навука ня любiць жарту й пустотаў. Толькi стараньнем i павагай можна адчынiць дзьверы к таямнiцам веды й розуму!

Паслушнiк заўсьмiхаўся яшчэ шырэй, а Сыч дык аж ухапiўся за чэрава ад рогату:

- Ну й Францiшак! Сам сябе перавяршыў! А Даша - дык, напэўна, i не пазнала-бы, якраз як Кiрым. Ха-ха-ха...

- Францiшка... - працягнуў нерашуча Кiрым. - Айца Францыск...

Даўно ўжо так не рагаталi гэтыя суровыя людзi, якiх бязьлiтасны лёс павыганяў з родных хатаў, паадрываў ад родных i блiзкiх, ды кiнуў у жыцьцёвую завiруху, паставiўшы паза законам. Гучны рогат добрае сотнi людзей доўга яшчэ разносiўся па пушчы, разганяючы перапалоханую дзiчыну. А Францiшак стараўся. Стараўся з усiх сiлаў павесялiць сваiх добрых i адважных сяброў. У абед аж давiлiся ежай ад яго выбрыкаў. I па абедзе, цэлай зграяй бадзялiся за iм, выслухваючы яго казаньнi й павучэньнi...

Нарэшце дзень наблiзiўся к вечару. Сонца чырвонай куляй зблiжалася да небасхiлу. Сьнег пакрапчэў i пакрыўся тонкай ледзяной карой.

Каля брамы Камянецкага Замку спынiлiся два падарожнiкi - айцец Францыск i паслушнiк Мiкалай. Абодва, згодна з тагачасным звычаем, узброеныя лёккiмi мячамi й паляўнiчымi нажамi. У паслушнiка закiнуты за плечы лук i калчан са стрэламi. Манах упэўнена загрукаў у дубовую браму сваiм доўгiм завостраным кiем (якi ў выпадку патрэбы мог сысьцi й за дзiду).

Нiхто не адгукнуўся.

Манах загрукаў настойлiвей.

Тады, зьверху, з муру, пачуўся грубы й злосны вокрык:

- Чаго там грукаеш? Прэч адсюль! Нiкога не дазволена ўпускаць!

- "Пастукайце, i адчыняць вам", кажа Сьвятое Пiсьмо, - запярэчыў сурова манах. - А яко-жэ й вы ёсьць верныя Хрысьцiяне, то ня можаце працiвiцца законам Гасподнiм!

Гайдук аж разгубiўся ад такога моцнага доваду, i некаторы час моўчкi прыглядаўся прышэльцам. Потым, схамянуўшыся, прамовiў, але ўжо ня так груба й злосна:

- Слухай, ойча. Кажу табе, што нiкога не дазволена ўпускаць, ды яшчэ пад вечар...

- А ты йдзi й спытайся дазволу, а за тое памяну цябе ў модлах сваiх. Iдзi-ж, не марудзь!

Гайдук нерашуча патаптаўся на мейсцы, але, падбадзёраны ўпартасьцю манаха, усё-ж адправiўся шукаць Гараднiчага, цi каго-небудзь са шляхты.

Уплыло нямала часу. Манах i паслушнiк пачалi мерзнуць. Мароз пашчыпваў шчокi й нос. Аж нарэшце на муры зьявiўся пан Прышынскi - уласьнiк Замку, i пан Януш зь Езёрска. Абодва дапытлiва аглядзелi падарожнiкаў, не парпусьцiўшы нi адной драбнiцы ў iхнай вопратцы.

- Што хочаш, сьвентаблiвы ойча? - неўзабаве пачцiва гукнуў пан Януш, не жадаючы наклiкаць на сябе няласку бэнэдыктынца.

- Нiчога ня хочу й нiчога не прашу. Адчынiце толькi браму й пусьцiце пераначаваць.

Прышынскi й Януш, прыцiшыўшы галасы, доўга радзiлiся мiж сабой - што рабiць? Потым Януш запытаў:

- А цi не пайшоў-бы ты, ойча, у вёску? Тут недалёка... А?

- Як у вёску? - абурыўся манах. - Як я бачу, сыне мой, ты не далёка ад загубы, i вуснамi тваiмi прамаўляюць сiлы апякельныя. Iбо, як кажа Сьвятое Пiсьмо: "Нечэсьцiе тваё настроiла гэтак вусны твае, i ты выбраў мову Нячыстага".

- Чаму-ж так, ойча? - спалохаўся пан Януш. - Я-ж нiчога злога не сказаў, i ня скрыўдзiў цябе. Нашто вiнавацiш мяне так моцна?

- Ня я кажу, Сьвятое Пiсьмо кажа: "Цябе вiнавацяць вусны твае, а ня я, i твой язык гаворыць супраць цябе". Ты-ж пасылаеш мяне ў вёску начаваць, а не падумаў аб тым, што ў той самай вёсцы няверныя пагане жывуць. Беражыся, слабаверны! Бо ад гневу Божага нiдзе не схаваесься, нi ў полi, нi ў лесе, нi ў хаце, нi ў Замку мураваным. Як прарок Iсая кажа: "Iбо ад гласу Гасподня скалатнецца Ассур, жэзлам паражаны".

Пан Януш сапраўды перастрашыўся, але ўпускаць манаха ўсё-ж не хацелася. На падтрымку прыйшоў пан Прышынскi, якi, хоць i сам дрыжэў ад страхотных слоў манаха, аднак прамовiў, прабуючы апошнi сродак:

43
{"b":"124333","o":1}