— Яна не заўважыла-б, каб не гэты Сід. Ах, чорт, яна-ж рознымі ніткамі шые, то чорнымі, то белымі,— дзе-ж мне ўпомніць? Хай ужо шыла-б аднымі!.. А ўсё-такі я Сіду за гэта дам,— хай мяне чорт возьме, калі не дам!
Праз дзве хвіліны — і нават менш — ён ужо забыўся на свае непрыемнасці.
Справа ў тым, што ён навучыўся ў аднаго негра свістаць і цяпер мог без перашкоды практыкавацца ў гэтым мастацтве. Негр пераймаў свіст птушак, перарываючы яго гурканнем, для чаго трэба было трохі датыкацца языком да нёба. Чытач, мусіць, памятае, як гэта робіцца, калі ён калі-небудзь быў хлопчыкам. Дзякуючы надзвычайнай стараннасці, Том хутка зразумеў ў чым тут справа.
Ён весела шагаў па вуліцы.
Улетку вечары доўгія. Яшчэ было светла. Раптам Том абарваў свой свіст. Перад ім быў чужы, незнаёмы хлопчык, крыху большы за яго самога. З’яўленне новай асобы ў такім маленькім гарадку, натуральна, выклікала напружаную цікавасць у Тома. Да таго-ж хлопчык быў добра апрануты,— добра апрануты ў будні дзень! Гэта-ж нешта незвычайнае! На ім была надта прыгожая шапачка; яго сіняя суконная куртка, шчыльна ахапляўшая цела і зашпіленая на ўсе гузікі, была зусім новая і чысцюткая, таксама як і яго штаны. На нагах у яго былі чаравікі, хоць дзень не быў святочны. На шыі ў яго была яркая істужка — гальштук! Наогул, у яго быў выгляд гарадскога франта, што абражала Тома да глыбіні душы. Чым больш глядзеў Том на гэты цуд, тым вышэй задзіраў ён свой нос, паказваючы, што не цікавіцца такім убраннем, і тым бяднейшым здаваўся яму яго ўласны касцюм. Абодва хлопчыкі не сказалі ні слова. Але варта было аднаму зрабіць крок, як рабіў крок і другі — толькі ў бок, па кругу. Пры гэтым яны ўвесь час стаялі тварам да твару і глядзелі адзін аднаму ў вочы. Нарэшце Том сказаў:
— А я магу цябе пабіць.
Ой, глядзі, задам я табе перцу.
— Ну, паспрабуй!
— Што-ж, і адлупцую.
— Не здолееш, куды табе!
— Не, магу!
— Не, не можаш!
— Не, магу!
— Не, не можаш! Крыху памаўчалі. Потым Том сказаў:
— А як цябе завуць?
— Не твая справа!
— Ой, глядзі, задам я табе перцу!
— Ну, дык чаму не даеш?
— Скажы яшчэ два словы...
— Два словы! два словы! два словы!.. Вось табе! Ну?
— Во які спрытны! Я-бы мог, каб захацеў, адкалашмаціць цябе адной рукой, прывязаўшы другую сабе за спіну.
— Чаму-ж не калашмаціш? Ты-ж кажаш, што можаш.
— Вядома, магу! І дам, калі ты будзеш чапляцца да мяне.
— Ай, ай, ай! Бачылі мы такіх!
— Франт! Думаеш, што расфуфырыўся, дык ужо і важная асоба! Ой, які капялюш!
— А ну, паспрабуй збіць яго ў мяне з галавы! Вось тады і ўбачыш...
— Лжэш!
— Сам ты лжэш!
— Ты задзіра і манюка!
— Добра, правалівай!
— Эй ты, слухай, калі будзеш яшчэ дражніцца, я адарву табе галаву.
— Ой-ой-ой!
— І адарву!
— Дык чаго-ж чакаеш? Чаму ты ўсё пагражаеш, а на справе і няма нічога? Баішся, значыцца?
— I не думаю!
— Не, баішся!
— Не, не баюся!
— Баішся!
Зноў маўчанка, і зноў хлопчыкі абхаджваюць і аглядаюць адзін аднаго.
Нарэшце яны зышліся плячо ў плячо.
— Выносся адсюль! — абвясціў Том.
— Сам выносся!
— Не жадаю.
— І я не жадаю!
І абодва сашчапіліся, палаючы нянавісцю адзін да аднаго. Але ні той ні другі не мог атрымаць перамогі. Калі, нарэшце, абодва запыхаліся і расчырванеліся, ваяўнічы запал іх крыху сцішыўся, і Том заявіў:
— Ты трус і шчанё. Пачакай, я напушчу на цябе майго старэйшага брата. Ён можа прыціснуць цябе да зямлі адным пальцам, і я прымушу яго гэта зрабіць.
— Не надта я баюся твайго старэйшага брата! У мяне самога ёсць брат, яшчэ большы за твайго, і ён можа перакінуць твайго вунь праз той плот. Гэта будзе ляпей!
Абодва браты існавалі толькі ў фантазіі хлопчыкаў.
— Лжэш!
— Ты сам лжэш!
Том вялікім пальцам нагі правёў рысу па зямлі і сказаў:
— Забараняю табе пераступаць праз гэту лінію, а не, дык я цябе так скамечу, што ты і не ўстанеш.
Чужы хлопчык паспяшаўся стаць на гэту лінію, гаворачы:
— Ну, паглядзім, як ты мяне скамячыш.
— Адчапіся! Кажу табе, лепш абыйдзі!
— Але-ж ты выхваляўся, што паб’еш мяне! Чаго-ж не б’еш?
— I паб’ю. Думаеш, не паб’ю? За два цэнты паб'ю.
Чужы хлопчык вынуў з кішэні дзве медных манеты і з насмешкай працягнуў іх Тому.
Том выбіў іх з рук ворага на зямлю.
Праз міг абодва хлопчыкі качаліся ў гразі, скруціўшыся ў клубок, як дзве кошкі. Некаторы час яны тузалі адзін аднаго за валасы, за вушы, за насы і люта рвалі адзін аднаму адзенне, пакрываючы сябе пылам і славай. Нарэшце праз дым бойкі вызначылася фігура Тома, які сядзеў вярхом на сваім ворагу і садзіў кулакамі ў спіну, прыгаварваючы:
— Вось табе, хвастун! Што? Будзе годзе?
Хлопчык дарэмна стараўся вызваліцца і гучна роў, галоўным чынам ад бяссілай злосці.
— Што? Атрымаў? Вось табе! вось табе — казаў Том, працуючы кулакамі. — Прасі ласкі, нягоднік.
Нарэшце ў чужога хлопчыка вырвалася прыдушанае «пусці!», і Том выпусціў яго, кажучы:
— Гэта табе навука. У другі раз не лезь да незнаёмых!
Чужы хлопчык пайшоў сваёй дарогай, атрасаючы пыл з адзення, усхліпваючы, сапучы носам; часам ён абарочваўся і пагражаў жорстка пабіць Тома, «хай толькі ён трапіцца яму яшчэ раз». Том адказваў яму насмешкамі і пайшоў дадому з вялікім гонарам. Але не паспеў ён завярнуцца, як чужы хлопчык запусціў у яго камень і трапіў акурат між лапатак, а сам кінуўся бегчы, як антылопа.
Том гнаўся за здраднікам аж да самага яго дома і такім чынам даведаўся, дзе ён жыве. Некаторы час ён пільнаваў ля форткі, выклікаючы ворага на адкрыты бой; але вораг толькі дражніўся ў акне, а выйсці не захацеў. Нарэшце з’явілася матка ворага, абазвала Тома брыдкім, папсаваным вулічным хлапчуком і загадала яму ісці прэч. Ён пайшоў, запэўняючы, што ідзе толькі таму, што не хоча пэцкаць рук аб такую поскудзь.
Дахаты ён вярнуўся позна ноччу і ціханька палез у акно. Але за акном яго пільнавала цётка. І, калі цётка ўбачыла, што зрабілася з яго курткай і штанамі, яе намер засадзіць яго ў свята за цяжкую працу зрабіўся цвёрдым, як дыямант.
Раздзел II
Надышла суботняя раніца.
Том ішоў уздоўж плота з вядзерцам вапны і пэнзлем на доўгім кію. Ён глянуў на плот — і ўсё навакол зараз-жа зрабілася цмяным для яго, і глыбокі смутак ахапіў яго душу. Трыццаць метраў шырыні і дзевяць футаў вышыні! Жыццё здавалася яму нейкай бязглуздзіцай, цяжкім бярэмем.
Са ўздыхам абмакнуў ён пэнзаль у вапну і правёў ім па верхняй дошцы; паўтарыў гэта другі, трэці раз і спыніўся: о, як мала ён зрабіў і як многа застаецца! І ён сумна сеў на лаўку.
З варот, падскокваючы і спяваючы, выбег Джым з бляшаным вядром. Насіць ваду з гарадской студні заўсёды было для Тома ненавіснай працай, але цяпер ён з радасцю ўзяўся-б за гэту работу. Ён успомніў, што ля студні заўсёды збіраецца шмат народу: негры, мулаты, белыя. Хлопчыкі і дзяўчынкі, чакаючы сваёй чаргі, адпачываюць, сварацца, вядуць менавы гандаль цацкамі, б’юцца, пяюць, як жаўранкі. Ён успомніў таксама, што хоць да студні было не болей за паўтараста крокаў, Джым ніколі не вяртаўся з вадой раней, як праз гадзіну, ды і то яшчэ трэба было хадзіць па яго.
— Слухай, Джым, можа хочаш тут крыху пафарбаваць, а я заместа цябе пайду па ваду?
Джым паматаў галавой.
— Не магу, маса [1] Том! Старая місіс загадала, каб я ішоў прама па ваду і не спыняўся ні з кім гутарыць па дарозе. Яна кажа: «Я ўжо ведаю, што маса Том будзе клікаць цябе бяліць сценку, дык ты яго не слухай, а ідзі па сваёй справе». Яна кажа: «Я сама пайду глядзець, як ён будзе бяліць».
— От, глупства! Мала што яна гаворыць, Джым! Яна заўсёды так гаворыць. Давай сюды вядро — я ўраз збегаю. Яна і не пазнае.