Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ягайла йзноў уважлiва прыглядзеўся да Фёдара, нэрвова пацiраючы двома пальцамi сабе пераносьсе (знак найбольшага здэнэрваваньня). Гэты горды й бязстрашны Лiтовец, адначасна падабаўся й злаваў яго. У памяцi Караля ўсплылi ўспамiны з маладосьцi. Ён прыпомнiў, як яшчэ зусiм нядаўна, сам стаяў на чале вось такiх-жа, як гэты Ваявода, Драбаў. Ганарыўся iх адвагай i мужнасьцю. А яны, у сваю чаргу, нягледзячы на ягоную жорсткасьць, сябелюбства й хваравiтую недаверлiвасьць, верна яму служылi. Цяпер усё зьмянiлася. Кароль адчувае, што ў сэрцы гэтага Ваяводы, пасланьнiка яго роднае неабдымнае Лiтвы - голасна крычыць пагарда й зьнявага да свайго былога Гаспадара. На адзiн момант у сэрцы Ягайлы варухнулася пачуцьцё сораму, але толькi на адзiн момант. Ледзь прыкметна ўсьмiхнуўшыся, ён прамовiў:

- Слухай, Ваявода! Я бачу, што наш Брат Вiтаўт мае верных i адданых слугаў. Я вельмi з гэтага цешуся, але цешыўся-бы яшчэ болей, каб мог пахвалiцца, што й я маю такiх-жа верных падданых. Таму, прапаную табе, шляхетны Ваявода, стаць на маю службу, каторая дасьць табе болей гонару й багацьця, чым тая, якую нясеш зараз!

- Я вельмi ганаруся, што заслужыў ласку такога Вялiкага Валадара, як Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - адказаў з паклонам Фёдар. - I з радасьцю прыняў-бы прапанову Вашае Мiласьцi, каб гэта не супярэчыла майму Гонару Драба й жаданьням маёй Бацькаўшчыны!

- Як? Ты... ты адмаўляесься ад маёй ласкi? - ускочыў Ягайла, хаця й чакаў такога адказу.

- Так! Я адмаўляюся! Але не таму, што яе не жадаю, а таму, што не магу прыняць!

Прысутны на нарадзе Пашкевiч з радасьцю й павагай глядзеў на зграбную постаць Фёдара - у iм ён бачыў увасабленьне сваёй суровай i гордай Бацькаўшчыны, непадкупнай i сумленнай. Яму да болi ў грудзёх захацелася быць побач Фёдара, моцна сьцiснуць яму руку, углядацца ў яго спакойныя, разумныя вочы...

Але йнакш адчуў сябе Кароль, каторы быў не з такiх людзей, якiя прапануюць сваю ласку й прыхiльнасьць двойчы. Пагрозьлiва блiснуўшы вачамi, ён прамовiў, нацiскаючы на кожнае слова:

- Ня хочаш?... Ня трэба!... Але ўважай!...

- Ваша Каралеўская Вялiкасьць самi Лiтовец, i мусяць ведаць...

- Досыць, Ваявода! - перабiў рэзка Ягайла. - Усё, што мы хацелi пачуць, мы пачулi! Чуў i ты, што мы казалi! Цяпер можаш iсьцi... Але ад'яжджаць не сьпяшайся, мы цябе яшчэ паклiчам!

Фёдар пакланiўся й выйшаў, моцна рашыўшы адразу-ж паслаць ганца да Вiтаўта ў Полацак.

Прыйшоўшы ў свой пакой, ён склаў падрабязны лiст аб нарадзе й выклiкаў Кандрата Тура.

- Сёньня-ж ад'едзеш у Полацак! - загадаў Фёдар i ўсьмiхнуўся, бачачы, як узрадаваўся Кандрат. - Возьмеш з сабою двох вояў, на ўсякi выпадак!

- Калi загадаеце выяжджаць, Ваша Сьветласьць? Я гатоў хоць зараз!

- Зараз i паедзеш! Толькi йдзi папярэдзь сваiх спадарожнiкаў. Каго сабе хочаш... Ды перавер зброю й каня, каб у дарозе не абышлося без непатрэбных затрымак!

- Усё зраблю, Ваша Сьветласьць!

- Ну, iдзi!

- А больш нiякiх даручэньняў ня будзе? - хiтра блiснуў вачамi Кандрат.

- Не, нiякiх... А там глядзi, калi ўсё добра будзе, заскоч па дарозе ў Слуцак... Як там стары Бай чуецца?... Не забудзься на дарогу паесьцi, ды людзей накармiць, але глядзi - ня пi нiчога, бо кагось iншага пашлю.

- Надарма палохаеце, Ваша Сьветласьць! Калi трэба, то мы й устрымацца ўмеем.

- Добра, Кандрат, iдзi. Перад ад'ездам зойдзеш па лiсты!

Кандрат жвава выскачыў з пакою, i адразу-ж у стайнi пачуўся ягоны моцны голас:

- Сядлай! Сядлай майго Буланага, хлопцы! Кандрат на шпацыр выпраўляецца! i, не чакаючы нi на чыю дапамогу, пасьпешна, але старанна, узяўся рыхтавацца ў дарогу. Выбраўшы сабе спадарожнiкаў i дапiльнаваўшы, каб i ў iх усё было ў парадку са зброяй i коньмi, зьявiўся да Ваяводы за апошнiм загадам i лiстом.

- Ну, Кандраце, яжджай, ды хутчэй варочайся... Набрыдла мне ўжо тут сядзець.

- Вядома, Ваша Сьветласьць, усякаму набрыдне. У гасьцях добра, але ўдому лепей.

- Так, так! Таму й пасьпяшаць мусiш. Перадасi Вялiкаму Князю вось гэты лiст! - Фёдар падаў Кандрату скрутак. - Але ўважай, нiкому iншаму! Толькi самаму Гаспадару! Унiкай па дарозе ўвязвацца ў сваркi! I ня пi! Адгуляеш потым.

- Усё выканаю дакладна, Ваша Сьветласьць!

Фёдар трохi памаўчаў, як-бы раздумваючы, а потым рашуча запытаў:

- Язык ты ўмееш трымаць?

- Як мур, Ваша Сьветласьць!

- Добра, слухай! Але, як перадасi Гаспадару, адразу каб забыўся! Зразумеў?

- Так, Ваша Сьветласьць!

- Скажаш, што Кароль вайны ня хоча й баiцца, але намагаецца нацкаваць на Лiтву Крыжакоў i Маскалёў. Ведае аб пермовах з Чэхамi. Млынар маўчыць, бо за iм сочаць. Пашкевiч - наш. Зразумеў?

- Так, Ваша Сьветласьць!

- Гэта ўсё! Можаш ехаць. Нiчога не забудзь, - i Фёдар абняў разгубiўшагася Кандрата. - Ды вось грошы на дарогу...

Праз кароткi час, тры ўзброеныя коньнiкi на поўным скаку вынесьлiся з Кракава й зьнiклi з вачэй на дарозе ў Люблiн i Берасьце.

Ваявода Фёдар доўга глядзеў iм усьлед, хаця даўно ўжо асеў сьнежны пыл на гасьцiнцу...

13. ГНЕЎ

У сярэдзiне Лютага, Вiтаўт са сваiм дваром ад'ехаў у Трокi.

У Полацку на чале Дружыны застаўся Князь Жыгiмонт Карабут. Брачыслаў, Князь Полацкi, быў з гэтага незадаволены, але ўголас супярэчыць волi Гаспадара не адважваўся. Яраслаў Смаленскi, правадзiўшы Князёўну Рынгайлу да Вiльнi, сьпешна вярнуўся ў Смаленск, у душы праклiнаючы турботных Рослаўльцаў, "каторым вечна не сядзелася на мейсцы". Яны, апрытомнеўшы пасьля Ворсклы, пачалi задзiраць Смаленскiя паўдзённыя межы.

Баярын Лука Рацiшчэў - разам зь Вiтаўтам выехаў у Вiльню, а адтуль намерваўся зьезьдзiць у Наваградак. Кройцэнбэрг зьбiраўся пакiнуць Лiтву, але ўсё марудзiў з ад'ездам, спадяючыся знайсьцi нешта спрэчнае мiж Лiтвой i Польшчай.

Станiслаў, Ваявода Крэўскi, выслаўшы пана Януша з патаемным даручэньнем у Берасьце, зьбiраўся наведаць Слуцак, Пiнск i таксама завiтаць у Берасьце. Полацак ён пакiнуў зусiм непрыкметна.

Рэшта чужаземцаў, у тым лiку Граф дэ ля Шэр, Мак Марцiмер, Олiвер дэ Арно i iх сябры выехалi разам зь Вялiкiм Князем.

Пасьля гаманлiвага й кiпучага часу знаходжаньня тут Гаспадара, Полацак здаваўся апусьцелым i заснуўшым.

Ваявода Станiслаў хутка пасоўваўся на поўдзень. Было вiдаць, што гэты чалавек добра ведае мяйсцовасьць, i ня ў першы раз вандруе па гэтых краёх. Бо часта зварочваў з дарогi ў самых неспадзяваных мейсцах i, перасекшы засьнежаныя абшары па ледзь прыкметных сьцежках, выносiўся са сваiм пачотам iзноў на бiты гасьцiнец.

Ужо на другi дзень свайго падарожжа, маленькi адзьдзел Польскага Рыцара наблiжаўся да Барысава, дзе Ваявода думаў даць адпачынак сваiм людзям i коням. Аднак неспадзяванае спатканьне прымусiла яго перамянiць намер.

На дарозе, уперадзе, паказалася група вояў, iдучая ў тым-жа кiрунку, што й Ваявода. На плячах пешаходаў паблiсквалi рыдлёўкi й пiлы. На загад Вiтаўта войска праводзiла направу дарог, мастоў i ўмацаваньняў. Вось адзiн з такiх працоўных аддзелаў i напаткаў Станiслаў.

Воi зь цiкавасьцяй пачалi азiрацца на наблiжаючыхся коньнiкаў. Здагадаўшыся, што гэта нейкi Рыцар сьпяшаецца ў Барысаў, пачцiва разступiлiся. Але ў той самы момант, калi Ваявода хацеў, не спыняючыся, праехаць мiма, адзiн з вояў закрычаў:

- Браткi! Трымай iх!... Гэта тыя самыя, што Чапрукi спалiлi! Трымай! - i, выхапiўшы з похвы меч, выскачыў на сярэдзiну дарогi.

Пакуль яго сябры зразумелi, што ўсё гэта азначае, Станiслаў даў шпорамi каню й, зьбiўшы воя з ног, выскачыў наперад. Але гэты яго ўчынак абурыў спадарожнiкаў пацярпелага. З разьлютаванымi крыкамi яны засланiлi дарогу рэшце коньнiкаў з выразным намерам адпомсьцiць за сябру.

Бачачы, што яго пачот у небясьпецы, Станiслаў завярнуў каня й, пад'ехаўшы на небясьпечную адлегласьць, гнеўна спытаўся:

- Чаго хочаце, быдлё? Цi ня бачыця, з кiм маеце справу?

- З катам!... З забойцам!... - прахрыпеў, падымаючы галаву, упаўшы. - Суда хочам!... Трымай яго, браткi, трымай! На суд да Князя!...

25
{"b":"124333","o":1}