Литмир - Электронная Библиотека
A
A

- Я цябе разумею, Ваявода, - нерашуча пагадзiўся Фёдар. - Але парадзiць нiчога не магу, i на здраду падмаўляць не буду... Не ў маiх гэта сiлах. Ты стаў Палякам, i Палякам пам...

- Не! Няпраўда! Я заўсёды быў i буду Лiтоўцам! Белая Русь гэта мая Радзiма, маё каханьне, мая мара! Застаючыся ў Польшчы, я служу ня ёй, а свайму Гаспадару Ягайлу Альгердавiчу... Каталiком я стаў не за якiя-небудзь прывiлеi, а зь перакананьня, i за гэта не шкадую. Перадай, Фёдар, што мая душа, каханьне й розум належаць Яму! - Пашкевiч замоўк, i, трохi падумаўшы, з жалем дадаў. Але меч i рука мусяць служыць Каралю... Я прысягаў!...

У дзьверы пастукалi, нягучна, але настойлiва. Пашкевiч з выразам незадавальненьня падыйшоў i адчынiў iх. На парозе зьявiўся багата апрануты шляхцiц са срэбным жэзлам у руках.

- Ваявода Фёдар з Гозава, ад Яго Мiласьцi Князя Вiтаўта?... - пытальна зьвярнуўся ён да Пашкевiча. - Цi ня мог бы Яснавяльможны Пан Капiтан правесьцi мяне да яго?

Пашкевiч моўчкi ўказаў рукой на Фёдара й з пагардай выйшаў з пакою, бразгаючы шпорамi.

Шляхцiц урачыста выйшаў на сярэдзiну пакою, стаў у маляўнiчую позу, паправiў левай рукой даўгiя вусы й прамовiў:

- Харунжы Яго Каралеўскае Мосьцi, Ежы з Чэрвiцы!

Фёдар моўчкi, ледзь прыкметна ўсьмiхаючыся, разглядаў маляўнiчую постаць Харунжага.

Не дачакаўшы адказу, Харунжы прамовiў iзноў:

- З Божае Ласкi Кароль Польскi й Вялiкi Князь Лiтоўскi Ўладыслаў Ягайла жадаюць заўтра ранiцаю, пасьля раньняе ймшы, бачыць Яснавяльможнага Пана Ваяводу ў Вавэлi!

Фёдар iзноў прамаўчаў, забаўляючыся нарастаючай разгубленасьцю Харунжага. Бядак пачаў тылам пасоўвацца да дзьвяроў, не спускаючы вачэй зь Фёдаравага твару, нiбы баючыся чагось неспадзяванага зь яго боку.

Раптам iзноў зьявiўся Пашкевiч, i, насунуўшыся, як гара, на перапалоханага Харунжага, прарычэў:

- Скончыў, Пане Харунжы? Дык папрашу вызвалiць майго Высокага Госьця ад тваёй прысутнасьцi: Заўтра зьявiсься й правядзеш шляхетнага Ваяводу ў Вавель! Усё!...

Харунжы бокам высьлiзнуў з пакою й бегма кiнуўся да выхаду з гэтак страшнага закутка ў Кракаве.

Пашкевiч са злосьцяй плюнуў яму ўсьлед i, зварочваючыся да Фёдара, прамовiў, не хаваючы пагарды:

- Вось такiмi блазнамi абкружыў сябе гэты няшчасны чалавек, каторы носiць Карону Польшчы, а нядаўна быў Гаспадаром Лiтоўскiм! Усе найлепшыя й найвыдатнейшыя Рыцары адсунутыя ў цень... Нават сам Жындрам з Машкевiц - гэты слаўны Ваявода й майстар вайны - у няласцы... Аднаго мяне ён яшчэ якась церпiць i давярае...

* * *

На Каралеўскую нараду Ваявода Фёдар зьявiўся добра падрыхтаваным, дзякуючы ўсё таму-ж Пашкевiчу.

Кароль вачавiдку быў ня ў добрым настроi, пагэтаму, скарацiўшы ўсе фармальнасьцi, адразу перайшоў да справы. Прачытаўшы лiсты й граматы ад Вiтаўта, заявiў:

- Мы, як i нашы Брат, жадаем мiру памiж нашымi дзяржавамi! Але словы й дзеяньнi нашага Брата Вiтаўта не заўсёды супадаюць мiж сабою. Наша церпялiвасьць вялiкая, а й ёй можа наступiць канец. I вось, пасьля доўгага малiтоўнага прашэньня, Усемагутны Бог паслаў на нас сваю ласку й мудрасьць. Мы рашылi згодна й па-хрысьцiянску ўладзiць усе спрэчныя пытаньнi, а таму прапануем нашаму Брату наступнае: Для супольнага дабра Польшчы й Вялiкага Княства Лiтоўскага, абодва бакi павiнны пайсьцi на ўступкi! Князь Вiтаўт мусiць вызначыць над сабою зьверхнiцтва Кароны, i нiчога ня чынiць бяз згоды Караля ў пытаньнях суадносiнаў з суседзямi. Мы-ж, са свайго боку, адмовiмся ад так неабходнага нам адпачынку, i возьмем на сябе цяжкасьць валадараньня Лiтвой i яе Людам, дбаючы роўна аб дабрабыце як земляў Каронных, так i Лiтоўскiх. Уступкi будуць вялiкiя з абодвух бакоў, i пагэтаму нiхто ня будзе ў крыўдзе.

Ад такой "някрыўды", Фёдар толькi ўсьмiхнуўся, бо ведаў, што Ягайла мае зайздросную й фальшывую душу, ды спадзяваўся чагось падобнага.

- Ваш Каралеўская Вялiкасьць, - адказаў ён, - аб такiх справах я гутарыць не ўпаўнаважаны. Толькi сам Гаспадар Вялiкi Князь можа вырашыць i пастанавiць аб вызнаньнi Лiтвой зьверхнiцтва Кароны Польскае! Я-ж усё дакладна перакажу Майму Гаспадару, i буду прасiць Яго Высокасьцi, каб вырашыў гэтае пытаньне згодна Гонару, Справядлiвасьцi й Годнасьцi!

Ягайла адразу адчуў, што Фёдар хацеў сказаць, падкрэсьлiваючы гонар, справядлiвасьць i годнасьць. Вочы Караля звузiлiся, а пальцы нэрвова забарабанiлi па сталу, i, не варочаючыся да папярэдняе прапановы, ён прамовiў:

- Застаючыся паўнаўладным Гаспадаром у межах Вялiкага Княства, наш Брат Вiтаўт можа рабiць, што хоча, са сваiмi падданымi, але мусiць загарантаваць Прысягаю недатыкальнасьць асобаў Веры Польскае й Народнасьцi, таксама як i iхную маёмасьць! Мы, ад сябе, абяцаем ня чынiць розьнiцы мiж Рыцарамi Польскiмi й Драбамi Лiтоўскiмi, Шляхтаю Польскаю й Баярамi Лiтоўскiмi, у судох, узнагародах i службе. Нават болей, мы дамо Шляхецкiя Граматы й прывiлеi ўсiм Драбам, Баярам i Чэлядзi Высокай зь Лiтвы!

- Ваша Каралеўская Вялiкасьць ведаюць самi, - запярэчыў Фёдар, - што Гаспадар Вялiкi Князь гарантыяў даць ня можа! Пад прысягаю цi безь яе!

- Як ня можа? Чаму? - успыхнуў Кароль.

- Бо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, ад дзядоў i прадзедаў, iснуюць Суды Копныя, Суды Царкоўныя й Суд Гаспадарскi Вялiкакняжы, каторыя караюць злачынцаў усiх аднолькава, бяз розьнiцы Веры цi падданства. Парушыўшы гэты звычай, Гаспадар Вялiкi Князь скрыўдзiў-бы бальшыню падданых сваiх, i даў-бы злачынцам магчымасьць, перайшоўшы ў Веру Польскую, застацца без пакараньня!

- Я прымушу яго! - ускрыкнуў Ягайла.

- Гэта немагчыма, Ваша Каралеўская Вялiкасьць! - рашуча адрэзаў Фёдар. Лiтва ўжо ачуняла ад Ворсклы...

- Ваявода! Цi ты думаеш, што маеш дзьве галавы?..

- Не, Ваша Каралеўская Высокасьць, адну!

Ягайлу надзвычайна зьдзiвiла адвага й рашучасьць, зь якiмi Ваявода Фёдар адстойваў правы сваёй Бацькаўшчыны. Ён, трохi памаўчаўшы й гледзячы проста ў вочы адважнаму пасланьнiку, запытаўся, стараючыся захапiць зьнянацку:

- Цi ведама табе, Ваявода з Грозава, што твой Гаспадар вядзе патаемныя перамовы з гэрэтычнымi Чэхамi? З тымi самымi Чэхамi, якiх пракляў Найсьвяцейшы Айцец у Рыме! Супраць якога выступае Хрысьцiянскае Войска Сьвяшчэннай Iмпэрыi, на загад Ратысбонскага Сойму!

- Не! Мне гэта невядома! - прызнаўся Фёдар.

- Дык вось, перадай нашаму Брату Вiтаўту, што мы дамагаемся прыпыненьня гэтых ганебных перамоваў! Мы дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт на чале Хрысталюбiвых Лiтоўскiх Драбаў прыяднаўся да Войск Сьвяшчэннай Iмпэрыi й прыклаў усе свае сiлы й стараньнi да хутчэйшага зьнiшчэньня Гусытскае Гэрэзыi й пакараньня вiнаваўцаў!

- Я ўжо сказаў Вашай Каралеўскай Вялiкасьцi, што аб гэтых перамовах нiчога ня ведаю, таму й гутарыць не магу! - але тут Фёдар успомнiў, што ў Полацку на нарадзе прысутнiчаў Князь Жыгiмонт Карыбут, каторы прыехаў з Чэхii, але прамаўчаў, бо зразумеў, што Вiтаўт сапраўды аб чымсь дамаўляецца з Чэхамi, але стараецца трымаць гэта ў таямнiцы.

- Слухай, Ваявода, апошняе нашае жаданьне, i перадай свайму Гаспадару! Мы хочам мiру, i таму дамагаемся, каб наш Брат Вiтаўт прысьпешыў Хрышчэньне Лiтвы, бо аж сорам падумаць, што Сваяк Хрысьцiянскага Караля сам застаецца паганiнам i не дапускае да Хрышчэньня ўвесь свой вялiкi Народ, каторы толькi аб тым i думае, ды зь нецярпеньнем чакае таго моманту, калi зможа прыняць Дабраслаўленьне Божае.

- Ваша Каралеўская Вялiкасьць моцна памыляецца! - запярэчыў Фёдар, уражаны такой абразай. - Iнакш я не магу вытлумачыць сабе таго, што Ваша Мiласьць забылiся цi не заўважылi, што Лiтва ўжо спрадвеку Хрысьцiянская, i Гаспадар Вялiкi Князь - Хрысьцiянiн! I таму ня можа быць i мовы аб паўторным Хрышчэньнi!

- Ён мусiць! - закрычаў у гневе Ягайла.

- Ён гэтага ня зробiць, Ваша Каралеўская Вялiкасьць!

- Я прымушу яго!... Я зруйную Лiтву!... Я... - захлiпнуўся гневам Кароль.

У насталай цiшы пачуўся моцны голас Ваяводы Фёдара:

- У такiм разе, я, Фёдар, Ваявода з Грозава - упаўнаважаны ад Яго Высокасьцi, Гаспадара Вялiкага Князя Лiтоўскага, Вiтаўта Кейстутавiча, падняць рукавiцу Вашае Каралеўскае Вялiкасьцi! I даставiць яе ў Трокi!

24
{"b":"124333","o":1}