Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Аднак дабегчы ўжо ня змог. Уцэлены трэцяй стралой проста ў грудзi, ён з жаласным енкам звалiўся на бок.

Падасьпелыя коньнiкi, пераканаўшыся, што мядзьведзь пакананы, кiнулiся да разпасьцёртага на сьнягу воя. Спрытна саскочыўшы зь сёдлаў, хутка прынялiся нацiраць яму твар сьнегам.

Рынгайла, прыкмецiўшы сьцяжкi на дзiдах навапрыбылых, мiмаволi ўхапiлася за грудзi. Трывожная насалода хваляй падступiла да горла, сьцiснула яго й не давала перавесьцi дух. Не адрываючы рукi ад моцна б'ючагася сэрца, Княжна хутка падыйшла да непрытомнага. Людзей гэтых яна ня ведала, але падсьвядома здагадвалася хто яны, i ад каго прыехалi...

- Кандрат! - гукнуў у роспачы адзiн з вояў. - Цi жывы ты?

- А ты не галасi! - заўважыў другi, адвязваючы безпрытомнаму каўнер кальчугi. - Увапхнi яму лепей сьнег у рот! Можа тады й ачуняе... Не памёр-жа ён сапраўды?...

Усё гэта Рынгайла назiрала моўчкi, увесь час пераводзячы вочы на вострыя наканечнiкi дзiдаў, са сьцяжкамi Княства Слуцкага.

У гэты час падбеглi ўзброеныя людзi, хто з сякераю, хто з рагацiнаю, а хто й з вывернутай аглобляю. Iх прывялi перапалоханыя чэляднiцы.

Па загаду Рынгайлы, безпрытомнага Кандрата паднялi й панесьлi на паляну, адкуль даносiлiся прызыўныя гукi ражкоў, спавяшчаючыя канец паляваньня.

Кандрата паднесьлi проста да Вiтаўта, i асьцярожна апусьцiлi на пакрытыя кажухамi санi.

- Хто гэта? - зьдзiвiўся Гаспадар, зь цiкавасьцю ўглядаючыся ў незнаёмы твар.

- Да Вашай Высокасьцi ганец ад Ваяводы Грозаўскага... З Кракава, выступiў уперад адзiн са спадарожнiкаў Кандрата.

- Ганец ад Фёдара?... А што зь iм?

- Гэта я раскажу! - прамовiла Рынгайла, i падрабязна выклала слухачом аб здарэньнi з рысям ды мядзьведзем.

Граф дэ ля Шэр старанна перакладаў чужаземцам яе апавяданьне.

Усе, за выключэньнем Варкулы, слухалi, затаiўшы подых. Учынак Гараднiчага з рысьсю выклiкаў агульны рогат, а адвага ганца - пашану, i нават зайздрасьць.

Бедны Олiвер праклiнаў у душы й сябе, i сваю долю - за тое, што мiнуў такi зручны момант услужыць Княжне й, выратаваўшы ёй жыцьцё, дабiцца яе прыязьнi.

У канцы апавяданьня Кандрат глыбака ўздахнуў i сеў. Абхапiўшы галаву рукамi, ён абвёў блукаючым паглядам натоўп, сабраны каля саней, i зь лёккiм енкам iзноў павалiўся на сьпiну.

Некаторы час навокал панавала цiша. Паступова, на белых шчаках Кандрата зьявiўся слабы румянец. Ён iзноў адплюшчыў вочы й, угледзеўшы ўзброеных людзей, цiха, але ўстрывожана запытаў:

- Княжна?... Цi ўратавалi Княжну?...

- Бачце-ка! - усьмiхнуўся Вiтаўт. - Стары, сiвы, як голуб, а туды-ж. Нават не пасьпеў прачухацца... Першая думка аб Княжне! Шчасьце маё, што Яроша тут няма, той-бы адразу за сякеру...

Затое Рынгайла аднеслася йнакш. Схiлiўшыся над Кандратам i прыкрываючы яго кажухом, ласкава прамовiла:

- Уратавалi. Уратавалi... I толькi дзякуючы табе, адважны ганец. Ляжы цяпер - адпачывай...

Супакоены Кандрат заварушыўся й, раптам пазнаўшы Вiтаўта, iрвануўся ўстаць, але бязьсiльна абвалiўся йзноў.

- Прабачэньня, Ваша Высокасьць... не магу... Ад Фёдара, Ваяводы Грозаўскага, з Кракава...

- Пачакай! - перабiў Вiтаўт. - Адпачывай зараз! Ня час i ня мейсца тут ганцоў выслухваць... Хiба, можа нешта сьпешнае?

- Не, Ваша Высокасьць, сьпешнага нiчога няма...

- Ну дык, як у Замак вернемся, тады дакладзеш! Кандратам завесься?

- Так, Ваша Высокасьць... Кандрат Тур...

- Добра!

* * *

Па дарозе к Замку, у санi да Кандрата падсеў адзiн з чэляднiкаў Вiтаўта, i ад няма-чаго-рабiць падрабязна разказваў прабег паляваньня. Старанна апiсаў усе драбнiцы, не забываючыся ўспомнiць i пра сябе.

Пачынала цямнець. Шэры змрок густой заслонай ахутаў пушчу. У чорным бяздоньнi неба заiскрылiся зоркi. На небасхiле, апiсваючы дугу, скацiлася яскравае сьвятло.

- Глянь-ка, добры чалавек, - перарваў сваё апавяданьне чэляднiк. - Цi-то душа чыясь вандруе, цi мо', проста чараўнiца з паходняй кудысь выбралася? Як ты скажаш?

- А хто-ж яго ведае... - буркнуў нехаце Кандрат. - Толькi мне здаецца, што чараўнiкi й без паходняў ночай бачаць.

- Чараўнiкi бачаць! - умяшаўся, маўчаўшы дагэтуль, вожчык. - Але не чараўнiцы!

- Як гэта? Якая-ж розьнiца? - зацiкавiўся Кандрат.

- А такая, - вытлумачыў вожчык, - што чараўнiк сваю душу самаму Д'яблу прадаў, ня к ночы кажучы. А той i ўпадобiў яго да сябе, i зручнасьць такую даў, каб ночай бачыць. А з кабетаю дык iнакш, бо каму яе душа патрэбна?...

- Ды яшчэ цi мае кабета душу, - дадаў чэляднiк. - У Пiсаньнi нiдзе таго не сказана!

- I я так кажу, - працягваў вожчык. - Каму яе душа патрэбна, хоць-бы й мела яна яе? Дык нячысьцiк ёй зручнасьць даў, каб у людзей душу вырывала, цi хiтрыкам, цi маною. А каб у ночы яна магла бачыць, дык упадобiў яе коткаю перакiдацца - iнакш не! Вось, калi ёй кудысь далёка патрэбна, цi ў Чорныя Яры, цi на Мёртвы Камень[24], дык коткаю нiяк туды не дабегнеш, вось яна й запальвае паходню, каб вiдней было. Iнакш дык пiльнуй - на зорку наткнесься, i кудлы паабпальвае, i мятла пагатоў згарыць. Так!...

Кандрат прамаўчаў, бо цалкам пагадзiўся з гэтым тлумачэньнем. Вожчык замоўк таксама, i, лянiва падхвостваючы каня, занурыўся ў вялiзны каўнер кажуха.

Чэляднiк таксама, трохi памаўчаўшы, вярнуўся да апавяданьня аб паляваньнi:

- ...Дык як там было? Пачакай... Ага! Зубры... Як, знацца, рынуць, гэтыя зубры! I ўсе як адзiн, адзiн другога большыя, i проста на Гаспадара йдуць. Тут мiж намi пярэпалах учынiўся, думаем: "Загiне нашае сонейка, Вiтаўт Кейстутавiч". Нават i я сякеру з рук выпусьцiў. А ён, як зiрне наўкола, аж iскры з вачэй пырскаюць, ды як гукне на цэлую пушчу: "Немцаў бiлi, а гэтых i пагадзе пакладзем!", i сам дзiдаю ў грудзi першага быка ўцэлiў, а потым сякераю як гакне, ажно рэха пайшло. Так усю галаву напалам i разьнёс! Чужаземцы, потым, усе да аднаго хадзiлi глядзець на гэтую зубраву галаву. Надзiвiцца не маглi - якая сiла ў Гаспадара нашага. А адзiн зь iх, той вялiзны са сьмешным iмем, як там яго?... Маркамер, цi як, дык нiяк уверыць ня мог, што сам Гаспадар так секануў, хаця сваiмi-ж вачамi бачыў. Усё абмацоўваў зубра й пальцамi ў чэрап лазiў, ды толькi вохкаў з падзiву. А потым увесь час бажыўся, што яшчэ ў жыцьцi ня бачыў такога цёсу.

Чэляднiк аж заглынуўся ад радасьцi, разказваючы пра адвагу й сiлу Вiтаўта. Яго вочы зьзялi запалам i ўздымам:

- Ну а як звалiў Вялiкi Княжа першага зубра, тады й рэшта паляўнiчых духу набралiся. I я йзноў сякеру падхапiў, так i паклалi ўсiх зуброў да астатку, хто сякерай, хто дзiдай. Толькi кроў пырскала, ды лес стагнаў! Ажно млосьць мяне прабiрала... А тут бабы зь вiскам ды галасам набеглi: "Княжну - галосяць - ратуйце! Лясун на Княжну напаў!" Ну, думаю, калi Лясун, то нiчога не парадзiш, ня жыць ужо небарачцы, i ну хрысьцiцца й лямантаваць. Гляджу, i рэшта конюхаў ды чэляднiкаў хрысьцяцца ды за ўпакой моляцца, аж сьлёзы льлюцца. Шкада Княжну, добрая была, ласкавая. Але хто паадважней ды паздагадлiвей, за зброю ўхапiлiся, ды, завярнуўшы кабетаў галасьлiвых, бегма ў лес пусьцiлiся...

Тут чэляднiк замоўк, i, трохi падумаўшы, запытаў:

- Дык гэта, знацца, ты, добры чалавек, нашу Княжну ад лясуна ўратаваў?

- Ад мядзьведзя, - паправiў Кандрат. - Так Богу было ўгодна!

Вожчык высунуў галаву з кажуха й з дакорам у голасе прамовiў:

- Вось кажаш "ад мядзьведзя", i нават паспрачацца гатовы, а сам нiчога не разумееш, i ў нашых мейсцах ты зусiм новы чалавек, таму й ня ведаеш, якiя выбрыкi нячысьцiк выкiдае, ды яшчэ пад вечар. Не надарма чараўнiца на Мёртвы Камень паляцела, няйначай вестку панесла. Ты вось заўтра лепей выспавядайся, ды бацюхну ўсё добра разпавядзi, што там у лесе здарылася, бо, ня к ночы кажучы, якое й лiха табе яшчэ прычынiцца.

Кандрат задумаўся над гэтай парадай. Без сумневу, трэба яе выканаць, але цi ўдасца, i ён цiха прамовiў:

- Правiдлова кажаш, але-ж заўтра ад'яжджаць мушу...

33
{"b":"124333","o":1}