Энергія абудзілася ў хлопцаў.
— Гек, ты пойдзеш туды, калі я цябе павяду?
— Неахвота мне ісці, Том. А што, калі там індзеец Джо ?
Але спакуса была надта вялікай, і хлопчыкі парашылі пайсці паглядзець, умовіўшыся, што зараз-жа завярнуцца назад, калі храп спыніцца. Ціханька, на пальцах, пачалі яны красціся к спячаму. Праз некалькі крокаў Том наступіў на дубец: той зламаўся і храснуў. Спячы застагнаў, перавярнуўся на бок, і прамень месяца ўпаў на яго твар. У хлапцоў кроў застыла ў жылах, і самі яны застылі на месцы, калі спячы паварушыўся; але цяпер страх мінуў: гэта быў Меф Потэр.
Хлопцы вылезлі праз дзірку ў сцяне і збіраліся ўжо разыйсціся, як зноў пачулася злавеснае, працяглае выццё. Абодва разам адвярнуліся і ўбачылі чужога сабаку, які стаяў за два крокі ад таго месца, дзе ляжаў Потэр.
— Ды гэта-ж ён на яго! — у адзін голас усклікнулі хлопчыкі.
— А ведаеш што? Кажуць, каля дома Джоні Мілера выў прыблудны сабака акурат у поўнач,— гэта было тыдні два назад,— і ночная ластаўка пела ў яго на сцяне ў той-жа самы вечар, а да гэтага часу ніхто ў доме не памёр.
— Я ведаю. Ну, дык што з таго? А ці-ж Грэсі Мілер пасля таго ў суботу не трапіла ў печку і не апяклася?
— Так, але-ж яна не памёрла. Яна нават папраўляецца.
— Добра, пачакай, убачыш, што будзе. Ёй ужо не выздаравець. Справа скончаная, усёроўна як і Мефа Потэра. Гэта негры гавораць, а яны ўжо ведаюць, Гек.
І хлопчыкі разышліся.
Калі Том улез праз акно назад у спальню, ноч амаль мінула. Ён ціха раздзеўся і мігам заснуў, рады, што ніхто не даведаўся пра яго ночнае падарожжа. Ён не ведаў, што Сід, які нібы хроп, сапраўды не спаў і прачнуўся каля гадзіны таму.
Калі Том расплюшчыў вочы, Сід даўно ўжо адзеўся і вышаў. Па святлу і па ўсім відаць было, што час ужо позні. Том вельмі здзівіўся: чаму яго не пабудзілі, не лезлі да яго, каб ён уставаў, як гэта рабілася звычайна? Яму зрабілася жудасна, ён адчуваў нешта нядобрае. У пяць мінут ён адзеўся і сышоў ўніз, хаця яму хацелася яшчэ паспаць. Уся сям’я была ў зборы і сядзела за сталом, але снеданне ўжо скончылася. Ніхто нічога не сказаў Тому, не папікнуў яго, але па вачах цёткі ён пазнаў, што яна ведае. Усе маўчалі, і ва ўсіх быў такі ўрачысты выгляд, што вінаваты пахаладзеў ад страху. Ён сеў і стараўся быць вясёлым — але дарэмна! Ніхто нават не ўхмыльнуўся на яго жарты, і ён таксама змоўк, адчуваючы, як сціснулася яго сэрца.
Пасля снедання цётка адвяла яго ў бок, і Том бадай павесялеў, спадзяючыся, што справа скончыцца лупцоўкай. Але вышла не так. Цётка заплакала, пытаючыся, як у яго хапіла духу так разбіць яе старое сэрца, і сказала, што цяпер ужо ён можа рабіць, што толькі захоча: загубіць сябе, абняславіць яе сівую галаву, звесці яе ў магілу — усёроўна выпраўляць яго бескарысна; яна ўжо больш не будзе і прабаваць.
Гэта было горш за ўсякую лупцоўку, і сэрца ў Тома балела цяпер больш, як яго стомленае цела. Ён сам расплакаўся, прасіў дараваць яму, панадаваў абяцанняў выправіцца і нарэшце быў адпушчаны, але адчуваў, што дараванне цётчына няпоўнае і давер’е яму вельмі слабае.
Ён вышаў з дому і быў такі няшчасны, што нават не падумаў адпомсціць Сіду, які выдаў яго, і Сід зусім дарма паспяшаўся ўцячы ад яго праз заднія дзверы. Том прышоў у школу смутны, пахмуры і выцярпеў разам з Джо Гарперам кару за ўчарашнюю гульню ў косці з выглядам чалавека, душа якога прыгнечана горам і не звяртае ўвагі на такія дробязі.
Вярнуўшыся на сваё месца, ён палажыў рукі на парту, а галаву на рукі і ўтаропіўся ў сцяну вачыма пакутніка. Локаць яго ўпіраўся ў нейкі цвёрды прадмет, і рука балела. Але ён не скора адсунуў руку, уздыхнуў і ўзяў гэты прадмет. Ён быў загорнуты ў паперу. Том разгарнуў — і глыбокі, даўгі, цяжкі ўздых вырваўся з яго грудзей, і сэрца яго разбілася...
Гэта быў яго медны шарык з жароўні!
Апошняя саломінка зламала спіну вярблюда.
Раздзел X
А поўдні па ўсім гарадку раптам разнеслася страшная вестка. Не трэба было і тэлеграфа, аб якім ў той час і думаць не маглі,— вестка гэтая пераходзіла з вуснаў у вусны, ад суседзяў к суседзям, з дома ў дом з няменшай шпаркасцю. Вядома, школьнікаў у гэты дзень адпусцілі па хатах: увесь горад палічыў-бы за дзіва, каб настаўнік не здагадаўся гэта зрабіць.
Каля забітага знайшлі скрываўлены нож і казалі, што ён належыць Мефу Потэру. Казалі таксама, што ноччу, гадзін каля двух, адзін жыхар, вяртаючыся дадому, патрапіў на Потэра, які мыўся ў рэчцы, і што Потэр, убачыўшы яго, зараз-жа схаваўся — факт падазронны, асабліва ўмыванне, для Потэра такая справа была вельмі незвычайнай. Казалі таксама, што паліцыя ператрэсла ўвесь горад, шукаючы забойцу, але нідзе не магла яго знайсці; што ва ўсе бакі разасланы коннікі, і шэрыф упэўнен, што злачынцу зловяць яшчэ да вечара.
Увесь горад пабываў на могілках. Том забыўся на сваё разбітае сэрца і далучыўся да іншых — не таму, што ён вельмі хацеў, ён лепш хацеў-бы быць за тысячу міль адсюль,— але яго туды цягнула нейкая незразумелая сіла. Прышоўшы на могілкі, ён праціснуўся наперад і зноў убачыў страшную карціну. Яму здавалася, што з таго часу, калі ён быў тут, прайшла цэлая вечнасць. Нехта шчыпнуў яго за руку. Ён адвярнуўся — каля яго стаяў Гекльберы.
Важны доказ.
Яны перазірнуліся, баючыся, каб хто не заўважыў чаго ў іхніх позірках, але ўсе былі занятыя страшным відовішчам.
Няшчасны дзяцюк! Небарака!
Вось вурок тым, хто крадзе трупы. А Потэра-ж павесяць, калі зловяць. Не мінуць яму шыбеніцы — такая была агульная думка.
Том задрыжэў ад галавы да ног, убачыўшы недалёка пахмуры твар індзейца Джо. У гэты момант натоўп пасунуўся назад, і пачуліся крыкі:
— Гэта ён, ён! Сам ідзе!
— Хто, хто? — спыталася разам дваццаць галасоў.
— Меф Потэр!
— Глядзіце, спыніўся. Вось паварочвае! Трымайце яго, а то ўцячэ!
Разявакі, што сядзелі на дрэвах над галавою Тома, паведамілі, што ён і не думае ўцякаць,— ён толькі засаромлены і не ведае, што рабіць.
— Якая бессаромнасць! — сказаў адзін з натоўпу. — Прышоў палюбавацца на сваё злачынства і не чакаў, што тут людзі.
Натоўп рассунуўся, і да магілы ўрачыста падышоў шэрыф, ведучы за руку Потэра. У небаракі твар быў зусім збянтэжаны, і ў вачах быў шалёны страх. Убачыўшы забітага, ён затросся ўсім целам, закрыў твар рукамі і заплакаў.
— Я не забіваў яго, сябры мае, — казаў ён, плачучы,— чэснае слова даю вам, не забіваў.
Ахвяры Індзейца Джо.
— Хто-ж абвінавачвае цябе? — загрымеў нечы голас. Страла трапіла ў цэль. Потэр падняў галаву і агледзеўся навакол з жаласнай безнадзейнасцю ў вачах. Убачыўшы індзейца Джо, ён усклікнуў:
— О, Джо! Ты абяцаў мне, што ніколі...
— Гэта ваш нож? — перапыніў яго шэрыф, паказваючы яму нож.
Потэр паваліўся-б, каб яго не падтрымалі і не апусцілі ціханька на зямлю. Потым ён сказаў:
— Нешта падказвала мне, што калі я не пайду туды і не знайду... — Ён здрыгануўся і, безнадзейна махнуўшы рукою, сказаў: — Скажы ім, Джо,— цяпер ужо няма чаго!..
Гекльберы і Том з невыказным жахам глядзелі, як забойца без ніякага сораму расказваў выдуманую ім сцэну забойства. Хлопчыкі кожную хвіліну чакалі, што вось-вось сярод яснага неба блісне маланка і ўдарыць у забойцу, і дзівіліся, чаму так марудзіць бож’я кара. Тады-б яны маглі парушыць клятву і выратаваць невінаватага Потэра. Цяпер-жа, калі Джо і па сканчэнні расказа застаўся цэлы і не пашкоджаны, гэтая баязлівая думка знікла зусім: ясная справа, гэты злодзей прадаў душу д’яблу, а дзе ўжо ўмяшаецца д’ябал, там чалавек не совайся, а то дабра не будзе.