Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Князь Скiрвойлле быў задаволены. Крыжакi - вар'яцелi ад злосьцi. У пагоню накiравалi славутага Рыцара Дiннальда фон Кiкерытц. Варкула ведаў гэтага ваяўнiка, i ўсiмi сiламi ймкнуўся пазьбегнуць зь iм сустрэчы. Не таму, што баяўся, а таму, што для такога спатканьня трэба мець вышкаленую дружыну, а не натоўп азьвярэлых сялянаў. Дзякуючы прыхiльнасьцi насельнiцтва, яму гэта з посьпехам удавалася, i фон Кiркерытц, хаця й iшоў па сьлядах, заўсёды быў адстаўшы на цэлы дзень.

Прытаiўшыся ў лесе, як хiжак, пiльнуючы здабычу, Варкула чакаў на праезд крыжацкага аддзелу, якi накiроўваўся да гранiцы. Дазорцы данесьлi, што аддзел мае быць не вялiкi, але багаты. I Варкула рашыў не прапусьцiць яго.

Разьдзялiўшы свой аддзел на две часткi, ён абсадзiў iмi прыдарожны лес, а сам з двумя тузiнамi коньнiкаў захаваўся, да часу, у кустах - так, каб магчыма было замкнуць дарогу сьпераду.

Чакаць прыйшлося ня доўга. Здалёк, у марозным паветры, пачулася бразганьне зброi, фырканьне коней, крыкi вожчыкаў ды скрып вазоў i саней.

Варкула са сваiмi коньнiкамi выехаў на дарогу й моўчкi стаў чакаць наблiжэньня Крыжакоў.

Галава калёны паказалася з-за павароту, сажнях у трыццацi ад Варкулы. Пярэднi Рыцар, у белым плашчы са львом на шоламе, адразу спынiў каня й махнуў рукой збраяносцу. Той пасьпешна падаў яму дзiду й шчыт.

Не чакаючы, пакуль немцы вышыкуюцца ў баявы парадак, Варкула пахiлiў сваю дзiду й, прарэзьлiва сьвiснуўшы, кiнуўся ўперад. Адразу-ж сотнi стрэлаў выляцелi з кустоў, разячы непадрыхтаванага непрыяцеля. Пасьля першага залпу лiк немцаў зьменшыўся амаль а палову. Але ўжо другi залп сустрэў шчыльную сьцяну самкнутых шчытоў, i не прынёс нiякай шкоды. Немцы сталi простакутнiкам - у першых шэрагах капейшчыкi, прытулiўшы шчыт да шчыта, а ў сярэдзiне стаўпiлiся лучнiкi, утварыўшы сваiмi шчытамi жалезную страху.

Наладаваныя вазы й санi засталiся безабаронныя й адразу-ж дасталiся Варкулавым людзям, ды былi адцягнутыя крыху ў тыл, каб не перашкаджалi.

Сам Варкула з разгону наскочыў на пярэдняга рыцара, стараючыся зьбiць яго дзiдай. Аднак немец, у апошнi момант, спрытна ўхiлiўся, i дзiда, шкрабнуўшы па шчыту, прайшла мiма. Затое дзiда немца, глуха трэснуўшы, напаткала Варкулаў нагруднiк i разьляцелася на кавалкi, пакiнуўшы па сабе глыбокую ўвагнутасьць. Удар быў страшны, i Варкула ледзь утрымаўся ў сядле. Сагнуты нагруднiк перашкаджаў дыхаць. Сашчапiўшы зубы, ён выхапiў сякеру й на мейсцы завярнуў каня, каб даганяць немца. Аднак Рыцара нiдзе не было вiдаць. "Уйшоў!" мiльгнула ў галаве думка, але тут-жа ўбачыў на сьнягу, мiж сваiмi скочучымi коньнiкамi, расьсечаны на двое й акрываўлены шолам са львом на шышаку...

Жамойты, тым часам, валам населi на жалезны чатырохкутнiк ашчацiнены дзiдамi. Дарога й прыдарожны лес аж роiлiся ад масы людзей, барадатых i жудасных, апранутых у аўчыныя кажухi воўнаю навонкi, воўчыя й мядзьведжыя скуры, кальчугi, панцыры, саматканыя сьвiткi, празь якiя сьвяцiлася голае цела.

У сярэдзiне гэтай людзкой кашы вылучаўся белы чатырохкутнiк, роўны й непахiсны.

Хваля Жамойтаў, размахваючы мячамi, вiламi, косамi, сякерамi, з гучнымi крыкамi рынулася на сьцяну шчытоў. Немцы, як на вучэньнi, спакойна й не сьпяшаючыся падаюць дзiды ўперад, i людзкая хваля, зь енкамi й праклёнамi, адкатваецца назад, пакiдаючы раненых i забiтых.

З падвоенай заўзятасьцю кiдаюцца Жамойты ў другую атаку, i йзноў адкатываюцца.

Варкула з трывогай назiрае за няўдалымi наскокамi. Гульня прыймае непажаданы кiрунак. З-за самкнутых шчытоў даносiцца зьедлiвы, падражняючы рогат. Разьюшаныя Жамойты рыхтуюцца да трэцяй атакi. Як галодныя ваўкi, яны не жадаюць упусьцiць абложаную ахвяру. Але, яшчэ дзьве цi тры такiх атакi, i немцы перамогуць...

Раптам Варкулу прыходзiць блiскавiчная думка.

- Стой! - раве ён з усiх сiлаў, заглушаючы голас бойкi. - Стой! Давай вазы наперад!

Думка Варкулы падхоплiваецца, i купа людзей кiдаецца да абозу. Мiгам пастромкi перасечаныя, i, набiраючы хуткасьць, два цяжкiя фургоны з грукатам коцяцца па дарозе.

Варкула ўсьмiхаецца.

Мiж немцамi прыкметна замяшаньне. Але нейкi голас камандуе, i самкнутыя шчыты трохi разступаюцца. Зпамiж iх вылятаюць, адзiн за другiм, роi стрэлаў, бязьлiтасна разячы не прыкрытых бранёй напасьнiкаў. Каля вазоў застаецца ўсё меней i меней папiхачоў, i iхны бег робiцца павальнейшым...

- Лучнiкi! Бi!... - крычыць, размахваючы сякерай i, павярнуўшыся да вазоў. - Ходу! Ходу!

Жамойцкiя стрэлы прымушаюць Крыжакоў шчыльней стулiць шчыты. Каля вазоў зьяўляюцца новыя папiхачы... I са страшным грукатам, пакрытым пераможнымi крыкамi, самадумныя тараны ўрэзваюцца ў гушчу жалезнага чатырохкутнiка. Адразу-ж у праломы кiдаюцца Варкула й яго коньнiкi.

Немцы ў панiцы шарахаюцца ў розныя бакi. Уцечкай шукаюць паратунку. Але ратунку няма. Разьюшаныя Жамойты купай навальваюцца на разьбягаючагася ворага. У паветры выблiсквае зброя, разпырскваючы наўкола буйныя кроплi гарачай крывi. Немцаў бьюць, рэжуць, сякуць, коляць. Раненыя ловяць адбiваючыхся Крыжакоў за плашчы, за ногi, стараючыся хоць зубамi ўпiцца ў зьнявiднага ворага, i гэтым спагнаць сваю гадамi накiпеўшую крыўду.

Варкула выяжджае з пабоiшча на адкрытае мейсца ды з радасным запоем назiрае сваiх разьюшаных вояў, зь невымернай жорсткасьцю дабiваючых ацалелых дасюль Крыжакоў. Жудасная, нестрыманая нянавiсьць так i пырскае зь блiскучых, налiўшыхся крывёю, вачэй. Людзi азьвярэлi, дабiваюць нават параненых, i нiякая сiла ня ў стане ўстрымаць iх ад гэтага. Ды Варкула й ня думае ўстрымлiваць, хай сабе спаганяюць усе крыўды, абразы й зьдзекi. Ён i сам ня супраць раскраiць яшчэ адзiн-другi чэрап, але, на жаль, няма каму... Рука зь цяжкай акрываўленай сякерай безуладна спачывае на грыве каня, з прыемнай млосьцю адчуваючы адпачынак. Сякера памаленьку паруе, абмярзаючы чырвоным лядком...

I раптам разносiцца трывожны крык:

- Немцы!... Немцы!...

Прыемнай, салодкай задумлiвасьцi як i не было. Мускулы налiваюцца сiлай i запалам...

Акiнуўшы паглядам мясцовасьць, Варкула бачыць, як насоўваецца грозная лавiна конных немцаў, лiчбова пераважаючая ягоныя сiлы.

Уперадзе, падняўшы забрала, скача сам Дiннальд фон Кiкерытц. Ён горда адкiнуўся ў сядле i нiбы не сьпяшаецца.

Бешаная ненавiсьць захлiствае душу Варкулы.

- Пяру-у-ун! - крычыць ён, даючы шпорамi каню. - Да зброi!... За мной! - I як вецер нясецца насустрач белым плашчам.

Лiтоўскiя коньнiкi не адстаюць ад савйго Гараднiчага. Першыя Жамойты кiдаюцца ўсьлед, на хаду страляючы з лукаў i самастрэлаў.

Стрэлы хмарамi нясуцца ў ворага, вырываючы зь яго стройных шэрагаў лiчныя ахвяры людзьмi й конямi.

З грукатам i енкам вылятаюць Крыжакi зь сёдлаў. Раненыя конi, з прарэзьлiвым iржаньнем, шалёна кiдаюцца ў бакi.

Не спадзяючыся сустрэць такi заўзяты адпор, Крыжакi зьмешваюцца. Некаторыя стрымваюць конi, гатовыя пусьцiцца наўцёкi...

Аднак, фон Кiкерытц не разгубiўся, бачачы настрой сваiх вояў - спакойна павярнуўся да iх тварам i, не апускаючы забрала, крыкнуў:

- Гот мiт унс! Форвэртс![33]

Падбадзёраныя прыкладам i самаапанаваньнем свайго кiраўнiка, немцы ачулiся. Нават самыя баязьлiвыя набралiся духу.

Дзьве варожыя сiлы, поўныя рашучасьцi, зьблiзiлiся, гатовыя счапiцца ў сьмяротнай схватцы...

Варкула, з разгону секануўшы па шчыту Кiкерытца, урэзаўся ў сярэдзiну атакуючай калёны. Сякучы зь пляча направа й налева, ён пракладае шырокую дарогу ў варожых шэрагах. Тое самае робiць i фон Кiкерытц, уварваўшыся ў масу Жамойтаў. Коньнiкi Варкулы малоцяць мячамi й сякерамi, як цапамi на таку, зьбiраючы багаты ўмалот. Сам Гараднiчы, як чорт, круцiцца ў сярэдзiне варожай коньнiцы, безьперапынна наносячы павышчэрблiванай сякерай сьмяротныя ўдары. Пешыя Жамойты зьмяшалiся з коннымi крыжакамi...

Бойка ў разгары. Акрываўленыя вiлы i косы, раз за разам, выкiдаюць зь сядла панцырных коньнiкаў. Мячы й сякеры, са сьвiстам i грукатам, абрушваюцца на галовы ашалелых людзей.

41
{"b":"124333","o":1}