Литмир - Электронная Библиотека

— Ох, я сам не ведаў, што раблю! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню! Гэта ўсё ад гарэлкі,— п’яны я быў,— ну і распаліўся на яго таксама — з-за цябе... Я нават і нажом уладаць не ўмею. Біцца здаралася, яно так, але толькі без нажа, на кулачкі. Гэта ўсім вядома. Джо, родненькі, не выдавай! Дай слова, што не выдаш, Джо! Я заўсёды цябе любіў, заўсёды стаяў за цябе. Ты сам ведаеш... Ты нікому не скажаш, Джо?

I няшчасны Потэр апусціўся на калены парад подлым забойцам, з адчаем працягваючы да яго рукі.

— Добра, Меф Потэр, ты заўсёды адносіўся да мяне сумленна, і я зраблю таксама. Будзь спакойны, маё слова пэўнае. Тут і гаварыць больш няма чаго.

— Джо, ты ангел! Я буду благаслаўляць цябе да апошняй хвіліны.

І Потэр заплакаў.

— Ну, годзе ўжо! Няма чаго кныхаць. Ідзі вунь той дарогай, ды жыва! А я пайду гэтай. Ды глядзі, слядоў за сабой не пакідай!

Потэр пусціўся трушком, потым наддаў ходу і пабег як мага. Метыс стаяў, глядзеў яму ўслед і мармытаў:

— Калі ён сапраўды так здурэў ад удару і выпіўкі, як яно здаецца, то ён і не ўспомніць пра нож. А калі і ўспомніць, адбегшыся далёка, то пабаіцца вярнуцца сюды,— курынае сэрца!

Праз некалькі мінут на забітага, на труп, загорнуты ў коўдру, на дамавіну без крышкі і на разрытую магілу глядзеў толькі месяц. Навакол зноў было ціха.

Раздзел IX

Хлопчыкі анямелі ад жаху. Не спыняючыся, беглі яны к гарадку. Часам яны трывожна азіраліся, нібы хто за імі гнаўся. Кожны пень на дарозе здаваўся ім страшным ворагам, ад якога ў іх сціскалася сэрца. Калі яны прабеглі каля хутарка, што быў недалёка ад ваколіцы, на іх забрахалі сабакі, і ад гэтага ў хлапцоў нібы крыллі выраслі.

— Толькі-б нам дабегчы да старой гарбарні, пакуль мы не страцім сілы! — прашаптаў Том, задыхнуўшыся. — Я ўжо, здаецца, больш не магу.

Гекльберы ў адказ толькі соп. Хлопчыкі напружвалі апошнія сілы. Нарэшце яны падбеглі да гарбарні, праскочылі праз адчыненыя дзверы і паваліліся зусім змораныя. Трохі счакаўшы, пульс іх пачаў біцца раўней, і Том шапнуў:

— Гек, як табе здаецца, што з гэтага выйдзе?

— Калі доктар Рабінзон памрэ, я думаю, выйдзе шыбеніца.

— Ды што ты?

— Я напэўна ведаю.

Том падумаў, потым сказаў:

— Хто-ж раскажа? Мы?

— Што ты? Звар’яцеў? Ты толькі ўяві сабе, што справа як-небудзь павернецца на карысць індзейцу Джо, або ён уцячэ і яго не павесяць,— ды ён-жа-ж тады нас абавязкова заб’е. Ужо нам тады не мінуць смерці.

— Я і сам гэта думаю, Гек.

— Калі ўжо каму данасіць, дык няхай Меф Потэр даносіць; у яго на гэта дуроты хопіць. Ён-жа ж заўсёды п’яны.

Том нічога не сказаў — ён думаў; потым шапнуў:

— Гек, але-ж Меф Потэр не ведае,— як-жа ж ён можа данесці?

— Гэта-ж як ён не ведае?

— А, вядома, не ведае. Яму-ж доктар трэснуў па галаве акурат у той момант, калі індзеец Джо ўсадзіў у доктара нож. Дзе-ж яму было бачыць?

— І то праўда!

— Апрача таго, хто ведае, можа ад гэтага ўдару яму і капут ужо.

— Не, Том, гэта наўрад. Ён проста быў п’яны. Я гэта заўважыў. Ды ён і заўсёды п'яны. Калі мой бацька п’яны, яго можна трэснуць па галаве хоць цэлай вежай,— нічога яму не станецца. Ён сам кажа. Таксама і з Мефам Потэрам.

Вось каб ён быў цвярозы, то, магчыма, ад такога пачастунку і сканаў-бы...

Том зноў падумаў.

— Гек, ты ўпэўнены, што мы не абмовімся?

— Ды ўжо хочаш-не-хочаш, а трымаць язык за зубамі трэба. Сам разумееш... Гэтаму д’яблу метысу прыдушыць нас усёроўна, што прыдушыць пару кацянят. Калі толькі мы прагаворымся, а яго не павесяць — прапалі нашы галовы! Слухай, Том! Калі ўжо нам хочаш ці не,— трэба маўчаць, давай мы адзін аднаму паклянемся, што будзем трымаць язык прывязаным.

— Я гатоў, Гек. Гэта самае лепшае. Ну, падымай руку...

— О, не! Гэта не гадзіцца. Гэта добра ў звычайных справах, у глупствах, асабліва з дзяўчатамі, бо яны, нарэшце, усёроўна выкруцяцца і выкажуць, калі раззлуюцца; а ў гэтай справе трэба, каб дагавор быў пісаны і абавязкова крывёю.

Тому такая справа вельмі спадабалася. Яна была таямнічая, суровая і страшная. Пры святле месяца Том знайшоў чыстую сасновую трэсачку, выцягнуў з кішэні кавалак сурыка, сеў так, каб святло падала на трэску, і сяк-так накрэмзаў наступныя радкі, на кожным слове прыцмокваючы языком:

Гек Фін і Том Соўэр мы абодва клянемся што мы будзем трымаць язык за зубамі адносна гэтай справы і няхай мы ўпадзем мёртвымі на месцы калі хоць адным словам абмовімся.

Гек прышоў у захапленне ад здольнасці Тома так хутка пісаць, ды яшчэ такім высокім стылем. Ён выцягнуў з сваёй курткі булаўку і хацеў ужо пракалоць сабе палец, але Том спыніў яго:

— Пачакай, не рабі гэтага — булаўка медная. На ёй можа быць атрута.

— Якая?

— Іржа такая. Паспрабуй праглынуць, тады ўбачыш.

Тады Том узяў адну з сваіх іголак, і кожны хлопчык па чарзе ўкалоў сабе палец і выціснуў з яго каплю крыві.

Зрабіўшы гэта некалькі разоў і карыстаючыся мізінцам заместа пяра, Том вывеў унізе пачатковыя літары свайго імя, потым навучыў Гекльберы, як напісаць Г. Ф., і дагавор быў падпісаны. Яны ўрачыста, з рознымі царамоніямі і заклінаннямі закапалі трэску каля самай сцяны, лічачы, што цяпер іхнія языкі замкнутыя назаўсёды і ключы закінуты.

Праз дзірку на другім канцы напалову разбуранага будынка прабралася чалавечая постаць, але хлопчыкі яе не заўважылі.

— Том,— прашаптаў Гекльберы,— ты ўпэўнены, што пасля гэтага мы ўжо не прагаворымся ніколі?

— Вядома, упэўнены. Што-б ні здарылася, мы цяпер — магіла. Мы зараз-жа на месцы павалімся мёртвымі, калі прагаворымся. Ці-ж ты забыў?

— Яно так, ды...

Раптам недалёка ад іх, усяго за якіх-небудзь крокаў дзесяць, пачулася працяглае сумнае сабачае выццё. Хлопчыкі ў спалоху прыціснуліся адзін да аднаго.

— На каго-ж гэта яна з нас? — прашаптаў Гекльберы.

— Не ведаю, паглядзі ў шчэлку, ды хутчэй-жа?

— Не, ты паглядзі!

— Не магу, не магу я, Гек!

— Ды паглядзі, Том. Вось зноў...

— О! як я рады! — прашаптаў Том. — Я пазнаю брэх: гэта сабака Гарбізона.

— Ну, дзякуй богу! Ведаеш, я проста на смерць перапалохаўся,— я думаў, што бадзяжны сабака.

У гэты час сабака зноў завыў. У хлопчыкаў зноў сціснулася сэрца.

— Ох, не! Гэта не Гарбізонаў сабака,— прашаптаў Гекльберы. — Паглядзі яшчэ, Том.

Том, дрыжучы ад страху, зірнуў праз шчэлку і ледзь чутна прамовіў:

— О, Гек, гэта бадзяжны сабака!

— Глядзі, Том, глядзі, на каго ён брэша?

— Пэўна на нас абодвых. Мы-ж поплеч, зусім блізка адзін ля аднаго. Ох, Гек, прапалі мы з табой! Я-ж ужо ведаю куды траплю. Я такі грэшны...

— А я заўсёды гуляю, замест таго, каб вучыцца, раблю акурат тое, што мне забаронена... Я мог-бы быць добрым і паслухмяным, як Сід, каб толькі пастараўся, але мне, вядома, не хацелася. Ну, калі толькі я на гэты раз выкараскаюся, то абяцаю вывучыць напамяць усю біблію!

Прыгоды Тома Соўэра - img_20

Яны пачалі красціся да спячага.

Том ціханька ўсхліпваў.

— Ты грэшны?! — і Гекльберы таксама пачаў усхліпваць. — Які-ж ты грэшны? Ты — ангел у параўнанні са мной!

Том праглынуў слёзы і шапнуў:

— Глядзі, Гек, глядзі! — ён стаіць задам да нас.

Гек узрадаваўся і прыціснуўся да шчэлкі.

— Сапраўды задам... Ён і раней так стаяў?

— Ну але, а я, дурань, і не звярнуў увагі. Вось добра! Але-ж на каго ён можа брахаць?

Сабака сціх. Том настаражыўся.

— Тсс! Што гэта?

— Нібы... нібы свіння рохкае. Не, гэта нехта храпе, Том.

— Храпе-е? Ды дзе-ж храпе, Гек?

— Мабыць у тым канцы. Храп нібы адтуль ідзе. Бацька тут часам начаваў разам са свіннямі, але ён ужо калі захрапіць, дык толькі трымайся — з ног саб’е! Ды ён, я думаю, больш і не вернецца ніколі ў гэты горад.

12
{"b":"979086","o":1}