Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Гэта мне адважны наш госьць Кадрат Тур разпавёў. А ты мне зараз разкажы, што прывяло цябе й тваiх сяброў сюды пад Турна? Кандрат кажа, што лепей разкажаш, таму сам не захацеў, - незнаёмец узяў Кiрыма за руку вышэй локця й павёў к верхняму канцу стала, дзе яму ўжо падрыхтавалi мейсца побач Кандрата.

Седзячы ўжо за сталом i павядаючы незнаёмцу сваю сумную гiсторыю, Кiрым уважна прыглядаўся да балюючых людзей. Была тут i жанчына - маладая, зграбная й прыгожая. Тонкая кальчуга, з шырокiм сталёвым нашыйнiкам i чаканнымi высокiмi бранзалетамi, хвацкi аблягала яе стан i дадавала ёй хараства й чару.

- "Аднак Марыля прыгажэйшая! - падумаў Кiрым, не перарываючы апавяданьня.

Сабраныя слухалi моўчкi, адставiўшы на бок кубкi. Вочы незнаёмца запалалi ненавiсьцю, i, калi Кiрым скончыў, у насталай цiшы пачуўся яго голас:

- Гэтак яны абыходзяцца зь людзьмi Вялiкага Гаспадара Лiтоўскага! Няма канцу iх нахабству й подласьцi! Схапiць на дарозе пасланьнiка, недатыкальнасьць якога шануюць нават апрышкi. Сьмерць падпанкам! Сьмерць крыўдзiцелям Белай Русi!

- Сьме-е-ерць! - загрымела на залi.

Кандрат раскрыў рот, ня верачы сваiм вушам. Незнаёмец гэта заўважыў i, павярнуўшыся да яго, прамовiў:

- Так, Кандраце! Не дзiвуйся! Там, дзе я прайшоў, там няма ўжо паноў i падпанкаў. Кроў i попел засталiся на iхным мейсцы. А сумленны люд Лiтоўскi дабраслаўленьнi ўдзячнасьцi пасылае мне ўздагон. Люблю я свой Край! Люблю Народ наш i звычай! Сам нацярпеўся крыўды ад прысьпешнiкаў Ягайлавых i ведаю, што й людзi церпяць. Няма iншага ратунку, як за зброю ўзяцца. Сёньня ты бачыў, Кандраце, як разьлiчылiся мы з адным з гэтых душагубаў. Хай цяпер Нiкульскi падрыгае нагамi на сваiм собскiм частаколе. Бачыў ты, колькi людзей непавiнных марыў ён у лёхах? Дык вось-жа, запамятай, што людзей я не рабую! Людзям я дапамагаю. I будзь пэўны, што нездарма зьвёў нас лёс! Не абыйшлося тут без рукi Ўсемагутнага! Такая была Яго воля, i да будзе так! Я прысягаю, на прах маёй сям'i, што калi Ваявода Фёдар з Грозава жывы, я яго вызвалю! Тут у Турна яго няма, але мы зараз даведаемся, дзе ён. Францiшак, iдзi прывядзi таго старога халуя!

Малады вой, сядзеўшы побач жанчыны, устаў i пасьпешна выйшаў. Вярнуўся ён хутка, вядучы перад сабою перастрашанага й ледзь дыхаючага чэляднiка.

Карыстаючы з таго, што агульная ўвага зьвярнулася на палоннага, Кандрат нахiлiўся да Кiрыма й прашапацеў яму на вуха:

- Ведаеш, хто гэта такi? - указаў ён на незнаёмца. - Гэта сам Сыч!

Кiрым толькi прыцмокнуў губамi й шырака разчынiў вочы.

Чэляднiк, разпазнаўшы ў Сычу атамана, бухнуўся перад iм на каленi:

- Яснавяльможны Пане! Зьлiтуйся... Пашкадуй старога, успомнi бацьку свайго, матку... Дзеля iх пашкадуй...

- Ня руш! - закрычаў не сваiм голасам Сыч. - Ня руш маiх бацькоў, подлы сабака! Не на тое я цябе ад шыбенiцы ўратаваў, каб ты памяць маiх бацькоў, Царства iм нябеснае, паскудзiў. Ня гэтага я ад цябе хачу! - Сыч увесь дрыжэў ад гневу й ненавiсьцi. Здавалася, што вось-вось ён кiнецца на палоннага й задушыць яго сваiмi рукамi.

Кiрым i Кандрат са страхам назiралi гэтую сцэну, не адважваючыся прамовiць слова. Надта шмат яны чулi аб злачынствах i жорсткасьцi апрышак.

Палонны скурчыўся й, баючыся зiрнуць на Сыча, прашапацеў:

- Яснавяльможны Пане, пашкадуй... Прабач... Не губi...

Сыч усьмiхнуўся той усьмешкаю, ад якой кроў застывае ў жылах i дрыжаць каленi. Абцiнаючы словы й часта пераводзячы дух, ён загутарыў:

- Прабачэньня просiш!... Лiтасьцi!... А цi прабачваў ты? Цi быў лiтасьцiвы?... Га? Цi заслужыў ты на лiтасьць?...

- Не губi... - прастагнаў чэляднiк. - Стары я ўжо, грахоў шмат маю... Адпусьцi на пакаяньне...

- Адпусьцiць? Магу й адпусьцiць! - Сыч трохi памаўчаў i абвёў вачамi прысутных. - Але на тое маеш заслужыць!

- Кажы сваю волю, Яснавяльможны Пане! Накладай пакуту самую цяжэйшую... З уцехаю прыйму яе й да канца вытрымаю...

- Не патрэбна мне твая пакута! - перабiў Сыч. - Службу мусiш мне саслужыць. I калi сумленны будзеш, адпушчу.

- Кажы, Яснавяльможны Пане. Кажы... Усё зраблю!

- Добра! Але памятай, ад цябе самога залежыцць лёс твой! Дзе Ваявода Фёдар з Грозава?

Палонны здрыгануўся й нiчога не адказаў.

- Ага! Ня хочаш казаць? Ну што-ж...

- Але-ж тады пан Станiслаў... - узмалiўся чэляднiк.

- Ня хочаш? Як сабе хочаш!... Францiшак, Цiмох, цягнiце яго на частакол. Дзесь паблiзу Нiкольскага... Каб у пекле адзiн другога доўга не шукалi.

- Правiдлова! - пагадзiўся Францiшак i, ухапiўшы палоннага за каўнер, дадаў. - Назваўся баравiком, лезь у кошык.

- Не, не! - прастагнаў чэляднiк. - Разкажу... Усё разкажу.

- Дзе ён? Цi жывы?

- Жывы... У Камянецкiм Замку...

- Якая там залога? Хто на чале яе?

- Залога вялiкая... Сотня гайдукоў, два тузiны польскiх вояў, ды два тузiны чэлядзi. На чале стаiць польскi Рыцар, пан Януш зь Езёрска, а пры iм двух шляхцiцаў: пан Прушынскi - уласьнiк Камянца, i пан Лазiнскi - Гараднiчы. Ксёндз Камянецкi таксама мяча не цураецца...

- Гэта ўсё? Уважай, стары, калi што-небудзь утоiш, то не абмiнуць табе шыбенiцы. Праўду кажы!

- Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься! - дадаў Францiшак.

- Гэта ўсё, Яснавяльможны Пане, што да Замку. Але пан Лазiнскi з апрышкамi хеўру водзiць. Толькi няма iх зараз каля Камянца. Баяцца Берасьцейскiх разьездаў, пайшлi недзе.

- Хто водзiць iх? - пацiкавiўся Сыч.

- Не прыпомню напэўна, Яснавяльможны Пане, але, здаецца, нейкi Скрабель, цi Скабей. Людзi кажуць, што ён раней Войтам быў, пасаваны...

- А цi бачыў гэты Скабель Ваяводу? - умяшаўся ўстрывожаны Кандрат.

- Кажуць, бачыў. Забiць хацеў, але пан Януш не дапусьцiў...

- А ты, што? - павярнуўся да Кандрата Сыч. - Ведаеш гэтага Скабеля? Хто ён такi?

- Былы Войт зь Вялiкiх Лукаў. У Полацку, на паядынку, Ваявода Фёдар перамог яго. З тых пор, напэўна, i злосьць затаiў, а зараз спагнаць хацеў. Ох, баюся я за Ваяводу, страшны гэта вораг...

Сыч задумаўся, а потым, зьвярнуўшыся к палоннаму, запытаў:

- Хто такi гэты Станiслаў, што ты так баiсься яго?

- Ваявода з Крэва...

- Дзе ён зараз? У Камянцы?

- Я ня ведаю, дзе ён, але людзi кажуць, што ў Слуцку паранены ляжыць. Напаў нехта на яго па дарозе й цяжка паранiў.

- Ну добра, старына, iдзi адпачывай! А ты, Францiшак, дагледзь каб ён спаў спакойна й не шукаў iншага памяшканьня!...

Палоннага вывялi. Сыч доўга сядзеў, задумаўшыся, штось абмяркоўваючы. Потым, зiрнуўшы на Кандрата, прамовiў:

- Камянец... Моцны гэта гарэх, але паспрабуем перагрызьцi й яго! Правым Бог дапамагае!

За вокнамi пачалi блякнуць зоркi. Разьвiднялася.

20. ВАРКУЛА БЯЛЕЦКI

З наблiжэньнем вясны ў паветры адчувалася напружаньне. Уся Жамойць i памежжа Лiтвы сьпешна рыхтавалiся да навальнiцы. Князь Скiрвойлле дзень i ноч узбройваў сваiх Жамойтаў. Зь Лiтвы, ад Вiтаўта, цягнулiся доўгiя абозы са зброяй, ежай, вопраткай. З Трокаў у Жамойць i назад безьперапынным ланцугом скакалi ганцы. Наблiжалiся вялiкiя падзеi.

У народзе пайшлi чуткi: летам пачнецца вялiкая вайна.

У Лiтву зьяжджалiся масы Рыцараў - мазурскiх, польскiх, чэскiх.

Напружаньне моманту адчувалi й Крыжакi. Нямецкiя залогi ў Замках заходняй Жамойцi падвоiлiся й патроiлiся. Дарогi аж роiлiся ад конных i пешых разьездаў i патрулёў. Падуладныя Ордэну вёскi стагналi пад цiскам няўмольнага жалезнага бота. Падаткi неймаверна павялiчылiся. На абаронныя работы выганялiся цэлыя вёскi, бяз розьнiцы веку й полу. Жамойты пачалi наракаць. Незадаволеныя каралiся на мейсцы, жорстка й бязьлiтасна. Шыбенiцы расьлi як грыбы пасьля дажджу. Але незадавальненьне расло й шырылася. Першапачатковы, ледзь чутны, лепет пратэсту ператварыўся ў грозны, сатрасаючы рокат. Мужчынскае насельнiцтва патаемна рыхтавала зброю й падавалася ў лес. Жанчыны, дзецi й старыя ўцякалi пад Коўна, да Князя Скiрвойлле...

Стомлены папярэднiмi прыгодамi й баямi, Варкула выходзiў з Прусаў. Аднак не ўпускаў спрыяльнае нагоды ўдарыць па Крыжаках. Невялiчкi спачатку, яго аддзел узрос да некалькiх сотняў, папоўнены незадаволенымi Жамойтамi. Сьлядоў Праклоша знайсьцi не ўдалося, i Варкула злаваўся ўсё болей i болей. З шалёнай ненавiсьцю налятаў ён на невялiкiя ўмацаваньнi, вынiшчаючы ўсё, што падварочвалася пад руку. Палонных ня браў - Рыцар, наёмнiк, служка - усё, што лучылася з Ордэнам, гiнула пад яго цяжкой рукой.

40
{"b":"124333","o":1}