3 гэтага часу ўсё зноў пайшло па-ранейшаму. Вераніка пры ўсякім выпадку падкалвала Славу, высмейвала і пацяшалася над ім. Толькі Слава цяпер маўчаў. Нешта нібы звязала яму язык. Мы думалі, што гэтым незразумелым адносінам не будзе канца.
Але канец наступіў. Ён наступіў нават раней, чым яго чакалі. Наш дзесяты клас вытрымаў свае апошнія экзамены, і цяпер ішла падрыхтоўка да развітальнай урачыстасці. Вераніка, Слава і Валерый Самасад заслужылі атэстаты выдатнікаў, а ўсе астатнія самыя звычайныя атэстаты. Гэтыя атэстаты нам павінны былі выдаць на школьным вечары. Мы, чатырнаццаць хлопцаў, свайго намеру не змянілі. Мы збіраліся паступаць у ваенныя вучылішчы.
Але вечара ў той год не было. Атэстаты нам аддалі без ніякай урачыстасці. Пачалася вайна, напаў Гітлер.
Усіх хлопцаў на трэці дзень вайны выклікалі ў ваенкамат. Нам знялі машынкай прычоскі і ўсім шаснаццаці загадалі быць вечарам на станцыі. На станцыю прышлі праводзіць нас усе дзяўчаты дзесятага класа. Прышла і Вераніка. Яна стаяла ў купцы дзяўчат маўклівая і, здавалася, нават спалоханая. Дзяўчаты гаварылі, жадалі нам хуткай перамогі і звароту дамоў, а яна маўчала. У яе не было для нас ніякіх слоў.
Мы і на гэты раз здагадаліся, што трэба зрабіць. Мы трошкі адыйшліся ўбок з такім разлікам, каб Вераніка асталася адна са Славай Загароўскім. I яна асталася. Вераніка нешта гаварыла Славе, яна была ўсхваляваная і ад гэтага яшчэ болей прыгожая. Але нам было няёмка падслухоўваць чужую размову. Пагэтаму ніхто не ведаў, што сказала тады Вераніка Славе. Мы толькі бачылі, як яна паправіла на штрыфелі славінага пінжака значок «Юны варашылаўскі стралок».
Такой Вераніку мы запомнілі назаўсёды. Болей яе нам не прышлося пабачыць. Нас вярнулася з вайны жывых толькі шасцёра, і ўсё-ж мы не змаглі абараніць Веранжі. Яе расстралялі фашысты ў нашай Малінаўцы яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі. Расстралялі Вераніку каля самай рэчкі, у бярозавым гайку, там яна і пахавана. Мы, шасцера, хто прайшоў вайну і астаўся жывым, помнім Вераніку. Але двое нашых, мабыць, не толькі помняць яе. У Малінаўку сяды-тады прыязджае Слава Загароўскі. Ён цяпер падпалкоўнік і ў яго на скронях лёгкая сівізна. Слава жанаты, у яго двое дзяцей. Але на бераг нашай невялікай рэчкі, дзе пахавана Вераніка, ён прыходзіць заўседы адзін. Ён падоўгу ходзіць там і пра нешта думае.
Прыходзіць на гэты бераг, калі прыязджае ў Малінаўку, і другі чалавек — Валерый Самасад. Ён цяпер дацэнт. Тады ў дзесятым класе ніхто з нас не здагадваўся, што Валерый таксама кахаў Вераніку.