Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Станiслаў зразумеў, што гэта жывы сьведка аднаго са шматлiкiх ягоных злачынстваў у Лiтве, i штось падобнае на страх варухнулася ў ягоным заканябелым сэрцы. Але раздумваць доўга нельга, бо кожны момант на дарозе можа зьявiцца вайсковая варта цi другi працоўны аддзел, i тады... Тады найгоршае, што можа стацца.

Раптоўна выхапiўшы сякеру, Станiслаў прышпорыў свайго каня й урэзаўся ў самую гушчу працiўнiкаў.

Ягоны пачот мiгам зразумеў намер свайго пана, i ў сваю чаргу абрынуўся на пешых вояў. I, хаця перавага яўна была на баку Лiтоўцаў, рашучы напор Палякаў зрабiў сваё - Лiтоўцы разгубiлiся.

Некалькi вояў павалiлiся з разьцятымi галовамi. Пачуўся енк параненых, праклёны ацалелых, конскае йржаньне, стук i звон сталi. Нарэшце два коньнiкi, адзiн за другiм, выляцелi зь сёдлаў.

- На шлях! - прагучэла каманда Станiслава. I коньнiкi, прарваўшыся праз напасьнiкаў, галёпам панесьлiся к Барысаву.

Ад'ехаўшы некалькi крокаў, упаў яшчэ адзiн коньнiк, але Ваявода нават не азiрнуўся: "Ня мог абаранiцца - сам i вiнаваты!"

Упаўшага мiгам прыкончылi разьюшаныя воi, якiя не маглi сабе прабачыць, што выпусьцiлi з рук самаго Рыцара, згубiўшы пры гэтым сямёра, супраць трох Палякаў.

- Эх! У дваццацёх не змаглi васьмёх затрымаць... - уздыхнуў адзiн. Сапраўды быдлё!

- Пешаму супраць конных цяжка... - нiбы апраўдваючыся прамовiў другi. - Не парадзiш...

- Другi раз зь лiшкам адплоцiм! - выцiраючы кроў на лобе, заспакоiў Дзясяцкi, ачольваючы аддзел. - Толькi каб не спалi... Разам навальвацца трэба, i бiць - умеючы! Адны па людзях, а другiя коням па нагах. Iнакш не парадзiш. З галавою трэба да ўсякай справы падыходзiць, а ня сiлаю перцi! Ня дзiва, калi рагочуць яны зараз. Зарабiлi! У другi раз каб ведалi!

- Дзе ты ў другi раз адплочваць будзеш? Дзе нагоду напаткаеш? Не наскокваюць-жа на нас штодня?

- А ты таксама разумны! Штодня, штодня... - перадражнiў Дзясяцкi. - Кажу табе, каб да галавы ўзяў. Вайна не за гарамi! Хутка Крыжака вучыць будзем, цi Караля... Дык каб ведаў, i нахрапам ня пёрся. Зразумеў?...

Станiслаў пасьпяшаўся не надарма. На мейсца сутычкi падыйшоў сьвежы аддзел, якi ўжо, здалёк забачыўшы бойку, сьпяшаўся, як мог, але спазьнiўся.

- Слаўна вас правучылi! - заўважыў адзiн з прыйшоўшых, прыглядаючыся да забiтых. - Будзеце ведаць, як Драбаў на дарозе займаць!

- Што слаўна правучылi, то слаўна, - пагадзiўся Дзясяцкi. - Але й навукi дадалi. Ужо нас зьнянацку нiколi й нiхто не захопiць! Так цi што?

- Ды яно нiбы так... - пагадзiлiся яго воi. - Усякая навука на карысьць iдзе!

Было ўжо зусiм цёмна, калi абодва злучыўшыяся аддзелы ўвайшлi ў Барысаў, вязучы на перанятых на дарозе санях сваiх пабiтых сяброў i ворагаў. Адразу-ж даклалi Тысяцкаму й кiнулiся на пошукi. Але ў горадзе нiхто ня бачыў i ня чуў пра Рыцара з арлiным крылом на шоламе...

Мiж тым, Станiслаў, не даяжджаючы да Барысава, зьвярнуў направа й, перасекшы Бярэзiну каля Вялiкага Стахава, усю ноч не вылазiў зь сядла.

Ужо зашарэў сьвiтанак, калi, напаўжывыя ад стомы й холаду, пяць коньнiкаў спынiлiся каля першае-жа карчмы, на ўскраiне Iгуменя.

Не пасьпеў заспаны карчмар управiцца ў стайнях з конямi, як госьцi ўжо спалi мёртвым сном. Паўкладалiся, хто дзе змог, нават не паадшпiльвалi зброю.

У Iгумернi адпачывалi ўвесь дзень i ноч, адаграючыся ад начное гонкi. Станiслаў увесь час хмурыўся, раздратаваны ўчорашнiм здарэньнем. Яго людзi, ведаючы свайго пана, старалiся лётам выконваць яго загады. Нават Ксёндз Карафа, якi дазваляў сабе часам спрачацца з Ваяводай, зараз пазьбягаў выклiкаць чым-небудзь ягоны гнеў. Ведаў, чым гэта магло-бы скончыцца.

Таму ранiцай, другога дня, ледзь зашарэў сьвiтанак, невялiкi пачот Ваяводы моўчкi выехаў за сваiм панам з умацаваньяў Iгуменя.

Станiслаў злосна паганяў каня, далёка выперадзiўшы свай пачот. Нестрыманы гнеў яшчэ не прайшоў, i яго прыгожы твар заставаўся злосным i змрочным. Гора таму, хто трапiўся-бы зараз яму пад руку.

Адпачнуўшыя конi бадзёра ўмiналi дарогу, пафыркваючы на марозе. Цёмны лес, блiзка насунуўшыся на шлях, мiльгаў мiма коньнiкаў сваiмi засьнежанымi прагалкамi, прасекамi й палянамi. Лапчастыя сiвыя ялiны, як заварожаныя воi, зграбна вылучалiся мiж карчакаватых дубоў i грабаў, сумных бярэзiн, вольхаў, раскiнуўшыхся на неабдымных абшарах.

Часам праз дарогу пераходзiць горды зубр цi магутны тур, i тады ў Станiслава ўспыхваюць вочы, i рука сама цягнецца к луку. Крывi! Ваявода прагне крывi! Але неасьцярожны волат пушчы зьнiкае ў густых зарасьнiках, пакiдаючы за сабою толькi асаблiвы пах - стойла, малака, ветру й абамшэлага каменя. Ад чаго ў Ваяводы шырока разьдзiмаюцца ноздры на сухiм, храшчаватым носе, вочы набягаюць крывёю, i сутаргава бегаюць жаўлакi.

З кожным такiм спатканьнем - едучы з тылу ксёндз, напаўгалос (каб ня чуў Станiслаў) пачынае чытаць модлы, просячы Бога, каб яно было апошнiм. Бо ведае, верны духоўнiк, што гэта дратуе Ваяводу ўсё болей i болей, ды добрым ня скончыцца. Збраяносец i два чэляднiкi - перапалохана жагнаюцца, не разумеючы лацiны, але ведаючы, да Каго ён зварочваецца, уяўляюць сабе, што знаходзяцца дзесь каля брамы самаго пекла, дзе мiтусяцца й варушацца драўляныя й глiняныя, намацальныя й ненамацальныя бажкi, чэрцi, духi й наагул розная погань, маючая сiлу й здольнасьць ператварыць любога зь iх у чорнага гругана, абамшэлы пень, мокры камень, цi мала там у вашто. I толькi Ксёндз ды Крыж Сьвяты, маглi ад гэтага абаранiць. Вялiкая сiла, дадзеная ксяндзу!

Пасьля палудзённага перапынку, у часе якога Станiслаў не прамовiў нi слова, ксёндз з жахам назiраў за бледным тварам свайго пана. Гнеў, нялюдзкi гнеў расьпiраў душу Ваяводы. Здавалася, што ўсе сiлы пекла ўсялiлiся ў гэтага самалюбнага й самаўладнага чалавека.

Прыгнуўшыся нiзка да грывы, ён раз за разам убiваў вострыя шпоры ў крываточачыя бакi каня. Але, не зважаючы на ўсе высiлкi, прыйшлося заначаваць над Пцiччу. Княжы лясьнiчы з ахвотай саступiў госьцям сваю хату, уклаўшыся з сынамi ў сенцах.

Ваявода ўсю ноч ня спаў, перакiдаўся з боку на бок, i ранiцай выглядаў жудасна. Бязьмежны гнеў i бязсоньне наклалi свой адбiтак на ягоны твар, ад выгляду якога мiмаволi прабiралi дрыжыкi.

У поўдзень па льду перайшлi Случ, i, абыйшоўшы прыбярэжныя балоты, гразкiя й зiмой, накiравалiся ў Слуцак, спадзяючыся дастацца туды яшчэ да цямна.

Станiслаў кусаў сабе вусны ад неспагнанае злосьцi: "Хоць-бы хама якога спаткаць!" - у роспачы падумаў ён, углядаючыся ўперад.

I ў гэты момант, як-бы iдучы насустрач ягоным жаданьням, на дарозе паказаўся коньнiк. За iм другi й трэцi. Горб дарогi хаваў iх дасюль ад вачэй i выставiў зараз, як жаданы падарунак.

Ваявода, ня ведаючы ад чаго, адчуў шалёную радасьць. Спынiў каня й падняўся ў страмёнах.

Сустрэчныя спынiлiся таксама.

Станiслаў, уважна прыгледзеўшыся незнаёмцам, але не прыкмецiўшы на iх дзiдах нiякiх сьцяжкоў, выдаўшых-бы чужаземцаў, гукнуў:

- Зьдзiслаў, дзiду!

Збраяносец пасьпешна выканаў загад. I, выцягнуўшы свой меч, стаў з тылу свайго пана.

Незнаёмцы, тым часам, бачачы ваяўнiчыя намеры сустрэчнага Рыцара, перакiнулiся некалькiмi кароткiмi словамi й таксама падрыхтавалiся да бою. Адзiн зь iх, сiвы i шыракаплечы, апрануты ў кажух паверх кальчугi, выехаў уперад i грамавым голасам гукнуў:

- Iмём Гаспадара Вялiкага Князя, загадваю схаваць зброю й сыйсьцi з дарогi!

У адказ на гэта Станiслаў моўчкi пахiлiў дзiду й ударыў шпорамi. Вочы яго сьвяцiлiся, на вуснах iграла прагавiтая ўсьмешка.

Шырокаплечы незнаёмец зьдзiўлена пацiснуў плячыма й, прыкрыўшыся шчытом, пусьцiў каня. Абодва яго спадарожнiкi панесьлiся сьледам.

Блiжэй i блiжэй зьяжджаюцца працiўнiкi. Адзiн у сталёвым панцыры, поўны гневу, жорсткасьцi й смагi крывi. Другi - у кальчузе й кажуху, зьдзiўлены, але ўпарты й пэўны сябе.

Ксёндз пасьпешна пералiчвае пацеркi ружанца й хуценька мармоча малiтву, не забываючыся пры гэтым, час ад часу, памацаць дзяржальну мяча.

26
{"b":"124333","o":1}