Неўзабаве пехацінцы падышлі да вастраверхай цаглянай будыніны касцёла. Абабегшы паўз агароджу, паўз каштаны, касцёл і драўляную хатку, якая стаяла побач з касцёлам на ўзвышшы, Юрый і Праворны з двума байцамі апынуліся перад Домам Урада.
Юрыю да гэтага прыходзілася па ўсёй Савецкай бегчы адно паўз руіны. Гмах Дома Урада, велічны і стройны, паўстаў перад ім, нібы добры, даўно чаканы прыяцель.
«Цэлы!»
Насупраць Дома Урада, цераз вуліцу, пачынаў гарэць будынак. З ніжніх паверхаў, дзе раней размяшчаліся магазіны, клубамі шыбаў дым...
Юрый, трымаючыся на ўсякі выпадак бліжэй да сцяны хаткі, каля якой яны стаялі з Праворным, не вытыркаючыся вельмі, акінуў вачыма частку плошчы, што трэба было ім зараз перабегчы: перад Домам цягнулася высокая, густа пераплеценая дротавая агарожа.
Наперад прайшло два танкі, лязгаючы па бруку і пыхкаючы сінім дымком.
Праворны загадаў урывацца ў Дом. Але як толькі некалькі пехацінцаў выткнулася на плошчу, з-за Дома Урада — зблізку — разанула доўгая кулямётная чарга. Байцы адбеглі назад.
2...
Праворны, каб не губіць марна людзей, парашыў абыйсці Дом Урада з тыльнага боку, з двара. Байцы па-за касцёлам хутка і непрыкметна падабраліся да высокіх стромкіх сцен. Старшына з адным сапёрам узбеглі на круты ганак прыбудовы. Яны пачалі аглядаць дзверы, правяраючы, відаць, ці не мініраваны.
Следам за імі ўзняўся дужы, рабаваты Пятых. Прыкладам аўтамата ён высадзіў аконную раму побач з дзвярамі і кінуўся ў сярэдзіну пакоя. За ім ускочыла яшчэ некалькі чалавек, Між якіх быў і Юрый.
Ён падаўся ў дзверы, сарваныя з верхніх петляў, гатовыя, здаецца, упасці, і апынуўся на вузкай лесвіцы, што падымалася ўгару. Некалькі байцоў кінуліся па лесвіцы, але Юрый спыніў іх. Ён загадаў павярнуць у дзверы, што былі насупраць на пляцоўцы. Дзверы былі прыадчынены.
Перад Юрыем адкрылася вялікая паўкруглая зала з мармуровымі калонамі і радамі драўляных крэслаў, якія стаялі таксама паўкругам. Гэта была зала пасяджэнняў.
Мінуўшы ружовыя калоны, — там, дзе ідуць лесвіцы ўгару і ўніз, пехацінцы неспадзеўкі наткнуліся на чалавека ў цывільнай вопратцы, які бег з цокальнага паверха.
Байцы пагрозна ўзнялі аўтаматы. Чалавек жа невядома чаму з палёгкай шумна ўздыхнуў,— было відаць, як з яго хударлявага, жаўтаватага твару, з запалых строга-шэрых вачэй адразу спаў цень насцярожанасці.
— Ну, нарэшце! Дачакаўся!
— Вы хто?
— Я? Электраманцёр... — і дадаў, што ён падпольшчык, прабраўся сюды па заданню камандзіра партызанскага злучэння. — Адным словам, маю загад ахоўваць Дом...
— Дом мініраваны? — коратка кінуў старшына-сапёр не так тонам запытання, як допыту.
— Мініраваны.
— Чым?
— Авіябомбы. Тол.
— Ведаеце сістэму праводкі?
— Так, але не ўсю. Частку правадоў я толькі што перарэзаў.
— Пакажыце, дзе яны, — сапёр, махнуўшы сваім, каб ішлі следам, падаўся разам з манцёрам. На хвілінку затрымаўся: — Лейтэнант, загадай ачысціць паверхі!.. Можа гітлераўцы дзе зашыліся. Ды скажы сваім, каб хадзілі асцярожна, калі хочуць быць цэлымі!
Ціха і мёртва было на лесвіцах і ў калідорах, па якіх ішлі за сапёрамі насцярожаныя, незвычайна маўклівыя пехацінцы.
Усе сачылі з надзеяй і трывогай за кожным рухам якога-небудзь сапёра, які тупае тут жа. А раптам не ўдасца там размініраваць? І зараз, праз момант... Не, не — не трэба думаць пра гэта. Ім удасца, удасца.
Гулка тупаюць боты па дубовым паркеце, у пустых калідорах. Эх, якая даўкая, важкая гэтая цішыня! Ідзеш нібы не па калідоры, а па мінным полі.
Доўга ішлі яны так, правяраючы пустыя калідоры, лесвіцы, аглядаючы незлічоныя пакоі, то са сталамі, з канторскімі шафамі, то з радамі нар і ложкаў. Па-ранейшаму панавала цішыня, і па-ранейшаму не адыходзіла ад людзей трывога.
Толькі на сёмым ці на восьмым паверсе прышло заспакаенне: прыбег знізу сапёр і сказаў, што Дом будзе жыць, што правады ўсе перарэзаны і міны цяпер не ўзарвуцца...
Як тут узрадаваліся гэтай вестцы! Некалькі байцоў падхапілі сапёра і ўскінулі ўгару. Радаваліся і за сябе, за сваё шчасце, і за тое, што Дом — цэлы.
— Ну, цяпер стаяць яму, стаяць. Мільён гадоў!
— Выжыў, прыгажун!..
Агледзеўшы іншыя пакоі, яны апынуліся на даху будынка.
Тут, убачыўшы перад сабою вялікае неабсяжнае мора нябеснага блакіту, лагоднага, празрыстага, з рэдкімі, лёгкімі воблачкамі, Юрый спыніўся, як зачараваны.
Горад ляжаў унізе, быццам на рэльефнай карце. Дзе-ні-дзе ўзнімаліся ўгару дымы — адны заспакоена, на зыходзе, другія густымі панурымі вірамі. За горадам Юрыю віднеліся зялёныя і жаўтаватыя ўзгорчатыя палі, сіняваты лес, далёкая воданапорная вежа, агорнутая гарачай смугою.
Грудзі яго захлыналіся ад шырыні, ад прастору
«Нашае!..» — падумаў ён задаволена.
Пазіраючы адсюль на горад, Юрый можа ўпершыню ў гэты дзень адчуў радасць новай, вялікай перамогі. Радасць яго была шырокая, як гэтая залітая сонцам неаглядная пространь, што адбірае вочы.
Поруч затрашчалі аўтаматы, якія прымусілі яго азірнуцца, — ён убачыў узрушаных сваіх салдат з узнятымі ў руках аўтаматамі.
«За наш Мінск!» — сказаў, усміхаючыся, чарнавокі Шарыфутдзінаў. Юрый таксама падняў свой аўтамат.
На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі.
Яны ішлі адна за адной на адлегласці, спакойна і ўпэўнена...
3...
Калі больш за палову горада было ўжо ў нашых руках, да Мінска падыходзіла група немцаў, чалавек трыста. Яны рушылі не па шасэ, а цераз поле — па дарожцы, абапал якой ціха варушылася жыта.
У іх быў загад заняць акопы і падрыхтавацца да абароны горада.
Немцы ішлі спакойна. То адзін, то другі паглядаў на сонца, якое пачынала паліць усё мацней, і думаў, напэўна, аб адным: каб хутчэй дабрацца да месца! Гугнела спакойная гаворка... Толькі, падышоўшы блізка да Мінска, з якога ўсё ясней даходзілі гукі бою, пачалі насцярожвацца; потым яны ўбачылі на шасэ, што было ўжо недалёка, войска, якое таксама набліжалася да горада.
— Хто гэта?— зацікавіўся обер-лейтэнант, камандзір групы. Ён загадаў паслаць разведку...
Калі разведчыкі падаліся жытамі ў кірунку шасэ, обер-лейтэнант загадаў групе спыніцца. Стоячы на дарозе, немцы сачылі за невядомым войскам,— некаторыя зморана садзіліся на гарачую зямлю.
Там наводдаль раптам пачулася страляніна. Потым адтуль са свістам прыляцеў снарад і выбухнуў за дарогай. За ім — другі, бліжэй.
— Рускія, рускія!— усе адразу заварушыліся, захваляваліся, забегалі. Над ціхімі жытамі загаркалі каманды,— гітлераўцы сталі хутка займаць абарону...
Ад савецкай часці павярнулі сюды чатыры бронетранспарцёры і тры грузавыя машыны з салдатамі. Падышоўшы бліжэй, грузавікі проста сярод поля спыніліся, і з іх пачалі саскокваць байцы. Адзін бронетранспарцёр, на якім было, напэўна, не менш за дзесятак байцоў, пачаў абыходзіць левы фланг. За бронетранспарцёрам падскоквала гарматка. Другая група з трыма бронетранспарцёрамі пайшла проста на гітлераўцаў.
Прагучала некалькі стрэлаў, і бронетранспарцёры спыніліся.
Байцы сталі штосьці крычаць. Страляніна на нейкі час сціхла.
— А-а-я... ы-ы... — паплыло адтуль неразборлівае. Потым павеў гарачага ветру данёс:— Здавайся-а-а!.. Здава-айся, гітлерцы!
Зноў залескаталі, захлопалі стрэлы. Байцы пачалі жвава саскокваць з бронетранспарцёраў,— яны спрытна адчапілі гарматы і сталі біць прамой наводкай. Між тым правей іх, подбегам, прыгінаючыся, сюды набліжаліся пехацінцы...
Гадзіны праз дзве аўтаматы і вінтоўкі зноў сціхлі, але цяпер было чуваць, як у жыце стогнуць параненыя. Тыя з гітлераўцаў, што засталіся жывыя, уставалі і, кідаючы зброю, мармычучы — «Гітлер капут!», здаваліся; іх зводзілі на дарогу, блізка ад месца, дзе яны пачыналі бой.
— Што гэта — засляпіла ім: горад мы занялі, а яны — ідуць, быццам дадому... — прамовіў адзін з байцоў, што ахоўвалі палонных, — малы, белабровы, з наіўнымі вачыма.